THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS


Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus
(Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCES

Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus

Separate article from Number 4, 2003 (pp. 5--11)

Journal

TO 75th ANNIVERSARY OF THE FOUNDATION OF THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS

Нікіценка П.Г., Падлужны А.I., Ляўковіч В.І.
Стан і перспектывы развіцця сацыяльна-гуманітарных навук у новых умовах.
Nikitenka P.G., Padluzhny A.I., Lyawkovich V.I.
The state and perspectives of the development of social-humanitarian sciences in the new conditions.

Узнікненне любой нацыі і стварэнне самастойнай дзяржавы адразу ж ставяць праблему з'яднання насельніцтва вакол элітарнай, найбольш актыўнай і адукаванай часткі грамадства. Вырашаецца яна шляхам стварэння спецыяльных навукова-даследчых устаноў, якія імкнуцца абгрунтаваць сістэмы і мадэлі сацыяльна-эканамічнага цывілізацыйнага развіцця краіны, ідэалагічныя высновы доказнага паказу аўтэнтычнасці і самастойнасці паходжання асноўнага этнасу шляхам раскрыцця багацця нацыянальнай мовы і стварэння ўмоў для свабоднага авалодання ёю адпаведных граматык і слоўнікаў. Неабходна ў кароткі тэрмін вывучыць і данесці да народных мас розныя аспекты нацыянальнай культуры і традыцый, раскрыць багацце роднай прыроды і прыгажосці свайго краю.

У многіх краінах Еўропы такімі ўстановамі сталі нацыянальныя акадэміі навук, першыя крокі якіх былі накіраваны на ўзбагачэнне гуманітарных ведаў, забеспячэнне грамадства падручнікамі і даведнікамі ў гэтай галіне. Не з'явілася выключэннем у гэтых адносінах і Беларусь.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі была створана шляхам рэарганізацыі Інстытута беларускай культуры -- навуковай установы акадэмічнага тыпу, дзейнасць якой была скіравана на даследаванне гістарычнага развіцця беларускага народа, яго традыцый, культуры і мовы. Вось чаму на пачатку дзейнасці Беларускай акадэміі навук пераважную большасць яе членаў складалі вучоныя-гуманітарыі. Нават першымі яе прэзідэнтамі былі акадэмікі-гуманітарыі -- У. М. Ігнатоўскі, П. В. Горын (Каляда), буйны дзяржаўны дзеяч I. 3. Сурта. Перавага гуманітарным даследаванням адцавалася і ў першыя гады дзейнасці акадэміі, прычым першыя два гады захоўвалася структура Інстытута беларускай культуры. У гэты час у складзе акадэміі былі інстытуты гісторыі і мовазнаўства, а таксама шматлікія секцыі, кафедры, камісіі і іншыя навуковыя падраздзяленні.

Віцэ-прэзідэнтамі, адказнымі за развіццё гуманітарных навук, былі акадэмік К. М. Міцкевіч (Якуб Колас) (1929--1956 гг.), а па 1930 г. -- акадэмік С. М. Некрашэвіч. Затым гэты пост займаў да 1982 г. акадэмік К. К. Атраховіч (Кандрат Крапіва), з 1982 па 1987 г. -- акадэмік I. Я. Навуменка. Гэтым выдатным вучоным, народным пісьменнікам, буйным грамадскім дзеячам удавалася падтрымліваць аўтарытэт гуманітарных і сацыяльных навук у тыя перыяды, калі ў акадэміі пачалі пераважаць прыродазнаўчыя і тэхнічныя навукі. З 1987 г. віцэ-прэзідэнт -- куратар гуманітарных навук -- не выбіраўся. На агульных сходах Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў і Нацыянальнай акадэміі навук узнімалася пытанне аб віцэ-прэзідэнце па гуманітарных навуках і нават было прынята адпаведнае рашэнне, але пакуль яно засталося нявыкананым.

У 1931 г. па прапанове Прэзідыума акадэміі была зацверджана яе новая структура. Асноўным навуковым падраздзяленнем сталі навукова-даследчыя інстытуты і сектары, якія былі ў 1936 г. згрупаваны ў аддзяленні па галінах навук: грамадскіх, матэматычных і прыродазнаўчых, тэхнічных. Зараз у НАН Беларусі сем аддзяленняў: гуманітарных навук і мастацтваў; фізікі, матэматыкі і інфарматыкі; фізіка-тэхнічных навук; біялагічных навук; медыцынскіх навук; аграрных навук; хімічных навук і навук аб Зямлі.

