THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS

The Belarusian Annals and Chronicles. Editor's Preface

Back
Беларускія летапісы і хронікі. -- Мінск: Беларускі кнігазбор, 1997. -- 432 стаp.

СВЕДКІ НАШАЙ МІНУЎШЧЫНЫ

Кожны народ, дасягнуўшы пэўнага ўзроўню свайго культурна-гістарычнага развіцця, грамадскай і этнічнай самасвядомасці, пачынае ўсведамляць вялікую важнасць сваёй гісторыі, веданне якой неабходна захаваць і перадаць наступным пакаленням. Складаліся і стагоддзямі перадаваліся з вуснаў у вусны міфы і гістарычныя паданні, сагі і быліны, балады і песні, што служылі каштоўнай крыніцай пазнання сваёй мінуўшчыны і важным сродкам маральна-патрыятычнага выхавання ў духу гераічных традыцый продкаў.

З узнікненнем пісьменства вусна-паэтычнае асэнсаванне гісторыі паступова саступае месца больш дакладнаму, дакументальна-дзелавому яе апісанню. Захавальнікамі гістарычнай памяці, своеасаблівымі энцыклапедыямі гістарычных ведаў эпохі Сярэднявечча сталі аналы, летапісы, хронікі, іншыя творы гістарычна-мемуарнага жанру. Узнікшы ў выніку неадольнага імкнення народа спазнаць сябе, сваю мінуўшчыну, сваё месца ў гісторыі, а таксама захаваць для будучыні імёны, велічныя справы і ўчынкі сваіх герояў, памяць пра найбольш значныя гістарычныя падзеі, гэтыя творы выконвалі вельмі важную ролю ў духоўным жыцці грамадства, у фармаванні яго этнічнай самасвядомасці, нацыянальнай кансалідацыі. Ужо старажытныя народы, грэкі і рымляне, справядліва бачылі ў гісторыі і люстра часу, і настаўніцу жыцця.

Але творы фальклорнага паходжання і даўняга пісьменства на гістарычную тэму -- гэта яшчэ і помнікі мастацкага слова. Яны адыгралі выдатную ролю ў станаўленні літаратуры. Багатыя традыцыі сюжэтнага апавядання, займальнага выкладу гісторыі, вобразнага апісання рэальных падзей даюць магчымасць прасочваць вытокі розных жанраў апавядальнай прозы, гістарычнай белетрыстыкі.

У даўняй літаратуры ўсходнеславянскіх народаў, бадай, няма іншага такога жанру, які мог бы параўнацца з летапісамі багаццем зместу, жанрава-стылёвай разнастайнасцю, даўгавечнасцю свайго бытавання. У іх, здаецца, ёсць усё: эмацыянальны, узнёсла-патрыятычны і займальны расказ пра важныя гістарычныя падзеі і сціслая, дакументальна-дзелавая рэгістрацыя дробных фактаў; высокая паэзія подзвігу і сухая проза будзённага жьщця; шырокі, дзяржаўны, нярэдка агульнанародны і агульначалавечы погляд на з'явы ды ўчынкі герояў і абмежаваны, вузкасаслоўны або мясцовы патрыятызм.

Летапісы -- вельмі своеасаблівы жанр даўняга пісьменства. Яны сінкрэтычныя паводле свайго характару. У іх даволі арганічна, адпаведна літаратурным прынцыпам гэтага жанру, спалучаюцца гістарычная сапраўднасць і літаратура, дакумент і мастацкая выдумка -- у розны час у рознай меры. Да таго ж плён фантазіі ў гэтых творах, як правіла, успрымаўся як гістарычная сапраўднасць.

Выразна вылучаецца летапіс і паводле сваёй жанравай формы. Выклад вядзецца ў храналагічнай паслядоўнасці, па гадах, па-даўняму -- летах, адсюль і назва твораў. Неаднародныя яны і паводле літаратурнай структуры. Летапісы -- гэта пераважна зводы-кампіляцыі кароткіх дзелавых запісаў, гістарычных аповесцяў і апавяданняў -- як арыгінальных, так і запазычаных з іншых крыніц. Яны часам змяшчаюць розныя гістарычныя дакументы і нават асобныя літаратурныя творы. Падзеі і ўчынкі герояў апісаны ў гэтых творах з пункту гледжання грамадскіх ідэалаў свайго часу, свецка-рыцарскіх або клерыкальна-аскетычных, з пазіцый патрыятызму, гераізму і хрысціянскага гуманізму. Амаль дзевяць стагоддзяў бытавалі летапісы на ўсходнеславянскіх землях, таму ў іх жанравай эвалюцыі ярка выявіліся характэрныя асаблівасці развіцця ўсёй літаратуры.

Пачатак летапісання на ўсходнеславянскіх землях губляецца ў смузе стагоддзяў. Яго вытокі ў гістарычных паданнях, што існавалі яшчэ ў глыбокай старажытнасці. Спрыяў зараджэнню летапісання на Русі таксама ўплыў еўрапейскай гістарыяграфіі, асабліва літаратурных традьщый візантыйскай хранаграфіі.

Першыя ўсходнеславянскія летапісы пачалі складацца, напэўна, у Кіеве, буйным цэнтры палітычнага і культурнага жыцця старажытнай Русі. Прынамсі, ужо пры кіеўскім князю Яраславе Мудрым (1019--1054) вяліся гістарычныя запісы. Узнікненне летапісання было выклікана да жыцця важнымі задачамі палітычнага і культурна-гістарычнага развіцця ўсходніх славян, бурным ростам іх грамадскай і этнічнай свядомасці ў перыяд актыўнага гістарычнага самасцвярджэння.

На пачатку XII ст. манах Кіева-Пячорскага манастыра Нестар склаў вядомую "Аповесць мінулых гадоў" ("Повесть временных лет") -- першую гісторыю ўсходніх славян ад легендарных часоў да эпохі князявання Уладзіміра Манамаха. Заснаваны на багатых вусна-паэтычных і літаратурных традыцыях, на гістарычных паданнях пра далёкую мінуўшчыну ўсходніх славян і дакументальных пагадовых запісах пра сучасныя аўтару падзеі, гэты летапіс увабраў у сябе шматвяковы вопыт гістарычнага аповяду і засведчыў высокі ўзровень гістарычных уяўленняў продкаў сучасных беларусаў, рускіх і ўкраінцаў.

Чалавек шырокага кругагляду і немалога літаратурнага таленту, шчыры патрыёт сваёй краіны, Нестар здолеў намаляваць свое-асаблівую панараму грамадска-палітычнага жыцця ўсходніх славян ад эпохі родаплемяннога ладу да ўтварэння Кіеўскай дзяржавы. Пададзеная ім на шырокім міжнародным фоне ўсходнеславянская гісторыя сцвярджала палітычную самастойнасць і незалежнасць старажытнай Русі. Нягледзячы на кіеўскі цэнтрызм і адпаведную тэндэнцыйнасць Нестара-летапісца ў апісанні падзей, яго твор -- выдатны помнік старажытнарускай гістарычнай прозы і неацэнная пісьмовая крыніца пазнання даўняй палітычнай гісторыі ўсходніх славян ІХ --ХI стст., іх культуры і грамадскай думкі ранняга Сярэднявечча. Арыгінальная і самабытная паводле свайго зместу і жанравай формы, "Аповесць мінулых гадоў" заклала асновы летапіснага жанру на Русі і паслужыла стымулам для зараджэння летапісання ў іншых гарадах і землях усходняй славяншчыны.

