THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS


Proceedings of the Academy of Sciences of Belarus
(Vestsi Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCES

Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus

Separate article from Number 3, 1997 (pp. 131--132)

Journal

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI. SCIENTISTS OF BELARUS

Падокшын С. А., Лазарэвiч А. А.
Альфрэд Сцяпанавiч Майхровiч (Да 60-годдзя з дня нараджэння)
Padokshyn S.A., Lazarevich A.A.
Alfred Styapanavich Maikhrovich (To the 60-th Anniversary of his Birthday)

2 чэрвеня 1997 г. споўнілася 60 год з дня нараджэння Альфрэда Сцяпанавіча Майхровіча, вядомага беларускага вучонага і арганізатара айчыннай філасофскай навукі, члена-карэспандэнта Акадэміі навук Беларусі, доктара філасофскіх навук, прафесара, загадчыка аддзела гісторыі філасофіі, в.а. дырэктара Істытута філасофіі і права АН Беларусь лаурэата Дзяржаунай прэмп БССР у галіне навукі (1984), лаурэата прэміі АН Беларусі (1993).

А.С.Майхровіч нарадзіўся ў 1937 г. у Мінску. У 1959 г. скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт, потым аспірантуру Акадэміі навук. 3 1969 г. працуе ў Інстытуце філасофіі і права старшым навуковым супрацоўнікам, з 1980 г. -- загадчыкам аддзела гісторыі філасофіі, з 1994 г. -- выконваючым абавязкі дырэктара.

А. С. Майхровіч шырока вядомы даследчык і арганізатар даследаванняў у галіне гісторыі філасофіі і грамадска-палітычнай думкі, гісторыі культуры, сацыяльнай філасофіі, адзін са стваральнікаў новых напрамкаў у гуманітарнай навуцы Беларусі -- гісторыі і тэорыі эстэтычнай і этычнай думкі, філасофіі гісторыі. Найбольш істотныя навуковыя вынікі атрыманы А.С.Майхровічам у даследаванні 1) праблемы пачатковага перыяду развіцця нацыянальнай філасофскай думкі і культуры, маральна-гуманістычнага зместу беларускага сярэднявечнага пісьменства (жыццё і творчы шлях Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і інш.); 2) грамадска-палітычнай і гістарычнай свядомасці беларусаў XIV -- XVI стст. (беларуска-літоўскія летапісы); 3) светапогляду і эстэтыкі прадстаўнікоў ліберальна-дэмакратычнага і рэвалюцыйна-дэмакратычнага вызваленчага руху другой паловы XIX -- пачатку XX ст. (прапаноўваецца новае вырашэнне духоўна-сутнаснай прыроды асноватворчых прынцыпаў і структуры беларускага дэмакратызму); 4) катэгарыяльна-паняційнага зместу светапогляду і эстэтыкі Янкі Купалы і Якуба Коласа; 5) працэсу станаўлення і заканамернасцей развіцця маральнай свядомасці і фарміравання этычнай думкі Беларусі ў дакастрычніцкую эпоху; 6) гісторыі матэрыялістычнай філасофіі ў Беларусі ў 20-я гады XX ст.; 7) метадалагічных праблем гісторыі філасофіі, грамадскай думкі і эстэтыкі Беларусі.

Вынікам інтэнсіўнай шматгадовай навуковай дзейнасці А.С.Майхровіча з'явіліся 6 індывідуальных манаграфій ("Пошук ісціннага быцця і чалавека: з гісторыі філасофіі і культуры Беларусі", "Янка Купала і Якуб Колас. Пытанні светапогляду", "Беларускія рэвалюцыйныя дэмакраты. Важнейшыя аспекты светапогляду", "Аб эстэтычным асваенні рэчаіснасці", "Эстэтычныя погляды Якуба Коласа", "Які ён, шлях Беларусі да дэмакратычнай дзяржавы?"), вялікая колькасць раздзелаў у калектыўных працах, артыкулаў у часопісах, энцыклапедыях і іншых выданнях. А.С.Майхровіч -- адзін са стваральнікаў энцыклапедычнага даведніка "Мысліцелі і асветнікі Беларусі. X -- XIX стст.", аўтар установачнага артыкула да яго "Ля вытокаў нацыянальнага Адраджэння".

3'яўляючыся старшым навуковым супрацоўнікам, а потым і загадчыкам аддзела гісторыі філасофіі, А.С.Майхровіч прымаў непасрэдны ўдзел і кіраваў дзейнасцю па стварэнню фундаментальных калектыўных прац -- "Нарысы гісторыі філасофскай і сацыялагічнай думкі Беларусі", "Ідэі гуманізму ў грамадска-палітычнай і філасофскай думцы Беларусі", "Ідэі матэрыялізму і дыялектыкі ў Беларусі", "Філасофская і грамадска-палітычная думка Беларусі і Літвы (заканамернасці развіцця, праблемы даследавання)", "Помнікі філасофскай думкі Беларусі XVII -- першай паловы XVIII ст.", "Развіццё марксісцка-ленінскай філасофіі ў БССР" і інш. Цыкл калектыўных работ па гісторыі філасофіі і грамадскай думкі Беларусі, якія былі створаны супрацоўнікамі аддзела, у 1984 г. адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР. Сярод лаурэатаў -- 8 супрацоўнікаў Інстытута філасофіі і права АН Беларусі і ў іх ліку А.С.Майхровіч.

У аддзеле гісторыі філасофіі, якім кіруе А.С.Майхровіч, абаронена 5 доктарскіх і 12 кандыдацкіх дысертацый.

У 1994 г., у складаны для Інстытута філасофіі і права АН Беларусі, як і ў цэлым для АН Беларусі час, А.С.Майхровіч быў прызначаны выконваючым абавязкі дырэктара. Яго заслуга ў выпрацоўцы аптымальнай стратэгічнай лініі дзейнасці інстытута як эфектыўнай навукова-даследчай арганізацыі. Кампанентамі гэтай стратэгічнай лініі з'яўляюцца, па-першае, захаванне кадравага патэнцыялу і дзеяздольнай арганізацыйнай структуры інстытута; па-другое, прывядзенне навуковай тэматыкі і структуры інстытута ў адпаведнасць з новымі патрабаваннямі сённяшняга часу. Над кіраўніцтвам А.С.Майхровіча ў інстытуце распрацавана праграма фундаментальных даследаванняў на 1996 -- 2000 гг. "Грамадска-палітычнае, дзяржаўнае і нацыянальна-культурнае развіццё Беларусі", якая ўключае 23 тэмы і а6'ядноўвае намаганні вучоных у даследаванні сутнасці грамадскіх, дзяржаўна-палітычных і духоўных працэсаў, што адбываюцца ў апошнія гады ў Рэспубліцы Беларусь.

А.С.Майхровіч -- член Савета Беларускага рэспубліканскага Фонду фундаментальных даследаванняў, Праўлення Беларускай паліталагічнай асацыяцыі, экспертнага савета ВАКа Беларусі, двух спецыялізаваных саветаў па абароне доктарскіх дысертацый.

Пажадаем Альфрэду Сцяпанавічу Майхровічу здароўя і далейшай плённай працы на ніве беларускай філасофскай навукі.

Journal Top


NASB
Academy
Return to The NASB Presidium Information Server Home Page


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: March 11, 2004
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 1997-2004 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 1997 The Belaruskaya Navuka Publishing House