![]() |
Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus (Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi) SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCES Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus |
Yaskevich A.A.
Stsyapan Stsyapanavich Lawshuk (To 60th anniversary)
У ліпені 2004 года навуковая грамадскасць Беларусі віншуе вядомага тэатра- і літаратуразнаўцу, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта НАН Беларусі С.С. Лаўшука з 60-гадовым юбілеем. Сцяпан Сцяпанавіч не толькі вядомы літаратуразнавец, але і таленавіты арганізатар навукова-даследчай работы: плённа садзейнічае падрыхтоўцы навуковых кадраў, уваходзіць у склад двух спецыялізаваных саветаў па абароне дысертацый, намеснік старшыні літаратуразнаўчай камісіі ў ВАКу, часта выступае афіцыйным апанентам, амаль што кожны знаўца драматургіі атрымаў дыплом кандыдата навук пад яго кіраўніцтвам.
С.С. Лаўшук -- палымяны патрыёт, ён заўсёды найбольш хінуўся сэрцам да надзённых грамадскіх праблем свайго часу, таму ўся яго навуковая і творчая дзейнасць падпарадкавана самаахвярнаму гаспадарскаму клопату аб лёсе чалавека-працаўніка.
Сапраўды дзяржаўнай зацікаўленасцю прасякнуты ўсе яго захады па наданні святкаванню 60-годдзя вызвалення Беларусі і былой вялікай Айчыны маштабна-гераічнага, усепланетарнага гучання. Як глыбокі знаўца драматургіі С.С. Лаўшук увайшоў у свет адчуванняў народа-пераможцы, у свет высокай героікі. Гэта кароткі, магчыма, але непазбежны этап у грамадскай псіхалогіі, калі няйначай як праз гераічную ідэалізацыю перажываўся катарсіс-выбаўленнс з бездані найкрывапралітнай вайны. Гераічнае ў мастацтве валодае самадастатковай каштоўнасцю, у яго свае перцэпцыйныя законы. Даследчыкам пераканаўча паказана, як выяўленнем гераізму «катурнавага», самамэтнай гераізацыяй падзей аб'ектыўна прыніжалася цана перамогі, цана крыві і пакут, бяспрыкладнага сапраўднага подзвігу. Парадаксальнасць сітуацыі заключалася ў тым, што рэальны народны подзвіг не патрабаваў прыхарошвання -- у рэальнасці выглядаў больш велічна, чым у сцэнічнай інтэрпрэтацыі лакіровачнага плана.
Сцяпан Сцяпанавіч заўсёды імкнецца знайсці, адкрыць, накіраваць, падтрымаць парасткі новага ў айчыннай культуры і навуцы -- у гэтым пафас яго руплівай грамадскай дзейнасці. 3 юнацкіх гадоў ён быў чалавекам неабыякавым і няўрымслівым: пасля заканчэння Васілевіцкай сярэдняй школы (1961) працаваў на Пермшчыне, выпусніком філфака БДУ (1967) настаўнічаў на Дзятлаўшчыне, Лахвеншчыне, Лунінеччыне, дзе быў дырэктарам Бродніцкай васьмігодкі, займаў адказныя пасады ў райкоме камсамола.
С.С. Лаўшук, скончыўшы на працягу 1970--1973 гг. аспірантуру, паспяхова абараніўшы кандыдацкую дысертацыю, вось ужо чацвёрты дзесятак гадоў плённа працуе ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі загадчыкам аддзела сучаснай беларускай літаратуры, намеснікам дырэктара.
Сцяпан Сцяпанавіч -- унікальны па энцыклапедычнай дасведчанасці знаўца айчыннай драматургіі, яе жанравых асаблівасцей, гісторыі, тэорыі, перыядызацыі, прыроды драматургічнага канфлікту. С.С. Лаўшук -- аўтар з рознабаковай спецыялізацыяй, комплексным поглядам на з'явы рэчаіснасці, усеахопным веданнем матэрыялу, з вяртаннем у сферу аналізу дзесяткаў і соцень твораў, згубленых з поля зроку спецыялістаў.
На яго думку, драматургія і тэатр з усіх відаў мастацтва вылучаюцца як найактыўнейшыя чыннікі выхавання нацыянальнай свядомасці, адраджэння, як глыбока анталагічная ўнутраная патрэба, сацыяльны заказ найжаданых здзяйсненняў народнага духу.
Пяру С.С. Лаўшука належаць шмат кніг і сотні артыкулаў у розных энцыклапедычных і навуковых выданнях, у перыёдыцы. Сярод яго найбольш значных прац «Сучасная беларуская драматургія» (1977), «Станаўленне беларускай савецкай драматургіі» (1984), «Кандрат Крапіва і беларуская драматургія» (1986, 2002), «На драматургічных скрыжаваннях» (1989), «Беларуская літаратура і праблемы сучаснасці» (1978, у сааўтарстве), «У. I. Ленін і Кастрычніцкая рэвалюцыя ў беларускай літаратуры» (1987, у сааўтарстве), «На парозе 90-х» (1993, у сааўтарстве), «3 думкай пра сучасніка» (1977), «Першы народны артыст БССР» (1982), «Высокія арбіты грамадзянскасці» (1984), ён сааўтар «Истории белорусской советской литературы» (1977), «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1, 1981; т. 2, 1982); «Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 2, 1994; т. 3, 1994; т. 4, 1995); «Гісторыі беларускай літаратуры» (1999), «Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя» (т. 1--4, 1999--2003), ім ажыццёўлена падрыхтоўка і выданне «Твораў Уладзіслава Галубка» (1983), Збору твораў Кандрата Крапівы (т. 1--3, 1998--2000), зборнікаў «Беларускай дакастрычніцкай драматургіі» (1978), «Хлопчык у лесе» (1992) і інш.
