THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS

Polatsk of IX--XVII Centuries: History and Topography. Introduction

[Back]
Тарасаў С. В.
Полацк ІХ--ХVІІ стст.: Гісторыя і тапаграфія. -- Мн.: Беларуская навука, 1998. -- 183 с.

Маёй маці прысвячаю

УВОДЗІНЫ

Полацк -- адзін са старажытных гарадоў на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Упершыню згадваецца ў летапісах пад 862 г. Ен быў заснаваны крывічамі на месцы, якое належала балцкай днепра-дзвінскай культуры ў першай палове першага тысячагоддзя.

Геаграфічнае знаходжанне горада на беразе р. Палаты ў 0,5 км ад яе ўпадзення ў Дзвіну і дало назву гораду. У сярэднім цячэнні Дзвіны ў VIII--ІХ стст. рассялілася заходняя галіна крывічоў, якія атрымалі назву "палачане".

Да канца Х ст. у Полацку правіла самастойная дынастыя князёў. Першы, хто згадваецца ў летапісе пад 980 г., быў полацкі князь Рагвалод: "прыйшоў з замор'я". Ен загінуў разам з жонкаю і сынам у час паходу на Полацк наўгародскага князя Уладзіміра Святаславіча. Дачка Рагвалода. Рагнеда, стала адной з жонак Уладзіміра. З 980 г. Полацк уваходзіць у склад дзяржавы Уладзіміра -- "імперыі Рурыкавічаў".

На пачатку ХI ст. самастойная дынастыя полацкіх князёў дабіваецца незалежнага становішча горада і зямлі. Пры Усяславе Брачыславічу (1044--1101) Полацк дасягнуў найвялікшага палітычнага росквіту і самастойнасці. Пасля смерці гэтага князя Полацкая зямля была падзелена паміж яго сынамі і складалася з некалькіх княстваў. Па-ранейшаму на знешнепалітычнай арэне яна выступала як адзіная, але ўжо федэратыўная дзяржава.

У першай чвэрці ХII ст. у Полацкай зямлі актывізуецца дзяржаўнае веча. Да сярэдзіны ХII ст. яно набывае такі ўплыў, што нават генеалагічная галіна Усяславічаў не можа прэтэндаваиь на абсалютную палітычную ўладу. Змена ў 1151--1158 гт. у Полацку князёў (Рагвалод -- Расціслаў -- Рагвалод) -- прыклад барацьбы баярскіх груповак.

У пачатку ХIII ст. Полацк уключаецца сумесна з лівамі, латгаламі і эстамі ў актыўную барацьбу супраць крыжакоў, якія ўварваліся ў Прыбалтыку. Супраціўленне было зацятым і не заўсёды паспяховым. Пошук новых паплечнікаў у барацьбе з крыжакамі прывёў да таго, што з 50--60-х гадоў ХIII ст. на Полацкім стале з'явіліся першыя літоўскія князі. З пачатку ХІV ст. гэта князі з роду Гедымінавічаў. Полацк уваходзіць у склад Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.

Палітычны саюз з Літвою садзейнічаў усебаковаму ўмацаванню Полацка і быў узаемавыгадным. У ХІV--ХVІ стст. Полацк быў адным з самых буйных гарадоў Вялікага княства Літоўскага. У "Хроніцы Польшчы" канцлера Яна Чарніхоўскага ён названы замкам (крэпасцю) Белай Русі.

Шматлікія гандлёвыя дагаворныя граматы Полацка з Рыгаю, Смаленскам сведчаць аб бурным развіцці вытворчых сіл і таварна-грашовых адносін у горадзе, росце яго знешнеэканамічных сувязяў. У 1490 г. Полацк атрымаў Магдэбургскае права. Быў створаны магістрат, да якога перайшлі адміністрацыйныя функцыі кіравання, а з 1504 г. горад стаў цэнтрам ваяводства.

