THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS

The History of the Belarusian Literature of XX Century. Vol.1. Introduction

Back
Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 1
Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. -- Мн.: Беларуская навука, 1999. -- 583 с.

УСТУП

Гэта праца выканана ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў "пераходны" час напрыканцы XX ст., калі наспела вострая неабходнасць у падвядзенні вынікаў і абагульненні набытага гістарычнага вопыту, у тым ліку ў галіне развіцця літаратуры, якая, як вядома, была і застаецца летапісам жыцця і чалавеказнаўствам адначасова і ўтрымлівае ў сабе вялікі маральна-эстэтычны і духоўны патэнцыял. Перад вамі, па сутнасці, першая спроба літаратуразнаўчага даследавання літаратуры XX ст. такога шырокага маштабу. Чым кіраваліся аўтары ў яе ажыццяўленні?

Задача, а магчыма, і звышзадача кожнага навуковага калектыву, асабліва гуманітарнага профілю, -- пастаянна адчуваць духоўныя запатрабаванні часу, запатрабаванні не паверхневыя, якія фармулююцца ў крыклівыя лозунгі і з'яўляюіща навязліва-кан'юнктурнымі, а тыя, якія матэрыялізуюцца з імпульсаў глыбінных пластоў нацыянальнай культуры. Вядома, можна сказаць, што кожны чалавек па-свойму адчувае свой час. І гэта будзе праўдай, але, напэўна, не поўнай праўдай. Справа ў тым, што ўсялякае ўжыванне ў эпоху можа быць натуральным і канструктыўным толькі тады, калі яно чулае да энергіі нацыянальнай традьщыі, якая складваецца з барацьбы і пакут многіх пакаленняў свядомага грамадства. Усё астатняе ў духоўным жыцці, як сведчыць гісторыя, не мае запасу пэўнасці.

Асноўнай задачай літаратуразнаўства, як вядома, заўсёды з'яўляецца пастаяннае ўзнаўленне і ўдакладненне гістарычнага працэсу развіцця нацыянальнай мастацкай творчасці. Наяўнасць абагульняючай навуковай гісторыі, дзейнасці ў сферы духоўнай культуры -- несумненны і аўтарытэтна высокі імідж кожнай дзяржавы. Гісторыя нацыянальнай літаратуры ў асобных адкрыццях і адзінкавых канцэптуальных абнаўленнях ствараецца, па сутнасці, у жывой плыні літаратуразнаўчага жыцця, яе рухаючая ідэя духоўнага прагрэсу месціцца ў кожнай сур'ёзнай навуковай працы. Аднак праз нейкі час набліжаецца этапны рубеж, калі ўзнікае аб'ектыўная неабходнасць падагульнення назапашаных здабыткаў літаратуразнаўчай думкі, бо ідзе час, узбагачаецца факталагічная літаратурная рэальнасць, у сувязі з грамадска-палітычнымі зменамі ўзнікаюць новыя духоўныя арыентацыі, удакладняюцца крытэрыі гуманістычных каштоўнасцей. Якраз такая сітуацыя наспела ў сучаснай беларускай літаратуразнаўчай навуцы. У выніку сама ўнутраная логіка літаратурнага працэсу дыкгуе надзённасць стварэння новай гісторыі беларускай літаратуры.

Але бывае і так, калі ўпушчаны своечасовыя магчымасці практычнай рэалізацыі, унутраныя токі жыцця выходзяць на паверхню штодзёншчыны і становяцца адкрыта відавочнымі. Так здарылася, на наш погляд, у нацыянальным літаратуразнаўстве з напісаннем новай гісторыі беларускай літаратуры. Паставіць перад сабой такую маштабную задачу вучоных Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі заклікала з самадастатковым ужо знешнім прымусам сітуацыя, абазначаная зусім выразнымі, кідка наспелымі фактарамі. Мяркуйце самі: з часоў падрыхтоўкі папярэдняй акадэмічнай "Гісторыі беларускай літаратуры" у 4 тамах мінула каля сарака гадоў (першы том яе выпушчаны у свет выдавецтвам "Навука і тэхніка" у 1965 г., апошні -- у 1969 г.). За такі перыяд шмат што змянілася як у жыцці, так і ў літаратуры. Іншым стала само аблічча беларускай літаратуры. Многія з тых пісьменнікаў, якія у канцы 50 -- пачатку 60-х гадоў толькі пачыналі свой творчы шлях, маючы ў сваім набытку ўсяго некалькі няўпэўненых літаратурных практыкаванняў, сёння сталі выдатнымі майстрамі слова, імёны якіх шырока вядомы як дома, так і за рубяжом. Зразумела, што ў выніку сучасны літаратурны працэс аказаўся больш багатым, напоўненым, унутрана больш напорным, па эстэтычнаму ўзроўню больш высокім. Значна павысіўся статус беларускай літаратуры ў свеце.

