![]() |
Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus (Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi) SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCES Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus |
Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Жураўскі Аркадзь Іосіфавіч 5 жніўня 2004 г. святкуе 80-годдзе з дня нараджэння.
Аркадзь Іосіфавіч нарадзіўся ў 1924 г. у вёсцы Янава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння Янаўскай пачатковай школы ў 1935--1938 гг. ён вучыўся ў Няклюдаўскай няпоўнай сярэдняй школе, затым (1938--1941 гг.) -- у Талачынскай сярэдняй школе № 1. У час Вялікай Айчыннай вайны юнак разам з чатырма братамі Іванам, Васілём, Мікалаем, Казімірам змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў партызанскім атрадзе брыгады Мікалая Гудкова, прымаў удзел ва ўсіх важнейшых баявых аперацыях. Апісанне ваенных падзей зроблена А.I. Жураўскім у кнізе «За родныя хаты», якая выйшла ў 1974 г.
У верасні 1945 г. Аркадзь Іосіфавіч паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, пасля паспяховага заканчэння якога ў 1950 г. па рэкамендацыі вучонага савета быў залічаны ў аспірантуру Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР. Дзякуючы стараннасці, вялікай працаздольнасці, даследчыцкаму таленту, А.I. Жураўскі бліскуча абараніў у 1953 г. кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную гісторыі форм загаднага ладу ў беларускай мове. Вынікам далейшай мэтанакіраванай працы з'явілася доктарская дысертацыя на тэму «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы», з поспехам абароненая ў 1968 г.
Уся навуковая дзейнасць Аркадзя Іосіфавіча звязана з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, у якім ён працуе з 1953 г. У інстытуце А.I. Жураўскі прайшоў усе ступені навуковага росту. Ён займаў пасаду вучонага сакратара Інстытута мовазнаўства, загадчыка сектара тэрміна-логіі, старшага навуковага супрацоўніка, а затым і загадчыка сектара (аддзела) гісторыі беларускай мовы, адна-часова з 1974 г. быў намеснікам дырэктара, у 1983-1988 гг. кіраваў інстытутам, у 1992 г. быў прызначаны саветнікам пры дырэкцыі інстытута, з 1997 г. з'яўляецца галоўным навуковым супрацоўнікам аддзела гісторыі беларускай мовы. На кожнай пасадзе Аркадзь Іосіфавіч вызначаўся і вызначаецца адказнасцю, кампетэнтнасцю, прафесіяналізмам, што заўсёды забяспечвала яму павагу і аўтарытэт сярод калег.
Вынік навуковай дзейнасці Аркадзя Іосіфавіча плённы: па актуальных праблемах беларускай мовазнаўчай на-вукі ім апублікавана звыш трохсот навуковых прац, для кожнай з якіх уласцівы неардынарны, наватарскі падыход, глыбіня і паслядоўнасць выкладу матэрыялу.
У ліку манаграфій Аркадзя Іосіфавіча асобнае месца займае «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (Мн., 1967), у якой апісаны працэсы станаўлення і развіцця літаратурна-пісьмовай мовы беларускага народа. На аснове графіка-арфаграфічнага, марфалагічнага, лексічнага аналізу старабеларускіх летапісаў, воінскіх і рыцарскіх раманаў і апо-весцей, дзелавых дакументаў, навукова-гістарычных перакладных хронік і хранографаў, рукапісных і друкаваных рэлігійных твораў, розных па часе стварэння, даследчык пераканаўча паказаў, што спецыфіку эвалюцыі беларускай літаратурнай мовы старажытнага перыяду складае паступовае, няўхільнае вызваленне ад архаічных царкоўнаславянскіх рыс і замена іх адпаведнымі сродкамі жывой народнай мовы. Вартасць кнізе надае асвятленне мовазнаўчай, а разам з ёй і асветніцкай дзейнасці Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, увядзенне ў навуковы ўжытак значнай колькасці новых пісьмовых крыніц рознай жанравастылёвай прыналежнасці. Паралельна са змястоўным апісаннем моўных асаблівасцей старабеларускіх тэкстаў аўтар разглядае пытанні міжмоўных кантактаў, узаемадзеяння старабеларускай літаратурнапісьмовай мовы з польскай, рускай, царкоўна-славянскай.
Дададзім, што праблема адносін старабеларускай мовы з царкоўнаславянскай знайшла асобнае асвятленне ў дакладах «Характар знешніх узаемаадносін беларускай літаратурнай мовы з іншымі славянскімі мовамі ў пачатковы перыяд яе фарміравання» (даклад падрыхтаваны разам з I. I. Крамко да VII Міжнароднага з'езда славістаў (1973 г.) і «Беларуска-іншаславянскі сінкрэтызм мовы выданняў Скарыны» (даклад падрыхтаваны разам з У. В. Анічэнкам да X Міжнароднага з'езда славістаў (1988 г.). А.I. Жураўскі першым абгрунтаваў існаванне ў старабеларускі перыяд беларускага варыянта царкоўнаславянскай мовы, якая пад уплывам дыялектнага субстрата прыкметна аддалілася ад мовы царкоўнаславянскіх помнікаў рускай рэдакцыі, выпрацаваў крытэрыі размежавання змешаных па мове беларускіх і царкоўнаславянскіх пісьмовых крыніц.