Размешчаная ў цэнтры Еўропы на важных гандлёвых шляхах, у спрыяльных прыродна-кліматычных умовах, актыўным эканамічным, палітычным і культурным жыццём у эпоху ранняга Сярэднявечча жыла і Беларусь.Будавалісяі раслі гарады, развіваліся рамёствы, пашыралася пісьменства. Асабліва вылучаўся Полацк, якому гістарычным лёсам было наканавана пачаць цяжкае змаганне за палітычнае аб'яднанне беларускіх земляў, будаўніцтва першай незалежнай дзяржавы на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Зрабіўшыся цэнтрам буйнога княства, гэты горад вёў самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку, справядліва ганарыўся багатымі культурнымі традыцыямі і шматвяковай гераічнай гісторыяй і таму меў усе магчымасці, каб заснаваць уласнае летапісанне. На жаль, Полацкі летапіс не захаваўся, і сёння мы вымушаны выказваць толькі розныя здагадкі і меркаванні пра яго змест і характар.

Аднак найбольш выдатныя моманты гераічнай мінуўшчыны Полацка, якія адкрываюць першыя яскравыя старонкі палітычнай гісторыі старажытнай Беларусі, не зніклі бясследна ў прадонні часу. Роля Полацкага княства, значэнне некаторых полацкіх падзей былі настолькі важкімі і важнымі, што іх не маглі абмінуць летапісцы і песняры суседніх краін і земляў. І Нестар, і ананімныя аўтары Кіеўскага летапісу ХІІ ст. ды славутага "Слова пра паход Ігаравы" часткова захавалі для нас унікальныя звесткі і эпічныя паданні пра выдатных герояў нашай далёкай мінуўшчыны.

І сёння нас глыбока хвалююць драматычныя гісторыі пра цяжкі лёс полацкай князёўны Рагнеды і князя Усяслава Полацкага, напісаныя як займальныя гістарычныя навелы. Асаблівай змястоўнасцю, ёмістасцю і драматычнасцю вылучаецца паэтычнае апавяданне пра гордую палачанку, што змешчана ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1128 г. Літаральна на адной старонцы намаляваны запамінальны вобраз непакорлівай Рагнеды, поўнай жаночай годнасці, чалавечай высакароднасці, гераізму і патрыятызму. Не выклікаюць сумнення вусна-паэтычныя вытокі гэтага белетрыстычнага апавядання, якое, перш чым быць занесеным у аналы гісторыі, больш стагоддзя бытавала як эпічнае паданне.

Своеасаблівую аповесць пра Усяслава Чарадзея, славутага полацкага князя ХІ ст., праўнука Рагнеды, чытаем у "Аповесці мінулых гадоў". Доўгае, больш чым паўвекавое, валадарства гэтага князя было перыядам эканамічнага і палітычнага росквіту старажытнага Полацка. Ён смела і рашуча кінуў выклік магутнаму Кіеву, узначаліў цяжкую шматгадовую барацьбу дзеля абароны палітычнай незалежнасці Полацкага княства. Усяслаў перамагаў і цярпеў паражэнні, ратаваўся ўцёкамі і трапляў у палон, але, вызваліўшыся і вярнуўшыся ў Полацк, зноў з ранейшай настойлівасцю і зацятасцю працягваў сваю незалежніцкую палітыку. Незвычайная гістарычная асоба, сапраўдны рыцар свайго часу і вялікі патрыёт бацькоўскага краю, ён карыстаўся ўсенароднай павагаю і высокім міжнародным аўтарытэтам, стаў героем гістарычных паданняў, песень і былін. Нягледзячы на непрыхільнасць кіеўскага летапісца да Усяслава Чарадзея, яго скупыя гістарычныя запісы захавалі праз многія стагоддзі памяць пра гэтага выдатнага полацкага князя, нястомная дзейнасць якога закладвала падмурак нашай дзяржаўнасці і склала цэлую эпоху ў гісторыі Полацкай зямлі.

Яркія, як бы выхапленыя з самога жыцця малюнкі сярэднявечнай Беларусі эпохі феадальнай раздробленасці пададзены ў шэрагу запісаў Кіеўскага летапісу. Бурліць палітычнае жыццё ў гарадах. Грамадскія страсці, сімпатыі і антыпатыі выяўляюцца адкрыта, на плошчы, на вечы, у бойцы. Варагуюць паміж сабою феадалы, больш моцныя крыўдзяць слабейшых, нялюбых князёў выганяюць з гарадоў і пазбаўляюць удзелаў.

Гэтая прастата і адкрытасць сярэднявечных грамадскіх адносінаў, эмацыянальная насычанасць і знешні дынамізм жыцця тагачаснага чалавека добра прасочваюцца ў летапісным апавяданні пра падзеі ў Полацку 1158 г. Вельмі скупымі, лаканічньші, але выразныміі дакладнымі сродкамі стварае летапісец эфект прысутнасці чытача ў гэтых падзеях. Жывасць і нагляднасць апавяданню надаюць надзвычай праўдзівая, натуральная, як бы падслуханая на месцы простая мова, а таксама глыбокая зацікаўленасць падзеямі самога аўтара. Драматычная і займальная жыццёвая фабула ў спалучэнні з даволі высокім майстэрствам апавядальніка дала магчымасць стварыць на невялікай плошчы з сырога матэрыялу гісторыі змястоўны, цікавы, дакументальна дакладны і літаратурна дасканалы летапісны твор. Згаданае гістарычнае апавяданне, складзенае па гарачых слядах падзей іх зацікаўленым сведкам, а магчыма, і непасрэдным удзельнікам, і дало падставы шукаць у гэтым летапісным зводзе сляды страчанага Полацкага летапісу.

3апісы і апавяданні пра полацкія падзеі Х--ХІІ стст., пра выдатных дзеячаў даўняй беларускай гісторыі, якімі адкрываецца гэтая кніга, каштоўныя яшчэ і тым, што даюць магчымасць меркаваць аб характары ўсходнеславянскага летапісання ранняга Сярэднявечча, аб яго змесце і жанравых асаблівасцях, а таксама аб літаратурных густах тагачасных летапісцаў і чытачоў. І не толькі кіеўскіх, але і полацкіх, бо старажытнарускія летапісы здаўна пашыраліся і на беларускіх землях. Іх літаратурныя традыцыі дабратворна ўплывалі на першых беларускіх летапісцаў.

Вельмі важная асаблівасць сярэднявечных летапісаў -- іх цесная сувязь з палітычнай гісторыяй краю, народа, з вядучымі грамадскімі тэндэнцыямі часу. Заснаванне летапісання'было справай палітычнай, таму на летапіс тады глядзелі ў першую чаргу як на гістарычны дакумент, хоць шырокага чытача прываблівала якраз белетрыстычнасць выкладу, займальнае апавяданне пра незвычайныя падзеі і здарэнні.