Але беларуская літаратура вырасла за сорак гадоў не толькі ў аб'ёмных параметрах за кошт прытоку некалі маладых сіл. Пад уплывам палітычна-грамадскіх змен на новую вышыню ўзнялася свядомасць літаратуры і літаратуразнаўства. Сёння стала магчымым вярнуць у сферу навуковага асэнсавання многія творы нацыянальнай літаратуры, якія раней былі пад ідэалагічным падазрэннем і нават не згадваліся ў літаратуразнаўчых распрацоўках або выдаваліся з такімі глыбока сэнсавымі купюрамі, што часта змяшчалася асноўнае ядро твора і змянялася яго ідэйная накіраванасць. Яскравы прыклад -- аповесць Якуба Коласа "Адшчапенец" (1930--1931), прысвечаная першапачатковаму наступу калектывізацыі у вёсцы. У распаўсюджаных да гэтага часу выданнях зроблена столькі тэкставых выняткаў, што твор здаваўся ардынарным і не зусім вартым імені класіка беларускай літаратуры, успрымаўся пры ўсёй складанасці сюжэта ў канчатковым моманце свайго зместу ў якасці апалагетычнага пацверджання неабходнасці прымусовай калектывізацыі. На самай жа справе аповесць "Адшчапенец" у першым аўтарскім варыянце была востра актуальнай для свайго часу і выходзіла на праблемы агульначалавечага быцця, апярэдзіўшы ў некаторых важных аспектах асэнсавання тагачасных падзей "Паднятую цаліну" М. Шолахава і "Краіну Муравію" А. Твардоўскага.

І, вядома ж, будуць аналізавацца і ўводзіцца ў літаратурны кантэкст творы, якія былі пад адкрытай цэнзурнай забаронай. Такіх твораў нават у Янкі Купалы налічваўся цэлы машынапісны том (цяпер яны змяшчаюіща у новым Зборы твораў Янкі Купалы, падрыхтаваным аддзелам тэксталогіі і выданняў Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы). Належнае месца зойме творчасць рэпрэсіраваных пісьменнікаў. Упершыню у гісторыю нацыянальнай літаратуры ў якасці яе значных здабыткаў і неабходных звёнаў літаратурнага працэсу ўводзіцца творчасць позна рэабілітаваных таленавітых пісьменнікаў А. Гаруна, Ф. Аляхновіча, В. Ластоўскага і А. Луцкевіча (Навіны). Раней гэтыя імены партыйнымі пастановамі былі асуджаны на забыццё па палітычных матывах, што рэзка скажала агульны малюнак культурнага і духоўнага развіцця беларускага народа. У фундаментальным навуковым даследаванні, якім з'яўляецца акадэмічная гісторыя нацыянальнай літаратуры, усё шчырае і сумленнае, маральна чыстае па мэтах і задачах у мастацкай і крытычнай творчасці павінна мець адпаведнае аб'ектыўнае ацэначна-аналітычнае азначэнне.

Услед за навуковай практыкай літаратуразнаўчых калектываў іншых рэспублік СНД намі будзе разглядацца і эмігранцкая літаратура як частка агульнай эстэтычнай сістэмы нацыянальнай духоўнай творчасці. У гэтым даследчым напрамку асабліва шмат зроблена і робіцца вучонымі Інстытута сусветнай літаратуры ў Маскве. У гэтым інстытуце нават створаны спецыяльны сектар па вывучэнню багатай рускай эмігранцкай літаратуры.

Акрамя таго, за тыя дзесяцігодцзі, што мінулі пасля выхаду ў свет папярэдняй акадэмічнай "Гісторыі беларускай літаратуры", у архівах і кнігасховішчах было знойдзена нямала невядомых дагэтуль ці малавядомых літаратурных матэрыялаў, якія ўзбагачаюць уяўленне пра багацце і шматмернасць культурнага і духоўнага жыцця на тэрыторыі Беларусі.