За 75 гадоў існавання НАН Беларусі колькасць інстытутаў Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў пастаянна мянялася, як і колькасць супрацоўнікаў, што працавалі ў іх. Апошні досыць значны колькасны спад адбыўся ў 1991--1993 гт., калі рэзка пагоршылася матэрыяльнае становішча вучоных. Асабліва моцны адток кадраў назіраўся сярод вучоных-эканамістаў, юрыстаў і мовазнаўцаў, якія мелі магчымасць уладкавацца ў новых уладных, камерцыйных і навучальных структурах, дзе агоіата працы значна вышэйшая. У сувязі з гэтым адбылося рэзкае пастарэнне кадраў вышэйшай кваліфікацыі (акадэмікаў, членаў-карэспандэнтаў, дактароў і кандыдатаў навук), узніклі цяжкасці з наборам у аспірантуру, працягваецца фемінізацыя гуманітарных навук, хоць кадравы касцяк і ўдалося захаваць.

З распадам Савецкага Саюза і аб'яўленнем незалежнасці і суверэннасці Рэспублікі Беларусь членамі Адцзялення сталі акадэмікі былых саюзных галіновых акадэмій -- педагогі і мастакі, у сувязі з чым Аддзяленне грамадскіх навук было пераўтворана ў 1995 г. у Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў.

Зараз у склад Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўваходзяць восем навукова-даследчых інстытутаў: Інстытут філасофіі, Інстытут дзяржавы і права, Інстытут эканомікі, Інстытут сацыялогіі, Інстытут гісторыі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнафафіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы. На 1 студзеня 2002 г. у гэтых навукова-даследчых установах працавала 474 навуковыя супрацоўнікі, сярод якіх 82 дактары навук, 197 кандыдатаў навук і 195 супрацоўнікаў без вучонай ступені. У складзе Аддзялення 12 акадэмікаў і 20 членаў-карэспандэнтаў.

Зусім відавочна, што цяперашняя структура Адцзялення вельмі далёкая ад дасканапасці сама па сабе і ахоплівае не ўсе напрамкі сацыяльна-гуманітарнай навукі, якія маюць ва ўмовах самастойнасці краіны выключна важнае значэнне.

Перш за ўсё кідаецца ў вочы занадта вялікая разнапланавасць даследаванняў, якая вынікае ўжо з саміх назваў навуковых устаноў. Так, відавочна, што навуковы профіль Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы занадта шырокі, асабліва калі ўлічыць, што ў гэтай жа ўстанове вядуцца і антрапалагічныя даследаванні. На яго аснове напрошваецца стварэнне некалькіх больш вузкапрофільных устаноў, якія неабходны самастойнай дзяржаве. Але гэтая справа, відаць, не можа быць вырашана ў бліжэйшыя гады з-за адсутнасці належных матэрыяльных умоў.

Даўно ўжо цесна стала ў Інстытуце гісторыі археолагам, якія адрозніваюцца ад гісторыкаў, што займаюцца пісьмовай гісторыяй, і метадамі даследавання, і патрэбамі ў матэрыяльным забеспячэнні, і характарам здабываемага імі фактычнага матэрыялу, які патрабуе зусім адметных спосабаў захоўвання. Толькі адсутнасць матэрыяльных магчымасцей не дазваляе стварыць асобны Інстытут археалогіі, які ёсць практычна ва ўсіх цывілізаваных краінах.

У НАН Беларусі ўжо неаднаразова ўзнімалася пытанне аб стварэнні асобнай установы псіхалагічнага профілю. Не толькі вучоным, але і шырокай грамадскасці вядома роля псіхалагічных ведаў у сучасным грамадстве. Аднак толькі ў Белдзяржуніверсітэце, і то зусім нядаўна, пачалася падрыхтоўка спецыялістаў-псіхолагаў. У Савецкім Саюзе было шмат навучальных і навукова-даследчых устаноў гэтага кірунку, у самастойнай Беларусі пакуль практычна нічога няма, за выключэннем хіба асобных даследчых ячэек па педагагічнай псіхалогіі. Развіццё псіхалагічных даследаванняў, відаць, не самая блізкая перспектыва, бо прыходзіцца пачынаць фактычна з нуля.