Асаблівую ролю ў гісторыі беларускага летапісання адыграў Галіцка-Валынскі летапіс, які быў завершаны ў канцы XII ст. у Заходняй Украіне, дзе ў тыя часы існавала моцнае Галіцка-Валынскае княства. Гэты выдатны помнік усходнеславянскай гістарыяграфіі і літаратуры карыстаўся вялікай папулярнасцю на нашых землях і паслужыў не толькі непасрэднай крыніцай, але і літаратурным узорам для беларускіх храністаў ХVI ст. Менавіта ў гэтым летапісе былі творча развітыя жанравыя традыцыі кіеўскага летапісання, і ўпершыню на ўсходнеславянскіх землях рашуча пераадолена пагадовая форма выкладу гісторыі. Арыгінал Галіцка-Валынскага летапісу быў напісаны як суцэльная гістарычная аповесць, і толькі пазней, дзесьці ў ХIV ст., яго тэкст падзялілі на асобныя пагадовыя артыкулы і праставілі даты, месцамі даволі прыблізна. Менавіта ў такой прагматычнай форме, блізкай да традыцый заходнееўрапейскай гістарыяграфіі, і складзены першы твор агульнадзяржаўнага беларуска-літоўскага летапісання -- "Летапіс вялікіх князёў літоўскіх" (каля 1430 г.).

Для даследчыкаў і ўсіх тых, хто цікавіцца беларускай мінуўшчынай, Галіцка-Валынскі летапіс каштоўны яшчэ і тым, што ён змяшчае унікальныя звесткі па гісторыі ўтварэння Беларуска-Літоўскай дзяржавы, у межах якой станоўча вырашыўся гістарычны лёс беларускага і літоўскага народаў. Працэс палітычнага аб'яднання літоўскіх і беларускіх земляў у агульнае Вялікае Княства адбываўся ў вельмі складаных гістарычных умовах, у жорсткай барацьбе са знешнімі ворагамі і ўнутраным разладам.

Дасведчанае, зацікаўленае і таленавітае апісанне гэтых падзей складае ў Галіцка-Валынскім лстапісе своеасаблівы цыкл апавяданняў, аб'яднаных адзінствам галоўнай тэмы і яе герояў -- Міндоўга, Войшалка і Тройдзеня, заснавальнікаў Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Гэтыя творы выклікаюць дадатковую цікаўнасць яшчэ і тым, што ў іх, як мяркуюць некаторыя даследчыкі, захаваліся рэшткі згубленага Наваградскага летапісу.

Паколькі пытанне аб існаванні арыгінальнага мясцовага летапісання на беларускіх землях у ХІ -- ХІІІ стст. застаецца адкрытым, тым большае значэнне маюць гістарычныя звесткі, аповесці і апавяданні старажытнарускіх летапісных зводаў аб падзеях, што датычаць нашай даўняй гісторыі. Яны не толькі неацэнная крыніца нашых ведаў пра беларускую сярэднявечную мінуўшчыну. У гэтых летапісах -- і адзін з вытокаў беларускай гістарычнай прозы.

Новы этап у гісторыі беларускага летапісання адкрылі агульнадзяржаўныя, беларуска-літоўскія летапісы, узнікненне якіх было выклікана новымі культурна-гістарычнымі ўмовамі ў грамадска-палітычным жыцці Літвы і Беларусі позняга Сярэднявечча. На працягу ХІV ст. з малога і няўстойлівага княства ў Верхнім Панямонні ў выніку гераізму мужных вояў і актыўнай дзейнасці літоўска-беларускіх князёў вырасла магутная еўрапейская дзяржава, якая атрымала шырокае міжнароднае прызнанне і вырашала вельмі важныя гістарычныя задачы. Узнікненне Вялікага Княства ўратавала беларусаў і літоўцаў ад заваявання рознымі захопнікамі, садзейнічала іх этнічнай кансалідацыі, агульнаму грамадскаму і культурнаму прагрэсу. У часы існавання Беларуска-Літоўскага гаспадарства старабеларуская мова была дзяржаўнай, што спрыяла росквіту дзелавога і прыгожага пісьменства, станаўленню і развіццю розных жанраў уласна беларускай літаратуры, у тым ліку і летапісання.

Першыя агульнадзяржаўныя беларуска-літоўскія летапісы ўзніклі ў перыяд найболылай палітычнай магутнасці і міжнароднага аўтарытэту гэтай дзяржавы, у часы вялікага князя Вітаўта (1392--1430). Яго актыўная збіральніцкая, аб'яднаўчая палітыка на ўсходнеславянскіх землях выяўляла важнейшыя гістарычныя тэндэнцыі часу, звязаныя з завяршэннем працэсу пераадолення феадальнай раздробленасці і фарміраваннем беларускай і літоўскай народнасцяў, таму мела шырокую падтрымку ў перадавых колах літоўска-беларускага грамадства, у тым ліку і ў праваслаўнага духавенства.

У 20-я гг. ХV ст. Вітаўт стаў фактычна палітычным лідэрам усяе Усходняй Еўропы. На схіле дзён гэты князь вырашыў ажыццявіць яшчэ адну вялікую задуму, мару свайго жыцця -- атрымаць карону і стаць каралём de jure, бо фактычна ён быў поўнаўладным і незалежным валадаром у сваёй дзяржаве.

Найбольш верагодна, што менавіта ў сувязі з гэтай неардынарнай палітычнай падзеяй (каранаванне планавалася правесці летам 1430 г. у Вільні, аднак яго сарвалі польскія правячыя колы) і быў складзены ў Смаленску ў асяроддзі праваслаўнага духавенства першы беларуска-літоўскі летапісны звод. Ен адкрываецца кароткай гісторыяй Кіеўскай і Маскоўскай Русі, запазычанай з рускіх летапісаў, а завяршаецца "Летапісам вялікіх князёў літоўскіх", арыгінальнай аповесцю пра гісторыю Беларуска-Літоўскай дзяржавы ад Гедыміна да часоў Вітаўта ўключна.

Хоць "Летапіс вялікіх князёў літоўскіх" неаднародны паводле свайго складу, аднак ён, у адрозненне ад традьщыйнага паліморфнага летапісу, уяўляе сабою даволі цэласны, пабудаваны з пэўнай ідэйна-мастацкай задумаю твор. Кідаюцца ў вочы амаль выключна свецкі яго характар, прастата, выразнасць і лагічнасць выкладу. Апавяданне вядзецца па-дзелавому энергічна, дынамічна і мэтанакіравана, дакументальна дакладна, з добрым веданнем гісторыі роднай краіны.

