THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS

Belarusian Language. Preface

[Back]
The Modern History of Slavonic Languages: Belarusian Language. -- Opole: Uniwersytet Opolski, Instytut Filologii Polskej, 1998. -- 294 pp.

ПРАДМОВА

Ідэя Міжнароднага праекта "Змены ў сучасных славянскіх мовах. 1945--1995 гг." нарадзілася восенню 1990 г. у час правядзення навуковай канферэнцыі "Synteza w stylistyce slowianskiej" (Апольскі універсітэт, 24--26 верасня). Выказаную прафесарам Станіславам Гайдам прапанову аднадушна падтрымалі Таццяна Вінакур, Стэфана Дзімітрова, Марыя Кацюрава, Таміла Панько, Рыгор Салганік, Мілан Ялінек і інш. Тады ж і быў створаны першы арганізацыйны камітэт на чале з дырэктарам Інстытута польскай філалогіі Апольскага універсітэта (у той час гэта была яшчэ Вышэйшая педагагічная школа) прафесарам Станіславам Гайдам. На наступных сустрэчах каардынатараў і выканаўцаў праекта была выпрацавана агульная канцэпцыя і ўзгоднена структура асобных манаграфій па кожнай са славянскіх моў.

Асноўная работа па стварэнню беларускай манаграфіі першапачаткова праводзілася на кафедры беларускай мовы Белдзяржуніверсітэта пад кіраўніцтвам прафесара Льва Шакуна і аўтара гэтай прадмовы. У прыватнасці, былі распрацаваны структура, прынцыпы апісання, крыніцы факталагічнага і бібліяграфічнага матэрыялу. З 1997 года да распрацоўкі манаграфіі падключыліся навукоўцы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Падрыхтоўцы гэтага даследавання паспрыяла і міжнародная навуковая канферэнцыя "Беларуская мова ў другой палове ХХ стагоддзя", якая адбылася ў Мінску 22--24 кастрычніка 1997 г.

Як вядома, развіццё і функцыянаванне беларускай мовы ў пасляваенны перыяд адбывалася ва ўмовах шырока распаўсюджанага масавага беларуска-рускага двухмоўя. Беларуская мова ў выніку ўплыву розных фактараў суб'ектыўнага і аб'ектыўнага парадку паступова выцяснялася і па-ранейшаму працягвае выцясняцца з найбольш значных сфер грамадскага жыцця народа. Пэўная тэндэнцыя ў бок паляпшэння яе стану ў грамалстве з'явілася ў 1990 годзе ў сувязі з прыняццем Закона "Аб моваx у БССР", згодна з якім беларуская мова як мова тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь аб'яўлялася адзінай дзяржаўнай мовай. Аднак майскі рэферэндум 1995 года і канстытуцыйнае замацаванне дзяржаўнага двухмоўя (якое фактычна і не перапынялася) зноў звузілі, а папросту -- рэзка абмежавалі сферы прымянення беларускай мовы, фактычна паставіўшы яе на пазіцыі мінарытарнай мовы. Таму перад аўтарамі кнігі стаялі няпростыя задачы: нягледзячы на другараднае становішча беларускай мовы як мовы тытульнай нацыі ў сучасным грамадстве паказаць рэальны сучасны стан і ўзровень яе развіцця ў другой палове ХХ стагоддзя, вызначыць ступень уплыву міжмоўных кантактаў (у першую чаргу з рускай мовай) на характар структурных змен, вызначыць месца і ролю ўплыву жывых народных гаворак на характар функцыянавання беларускай літаратурнай мовы, раскрыць як лінгвістычныя, так і экстралінгвістычныя прычыны абмежаванага ўжывання беларускай мовы ў найбольш уплывовых сферах моўнага жыцця сучаснага грамадства і інш. У сувязі з гэтым аўтары кнігі не маглі пазбегнуць пэўнай сацыяльна-палітычнай скіраванасці пры аналізе моўных фактаў і сучасных тэндэнцый моўнага развіцця, паколькі агульнае развіццё беларускай мовы ў пасляваенны перыяд адбывалася ва ўмовах жорсткага партыйна-дзяржаўнага кантролю і цалкам падпарадкоўвалася строга вызначаным ідэалагічным дактрынам. Тым не менш, беларуская мова як адна з найбольш старажытных еўрапейскіх моў і высокаразвітая літаратурная мова сучаснасці мае ўсе падставы, каб заняць належнае месца ў духоўным жыцці беларускага народа і стаць асноўным сродкам зносін у найбольш важных і ўплывовых сферах сучаснага грамадскага жыцця краіны. Уся няпростая і часам драматычная гісторыя існавання беларускай мовы, узровень развіцця яе слоўнікавага складу, функцыянальна-стылістычная разгалінаванасць і дасканаласць дазваляюць з пэўным аптымізмам глядзець на яе будучыню.

У стварэнні манаграфіі прымалі удзел:

Лілія Ціханаўна Выгонная -- вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;
Віктар Пятровіч Красней -- прафесар кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага універсітэта;
Аляксандр Антонавіч Крывіцкі -- вядучы навуковы супрацоўнік аддзеладыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;
Аляксандр Аляксандраеіч Лукашанец -- загадчык аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;
Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч -- загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага універсітэта;
Тацяцна Расціславаўна Рамза -- старшы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;
Лідзія Іванауна Сямешка -- загадчык кафедры сучаснай беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага універсітэта;
Ірына Рыгораўна Шкраба -- дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Ад імя выканаўцаў беларускай часткі Міжнароднага праекта хачу выказаць асаблівую падзяку рэктару Белдзяржуніверсітэта прафесару Аляксандру У. Казуліну, дэкану філалагічнага факультэта прафесару Ларысе А. Мурынай, загадчыку кафедры англійскай мовы дацэнту Людміле У. Хвядчэня, перакладчыкам Кацярыне Л. Панкавец і дацэнту Алене У. Коршук, а таксама ўсім тым, хто ў той ці іншай ступені прычыніўся да падрыхтоўкі гэтай працы.

Мікалай Р. Прыгодзіч

(Top of page) [Back]


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: January 29, 1999
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 1999 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 1998 Uniwersytet Opolski, Instytut Filologii Polskej
| MP3 foundry| albums MP3 download| download mp3| download best mp3 tracks| mp3 albums collection