У маі 1931 г., калі была праведзена рэарганізацыя акадэміі і ўведзена яе інстытуцкая структура, былі створаны інстытуты яўрэйскай пралетарскай культуры, польскай пралетарскай культуры і тры сектары -- літоўскі, латышскі і масавы. У самастойнай Беларусі з нацыянальных меншасцей найбольш даследуюцца праблемы рускай культуры і мовы ў розных аспектах у інстытутах мовазнаўства, літаратуры, мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, гісторыі, філасофіі і права. Іншым меншасцям, асабліва палякам і ўкраінцам, даследчыкамі ўдзяляецца значна меншая ўвага, хоць у сувязі з сучасным заканадаўствам тут праблем хапае, асабліва ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці працуюць дзве польскамоўныя школы, ёсць шматлікія польскамоўныя класы, развіваюцца розныя віды польскай культуры. Як праходзяць гэтыя працэсы, хто рыхтуе падручнікі і па якой канцэпцыі --пытанні, якімі ў навуковым плане ніхто не займаецца. Калі цалкам даверыць гэту справу суседнім дзяржавам, ці не здарыцца так, што нацыянальныя меншасці атрымаюць болыы правоў, чым карэннае насельніцтва?

У сістэме Нацыянальнай акадэміі навук неаднаразова на розных узроўнях абмяркоўвалася пытанне аб стварэнні спецыяльнага даследчага падраздзялення па паліталогіі -- сучаснай навуцы, якая вывучае палітычную сістэму і палітычнае жыццё, праблемы ўнутранай палітыкі і міжнародных зносін. Агульныя сходы Адцзялення гуманітарных навук і мастацтваў і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі неаднаразова рэкамендавалі паставіць вырашэнне гэтага пытання ў практычную плоскасць. Першы крок зроблены -- аб'яўлены конкурс на званне акадэміка па паліталогіі.

Складанай праблемай з'яўляецца папаўненне Аддзялення, а тым самым і Нацыянальнай акадэміі навук новымі акадэмікамі і членамі-карэспандэнтамі, бо, як ужо ўпаміналася вышэй, адбылося рэзкае пастарэнне кадраў вышэйшай кваліфікацыі, у першую чаргу -- дактароў навук. Але яе вырашэнне -- сумесная задача Прэзідыума НАН Беларусі і Адцзялення гуманітарных навук і мастацтваў. Тут беспамылкова трэба вызначыць і напрамак папаўнення --спецыяльнасці, якія забяспечваюць прагрэс сацыяльна-гуманітарнай навукі ў краіне. Асаблівую важнасць набывае гэта задача пры выбарах новых членаў-карэспандэнтаў.

Займаючы па колькасці навуковых супрацоўнікаў пятае (перадапошняе) месца сярод акадэмічных аддзяленняў навук, вучоныя-гуманітарыі штогод рыхтуюць каля палавіны ўсіх манаграфій, што выдаюцца ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Шэраг з іх атрымаў агульнадзяржаўнае і міжнароднае прызнанне.

За час, які прайшоў з дня святкавання 70-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук, лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь сталі: калектыў аўтараў пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта НАН Беларусі Юзэфы Фларыянаўны Мацкевіч за цыкл работ «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (у пяці тамах), доктар юрыдычных навук Вадзім Андрэевіч Круталевіч за цыкл работ «Гісторыя Беларусі: абвяшчэнне і станаўленне нацыянальнай дзяржаўнасці (1917--1922 гг.)», акадэмік Іван Фёдаравіч Харламаў за падручнік «Педагогіка» на беларускай мове для студэнтаў педагагічных вышэйшых навучальных устаноў, доктар гістарычных навук Пётр Фёдаравіч Лысенка і кандыдат гістарычных навук Таццяна Мікалаеўна Каробушкіна.

Шэраг буйнейшых праектаў фундаментальных даследаванняў ва ўстановах Аддзялення выкананы пры падтрымцы і максімальнай фінансавай дапамозе Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Толькі дзякуючы падтрымцы Фонду ўбачыў свет «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у пяці тамах -- унікальнае выданне ў славянскім свеце. На конкурснай аснове Фонд фінансуе шмат праектаў маладых вучоных-гуманітарыяў самых розных спецыяльнасцей. Сталым вучоным аказваецца неацэнная падтрымка ў апублікаванні буйных актуальных даследаванняў. Такую падтрымку атрымліваюць сацыёлагі, эканамісты, філосафы, гісторыкі, мовазнаўцы, мастацтвазнаўцы, літаратуразнаўцы -- адным словам, усе, чые работы атрымалі высокую ацэнку з пункту погляду іх адпаведнасці сусветнаму навуковаму ўзроўню.

Менавіта фундаментальныя працы, што рыхтуюцца ў навуковых установах Аддзялення, з'яўляюцца асновай падрыхтоўкі вучэбнай літаратуры для ўсіх ступеней навучання і вызначаюць узровень гуманітарнай адукацыі ў краіне. Гэта ў першую чаргу фундаментальныя даследаванні Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы, Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, Інстытута сацыялогіі, Інстытута эканомікі, Інстытута гісторыі і іншых устаноў Аддзялення.