Важная асаблівасць гэтага твора, што збліжае яго з Галіцка-Валынскім летапісам, -- нетрадыцыйнасць яго жанравай будовы. Асноўнай структурнай адзінкай "Летапісу вялікіх князёў літоўскіх" з'яўляецца не пагадовы артыкул, а асобны сюжэт. Гэта дае магчымасць беларускаму летапісцу весці гістарычнае апавяданне па законах белетрыстыкі, больш напружана і мэтанакіравана, з выкарыстаннем завязкі, кульмінацыі і развязкі. Ён ужо не пасіўна следуе за матэрыялам, за падзеямі і фактамі, а праводзіць іх пэўны адбор. У творы вельмі ўмела выкарыстоўваецца простая мова, дыялог, што надае дадатковую жывасць і асаблівую праўдзівасць апавяданню.

Карацей кажучы, у "Летапісе вялікіх князёў літоўскіх" адчуваецца значны літаратурны вопыт яго аўтараў, які даў ім магчымасць, апісваючы рэальныя падзеі, стварыць цікавае і займальнае апавяданне, якое мае выразныя прыкметы дабротнай гістарычна-дакументальнай белетрыстыкі. У гэтым творы перададзены напружаны дынамізм часу. У ім, як у люстры, адбілася эпоха еўрапейскага Сярэднявечча, калі ўсё было ў руху, барацьбе, калі няспынна кіпелі страсці і звінелі мячы, калі ў зацятым змаганні ўсталёўвалася новая палітычная карта Усходняй Еўропы, умацоўваліся новыя дзяржавы, на гістарычную арэну выходзілі цэлыя народы, фармаваліся новыя грамадскія адносіны.

Галоўныя героі таго часу -- князі. Яны ўзначальваюць абарону сваіх гарадоў і земляў ад варожых нападаў, водзяць узброеныя дружыны супраць удзельных князёў і непакорных суседзяў. Найбольш выдатныя з іх, вялікія князі, валадары вялікіх княстваў-дзяржаў, сваёй актыўнай гістарычнай дзейнасцю выяўлялі прагрэсіўныя, аб'яднаўчыя тэндэнцыі свайго часу, агульнадзяржаўныя і агульнанародныя інтарэсы. Вось таму яны ў цэнтры ўвагі беларускіх летапісцаў і храністаў, галоўныя героі летапісных аповесцяў і апавяданняў. Менавіта ў іх справах і ўчынках, лічылася тады, увасоблены асноўны змест і сэнс руху зямной чалавечай гісторыі, бо яны, канцэнтруючы ў сваіх руках усю паўнату і веліч свецкай улады, з'яўляліся адначасова паўнамоцнымі выканаўцамі і праваднікамі на зямлі найвышэйшай волі ("няма ўлады, што не ад Бога").

Такім быў і такім уяўляўся беларускім летапісцам ХV ст. князь Вітаўт. Ён і стаў галоўным героем першых беларуска-літоўскіх летапісных твораў. Яму была прысвечана таксама спецыяльная "Пахвала вялікаму князю Вітаўту" (каля 1430 г.), у якой у сціслай форме, выразна і ёміста выказана гістарычная канцэпцыя першага беларуска-літоўскага летапіснага зводу, куды быў уключаны гэты панегірычны твор. У ім ва ўрачыста-ўзнёслым стылі ўслаўляецца Вітаўт як мудры і магутны валадар, сапраўдны гаспадар Беларуска-Літоўскай дзяржавы, які валодае Літоўскаю і "ўсёю Рускаю зямлёю" і карыстаецца вялікім міжнародным аўтарытэтам.

У "Пахвале Вітаўту", як і ў Беларуска-літоўскім летапісе 1446 г. у цэлым, праводзіцца погляд на гэтую дзяржаву як на галоўны цэнтр палітычнага аб'яднання ўсіх літоўскіх і ўсходне-славянскіх земляў. Відавочна, гэты твор задумваўся як своеасаблівае ідэалагічна-гістарычнае абгрунтаванне і апраўданне ўсёй унутранай і знешняй палітыкі вялікага князя Вітаўта. Увесь жа агульнадзяржаўны летапісны звод быў складзены з мэтаю ўключыць гісторыю Вялікага Княства ў еўрапейскі кантэкст і сцвердзіць выдатную гістарычную ролю гэтай дзяржавы на міжнароднай арэне.

Шмат у чым блізкая да "Пахвалы Вітаўту" паводле жанравых асаблівасцяў "Пахвала гетману Канстанціну Астрожскаму", што захавалася ў адньш з супрасльскіх рукапісных зборнікаў першай паловы ХVІ ст. Слаўная перамога беларуска-літоўскіх войскаў над рускімі пад Оршаю ў 1514 г., якая часова спыніла разбуральныя захопніцкія напады маскоўскіх князёў на беларускія землі, адгукнулася ў розных літаратурных творах. Гэты -- адзін з найбольш значных і цікавых.

Летапіснае апавяданне пра гэтую незвычайную падзею пад пяром шчырага патрыёта Беларуска-Літоўскай дзяржавы перарасло ў жывое, эмацыянальнае слова, узнёслую пахвалу пераможцам: "вдатным и храбрым" літоўска-беларускім воям, "великославному и великоумному" палкаводцу Канстанціну Астрожскаму. Не могучы стрымаць свае радасці і захаплення, невядомы аўтар выкарыстоўвае ўсе свае веды і талент, каб годна ўславіць гераічны подзвіг мужных абаронцаў роднай зямлі. Натхнёныя паэтычныя словы і выразы, розныя літаратурна-вобразныя рэмінісцэнцыі чаргуюцца ў творы з дакладнымі гістарычнымі звесткамі аб падзеях 1514 г., што ў цэлым дае падставы разглядаць яго не толькі як цікавы помнік беларускай літаратуры пачатку ХVІ ст., але і як каштоўную гістарычную крыніцу.

"Пахвала гетману Канстанціну Астрожскаму" напісана з патрыятычных пазіцый. У ёй асуджаецца захопніцкая палітыка маскоўскіх князёў у адносінахда Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Аўтар адназначна ставіцца да іх як да звычайных агрэсараў-заваёўнікаў, параўноўваючы паходы рускіх войскаў на беларускія землі з нападамі татараў. Гэты твор дае цікавы матэрыял і для іншых вельмі важных назіранняў і вывадаў. Ён пераканаўча сведчыць, што агульнадзяржаўным патрыятызмам была тады прасякнута не толькі шляхта, але і лепшая, перадавая частка беларускага праваслаўнага духавенства, бо гэтая пахвала напісана ў Супрасльскім праваслаўным манастыры.