Улічваючы сказанае вышэй, можна зрабіць вывад, што вострая неабходнасць у напісанні новай гісторыі беларускай літаратуры існуе даўно. Праўда, некаторыя відныя вучоныя-літаратуразнаўцы прытрымліваюцца думкі, што у сучасны момант нельга стварыць больш-менш адзіную для ўсіх новую гісторыю нацыянальнай літаратуры. Прычына: грамадства ва ўсіх краінах СНД палярна расколата і таму нельга вызначыць агульнапрымальныя асновы ацэнкі ідэйна-эстэтычнай сутнасці гістарычнага літаратурнага працэсу. На наш погляд, у такой пазіцыі ёсць нейкая доля здаровага рацыяналізму, аднак у цэлым падобная пазіцыя не без стратных патэнцый. Так, расколата грамадства, расколаты творчыя саюзы, расколаты навуковыя калектывы. Сапраўды, гэта рэальнасць сучаснага жыцця. Але ніхто не можа прадбачыць, колькі часу давядзецца чакаць, пакуль у грамадстве выявяцца з патрэбнай сілай і запануюць кансалідацыйныя ўсведамленні. А жыццё ідзе. Літаратура ствараецца і будзе стварацца кожны дзень. І, выходзіць, яна павінна чакаць нейкай няпэўнай будучай вяхі для ўласнага поўнавычарпальнага асэнсавання. Тут, здаецца, малавата нават простай логікі. Дзе ж выйсце?

Выйсце, па нашаму глыбокаму перакананню, ёсць. Напрыклад, хай на сённяшнім "пераходным" этапе кожная група, кожны калектыў аднадумцаў творча мабілізуюцца і напішуць сваю гісторыю літаратуры. Гэга будзе дэмакратычна і ў навуковым сэнсе карысна. Але пакуль што назіраецца нешта іншае: калі нейкі калектыў працуе над актуальнымі праблемамі гісторыі культурнага жыцця Беларусі і з вялікімі намаганнямі выдае вынікі сваіх даследаванняў, то з боку другой расколатай палавіны замест творчай даследчай працы з мэтай спаборніцтва часта чуецца лямант -- не так напісана, не тое ўведзена, не так ацэнена. Такія "сігналы" падаюцца зусім у духу ранейшых падцэнзурных часоў, але без афіцыйных правоў, добраахвотна. Дарэчы, псіхалагічная і меркантыльная сутнасць падобных паводзін у навуковым свеце даўно вядомая, яна бліскуча раскрыта у рамане выдатнага пісьменніка Л. Лявонава "Рускі лес". Прафесар Віхроў усё жыццё прысвяціў сапраўднай навуцы, а яго калега Грацыянскі ўсё жыццё прысвяціў разноснай крытыцы яго навуковай творчасці, бо сам да яе быў няздатны.

Вядома, літаратуразнаўчая навука, строга кажучы, заўсёды займаецца адным і тым жа -- стварае гісторыю літаратуры. Праблемная манаграфія -- гэта таксама гісторыя літаратуры, пэўная яе частка. Але вывучаць гісторыю па праблемных манаграфіях могуць у асноўным толькі спецыялісты. Для канцэнтраванага філасофска-эстэтычнага пазнання літаратурнага працэсу патрэбен менавіта навуковы жанр гісторыі. Перш за ўсё дзеля адукацыйнай даступнасці.

Пісаць новую гісторыю нацыянальнай літаратуры у "пераходны" перыяд стану грамадства сапраўды складана, але не безнадзейна. Не будзе, напэўна, вялікай бяды, калі і новая гісторыя акажацца "пераходнай". Усё ж яна стане пэўным крокам наперад, складзе нейкую вяху ў напрамку да стварэння будучай аб'ектывізаванай гісторыі нацыянальнай літаратуры, вольнай, наколькі гэта магчыма, ад напорных кан'юнктурных уплываў штодзённасці. Менавіта гэтымі меркаваннямі кіраваўся малалікі навуковы калектыў Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы, згаджаючыся на гэты грандыёзны праект.

Было вырашана спачатку стварыць "Гісторыю беларускай літаратуры XX стагоддзя" у 4 тамах, а пасля "Гісторыю старажытнай і новай беларускай літаратуры" у 2 тамах, праца над якой таксама ўжо вядзецца. Прыярытэт XX ст. аддадзены па некалькіх прычынах. Па-першае, культурнае жыццё ўсіх народаў, якія ўваходзілі ў склад былога СССР, якраз у гэты перыяд дэфармавалася з найбольшай моцай, калі яно часта асвятлялася груба тэндэнцыйна, калі ідэалагічнымі органамі навязваліся непраўдзівыя ацэнкі літаратурных з'яў і працэсаў, калі дапускаліся пропускі і замоўчванні велізарнай колькасці фактаў, а у творчым і асабістым жыцці тых, хто стварыў нацыянальныя мастацкія каштоўнасці, было найбольш малавытлумачальных драм і трагедый. Усё гэта патрабуе неадкладнага даследавання без зацяжак і чакання. Па-другое, не так даўно выйшлі у свет "Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей" у 4 кнігах, таксама створаныя калектывам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы. У гэтым выданні спецыялісты па старажытнай літаратуры сказалі, бадай што, свае апошняе слова, і ім патрэбны быў пэўны час, каб іхні факталагічны арсенал папоўніўся новымі архіўнымі матэрыяламі, хоць дамагацца гэтага сёння надзвычай складана.