У апошнія гады акадэмічныя вучоныя прымаюць непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы вучэбных дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшай школы. Сярод іх можна адзначыць працу наступных членаў Адцзялення гуманітарных навук і мастацтваў: акадэмікаў Я. М. Бабосава (сацыялогія), I. Я. Навуменкі (літаратуразнаўства), А. I. Падлужнага (мовазнаўства), А. А. Міхайлава (філасофія), П. Г. Нікіценкі (эканоміка), членаў-карэспандэнтаў А. М. Данілава (сацыялогія), А. А. Лойкі (літаратуразнаўства), В. I. Семянкова (права), В. Г. Ціхіні (права), дактароў навук Г. М. Сакаловай (эканамічная сацыялогія), В. А. Круталевіча (гісторыя і права), М. С. Сташкевіча (гісторыя), Л. I. Цягакі (антрапалогія) і іншых.

У стварэнні падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для сярэдняй школы непасрэдны ўдзел прымаюць акадэмік В. У. Івашын, член-карэспандэнт А. М. Булыка, доктар гістарычных навук Г. В. Штыхаў і іншыя. Толькі за 2002 год вучоныя Адцзялення прынялі ўдзел у стварэнні 26 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для вышэйшай і сярэдняй школы. За апошнія пяць гадоў супрацоўнікі Інстытута гісторыі падрыхтавалі амаль што ўвесь цыкл падручнікаў па гісторыі Беларусі для сярэдняй школы. Напрыклад, у 2002 годзе гісторыкамі былі падрыхтаваны і выдадзены вучэбнью дапаможнікі па гісторыі Беларусі для 4, 5, 9, 10, 11-х класаў сярэдняй школы.

Шырокай папулярнасцю сярод чытачоў карыстаюцца і шматлікія навукова-папулярныя выданні вучоных-гуманітарыяў Аддзялення.

У Аддзяленні часта выкарыстоўваюць магчымасці сродкаў масавай інфармацыі для прапаганды дасягненняў гуманітарнай навукі праз газеты і часопісы, навукова-папулярныя кнігі, выступленні па радыё і тэлебачанні і тым еамым спрыяюць фарміраванню масавай свядомасці, духоўнаму станаўленню грамадзян Беларусі і іх выхаванню на лепшых гуманітарных традыцыях нашага народа. Самы актыўны ўдзел прымаюць вучоныя-гуманітарыі ў мерапрыемствах, прысвечаных святкаванню юбілейных дат выдатных прадстаўнікоў не толькі Беларусі, але і суседніх краін, тым самым спрыяючы развіццю дружбы паміж народамі.

Пачынаючы з 1997 г. навуковыя ўстановы Апдзялення ўпершыню актыўна ўключыліся ў выкананне дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм і асобных інавацыйных праектаў. Па праграме «Эканоміка і сацыяльная палітыка» Інстытут эканомікі з'яўляўся галаўной арганізацыяй. У выкананні гэтай праграмы актыўны ўдзел прымаў таксама Інстытут сацыялогіі. Асобныя заданні з праграмы «Культура» выконвалі Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фалыслору імя Кандрата Крапівы і Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа. Інстытутам сацыялогіі распрацавана і выконваецца Дзяржаўная праграма «Навуковыя кадры».

Па ініцыятыве Інстытута гісторыі падрыхтавана і прынята Урадам краіны пастанова «Аб ахове археалагічных аб'ектаў пры правядзенні земляных і будаўнічых работ», якая накіравана на ўзмацненне аховы археалагічных аб'ектаў. Яна дазволіць прыцягнуць дадатковыя фінансавыя сродкі для правядзення навуковых даследаванняў.

Інстытутам эканомікі падрыхтаваны і накіраваны ў органы дзяржаўнага кіравання аналітычныя даклады «Тэндэнцыі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь у міжнародным кантэксце. Праблемы эфектыўнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў», «Канкурэнтаздольнасць нацыянальнай эканомікі. Знешні гандаль: стан і перспектывы».