У ХV ст. беларускае летапісанне дасягнула, такім чынам, важкіх здабыткаў. Былі ўкладзены першыя агульнадзяржаўныя летапісы і летапісныя зводы. Пачалася грунтоўная распрацоўка мясцовымі сіламі гісторыі Беларусі і Літвы, што паслужыла асновай для больш актыўнай і сістэматычнай летапіснай працы ў наступныя стагоддзі. Пад уплывам жывой рэчаіснасці істотна змянілася гістарычная канцэпцыя і абнавілася жанравая аснова летапісання на Беларусі. У выніку пераадолення феадальнай раздробленасці вядучай стала аб'яднаўчая ідэя, і падзеі пачалі асвятляцца не з мясцовых, а з агульнадзяржаўных пазіцый. Беларускія летапісцы ў сваёй працы абапіраліся на значныя мясцовыя пісьмова-моўныя традыцыі, а таксама на багатыя літаратурныя традыцыі старажытнарускага летапісання. Характэрнай жанравай асаблівасцю беларускіх летапісаў стала арганічнае спалучэнне пагадовай формы выкладу гісторыі з прагматычным апавяданнем пра мінуўшчыну, кароткіх дакументальных запісаў-паведамленняў -- з гістарычнымі аповесцямі, сухой інфармацыі пра падзеі -- з жывым, белетрыстычным іх апісаннем. У ХV ст. пад уплывам свецкага дзелавога пісьменства быў выпрацаваны таксама своеасаблівы летапісны стыль -- лаканічны, выразны, з перавагаю свецкіх элементаў у мове і свецкага погляду на падзеі.

Для ранніх беларускіх летапісаў характэрныя шмат якія асаблівасці, агульныя і для ўсяго ўсходнеславянскага летапісання эпохі Сярэднявечча, у прыватнасці, сінкрэтызм і своеасаблівы гістарычны рэалізм. Яны адначасова з'яўляюцца помнікамі гістарыяграфіі і грамадска-палітычнай думкі свайго часу, дакументальна-дзелавога пісьменства і -- літаратуры. У летапісных творах, як правіла, жывуць і дзейнічаюць рэальныя гістарычныя асобы. Канстатацыя і рэгістрацыя асобных фактаў і падзей пераважае над апісаннем і тлумачэннем, дакументальная фактаграфія -- над мастацкай тыпізацыяй, бо для сярэднявечнага чытача мела асаблівую каштоўнасць праўда гістарычнага факта, а не мастацкая праўда.

"Сіла гістарычных вобразаў, -- справядліва адзначае вядомы медыявіст А. Гулыга, -- у іх сапраўднасці. Калі чытач ведае, што яму расказваюць пра сапраўдныя падзеі, апавяданне атрымоўвае дадатковую эмацыянальную дзейснасць... Аўтэнтычнасць выступае ў якасці не толькі навуковай, але і своеасаблівай эстэтычнай катэгорыі, якая ўласціва гістарычнаму апавядапню" (Гулыга А. Искусство истории. М., 1980. С. 109--110.). Даверлівы сярэднявечны чалавек часта прымаў за чыстую, гістарычную праўду нават легендарнае і фантастычнае. Таму ў летапісах і хроніках часам апавядаецца пра розныя незвычайныя здарэнні, несапраўдныя падзеі, пра выдуманых герояў. Аднак гэта, пераважна, вынік не наўмыснай фальсіфікацыі летапісцамі гісторыі, а іх легкавернасці і наіўнасці, абмежаванасці светапогляду. Таму, калі ў летапісах і хроніках і прысутнічае вымысел, то ён звычайна яшчэ не свядомы, не мастацкай накіраванасці.

Станаўленне беларускай гістарычна-мастацкай прозы якраз адбывалася шляхам далейшай белетрызацыі гістарычнага апавядання, усё глыбейшага пранікнення ў летапісы і хронікі эмацыянальна-вобразнага адлюстравання гісторыі. Гэтыя працэсы прыкметна паскорыліся на Беларусі ў ХVI ст., у часы Скарыны.

Беларускі народ, які ў эпоху позняга Сярэднявечча, у ХІV--ХV стст., канчаткова сфармаваўся як асобны, самабытны этнас і стаў паўнапраўным суб'ектам палітычнай гісторыі Еўропы, у эпоху Адраджэння выявіў сябе і як магутны творца духоўных каштоўнасцяў еўрапейскага ўзроўню. Творчая спадчына Францішка Скарыны і Міколы Гусоўскага, Сымона Буднага і Льва Сапегі, пісаныя дасканалаю беларускаю моваю статуты і хронікі, што ўвайшлі ў залаты фонд славянскай культуры, -- бліскучы таму доказ. Важнымі ўмовамі гэтага культурнага росквіту, першага Адраджэння ў Беларусі былі палітычная незалежнасць, моцныя элементы дэмакратызму ў грамадскім ладзе, талерантнасць у духоўным жыцці, уздым гарадоў, развіццё гуманізму, рэальны дзяржаўны статус беларускай мовы.

У ХVI ст. прыкметна вырасла нацыянальна-гістарычная свядомасць нашых продкаў, іх цікавасць да сваёй мінуўшчыны. У новых гістарычных умовахпачалася пераацэнка ранейшых поглядаў на гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, якое стала разглядацца як самацэнная з'ява і як літоўска-беларуская сваім характарам дзяржава. Папярэднія летапісы хоць і працягвалі бытаваць, але мала каго ўжо задавальнялі, асабліва Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г., у якім вядучае месца займала гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі і пераважаў агульнарускі погляд на падзеі. Узнікла неабходнасць у новай гісторыі Беларусі і Літвы, якая сваім зместам і канцэгщыяй лепш адпавядала б новым патрэбамчасу. І такая гісторыя неўзабаве з'явілася. Яна захавалася ў розных спісах і рэдакцыях. Найбольш поўная і дасканалая -- так званая "Хроніка Быхаўца".

Гэты летапісны помнік вядомы ў адзіным спісе, рукапіс якога быў знойдзены ў мінулым стагоддзі ў асабістай бібліятэцы беларускага шляхціца з-пад Ваўкавыска А.Быхаўца, але ў другой палове ХІХ ст. загінуў. Рукапіс быў перапісаны лацінкай дзесьці ў канцы ХVІІ -- пачатку ХVІІІ ст. з больш даўняга кірылічнага арыгінала. Твор збярогся дзякуючы гісторыку Тодару Нарбуту, які ў 1846 г. апублікаваў яго поўны тэкст (Pomniki do dziejow litewskich. Wilno, 1846.). Пазней "Хроніка Быхаўца" двойчы перавыдавалася ў вядомай акадэмічнай серыі "Поўны збор рускіх летапісаў" (т. 17, 1907; т. 32, 1975), была таксама перакладзена на рускую (Хроника Быховца. М., 1966 (прадмова, пераклад і каментарыі М. Улашчыка).) і літоўскую (Lietuvos metrastis. Bychovco Kronika. Vilnius, 1971 (прадмова, пераклад і каментарыі Р. Ясаса).) мовы. І толькі вось цяпер у гэтай кнізе ўпершыню друкуецца ў перакладзе на сучасную беларускую мову.

"Хроніка Быхаўца" -- тыповы летапісны звод, у якім аб'яднаны ў адно цэлае гістарычныя аповесці і.апавяданні з кароткімі пагадовымі запісамі. Аднак апошнія, у адрозненне ад традыцыйных летапісаў, займаюць у гэтым зводзе зусім нязначнае месца. Паводле ж свайго паходжання тэкст хронікі складаецца з трох асноўных частак: легендарнай гісторыі Літвы ад Палемона да Гедыміна, гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ад сярэдзіны ХІV да сярэдзіны ХV ст., заснаванай галоўным чынам на вядомым "Летапісе вялікіх князёў літоўскіх", і арыгінальнай часткі, прысвечанай апісанню падзей пераважна ХV -- пачатку ХVI ст.