Аркадзь Іосіфавіч Жураўскі заклаў падмурак для даследавання запазычанай лексікі ў старабеларускай мове. Упершыню ў беларускім мовазнаўстве (гэта знайшло асобнае адлюстраванне ў «Гістарычнай лексікалогіі беларускай мовы» (Мн., 1970) ім выдзелены пласты запазычанай лексікі, вызначаны шляхі і спосабы пранікнення іх у старабеларускую пісьменнасць, сам працэс запазычвання названы «станоўчым фактарам прагрэсіўнага развіцця».
Доктар філалагічных навук А.I. Жураўскі ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі быў ініцыятарам працы па стварэнні Гістарычнага слоўніка беларускай мовы. Як кіраўнік гэтай важнай для навукі і культуры Беларусі фундаментальнай тэмы Аркадзь Іосіфавіч распрацаваў агульньш прынцыпы падрыхтоўкі гэтага шматтомнага выдання, вызначыў яго крыніцы, храналагічныя рамкі, распрацаваў інструкцыю для працы над слоўнікам. У больш чым мільённай картатэцы гістарычнага слоўніка 145 тысяч картак з пісьмовых помнікаў выпісана Аркадзем Іосіфавічам. Пад рэдакцыяй А.I. Жураўскага на працягу 1982--1996 гадоў выйшла з друку 14 выпускаў слоўніка.
А.I. Жураўскім у сааўтарстве напісаны такія вядомыя працы, як «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (1957), «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (1957), «Пісьменнік і мова» (1962), «Руска-беларускі слоўнік грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970), «Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў» (1982). Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле былі падрыхтаваны кнігі «Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы» ў дзвюх частках (1961, 1962), «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), «Гістарычная марфалогія беларускай мовы» (1979), «Мова беларускай пісьменнасці XIV--ХVIII стст.» (1988), «Мова выданняў Францыска Скарыны» (1990).
Сёння Аркадзь Іосіфавіч займаецца перапрацоўкай «Хрэстаматыі па гісторыі беларускай літаратурнай мовы», актыўна выступае ў перыядычным друку з артыкуламі, прысвечанымі пытанням развіцця сучаснай беларускай літаратурнай мовы, праблемам фарміравання яе арфаграфічных, марфалагічных і лексічных норм, асвятленню навуковай дзейнасці вядомых вучоных-мовазнаўцаў.
Пад кіраўніцтвам прафесара Жураўскага падрыхтавалі і абаранілі дысертацыі 15 кандыдатаў навук. Аркадзь Іосіфавіч кіраваў шматлікімі дыпломнымі работамі студэнтаў, чытаў лекцыі ва універсітэтах Мінска, Гродна, Гомеля, Варшавы, шмат гадоў узначальваў Дзяржаўную экзаменацыйную камісію на філалагічным факультэце БДУ, уваходзіў і ўваходзіць у склад спецыялізаваных саветаў па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, пастаянна апаніруе работы дысертантаў. Вучоны клапоціцца аб будучым беларускага гістарычнага мовазнаўства, таму шчодра дзеліцца з маладымі навукоўцамі сваімі ведамі і вопытам.
Аркадзь Іосіфавіч актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці краіны. На працягу многіх гадоў ён з'яўляўся старшынёй Савета ветэранаў вайны НАН Беларусі, старшынёй Беларускага камітэта славістаў, членам камісіі па славянскіх літаратурных мовах пры Міжнародным камітэце славістаў, старшынёй навуковага савета па праблемах мовазнаўства НАН Беларусі, старшынёй тэрміналагічнай камісіі пры Аддзяленні гуманітарных навук і мастацтваў. Сёння вучоны ўваходзіць у рэдкалегію штогодніка «Беларуская лінгвістыка», з'яўляецца акадэмікам Міжнароднай славянскай акадэміі.
Аркадзя Іосіфавіча Жураўскага, знакамітага вучонага-мовазнаўца, аўтарытэтнага даследчыка, руплівага педагога, вядомага грамадскага дзеяча, уся навуковая грамадскасць Беларусі шчыра і сардэчна віншуе з 80-годдзем. Мы жадаем шаноўнаму юбіляру моцнага здароўя, жыццёвага аптымізму, паспяховага здзяйснення навуковых планаў і задум!
Academy |