THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS


Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus
(Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCES

Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus

Separate article from Number 2, 1996 (pp. 120--121)

Journal

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI. SCIENTISTS OF BELARUS

Навагродскi Т.А.
Мiхаiл Фёдаравiч Пiлiпенка (Да 60-годдзя з дня нараджэння).
Navagrodzki T.A.
Mikhail Fyodaravich Pilipenka (To the 60-th Anniversary of his Birthday).

У маi 1996 г. споўнiлася 60 гадоў вядомаму беларускаму этнолагу i гiсторыку, дырэктару Iнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору Акадэмii навук Беларусi члену-карэспандэнту, доктару гiстарычных навук, прафесару Мiхаiлу Фёдаравiчу Пiлiпенку.

М.Ф.Пiлiпенка нарадзiўся 19 мая 1936 г. у вёсцы Нежыхаў Брагiнскага раёна Гомельскай вобласцi ў сялянскай сям'i. Вучыўся ў Мазырскiм педагагiчным вучылiшчы, затым у 1956 г. паступiў на гiстарычны факультет Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта. Пасля заканчэння унiверсiтэта працаваў настаўнiкам гiсторыi Мамайскай васьмiгадовай школы Глыбоцкага раёна Вiцебскай вобласцi, а затым Каплiчскай сярэдняй школы на Гомельшчыне. У 1964 -- 1967 гг. вучыўся ў аспiрантуры Маскоўскага дзяржаўнага унiверсiтэта iмя Ламаносава, пасля заканчэння якой з кастрычнiка 1967 г. працаваў на гiстарычным факультэце БДУ, спачатку выкладчыкам кафедры гiсторыi старажытнага часу i сярэднiх вякоў, а затым дацэнтам кафедры археалогii, этнаграфii i дапаможных гiстарычных дысцыплiн.

3 1991 г. М.Ф.Пiлiпенка пераходзiць на працу у Iнстытут мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору на пасаду загадчыка аддзела этнаграфii. У 1993 г. ён абараняе доктарскую дысертацыю. Праз год яго выбiраюць членам-карэспандэнтам АН Беларусi, а з мая 1994 г. ён прызначаны дырэктарам iнстытута.

Працуючы ва унiверсiтэце, Мiхаiл Фёдаравiч паспяхова чытаў агульны лекцыйны курс "Этнаграфiя", а таксама спецыяльныя курсы "Этнаграфiя Беларусi" i "Метады этнаграфiчных даследаванняў". Шмат увагi М.Ф.Пiлiпенка надаваў падрыхтоўцы будучых этнографаў. Пры яго непасрэдным кiраўнiцтве былi напiсаны дыпломныя работы студэнтамi, якiя сёння плённа займаюцца даследаваннямi ў галiне этналогii. У гэты ж час вучоны сiстэматычна займаецца навуковай работай. Ён даследуе пытаннi этнагенезу беларускага народа, сям'i i сямейнага побыту, традыцыйных народных вераванняў беларусаў. Шмат увагi вучоны надае таксама даследаванню тэарэтычных пытанняў этнаграфiчнай навукi, гiсторыi беларускай этнаграфii.

Мiхаiл Фёдаравiч-- вучоны шырокага дыяпазону. Ён аўтар звыш ста навуковых прац, сярод якiх найбольш значнымi з'яўляюцца: "Сляды родавай арганiзацыi ў вясельных звычаях славянскiх народаў" (1969), "Сям'я i шлюб у беларускiх сялян у другой палове XIX -- пачатку XX ст." (1970), "3 гiсторыi вывучэння беларускай этнаграфii i фальклору" (1970), "Даследаваннi па гiсторыi беларускай этнаграфii" (1974), "Этнаграфiя ў краязнаўстве" (1980), "Этнаграфiя Беларусi" (1980), "Сучасныя этнiчныя i культурна-бытавыя працэсы ў Беларусi" (1982), "Тэма вайны i мiру ў творчасцi Мiхаiла Савiцкага" (1983), "Роля эвалюцш i дыфузii ў гiсгорыi традыцый" (1990), "Беларуская традыцыйная культура як феномен еўрапейскай цывiлiзацыi" (1995) i iнш.