Легендарная гісторыя Літвы, якой адкрываецца "Хроніка Быхаўца", не належыць яе аўтару, а запазычана з "Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага", гістарычна-літаратурнага твора, які напісаны ў 20-я гады ХVІ ст; у асяроддзі літоўскіх арыстакратаў. Яго заказчыкамі, найбольш верагодна, былі Гаштольды. Легенда аб высакародным паходжанні літоўскіх князёў і паноў (ад рымскай знаці) была ім патрэбна, каб гістарычна абгрунтаваць сваю выключную ролю ў гісторыі Вялікага Княства і сцвердзіць права на вядучае становішча ў дзяржаве. Менавіта ў гэты перыяд асабліва ўзмацнілася напружанасць іх адносін са сваімі канкурэнтамі -- беларуска-ўкраінскімі феадаламі, а таксама вельмі адчувальным стаў націск на княства з боку Масквы і Польшчы.

Велічная і гераічная, але ў аснове сваёй выдуманая, тэндэнцыйная і схематычная гісторыя старажытнай Літвы, што пададзена ў "Хроніцы Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага", поўная розных недакладнасцяў і недарэчнасцяў, зразумела, мае мала агульнага з сапраўднай гісторыяй і патрабуе строга крытычнага падыходу. Хоць у гэтай хроніцы і выкарыстана рэальная гістарычная канва, аднак значную крыніцазнаўчую каштоўнасць у ёй мае, бадай, толькі апісанне гісторыі часоў Гедыміна, дзе чуцен водгалас гістарычных паданняў пра сапраўдныя падзеі (паходы на Украіну, заснаванне Вільні). Гэтай гістарыяграфічнай фальсіфікацыі эпохі Адраджэння, вытокі якой вядуць у ХV ст., верылі не толькі наіўныя чытачы, але і многія храністы-кампілята-ры эпохі барока (М. Стрыйкоўскі, А. Гваньіні і іншыя) і нават гісторыкі новага часу (напрыклад, Т. Нарбут). На жаль, і сёння сустракаюцца аматары сівой мінуўшчыны, якія некрытычна выка-рыстоўваюць гэты і іншыя творы, у якіх пераказваецца легендарная гісторыя Літвы, маючы байкі даўніх храністаў за чыстую праўду.

Складальнік "Хронікі Быхаўца" таксама не падвяргаў сумненню асноўны змест "Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага". Ён толькі ўнёс у яе тэкст дзве значныя змены: пачатак падзей перанёс з І ст. н.э. у V ст., у часы Атылы, і дапоўніў легендарную частку апавяданнямі пра гістарычна сапраўдных князёў Міндоўга і Войшалка, узятымі з Галіцка-Валынскага летапісу.

Імкнучыся стварыць найбольш поўную гісторыю Беларуска-Літоўскай дзяржавы ад глыбокай мінуўшчыны да эпохі Адраджэння, беларускі храніст выкарыстаў не толькі вядомыя яму папярэднія пісьмовыя крыніцы. Сваю, арыгінальную частку аўтар "Хронікі Быхаўца" ўклаў на падставе ўспамінаў бывалых і дасведчаных людзей, гістарычных паданняў мясцовых княскіх і магнацкіх родаў (найбольш Гаштольдаў і Слуцкіх), асобных летапісных запісаў, уласных назіранняў.

Як прадстаўніка патрыятычна настроенай шляхты яго асабліва хвалявалі ўспаміны пра найбольш яркія і слаўныя моманты гісторыі краіны, гераічныя ўчынкі продкаў. Найлепшыя старопкі свайго твора ён прысвяціў апісанню ратных подзвігаў, ваенных паходаў і бітваў (аповесці пра паход Альгерда на Маскву, пра Грунвальдскую бітву і інш.). Сваім неабыякавым, жывым і займальиым аповядам храніст імкнуўся захапіць чытачоў багатым гераічным мінулым сваёй зямлі, узняць іх цікавасць да роднай гісторыі, узмацніць патрыятычныя пачуцці сваіх суайчыннікаў, а таксама захаваць для будучых пакаленняў памяць пра найбольш выдатныя падзеі і герояў Бацькаўшчыны. Асобныя старонкі гэтага твора маюць выразную публіцыстычную накіраванасць. Вельмі прыкметна непрыязнае стаўленне аўтара да кіруючых колаў Польшчы, у якіх ён бачыў галоўных ворагаў палітычнай незалежнасці Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Глыбокае захапленне мінуўшчынай сваёй краіны, яе гераізацыя і паэтызацыя не пераходзяць, аднак, у аўтара "Хронікі Быхаўца" ў непавагу да гістарычнага факта, у адвольнае выкарыстанне пісьмовых крыніц, у свядомую фальсіфікацыю гісторыі, што характэрна, напрыклад, для складальніка "Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага".

У цэлым "Хроніка Быхаўца" -- звод тэматычна звязаных, прасякнутых патрыятычнай ідэяй гістарычных аповесцяў і апавяданняў. Багацце і разнастайнасць іх зместу робяць яе неацэннай крыніцай пазнання гістарычнай мінуўшчыны Беларусі і Літвы эпохі Сярэднявечча. У гэтым творы добра бачны таксама рост апавядальнага майдзей, у іх духоўных запатрабаваннях і густах, ва ўсіх галінах бела-рускай культуры таго часу, абумовілі асаблівасці развіцця беларус-кай літаратуры і гістарыяграфіі, для якіх гэты перыяд таксама стаў пераломным. Адбывалася далейшая эвалюцыя гістарычна-дакументальнай прозы і трансфармацыя летапіснага жанру. Традьщыйнае агульнадзяржаўнае летапісанне як бы разгаліноўваецца і паступова саступае месца хранографам і мясцовьш летапісам, якія ўзнікаюць на яго аснове і працягваюць яго літаратурна-гістарыяграфічныя традыцыі. У сувязі з узмацненнем асабовага пачатку ў літаратуры ўзрасло разуменне каштоўнасці жыцця асобнага чалавека, што выклікала з'яўленне яшчэ аднаго віду гістарычна-мемуарнай прозы -- дыярыушаў (дзённікаў), розных аўтабіяграфічных жыццяпісаў, своеасаблівых сямейных летапісаў.

У эпоху барока прыкметна пашырыўся агульны гісторыка-геаграфічны кругагляд беларускіх чытачоў, якія атрымалі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з рознымі творамі на тэмы мінуўшчьшы (многія з іх былі перакладзены на беларускую мову), раманамі і аповесцямі, прысвечанымі выдатным дзеячам сусветнай гісторыі (Аляксандру Македонскаму, Атылу і інш.), хронікамі і хранографамі. Чытацкая цікаўнасць усё больш выходзіла за межы нацыянальнага мінулага. Узнікла вострая неабходнасць падаць яе ва ўзаемасувязі з гісторыяй іншых краін і народаў, упісаць яе ў міжнародны кантэкст.

