THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS


Proceedings of the Academy of Sciences of Belarus
(Vestsi Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCES

Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus

Separate article from Number 4, 1999 (pp. 149--150)

Journal

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI. SCIENTISTS OF BELARUS

Кулагін А.М.
Станіслаў Віктаравіч Марцэлеў (Да 75-годдзя з дня нараджэння)
Kulagin A.M.
Stanislau Victaravich Martseleu (To 75th Birthday anniversary).

Вось ужо напісаны 75-гадовы жыццёвы летапіс Станіславам Віктаравічам Марцэлевым -- вядомым і паважаным нашым вучоным-гісторыкам, шчырым і самаадцаным служыцелем беларускай культуры.

Як і ўсё прыгожае і пакручастае наша ваеннае пакаленне, Станіслаў Віктаравіч прайшоў выпрабаванне чалавечага духу і волі, мужнасці і стойкасці, адданасці і любові да Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Давялося юнаком пакінуць родную вёску Шарыбаўка, што ў Буда-Кашалёўскім раёне, і пайсці ў партызанскі атрад. Са зброяй у руках прайшоў ён ліхалецце ваенных дарог і з перамогай вярнуўся дадому.

Скончылася вайна, трэба было пачынаць асвойваць жыццёвую прастору, Sapere aude! -- мець мужнасць карыстацца ўласным розумам. Захапленне з юнацтва ведамі было пранесена праз вайну і ўрэшце прывяло сялянскага сына, былога франтавіка ў навуку. Вучоба ў Беларускім дзяржаўным універсітэце -- час інтэнсіўнага духоўнага развіцця. Малады студэнт не толькі асвойваў гістарычныя веды, але вучыўся ў Рэспубліканскай партыйнай школе пры ЦК КП(б)Б -- адзінай установе, якая гадавала грамадскіх лідэраў. Таму вельмі паспяховай была дзейнасць С.В. Марцэлева на грамадска-палітычнай ніве, аб чым сведчыць хаця б тая абставіна, што ўжо з 1944 па 1953 г. ён рэдактар дзвюх раённых газет. Як вопытны і ведаючы жыццё, граматны і інтэлігентны ча-лавек ён запрошаны ў апарат ЦК КПБ. Пачынаецца партыйная кар'ера: інструктар, загадчык сектара, намеснік загадчыка аддзела. Актыўны ўдзел у грамадска-культурным жыцці краіны прымае на пасадзе загадчыка аддзела культуры ЦК КПБ (з 1965 г.). На ХХVІ і ХХVІІ з'ездах КПБ выбраны кандыдатам у члены ЦК. Дзейны і энэргічны характар грамадскага дзеяча праявіўся ў С.В. Марцэлева-дэпутата Вярхоўнага Савета БССР у 1967--1980 гг.

Турботы грамадскага дзеяча і адміністратара не адолелі яго імкнення да навуковай кар'еры, у якой зведаў творчы ўзлёт: дзякуючы таленавітасці і выключнай, але бескан'юнктурнай мэтанакіраванасці дасягнуў вяршынь навуковай лесвіцы -- у 1972 г. абараніў доктарскую дысертацыю, у 1980 г. абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі.

З прыходам у 1976 г. у Акадэмію навук перад Станіславам Віктаравічам адкрылася шырокае поле дзейнасці як для таленавітага арганізатара навукі; яго навукова-грамадскае жыццё значна інтэнсіфікавалася, выйшла за межы партыйнага функцыяніравання. З займаннем пасады дырэктара Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору яго калектыў сцэментаваўся, апынуўся ў добразычлівай маральна-этычнай атмасферы, навуковыя даследаванні пазбавіліся дробнатэмнасці, фундаментальна ўзбуйніліся. Ён трапіў у Акадэмію навук у час, калі пачаліся глабальныя фальклорна-этнаграфічныя, мастацтвазнаўчыя і гістарычныя даследаванні, калі адкрыліся шырокія магчымасці асвойвання нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны. С.В. Марцэлеў бярэ курс на паслядоўную распрацоўку нацыянальнай тэматыкі, глыбокі аналіз гісторыка-культурнай праблематыкі. Час патрабаваў станоўчай пераацэнкі нашага гістарычнага мінулага і неабходнасці ўзняць гэтую важную вобласць чалавечых ведаў на новую, больш высокую навукова-інтэлектуальную і пазнавальную ступень. І ў гэтым накірунку дзейнасць Станіслава Віктаравіча з'яўляецца важным і высакародным падзвіжніцтвам. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам і з яго ўдзелам выходзяць фундаментальныя шматтомныя выданні "Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі", "Гісторыі беларускага мастацтва", "Гісторыі тэатра", ідзе распрацоўка глабальнай працы "Гарады і вёскі Беларусі". З яго лёгкай рукі выйшлі амаль усе асноўныя інстытуцкія навуковыя працы, у якіх ён выступаў і як аўтар, і як галоўны рэдактар. Выключная з'ява і падзея ў гісторыі інстытута і рэспублікі -- стварэнне пад кіраўніцтвам С.В. Марцэлева Музея старажытнабеларускай культуры -- яшчэ аднаго культурна-асветніцкага цэнтра краіны.