Руска-Лівонская вайна 1558--1583 гг. азнаменавала для горада пачатак яго паступовага заняпаду ў выніку пастаянных ваенных спусташэнняў. У 1563 г. Полацк захоплены войскамі Івана Грознага і знаходзіцца пад уладай рускага цара да 1579 г., калі быў адваяваны беларуска-польскімі войскамі на чале са Стэфанам Баторыем. Але карэннага паляпшэння не адбылося. У часы Руска-Польскай вайны 1654--1667 гг. горад неаднаразова пераходзіў з рук у рукі. У выніку гэтага не толькі рэзка скарацілася насельніцтва горада, але і яго эканамічны патэнцыял. Застаючыся фармальна цэнтрам буйнога рэгіёна, фактычна ён перастаў выконваць важную ролю ў эканамічным і палітычным жыцці. Сведчаннем таму можа служыць той факт, што ў час Паўночнай вайны 1700--1721 гг. шведскія войскі нават не спрабавалі захапіць гэты некалі багаты і вядомы горад.

Мы свядома вельмі коратка спыніліся на палітычнай гісторыі Полацка і Полацкай зямлі. Гэтаму пытанню прысвечана шматлікая літаратура, якая можа стаць прадметам асобага вывучэння. Але разам з тым пытанне гісторыка-гапаграфічнай структуры Полацка ІХ--ХVІІ стст. цесна звязана з развіццём эканамічнай і палітычнай гісторыі горада. Не абумоўленых выпадковасцей у тапаграфічнай гісторыі горада няма. Іншая справа, што на розных этапах свайго развіцця прыярытэт у фарміраванні мікра- і макратапаграфічнай структуры мог належаць розным па характару і прыродзе фактам.

Першым з іх для ранейшага этапу, безумоўна, з'яўляецца геаграфічны. У далейшым роля яго паменшылася, але не ўлічваць фактар геаграфіі для фарміравання горада нават у ХХ ст. нельга. Геаграфічнае знаходжанне старажытнага Полацка ІХ--Х стст. на працягу многіх гадоў не выклікала яўнага сумнення нават тады, калі ў выніку археалагічнага даследавання 60--70-х гг. выявілася, што тэрыторыя акаляючага горада амаль у тры разы меншая за памер умацаванага дзядзінца. Такой супрацьлегласці ў памерах умацаванага і неўмацаванага гарадскога пасялення невядома ні ў адным горадзе Усходняй Еўропы. А менавіта суадносіны прапорцый і наяўнасць схемы "замак -- пасад" з'яўляюцца галоўнай рысай ранняга феадальнага горада.

Нявырашанымі заставаліся пытанні росту тэрыторыі Полацка ў ІХ--ХУІІ стст., дакладныя памеры гарадскіх пасадаў. Гэта было абумоўлена нязначнасцю доследаў на пасадах, асабліва Вялікім, дзе праводзіліся толькі назіранні за будаўнічымі работамі.

Поўнасцю недаследаванай з пункту гледжання археалогіі была фартыфікацыйная сістэма феадальнага Полацка. Усе дадзеныя, якія выкарыстоўваліся даследчыкамі для характарыстыкі абарончых збудаванняў, грунта валіся толькі на паведамленнях пісьмовых крыніц. Апошнія, без сумнення. вельмі важныя, але не даюць поўнай карціны ўмацаванага горада, асабліва на ранніх этапах яго развіцця.

Больш падрабязна была даследавана полацкая архітэктура ХІ--XII стст. Аднак і тут пасля выяўлення помнікаў як у абрысах старажытнага горада, так і за яго межамі не рабіліся спробы разглядзець узаемасувязь гэтых помнікаў у канкрэтна тапаграфічнай структуры горада, за выключэннем царквы ХІІ ст. на Верхнім замку -- прататыпа храма Архангела Міхаіла ў Смаленску. Размяшчэнне ж іншых помнікаў манументальнай архітэктуры ХІV--ХVІІ стст. нават па пісьмовых крыніцах сучаснымі даследаваннямі практычна не разглядалася. Асабліва актуальнай з'яўляецца гэта задача зараз, калі шматлікія архітэктурныя помнікі Полацка не захаваліся альбо захаваліся часткова, а ў той жа час распрацоўваюцца шырокамаштабныя праграмы па адраджэнню і рэгенерацыі гістарычнага цэнтра горада.

