У творчым і працоўным жыцці Гаўрылы Гарэцкага былі два галоўныя этапы. І кожны з іх ён пачынаў амаль з нуля і паступова дабіраўся да высокіх вяршыняў. Першы звязаны з прафесіяй эканаміста, другі -- геолага. Мяжа паміж этапамі -- 1930 год, калі малады акадэмік эканом-географ трапіў у ГУЛАГ, дзе нанава павінен быў асвойваць незнаёмую прафесію інжынера-геолага.
Вядома, гэтыя галоўныя этапы можна падзяліць на карацейшыя і больш адметныя адрэзкі. Першы з іх -- багацькаўскі (1900--1914) -- дзяцінства і пачатковая адукацыя. Затым ідзе горы-горацкі (1914--1919) -- жыццё ў Горках і навучанне ў каморніцка-агранамічным вучылішчы. Тут убачыў свае першыя друкаваныя радкі. Гэты час прайшоў пад вялікім уплывам старэйшага брата Максіма, які прышчапіў любоў да літаратуры, роднага слова, Бацькаўшчыны. Рысы, што сталі дамінавальнымі ва ўсім жыцці Гаўрылы.
Далей былі зусім кароткі ўфімскі перыяд (1919--1920) самастойнай працы і далейшага навучання і маскоўскі перыяд (1920--1925) вучобы ў Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі, актыўнай грамадскай дзейнасці, пачатку сапраўднай навуковай і выкладчыцкай працы, рамантычных мараў па выхаванні новай беларускай інтэлігенцыі, першых моцных расчараванняў у сувязі з двума кароткатэрміновымі арыштамі. Другі горацкі (1925--1927) і мінскі (1927--1930) перыяды азначаны росквітам навуковай, навукова-арганізацыйнай, выкладчыцкай, грамадскай дзейнасці, змаганнем за беларусізацыю і нацыянальнае адраджэнне краіны. У гэты час ён стаў адным з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук і самым маладым (28-гадовым) акадэмікам за ўвесь час яе існавання.
Новы перыяд (1930--1939) пачаўся з самага жудаснага -- арышту і высылкі ў "СЛОН (Соловецкие лагеря особого назначения)" на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала, асваення зусім новай прафесіі, яшчэ двух арыштаў (а ўсяго за гэты перыяд -- трох, прычым два з іх, а можа, і ўсе тры з прысудам да вышэйшай меры пакарання -- расстрэлу), бяспраўнага жыцця на мяжы з небыццём... За ім -- ліхалецце Другой сустветнай вайны, напружаная праца на будаўніцтве ваенных абаронных аб'ектаў, пастаяннае недаяданне, а часам сапраўдная галадуха.
Затым для Гарэцкага настаў працяглы перыяд працы ў розных экспедыцыях Гідрапраекта па інжынерна-геалагічных даследаваннях пад будаўніцтва шматлікіх гідратэхнічных збудаванняў: гідравузлоў, гідраэлектрастанцый, каналаў, абвадняльных сістэмаў на вялізных абшарах Рускай раўніны, Перадуралля і Перадкаўказзя з бясконцымі вандроўкамі і частымі зменамі жыхарства. Найбольш доўгія па часе і спрыяльныя з іх -- Раманаўская -- на Доне (1947--1953) і Дзедаўск у Падмаскоўі (1956--1969). Гэта быў перыяд значных навуковых вынікаў, збору вялізнага фактычнага геалагічнага матэрыялу, які пазней дазволіў Г.Гарэцкаму стаць заснавальнікам новага вучэння пра рэкі геалагічнага мінулага -- палеапатамалогіі.
Увесь тэрмін амаль 40-гадовага выгнання з Радзімы быў для Гаўрылы Гарэцкага несціхальнай тугой па Беларусі, да якой ён імкнуўся ўсім сэрцам і душою і якой марыў прысвяціць усе свае веды, сілы, апошнія гады жыцця... Смерць дыктатара, а пасля і поўная рэабілітацыя ў 1958 годзе дазволіла яшчэ больш спадзяваіща на магчымасць вяртання на Бацькаўшчыну.