Першую спробу ў гэтым напрамку зрабіў польскі храніст М. Стрыйкоўскі, які свае найбольш плённыя гады пражыў у Беларусі і Літве і глыбока захапіўся нашай гісторыяй. Скарыстаўшы шматлікія крыніцы, у тым ліку беларуска-літоўскія летапісы і хронікі, ён напісаў "Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі", у якой гісторыя Беларуска-Літоўскай дзяржавы ўпершыню была пададзена на шырокім агульнаславянскім фоне.

На падставе гэтай хронікі і перакладзенай на беларускую мову польскай "Хронікі ўсяго свету" М. Бельскага ў першай палове ХVІІ ст. узнікла агромністая хранаграфічная кампіляцыя -- "Вялікая хроніка", своеасаблівая глстарычная энцыклапедыя-анталогія эпохі барока. Гісторыя старажытнай Русі, Літвы, Беларусі і Украіны выкладзена ў гэтым хранографе ў сувязі з найбольш яркімі старонкамі мінулага іншых краін і народаў ад біблейскіх часоў да канца ХVI ст. Гэты звод, апрача дакладных звестак пра сапраўдныя гістарычныя падзеі, змяшчае таксама разнастайны матэрыял вусна-паэтычнага і літаратурнага паходжання, у тым ліку розныя міфы, легенды, гістарычныя паданні, скарочаныя варыянты аповесцяў пра Траянскую вайну, Аляксандра Македонскага ды іншыя творы з займальным сюжэтам і яркімі вобразамі галоўных герояў, што дае падставы разглядаць "Вялікую хроніку" як завяршальны этап у жанравай эвалюцыі беларускай гістарычнай прозы ад уласна летапісаў да гістарычнай белетрыстыкі ў сённяшнім разуменні гэтага слова.

Гісторыі Беларуска-Літоўскай дзяржавы ў гэтай хранаграфічнай кампіляцыі прысвечана асобная частка пад назваю "Хроніка Літоўская і Жамойцкая" (Апублікавана М. Улашчыкам у 32 т. "Поўнага збору рускіх летапісаў" (1975г.)). Яна грунтуецца пераважна на вольным пераказе адпаведнай часткі хронікі М. Стрыйкоўскага, апошні ж, у сваю чаргу, -- беларуска-літоўскіх летапісаў і хронік. Склад, змест і агульны характар "Вялікай хронікі" пераканаўча сведчаць, што нельга выкарыстоўваць гэты цікавы помнік гістарычных уяўленняў нашых продкаў ХVІІ ст. як дакладную гістарычна-дакументальную крыніцу.

Ні адзін перыяд у гісторыі беларускага пісьменства не можа пахваліцца такім багаццем і разнастайнасцю твораў гістарычнай прозы, як эпоха барока (ХVIIІ -- першая палова ХVІІІ ст.). Калі адны пісалі мемуары, другія складалі хранографы, іншыя старанна занатоўвалі на паперы найбольш цікавыя падзеі, што датычылі далёкай і блізкай мінуўшчыны свайго горада ці краю. Менавіта здабыткі мясцовага беларускага летапісання, бадай, самыя значныя і важкія.

Так склалася, што найбольш выдатныя помнікі летапіснага жанру эпохі барока ўзніклі ва Усходняй Беларусі. Напэўна, таму, што гэты рэгіён беларускай зямлі апынуўся тады амаль у цэнтры вельмі важных гістарычных падзей і што незалежны прыдняпроўскі горад Магілёў выйшаў на першыя ролі сярод іншых беларускіх местаў паводле колькасці насельніцтва і свайго агульнага развіцця. Якраз у гэтым горадзе і ў недалёкім ад яго Баркулабаве і былі створаны арыгінальныя мясцовыя летапісы.

Калі аўтары ранейшых летапісаў і хронік глядзелі на падзеі як бы з птушынага палёту, з высокіх грамадска-палітычных пазіцый, з агульнадзяржаўных інтарэсаў, то мясцовыя летапісцы, будучы ў гушчы падзей іншага маштабу, былі значна бліжэй да будзённага жыцця і простага чалавека. Вялікая, нацыянальная, а часам і еўрапейская гісторыя пераламлялася ў іх праз прызму мясцовых падзей і інтарэсаў. Усё гэта і прадвызначыла змест і характар летапісных твораў, складзеных у асяроддзі, далёкім ад пануючых дзяржаўных колаў, на ўскраіне краіны, але не правінцыйна абмежаванымі і неабыякавымі людзьмі.

Як бы выхапленымі з самой рэчаіснасці паўстаюць перад намі яркія малюнкі складанага жыцця Беларусі, асабліва беларускай вёскі на пераломе двух стагоддзяў, што пададзены ў Баркулабаўскім летапісе. Яго аўтар, мясцовы святар, жыў і працаваў сярод простых людзей, добра ведаў іх побыт, щтодзённыя клопаты і праблемы, адчуваў сябе неадрыўнай часцінкай усяго народа, таму змог выказаць у сваім творы дэмакратычныя погляды на падзеі. Яны ацэньваюцца ім з пункту гледжання народных інтарэсаў. У прыватнасці, ён выразна адмоўна ставіўся да Брэсцкай уніі 1596 г. і да нападаў казакоў, якія людзям "шкоду чынілі горш, чым злыя непрыяцелі або татары", са спачуваннем да пацярпелых падаў славутую авантуру з самазванцамі.

З глыбокім болем апавядае баркулабаўскі летапісец пра страшныя і трагічныя гады голаду, які напаткаў наш край у пачатку ХVІІ ст. Назіральны і ўважлівы аўтар падмацоўвае свой суперажывальны аповяд трапнымі і дакладнымі дэталямі і рэаліямі, якія надаюць усяму малюнку большую выразнасць і праўдзівасць. Да глыбіні душы ўзрушаюць чытача гэтай жудаснай карціны людскога гора слёзна-горкія словы спакутаванага голадам чалавека, па-дадзеныя ў гэтым летапісе: "Спадарыня, перапёлачка, зорухна, зернетка, сонейка, дай дзіцятку лыжачку варыўца сырога!"

Гэтыя і іншыя арыгінальныя звесткі дасведчанага і неабыякавага сучасніка тых далёкіх падзей, выкладзеныя каларытнаю беларускаю моваю, маюць вялікую каштоўнасць як жывыя сведкі часу. Яны даюць шмат цікавага матэрыялу, неацэннай інфармацыі і для вучонага, даследчыка беларускай мінуўшчыны, і для пісьменніка, і для краязнаўца, і для чытача-аматара.

Нягледзячы на храналагічную непаслядоўнасць у апісанні падзей, часам недакладнаеіх датаванне і пэўную гістарычную абмежаванасць поглядаў аўтара, Баркулабаўскі летапіс унікальны і як апошні значны твор беларускага летапісання, што быў укладзены яшчэ па-беларуску. У ХVІІ ст. на Беларусі наступ палапізацьгі настолькі ўзмацнеў і працэс адраджэння царкоўнаславяншчыны так актывізаваўся, што на беларускай мове ў эпоху барока былі надрукаваны літаральна лічаныя кнігі. Родная мова паступова пачала выцясняцца з розных сфераў грамадска-палітычнага і культурнага жыцця. Гэта засведчыла, у прыватнасці, і Магілёўская хроніка, якую ў канцы ХVІІ ст. пачыналі складаць ужо на польскай мове, а завяршалі ў ХІХ ст. па-расейску.

