THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS

The Old Belarusian Grammars. From the Composer

[Back]
А.А. Яскевіч
Старабеларускія граматыкі: Да праблемы агульнафілалагічнай цэласнасці. -- Мн.: Беларуская навука, 1996. -- 352 с.

АД СКЛАДАЛЬНІКА

Беларуская мова ў часы Вялікага княства Літоўскага дасягнула значнай функцыянальна-стылёвай апрацоўкі, але ў выніку выключэння яе з грамадска-дзяржаўнага карыстання ў канцы ХVІІ стагоддзя вымушана была ў сваім новым літаратурным варыянце складвацца цалкам на аснове вуснага маўлення, таму ўзаемадзеянне сучаснай літаратурнай мовы са сваёй старажытнай папярэдніцай носіць у нашай культуры зусім адметны характар.

І ў новы час станаўленне літаратурнай мовы, пры вядомай звужанасці сферы яе выкарыстання, напачатку працякала пераважна ў стылі мастацкай літаратуры і публіцыстыкі. У выніку для беларускай літаратурнай мовы новага перыяду працэс кніжнай шліфоўкі дыялектных слоў, граматыка-сінтаксічных канструкцый, працэс развіцця ўсёй паўнаты функцыянальных стыляў (асабліва справаводства, навукі) не закончыўся і да гэтай пары.

Класічны шлях развіцця мовы быў прымусова спынены, паўторнае развіццё літаратурных элементаў у ёй адбывалася на аснове вуснай дыялектнай стыхіі.

Таму ва ўзаемадзеянні сучаснай літаратурнай мовы са старажытнай у нас актуальны той шлях, які ў аналагічных з нашымі ўмовах, але яшчэ ў ХІХ стагоддзі прайшлі чэхі, многія з паўднёвых славян, багата выкарыстаўшы мадэлі літаратурнай мовы старажытнага перыяду, свайго так званага "залатога веку", для паўнакроўнага ўзбагачэння мовы сучаснай. Перш за ўсё тут варта нагадаць "моўную палітыку" славутых "славянскіх будзіцеляў" чэхаў Й. Добраўскага і Я. Колара, славенца В. Копітара, серба В. Караджыча і інш.

Праблема засваення вопыту старабеларускай літаратурнай мовы паўстала ўжо ў моватворчай практыцы В. Дуніна-Марцінкевіча і Ф. Багушэвіча, Я. Купалы і Я. Коласа, М. Багдановіча і А. Гаруна, пазней у творчасці М. Гарэцкага, У. Дубоўкі, К. Чорнага, Л. Геніюш, нарэшце, у гістарычнай раманістыцы У. Караткевіча, Л. Дайнекі, У. Арлова. Асабліва прыкметны зварот да старабеларускіх моўных крыніц сёння ў творчасці маладога пакалення пісьменнікаў.

Асваенне багаццяў старажытнай мовы павінна ісці поруч з інтэнсіўнымі лінгвістычнымі даследаваннямі дадзенай праблемы, і мовазнаўца тут можа стаць сапраўдным правадніком у свет гістарычнага жыцця слова. Л.П. Якубінскі вельмі цаніў удзел гісторыкаў мовы ў моватворчым працэсе сучаснасці. На ўзаемадзеянні старых і новых з'яў у моватворчасці, на яго думку, і павінна будавацца "моўная палітыка" ва ўсе перыяды.

Старабеларуская мова за перыяд свайго дзяржаўнага становішча ў Вялікім княстве Літоўскім дасягнула рэдкай для таго часу граматычнай культуры.

Тэарэтычнае вывучэнне старабеларускіх помнікаў уяўляецца асабліва прыярытэтным на дадзеным узроўні пазнання. Старажытныя граматыкі, што ўключалі ў свой склад побач з лінгвістычнымі раздзеламі элементы рыторыкі, паэтыкі, у тым ліку вершазнаўства, уяўляюць сабой надзвычай каштоўны матэрыял для пастаноўкі пытання аб вяртанні цэласнасці філалагічным ведам, празмерна адасобленым з-за вузкай спецыялізацыі і дысцыплінарнага драблення.

І непасрэдна звязаная з гэтым праблема аднаўлення ў сваіх правах занядбанай намі рытарычнай культуры. Сёння ўжо відавочна, што тэхніку красамоўства, неабачліва адкінутую ў свой час, не змаглі замяніць ні ўскладнена развітая паэтыка, ні стылістыка, ні такая новая галіна філалогіі, як тэорыя тэксту, што складваецца на падставе найноўшых лінгвістычных адкрыццяў. Вопыт сведчыць, што ўсе гэтыя галіны філалогіі не замяшчаюць, а толькі дапаўняюць адна другую, разам забяспечваючы экспрэсіўнае выказванне думкі.

Інтэрпрэтацыя старажытных ведаў на мове сучаснай навукі патрабавала ад нас выпрацоўкі тонкіх даследчыцкіх методык, шматступеньчатага набліжэння да вывучаемага матэрыялу, прадыктавала ўскладненую кампазіцыйную структуру абранага даследавання і выдання.