Цяжкасці вялікія. Пры планаванні новай гісторыі беларускай літаратуры яшчэ пры савецкай уладзе прыняць удзел у яе стварэнні згадзіліся многія літаратуразнаўцы, якія працуюць у іншых установах, бо ўласна інстытуцкіх сіл аказалася недастаткова для выканання гэтай задачы агульнадзяржаўнага значэння. Аднак, на вялікі жаль, далёка не ўсе яны па розных прычынах стрымалі свае абяцанне. Тым не менш плённае супрацоўніцтва па гэтай лініі захоўваецца з асобнымі выкладчыкамі Беларускага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка, Віцебскага і Брэсцкага універсітэтаў.

Акрамя таго, некаторыя аўтары, асабліва маладыя, пакуль што не зусім валодаюць навыкамі працы якраз у тым навуковым жанры, які вымагаецца гісторыяй літаратуры. Замест глыбокага, скрупулёзнага, сістэмнага аналізу літаратурных тэкстаў яны задавальняюцца звычайным крытычным артыкулам, у якім пераважаюць часта асабістыя, эмацыянальна-павярхоўныя адносіны да асобы пісьменніка і яго творчасці. Або пэўны набор тэарэтычных дэфініцый толькі ілюструецца выпадковымі вытрымкамі з твораў. Характарыстыка творчасці атрымліваецца такая неканкрэтная, што яе можна прыкласці да творчасці любога іншага пісьменніка. На гэтых аблегчаных шляхах зніжаецца навуковая вартасць раздзелаў для "Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя". Між тым акадэмік Д. С. Ліхачоў справядліва абараняе тэзіс, што сапраўднае літаратуразнаўства -- дакладная навука.

У аўтарскага калектыву ёсць метадалагічныя складанасці. Сучасны стан літаратуразнаўства многія відныя вучоныя вызначаюць як "час перачытання". Акадэмік-сакратар Аддзялення літаратуры і мовы Расійскай акадэміі навук Я. Чэлышаў на адной з канферэнцый гаварыў: "Я думаю, што цяпер трэба даследчыкам гісторыі савецкай літаратуры больш смела высоўваць новыя ідэі, больш рашуча адмаўляцца ад усялякага фальшу, нацяжак, дагматызму, вульгарызацыі, шукаць, спрачацца, для таго каб дакапацца да ісціны, па-новаму ўбачыць і ацаніць тое, што ўяўлялася у скажоным выглядзе або замоўчвалася, зразумець тое, што не разумелі раней, раскрыць тое, што было закрыта, знайсці тое, што было страчана... Вядома, нас не можа задаволіць тое, што мы зрабілі раней. Патрабуецца карэнная перапрацоўка".

Аўтарскі калектыў "Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя" не здолеў пайсці ў параўнанні з рускімі даследчыкамі так далёка ў напрамку "карэннай перапрацоўкі" зробленага раней, хоць мы лічым, што яна мае ў цэлым абнаўленчы характар. Для больш рашучага перагляду важнейшых праблем развіцця нацыянальнай літаратуры беларускаму літаратуразнаўству не хапае сучаснага філасофска-тэарэтычнага патэнцыялу, які назапашваецца гадамі і дзесяцігоддзямі. Ды і ў рускіх даследчыкаў працэс "перачытання" ідзе не так хутка, як на гэта спадзяваліся спачатку. Таму па зместу і агульнаму абліччу "Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя", асабліва 1 том, даволі традыцыйная, яна моцна арыентавана на мадэль папярэдняй акадэмічнай "Гісторыі беларускай літаратуры" у 4 тамах. Аўтарскі калектыў лічыць, што нельга абвальна адмаўляцца ад усяго, што зроблена папярэднікамі. Адно з прызначэнняў гісторыі літаратуры якраз у тым і заключаецца, каб данесці абагульненыя вынікі ўсяго літаратуразнаўства.

Але будзе ісці наперад час, і ў будучыні вызначацца больш дакладныя канцэпцыі гісторыі грамадства і літаратуры. Хай нам не здрадзіць вера ў будучыню!

Back


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: May 19, 1999
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 1999 The National Academy of Sciences of Belarus