Гэты выдатны помнік гарадскога летапісання Беларусі захаваўся ў арыгінальным гістарычным зборніку сярэдзіны ХVІІІ ст., які пасля дапаўняўся да сярэдзіны ХІХ ст. Храналагічна ён ахоплівае падзеі 1526--1856 гг. Найбольш каштоўная і цікавая ў ім частка, укладзеная першым магілёўскім летапісцам Трафімам Суртам з яго прадмоваю (адпачатку і да 1701 г.) і Юрыем Трубніцкім (1701--1746 гг.), які склаў першы магілёўскі летапісны звод. На жаль, старонкі з запісамі пра падзеі 1705 і 1710--1744 гг. не зберагліся.

Асноўны змесг хронікі -- гісторыя Магілёва, якая пададзена аўтарамі не толькі з добрым веданнем яго мінуўшчыны, але і патрыятычна, з пачуццём гонару за свой горад, непасрэднымі еведкамі небывалага росквіту і трагічнага заняпаду якога яны былі. У творы незвычайнае багацце разнастайных звестак з сацыяльна-палітычнага, гаспадарчага і культурнага жыцця гэтай своеасаблівай сталіцы Белай Русі эпохі барока -- па гісторыі рамёстваў, дойлідства, нацыянальных і рэлігійных дачыненняў. Нямала каштоўнага і цікавага знойдзе чытач у Магілёўскай хроніцы і па гісторыі міжнародных узаемаадносін, ваенна-палітычнай гісторыі Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны і Расіі.

Асабліва ўражваюць старонкі. прысвечаныя падзеям пачатку ХVІІІ ст. Гэтая часnка хронікі нагадвае своеасаблівы дзённік, у якім пададзена шырокая, з яркімі дэталямі, праўдзівая панарама сапраўды трагічнага становішча Магілёва ў перыяд Паўночнай вайны. Спусташальныя нашэсці шматтысячных армій іншаземцаў, няспыннае грабежніцтва і розныя стыхійныя бедствы, голад і смерць нявінных людзей -- усё гэта давялося вынесці гораду і яго жыхарам у той пякельны час. З вялікаю мастацкаю сілаю абмаляваны ў хроніцы ўчынены па загадзе расійскіх уладаў жудасны пажар 1708 г., калі за адзін дзень квітнеючы Магілёў ператварыўся ў руіны і попел.

Магілёўская хроніка дапамагае таксама лепш зразумець і агульную атмасферу эпохі барока, поўную рэзкіх кантрастаў і няўстойлівасці, скрытай і адкрытай сацыяльнай, рэлігійнай напружанасціі барацьбы, своеасаблівасць светапогляду людзей другой паловы ХVІІ -- першай паловы ХVІІІ ст. У творы ярка адлюстраваліся тыповыя рысы тагачаснага чалавека, эмацыянальнага і рэлігійнага, але легкавернага і забабоннага. Паводле сваёй нацыянальна-культурнай арыентацыі яе аўтары, хоць і сталі пісаць па-польску, былі яшчэ моцна звязаны з традыцыямі сваіх продкаў, чым і тлумачацца іх вельмі прыхільныя адносіны да праваслаўнай царквы і рэзка адмоўныя --да уніяцкай і ордэна езуітаў.

Сярод усіх магілёўскіх летапісцаў шырынёю сваіх поглядаў, дасведчанасцю і аб'ектыўнасцю ў апісанні падзей, смеласцю грамадскай пазіцыі, выразным дэмакратызмам, а таксама талентам гістарыёграфа і апавядальніка вылучаецца Юрый Трубніцкі, які доўгі час загадваў гарадской канцылярыяй у Магілёве (памёр у 1747 г.). Гэта ён намаляваў у творы каларытныя, запамінальныя і праўдзівыя вобразы расійскага цара Пятра І, шведскага караля Карла ХІІ, украінскага гетмана Мазепы, беларускага шляхціца Сініцкага. Ён, відаць, настолькі аб'ектыўна і дэталёва апісаў сялянскас паўстанне пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы, што гэтыя аркушы неўзабаве былі вырваны з хронікі. Менавіта Ю. Трубніцкі змясціў у сваім летапісным зборы шэраг ананімных сатырычных твораў, у якіх высмейваюцца розныя высокапастаўленыя асобы Рэчы Паспалітай, у тым ліку і кароль Аўгуст ІІ. Глыбокім сацыяльным зместам напоўнены таксама алегарычны памфлет "Карнавал іншаземны ў Польшчы".

Магілёўская хроніка годна завяршыла шматвяковы складаны працэс развіцця летапісання на беларускіх землях. Знешне захаваўшы выразныя прыкметы сувязі з літаратурнымі традыцыямі летапіснага жанру, яна адначасова стала яркім узорам дакументальна-мемуарнай прозы, гістарычнай белстрыстыкі Беларусі пераходнага перыяду. Няўдалы працяг гэтай хронікі ў другой палове ХVІІІ -- першай палове ХІХ стст. выразна паказаў, што ў культурна-гістарычных умовах новага часу, калі з'явіліся друкаваныя перыядычныя выданні і ўзнікла гістарычная навука, традыцыйнае летапісанне не мела ніякай перспектывы на далейшае існаванне, ужо зжыло сябе.

Амаль тысячагадовая гісторыя летапісання на беларускіх землях неадлучная ад шматпакутнага лёсу нашага народа, лёсу яго мовы і літаратуры, усёй беларускай культуры. Жывыя сведкі далёкіх эпох, летапісы і хронікі -- неацэнная крыніца пазнання беларускай мінуўшчыны, напоўненай змаганнем за сваю незалежнасць, за лепшую будучыню. У гэтых творах раскрываецца шырокая панарама шматграннага гістарычнага жыцця Беларусі на працягу стагоддзяў з пункту гледжання ўяўленняў і ідэалаў свайго часу, сцвярджаюцца высокія ідэі патрыятызму. Адлюстроўваючы самабытны шлях беларускага народа ў сусветнай гісторыі, яны, паводле своеасаблівасцяў свайго зместу, жанравай формы і агульнага характару, -- непаўторная і важкая з'ява еўрапейскай гістарыяграфіі.

Летапісы і хронікі дапамагаюць наблізіць да нас незвычайны, гераічны свет нашых продкаў, свет значных падзей, мужных герояў, багатага духоўна-творчага жыцця, лепш спазнаць саміх сябе, глыбей усвядоміць сваю нацыянальную адметнасць. Без ведання ж беларускай мінуўшчыны, культурна-гістарычнай спадчыны нашага народа, без нацыянальнай самасвядомасці і самагоднасці нельга пачуваць сябе паўнацэнным грамадзянінам Беларускай Краіны.

Вячаслаў Чамярыцкі
Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі

Back
Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: July 10, 1999
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 1999 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 1997 Vyachaslau A. Chamyarytski