Шырокая і плённая дзейнасць вучонага і кіраўніка заслужана адзначана ордэнам "Знак Пашаны", трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём "За заслугі ў галіне польскай культуры", шэрагам ганаровых грамат Прэзідыумаў Вярхоўных Саветаў БССР, РСФСР, Літоўскай ССР. Прызнаннем плённай навуковай дзейнасці ў Акадэміі навук з'явілася прысуджэнне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Гэтыя знакі грамадзянскай пашаны ўзбагацілі нагрудны "іканастас" ваенных часоў -- медалі "Партызану Вялікай Айчыннай вайны" II ступені, "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне", "20 год перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне", "30 год перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне" і інш.

Дзейнасць юбіляра, якая выходзіць за межы непасрэдных службовых абавязкаў, накіравана на актыўны ўдзел у папулярызацыі дасягненняў інстытута, на развіццё культуры і адукацыі. Марцэлеў добра вядомы ў рэспубліцы і за яе межамі ў асяроддзі навукоўцаў як сур'ёзны, грунтоўны, добрасумленны даследчык, энцыклапедычна дасведчаны ў пытаннях гісторыі Беларусі, валодаючы шырокім культурным даляглядам. За сваё плённае жыццё ён напісаў шэраг грунтоўных прац. Дзякуючы яго намаганням і скрупулёзным архіўным пошукам даследаваны пытанні мастацкай культуры Беларусі і гісторыя яе друку, аб які зараз "ламаюць коп'і" амаль усе палітыкі і навукоўцы. З'яўляецца нязменным членам рэдкалегій шматлікіх часоггісаў і выданняў, асабліва яго актыўнаму ўдзелу абавязана шматгадовае існаванне часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі".

Адчуванне ўласнай патрэбнасці і адказнасці, упэўненасць у здатнасці сказаць новае слова прымушаюць яго не пакідаць пяро і сёння, хаця спаўна заслужана права на бестурботнае жыццё і адпачынак. Асалода пазнаннем і сапраўдным жыццём дае яму адчуванне завершанай паўнаты і задавальнення -- тое, што робіць кас больш багатымі і мудрымі. Ужо на пасадзе навуковага саветніка С.В. Марцэлеў збірае творчыя калектывы вядучых вучоных і распрацоўвае дзве фундаментальныя тэмы па праблеме ўзаемасувязі славянскіх культур. Нязменна застаецца членам Вучонага савета Інстытута, Бюро аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі і намеснікам яго старшыні.

Як прадстаўнік навукова-культурнай грамадскасці Станіслаў Віктаравіч аб'ездзіў шмат еўрапейскіх краін, нясучы ў адрозненне ад іншых сучасных "дабрадзеяў" добрае слова пра Беларусь і яе народ, яго культуру. Дбанне аб ёй выяўляецца ў няспынным удзеле ў дзейнасці Рэспубліканскага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

С.В. Марцэлеў ажыццяўляе шырокую навукова-педагагічную дзейнасць. Словам і справай, прыкладам уласнай творчасці, тэарэтычнымі працамі ён натхняе на навуковую творчасць сваіх аспірантаў. Марцэлеў выхаваў плеяду вядомых навукоўцаў. Менавіта павага з іх боку да вучоных старэйшага пакалення, аб'ектыўна-крытычнае асвойванне іх навуковых дасягненняў -- лепшая форма творчай садружнасці пакаленняў. у выніку якой узбагачаюцца і развіваюцца далей сучасныя веды аб мінулым, пашыраецца іх пазнавальны гарызонт, яны набываюць аб'ёмна-прасторавую перспектыву.

Станіслаў Віктаравіч шмат старанна і апантана працуе, заўсёды прыходзіць у родны Інстытут з задавальненнем і радасцю. Народны вопыт жыве ў яго маральнай і добрапрыстойнай павазе да людзей сумленна-працавітых, у немагчымасці як-небудзь пакрыўдзіць калегу. Характар Станіслава Віктаравіча як сапраўднага беларуса вызначаецца задушэўнай інтанацыяй і добразычлівасцю, якая з'яўляецца бясспрэчным сведчаннем шчырасці і памяркоўнасці. У паважаным узросце "аксакал" навукі захоўвае вясёлую юнацкую бадзёрасць і дасціпнасць, але, як і заўсёды. застаецца сур'ёзным у моманты вырашэння прынцыповых навуковых і арганізацыйных пытанняў.

Можна не сумнявацца, што Станіслаў Віктаравіч Марцэлеў як цэльны навуковец з вялікім творчым патэнцыялам і ў трэцім тысячагоддзі, у першы дзень якога ён святкуе свой дзень нараджэння, будзе актыўна і плённа працаваць у беларускай гістарычнай навуцы, удзельнічаць у жыцці нашага Інстытута, узбагачаць і ўздымаць яго навуковую актыўнасць. І з гэтай нагоды калегі і саратнікі з павагай і ад шчырага сэрца жадаюць юбіляру ажыццяўлення ўсяго задуманага, усялякіх творчых поспехаў і здароўя.

Journal Top


NASB
Academy
Return to The NASB Presidium Information Server Home Page


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: October 25, 2003
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2000-2003 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 1999 The Belaruskaya Navuka Publishing House