Як вядома, кожнае пакаленне вучоных нанова для сябе піша гісторыю навукі на падставе сучасных дасягненняў у пазнанні, больш упарадкавана і сістэмна расстаўляючы старажытныя і новыя факты ў ёй. 3варот да старажытных ведаў, у дадзеным выпадку да высокага стану лінгвістычнай тэорыі ў эпоху Сярэднявечча, заўсёды быў плённым для навукі. Дастаткова згадаць, што такое выдатнае лінгвістычнае адкрыццё нашага веку, як генератыўная граматыка М. Хомскага, па сведчанні самога аўтара, было падказана асобнымі ідэямі сярэдневяковых філасофскіх граматык (граматыка Пор-Раяля, універсальная граматыка Ф. Санчаса і інш.).

Даследаванне і выданне граматычных помнікаў дазволіць прасачыць працэс развіцця нацыянальнай лінгвістычнай думкі, асаблівасці станаўлення і функцыянавання катэгорый старабеларускай мовы.

Навуковая рэстаўрацыя і каменціраванне помнікаў у нашым выданні суправаджаецца перакладам тэкстаў на сучасную графіку і дапушчальным адаптаваннем тэкстаў для шырокай аўдыторыі сучаснага чытача.

Агульнапрынятыя ў старажытнай пісьменнасці цітлы і скарачэнні раскрываюцца. Правапіс знамянальных слоў набліжаны да сучаснага, акрамя таго, укладальніку давялося, набліжаючы старажытную пунктуацыю да сучаснай, паставіць неабходныя знакі прыпынку пры адсутнасці іх у тэкстах помнікаў. Уніфікацыя графікі праведзена ў адпаведнасці з сучасным алфавітам.

Намі ўсведамляецца непазбежнасць агрэхаў пры падрыхтоўцы першага разлічанага на масавую аўдыторыю выдання старабеларускіх граматык і неабходнасць яго ўдасканалення, папаўнення новымі граматычнымі матэрыяламі.

У агульнанавуковым плане ў працы ўпершыню пастаўлены тры важныя тэарэтычныя задачы, неадкладныя для заўтрашняга дня беларускай лінгвістыкі і літаратуразнаўства: дасягненне новага сучаснага сінтэзу гэтых дысцыплін, удасканаленне методык рэстаўрацыі і каменціравання старажытных помнікаў, актуалізацыя старажытных ведаў шляхам іх найноўшай навуковай інтэрпрэтацыі і ўвядзення ў сістэму сучаснай аб'яднанай філалогіі.

Найвялікшую каштоўнасць старабеларускіх граматык усведамлялі сярэдневяковыя кніжнікі, славянскія будзіцелі, многія аўтары гісторый славянскіх літаратур ХІХ стагоддзя. Іх працы вылучаліся спецыфічным разглядам помнікаў культуры мовы (лексіконаў і тым больш граматык) як неабходнай часткі літаратурна-мастацкай традыцыі, гісторыі і паэтыкі літаратуры. Надзвычай цікавая і паказальная ў гэтым сэнсе праца вядомага польскага філолага Міхала Вішнеўскага "Гісторыя літаратуры польскай" (Кракаў, 1851), дзе ў главе "Гісторыя літаратуры і царквы рускай", у яе раздзеле, прысвечаным старабеларускай мове і літаратуры часоў да і пасля з'яўлення Бібліі Астрожскай, побач з літаратурнымі асаблівая ўвага надаецца разгляду твораў лінгвістычных (слоўнікаў, граматык) Лаўрэнція Зізанія, Мялеція Сматрыцкага, Івана Ужэвіча, Памвы Бярынды і інш., нават больш, вывучэнне творчага працэсу пачынаецца з азнаямлення з помнікамі моўнай культуры як неабходным падмуркам аналізу літаратуразнаўчага.

Многія буйныя пісьменнікі старажытнасці і Сярэднявечча, адраджэнцы і будзіцелі перыяду станаўлення нацыянальных літаратур былі аўтарамі вядомых лінгвістычных прац (граматык, слоўнікаў, уласна мовазнаўчых даследаванняў), свае мастацкія знаходкі яны звяралі з практыкай агульнанацыянальнай моўнай традыцыі.

Выданне старабеларускіх граматык не было б падрыхтавана без шчырай дапамогі Алеся Анатольевіча Жлуткі, які пераклаў "Граматыку славенскую" І. Ужэвіча з старалацінскай на сучасную беларускую мову.

Наша выданне мае характар юбілейнага. У гэтым годзе культурна-рэлігійная грамадскасць Беларусі, Украіны і Польшчы адзначае 400-я ўгодкі падпісання Брэсцкай (Берасцейскай) уніі.

Падзеі уніі, падрыхтоўка і няпростыя вынікі такога складанага рэлігійнага кампрамісу ў дзяржаўным аб'яднанні Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага абумовілі з'яўленне новага жанру прыгожага пісьменства -- палемічных твораў.

І калі пасляслоўі і сказанні Івана Фёдарава, як адзін з першых водгукаў на трактаты Пятра Скаргі, стаяць ля вытокаў станаўлення гэтага жанру, "Граматыка" Лаўрэнція Зізанія (1596), напісаная ў год Берасцейскай уніі, адлюстроўвае своеасаблівы пік канфесійнай барацьбы, то "Граматыка" Івана Ужэвіча ўжо не толькі завяршае працэс лацінізацыі старабеларускай культуры, але, наадварот, распачынае якасна новы напрамак развіцця нацыянальнай філалогіі -- уводзіць айчынную традыцыю ў велічны храм агульнаеўрапейскіх ведаў новага часу.

[Back]


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: November 23, 1998
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 1998 The National Academy of Sciences of Belarus