Выкананню такіх працаёмкіх, комплексных па сваёй структуры даследаванняў папярэднічалі велізарныя распрацоўчыя пошукі, якія далі плён у выглядзе раздзелаў «Гісторыі беларускай літаратуры», тэматычных зборнікаў, прысвечаных спецыяльнаму заглыбленню ў паасобныя канкрэтныя перыяды і тэмы.
Працы С.С. Лаўшука заварожваюць шырынёю і шматаспектнасцю пастаноўкі даследчых задач: вытокі і своеасаблівасць шляхоў станаўлення айчыннай драматургіі, народнаадкрывальніцкая, адраджэнская місія «маладанацыянальных» літаратур, канцэпцыя народнага тэатра, праблема нацыянальнага рэпертуару, месца творчай індывідуальнасці ў літаратурным працэсе, нарэшце, складаныя перыпетыі літаратурнай барацьбы ва ўмовах пралеткультаўскай эстэтыкі і тэорыі бесканфліктнасці. Комплексны характар даследаванняў вызначыў напружаную кампазіцыю прац, якія разгортваюць цалкам абноўленую, паводле творчага працэсу перыядызацыю айчыннай драматургіі. Літаратурна-тэатразнаўчы падыход вучонага выйгрышна робіць аналіз «двухсюжэтным» у кожнай ячэйцы даследавання, асабліва важны гэты двайны погляд для вызначальна-вытокавых работ, у якіх прасочваецца змена літаратурных пакаленняў на мяжы стагоддзяў, зараджэнне ўласна прафесійнага тэатра, назапашванне першага нацыянальнага рэпертуару і ўзнікненне тэатральных калектываў I. Буйніцкага, А. Бурбіса, Ф. Аляхновіча, Ф. Ждановіча, пазней тэатра У. Галубка. Такія кнігі, апрача ўсяго, цікавыя ўвядзеннем новага, забытага матэрыялу, з сапраўднай увагай да літаратурных фактаў, дзе прааналізаваны, пастаўлены ў мастацкі рад, можна сказаць, згубленыя ўжо з поля зроку даследчыкаў сцэнічныя творы К. Вясёлага, К. Буйлы, Л. Радзевіча, 3. Бядулі, Я. Быліны, А. Паўловіча, ранняя драматургія Я. Коласа, У. Галубка, М. Гарэцкага, Ц. Гартнага. Своеасаблівым адкрыццём выглядае новая паглыблсная трактоўка «Раскіданага гнязда» Я. Купалы. Гэты надзённейшы для свайго часу і праграмны для самога аўтара твор пазнейшымі пакаленнямі даследчыкаў быў да таго сацыяльна схематызаваны, што фактычна застаўся па-сапраўднаму непрачытаным. У дадзеным выпадку ідэйна-мастацкім ключом для даследчыка паслужыла, так сказаць, экзістэнцыяльная ўвага да законаў псіхалогіі творчасці, матываў і самой гісторыі напісання твора.
За сорак апошніх год, на думку даследчыка, нацыянальная драматургія зведала ўзлёт камедыяграфічнага эксперымента А. Макаёнка (трагікамедыя -- народны лубок, трагікамедыя -- памфлет, камедыя -- рэпартаж, сентыментальны фельетон), лебядзіную песню К. Крапівы ў фантасмагарычнай камедыі «Брама неўміручасці», сапраўднае ўзмужненнс драматычнага таленту М. Матукоўскага ў «Амністыі», «Апошняй інстанцыі», «Мудрамеры», стварэнне цэлага пласта гістарычнай драмы У. Караткевічам, А. Петрашкевічам і пазней дэбютаваўшым у драматургічным жанры I. Чыгрынавым. На творчай культуры папярэднікаў змог рэалізавацца ўжо цалкам сучасны па выяўленчых прысмах талент А. Дударава, якому ранейшае акцёрскае амплуа пасобіла ўзгадніць у «Парозе», «Вечары», «Радавых» сцэнічную тэхніку з эмацыянальным успрыманнем сённяшняга гледача.Перыяд так званай перабудовы даследчык ацэньвае сінхронна з іншымі літаратурнымі родамі, як глыбока-крызісны стан драматургіі.
Для гісторыка-тэарэтычных даследаванняў такога цэласнага аб'ёму надзвычай важна правядзенне футуралагічных, прагназуючых ліній літаратурнага працэсу. У работах С.С. Лаўшука яны ссць, па меншай меры рэтраспектыўна пазначаны ў выглядзе магчымых варыянтаў развіцця.
Творчая дзейнасць С.С. Лаўшука атрымала высокую ацэнку ў навуковай грамадскасці, сведчанне таму -- узнагароджаннс ордэнам Францыска Скарыны.
Са шчырым гаспадарскім клопатам даследчык зазначае: «Сёння Беларусь, яе сцэнічнае мастацтва, апынулася на такім лесавызначальным гістарычным пераломе, калі без спробы зазірнуць за завесу, якая аддзяляе нас ад заўтра, не маюць сапраўднага плёну ніякія даследаванні сучасных праблем мастацтва, літаратуры, жыцця ўвогуле. Камо грядеши? Каб зноў не аказацца пасынкамі лёсу, нам трэба «пралічыць» сваю будучыню. Каб заставацца патрэбным людзям, тэатру неабходны вялікія ідэі».
Свой юбілей Сцяпан Сцяпанавіч Лаўшук сустракае ў росквіце творчых сіл. Дабрыня, працавітасць, мэтанакіраванасць даюць яму крылы для новых навуковых узлётаў, здзяйснення ўсіх планаў і задум.
Academy |