М.Ф.Пiлiпенка ўдзельнiчаў у падрыхтоўцы "Беларускай савецкай энцыклапедыi", кароткай энцыклапедыi "Беларуская ССР" у 5 тамах, "Энцыклапедыi лiтаратуры i мастацтва беларусi", энцыклапедычнага даведнiка "Беларусь", энцыклапедыi "Этнаграфiя Беларусi".

Вынiкам шматгадовай працы вучонага па праблеме паходжання беларускага народа з'явiлася новая канцэпцыя, выкладзеная iм у манаграфii "Узнiкненну Беларусi: Новая канцэпцыя" (1991). Аўтар адказаўся ад уяўлення аб этнагенезе беларусаў як спрошчанай эвалюцыi, а таксама ад тлумачэння яго толькi вялiкай мiграцыяй. У сваiм даследаваннi ён улiчвае ролю многiх фактараў -- эканамiчнага, палiтычнага, гiстарычнага, асаблiвую ўвагу звяртае на ролю дыфузii ў этнiчных працэсах, перагрупоўку кампанентаў культуры i мовы. Пастаянна супастаўляючы даныя многiх крынiц, вучоны прыйшоў да высновы, што этнiчная тэрыторыя сучаснай Беларусi сфармiравалася ў познiм сярэднявеччы ў вынiку кансалiдацыi паўночнай часткi "палескага" i паўднёвай часткi падзвiнска-дняпроўскага субэтнасаў агульнаславянскай старажытнай рускай этнiчнай супольнасцi. Гэтыя часткi ўсходнеславянскага насельнiцтва саставiлi аснову беларускага этнасу. Акрамя iх, у склад беларускага этнасу ўлiлiся асобныя групы заходнеславянскага (польскага), балцкага i цюрскага (татарскага) насельнiцтва.

М.Ф.Пiлiпенка ажыццяўляе кiраўнiцтва працай iнстытута па падрыхтоўцы i выданню шматтомнага гiсторыка-этнаграфiчнага даследавання пад агульнай назвай "Беларусы", першы том якога "Прамысловыя i рамесныя заняткi" ужо выйшаў у выдавецтве "Навука i тэхнiка" у мiнулым годзе. У блiжэйшыя гады мяркуецца падрыхтаваць тамы па паходжаннi i этнiчнай гiсторыi беларусаў, сям'i i сямейным быце, грамадскiх традыцыях, народным дойлiдстве, народнай кулiнарыi.

Вялiкую ўвагу надае Мiхаiл Фёдаравiч падрыхтоўцы навуковых кадраў для рэспублiкi. Ён уваходзiць у склад спецыялiзаванага савета па абароне доктарскiх дысертацый, часта выступае афiцыйным апанентам, кiруе навуковай працай аспiрантаў. Творчая дзейнасць М.Ф.Пiлiпенкi атрымала высокую ацэнку. Як вядомаму спецыялiсту па беларускай этналогii, аўтару шматлiкiх грунтоўных прац, iнiцыятыўнаму арганiзатару навукова-даследчай працы, клапатлiваму настаўнiку яму ў 1995 г. было прысвоена званне прафесара, а ў 1994 г. ён быў абраны членам-карэспандэнтам Акадэмii навук па гуманiтарным аддзяленнi.

Свой юбiлей Мiхаiл Фёдаравiч сустракае ў росквiце творчага таленту, поўны цiкавых iдэй i планаў. Ён працягвае працу ў галiне беларускай этналогii, актыўна ўдзельнiчае ў навуковых дыскусiях, выступае з дакладамi на навуковых канферэнцыях, чытае публiчныя лекцыi па праблеме этнагенезу беларускага народа, шмат увагi надае кiраванню працай iнстытута. Вучнi i калегi юбiляра шчыра вiншуюць яго з 60-гадовым юбiлеем i жадаюць яму моцнага здароўя, поспехаў i плёну ў працы, здзяйснення ўсiх яго планаў i задум.

Journal Top


NASB
Academy
Return to The NASB Presidium Information Server Home Page


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: February 7, 1999
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 1997-1999 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 1996 The Belaruskaya Navuka Publishing House