Такім чынам, пытанні гістарычнай тапаграфіі найстаражытнейшага беларускага горада маюць на сёння не толькі навуковую цікавасць. Напрыканцы другога тысячагоддзя мы ўсё больш усведамляем каштоўнасць гістарычнай спадчыны, якая, на вялікі жаль, у кругабегу стагоддзяў мае больш шансаў на знікненне, чым на памнажэнне. Гэта разумелі многія даследчыкі, якія прысвячалі свае працы менавіта Полацку. Сярод іх: К. Гаварскі, М. Без-Карніловіч, В. Сямёнаў, А. Сапуноў, П. Бацюшкаў, В. Вікенцьеў, Б. Брэжго, З. Даўгяла, А. Ляўданскі, А. Дубінскі, І. Хозераў. У найноўшыя часы вывучэнню горада прысвячалі свае працы: М. Каргер, П. Рапапорт, А. Мітрафанаў, В. Тарасенка, Валянцін і Васілій Булкіны, Л. Побаль, Г. Штыхаў, Л. Аляксееў, А. Трусаў, Н. Здановіч, Г. Сагановіч і інш.

Праца кожнага адчыняла новыя старонкі ў летапісе выдатнага горада -- сталіцы старажытнай Полацкай зямлі. Мы спадзяёмся, што вялікая гістарычная праца, якая раскрыла б феномен Полацка як этнічнага, культурнага, гандлёва-эканамічнага цэнтра старажытнай Беларусі яшчэ наперадзе. Бо для разумення таго, якім чынам гэты горад нарадзіў Рагнеду, Усяслава Чарадзея, Ефрасінню, Скарыну, Сімяона Полацкага і іншых, недастаткова толькі археалагічнага ці толькі гістарычнага вывучэння. Як заўсёды, маштабныя абагульненні і глыбокія высновы могуць быць зроблены толькі на скрыжаванні розных навук. Думаецца, што не ў такой ужо і далёкай будучыні, аглядаючы полацкую даўніну з вышыні паўтары тысячы гадоў, гэта будзе зроблена.

Сёння ж мы прапануем увазе чытача манаграфію, якая з'явілася вынікам дваццацігадовага вывучэння аўтарам полацкай даўніны і дванаццаці гадоў уласных археалагічных доследаў у гэтым горадзе. Упершыню ў навуковы абарот уводзяцца многія матэрыялы, а таксама прапануецца арыгінальная перыядызацыя асноўных этапаў гісторыка-тапаграфічнага развіцця Полацка ад часоў яго ўзнікнення да канца ХVІІ стагоддзя.

Мы спадзяёмся, што сённяшнія і будучыя пакаленні архітэктараў і горадабудаўнікоў, ад якіх залежыць развіццё нашых гарадоў і, у прыватнасці, Полацка, з увагаю паставяцца да агульнагістарычных, тапаграфічных, дэмаграфічных і іншых урбаністычных тэндэнцый, якія мы спрабавалі выявіць і паказаць на прыкладзе гэтага горада. Бо толькі ў суладдзі з мінулым, не абвяргаючы яго здабыткаў, а, наадварот, улічваючы іх, можна будаваць і развіваць нашы старажытныя, славутыя і прыгожыя гарады.

Аўтар выказвае падзяку кіраўніцтву Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, супрацоўнікам аддзела археалогіі і гісторыі Полацкай зямлі, Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, якія дапамагалі ў працы над гэтай манаграфіяй, і асабіста Г. Штыхаву, Т. Скрыпчанка, М. Гурыну і мастаку Н. Малчанавай.

[Back]


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: January 27, 1999
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 1999 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 1998 S.V. Tarasau
| MP3 foundry| albums MP3 download| download mp3| download best mp3 tracks| mp3 albums collection