Нарэшце настаў самы светлы, самы радасны апошні перыяд (1968--1988) -- другі мінскі перыяд руплівай плённай працы, спраўджвання многіх надзей.
Вялікая працаздольнасць і аптымізм, светлы розум і моцны дух, любоў да жыцця і надзвычайная добразычлівасць, магутныя фізічныя якасці, здавалася, мусяць падараваць гэтаму чалавеку поўны -- стогадовы -- век. Аднак... хоць быў ён ужо ў сталым, паважаным узросце, ягоная смерць была для многіх нечаканай, цяжкай стратай. Памяць пра Гаўрылу Іванавіча жыве ў сэрцах многіх, хто яго ведаў. Калектыў Інстытута геалагічных навук НАН Беларусі і Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх вырашыў 100-годдзе з дня нараджэння Гаўрылы Іванавіча сустрэць выхадам у яго гонар кнігі ўспамінаў.
На жаль, пра першы этап жыцця сведак амаль не засталося, таму ўспаміны галоўным чынам датычаць другога этапу і асабліва самага апошняга перыяду. Але ўспаміны ды іншыя артыкулы ў кнізе мы імкнуліся падаць так, каб па магчымасці асвяціць увесь кругабег жыцця Г.Гарэцкага ў храналагічным парадку. Кніга пачынаецца з успамінаў Галіны Максімаўны -- пляменніцы Гаўрылы Іванавіча, якая ў значнай частцы з яго слоў апісала найбольш раннія гады дзяцінства і вучобы. Дарэчы, дастаткова падрабязна пра гэты час ягонага жьщця распавёў Максім Гарэцкі ў "Камароўскай хроніцы", дзе Гаўрыла выступае пад імем Лаўрыка. Далей ідуць успаміны сыноў, калегаў па працы з розных устаноў Гідрапраекта, геолагаў з Масквы, Ленінграда, іншых гарадоў. Самая вялікая колькасць успамінаў -- ад вучняў і калегаў апошняга перыяду. Завяршаецца раздзел успамінамі і выказваннямі вядомых пісьменнікаў з агульнай ацэнкай дзейнасці Гарэцкага як культурнага дзеяча краіны, змагара за яе адраджэнне. Некаторьы з іх прысвяцілі яму свае вершаваныя радкі.
Цікавыя матэрыялы і дакументы можна знайсці ў іншых раздзелах. Яны даюць дадатковы, значна паўнейшы малюнак жыцця, творчасці і значэння дзейнасці Гаўрылы Гарэцкага для навукі і культуры. Пры канцы кнігі змешчаны бібліяграфія твораў Г.І.Гарэцкага і спіс літаратуры аб ім, а таксама пералік выкапнёвых раслін і жывёл, названых палеантолагамі ў гонар Г.І.Гарэцкага. Амаль усе фотаздымкі, змешчаныя ў кнізе, узятыя з семейнага архіва Гарэцкіх і друкуюцца ўпершыню.
Г.І.Гарэцкі пакінуў вялікую спадчыну, яго след прыкметны ў многіх галінах навукі. Найбольш значны -- гэта чацвярцёвая геалогія. Над ажыццяўленнем ідэй свайго настаўніка працуе шматлікая вядомая беларуская школа геолагаў-чацвярцічнікаў. Важкі ўклад Г.І.Гарэцкі зрабіў у эканамічную геаграфію, дэмаграфію, беларусазнаўства, арганізацыю многіх устаноў народнай гаспадаркі -- сельскай, лясной, гідраметэаралагічнай ды інш. Ён пакінуў цікавыя працы па археалогіі, этнатрафіі, мовазнаўстве, літаратуразнаўстве. Яго спадчына патрабуе новых даследчыкаў. Спадзяюся, што гэтая кніга стане першай цаглінкай у падмурак такога вывучэння, першай кветкай у вянок памяці вучонага і грамадзяніна -- адданага сына сваёй Бацькаўшчыны, сваёй маці-Беларусі.
Выданне кнігі было б немагчымым без фінансавай падтрымкі Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў і Аддзялення хімічных навук і навук аб Зямлі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якім укладальнікі выказваюць шчырую падзяку.
Радзім Гарэцкі