Інстытутам эканомікі выконваецца рад навукова-тэхнічных праектаў. Асноўны з іх --«Комплексны прагноз навукова-тэхнічнага прагрэсу Рэспублікі Беларусь на 2001--2020 гады». Сумесна з Мінскім НДІ сацыяльна-эканамічных і палітычных праблем вызначаны асноўныя прагнозныя напрамкі навукова-тэхнічнага прагрэеу ў навуковай і вытворчай сферах горада Мінска. Прааналізаваны макраэканамічны эфект недаацэненага і пераацэненага рэальнага курсу, пабудавана і ацэнена мадэль аналізу і прагназавання ўмоў знешняга гандлю, на аснове якой дадзена ацэнка доўгатэрміновага нацыянальнага ўзроўню цэн у Рэспубліцы Беларусь. Праведзены аналіз сусветнага вопыту арганізацыі навуковай дзейнасці ў краінах з рыначнай і пераходнай эканомікай, зроблены аналіз магчымасцей карэляцыі напрамкаў даследаванняў, якія праводзяцца ў НАН Беларусі, з патрэбамі рэальнага сектара нацыянальнай эканомікі.

Распрацавана сістэма эканоміка-матэматычных мадэлей для выкарыстання ў практыцы макраэканамічнага аналізу і прагаазавання асноўных макраэканамічных і грашова-крэдытных паказчыкаў. Гэтая сістэма мадэлей перададзена ў Нацыянальны банк і праходзіць эксперыментальную апрабацыю. Праведзена перадінвестыцыйнае даследаванне і вызначана комплексная ацэнка эфектыўнасці арганізацыі вытворчасці газетнай паперы ў Рэспубліцы Беларусь са стварэннем уласнай паўфабрыкатнай базы.

Інстытутам сацыялогіі ўпершыню ў рэжыме маніторынгу праводзіцца комплекснае сацыялагічнае даследаванне дынамікі змяненняў сацыяльна-эканамічных, сацыяльна-палітычных і сацыякультурных працэсаў у краіне. Па выніках гэтага даследавання прадстаўлена комплексная аналітычная справаздача ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа падрыхтавана новая рэдакцыя «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».

Усе гэтыя работы носяць прыкладны характар і забяспечваюць, хоць і не заўсёды ў патрэбнай ступені, дадатковую фінансавую падтрымку навуковых калектываў з боку дзяржавы. Галоўнае ж у гэтых працах бачыцца ў тым, што яны спрыяюць устанаўленню цесных навуковых партнёрскіх кантактаў з вышэйшымі навучальнымі і галіновымі ўстановамі краіны ў правядзенні навуковых даследаванняў. Яны дазваляюць таксама атрымаць пэўны дадатковы заработак тым, хто выконвае заданні дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм і дзяржзаказаў фактычна без адрыву ад сваёй прафесійнай дзейнасці, уносяць элемент дысцыплінаванасці ў працу, бо гэтыя даследаванні неабходна выконваць звычайна ў досыць сціслыя тэрміны і на высокім навуковым узроўні.

За апошнія гады Аддзяленне ўстанавіла цесныя сувязі з міністэрствамі эканомікі і культуры, адукацыі, статыстыкі, Нацыянальным банкам РБ, Беларускім дзяржаўным універсітэтам, Эканамічным універсітэтам і Універсітэтам культуры, Акадэміяй кіравання і Інстытутам сацыяльна-палітычных праблем, што існуюць у сістэме Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Тут можна гаварыць пэўным чынам аб рэальных пачатках сапраўднай каардынацыі намаганняў не толькі ў правядзенні сумесных навукова-практычных мерапрыемстваў, але і навуковых даследаванняў. На вялікі жаль, гэтыя сувязі прасціраюцца галоўным чынам у межах Сталіцы і не ахопліваюць універсітэты ў абласных цэнтрах, дзе працуе вялікая армія вучоных-гуманітарыяў.

Недастатковае забеспячэнне фінансавымі рэсурсамі, на вялікі жаль, прывяло да згортвання навуковых сувязей з вучонымі замежных краін. Калі ў папярэдні перыяд гэтыя сувязі грунтаваліся на выкананні сумесных навуковых праектаў у першую чаргу з вучонымі Расіі, Украіны, Малдовы, Польшчы, Балгарыі, Чэхаславакіі і рада іншых краін сацыялістычнай садружнасці, то з распадам Савецкага Саюза яны звяліся да правядзення спарадычных агульных мерапрыемстваў і ў некаторай ступені да нерэгулярнага інфармацыйнага абмену.

Са значных міжнародных праектаў, якія выконваліся ў інстытутах Аддзялення ў апошнія гады, можна назваць праекты ТАСІS «Параўнальны аналіз дзяржаўнай рэгіянальнай эканамічнай палітыкі ў краінах з рыначнай і пераходнай эканомікай» і «Рэструкгурызацыя і рэгуляванне абароннага сектара: вынікі дэзінтэграцыі ваенна-прамысловага комплексу ў былым СССР на прыкладзе Расійскай Федэрацыі, Украіны і Беларусі» (Інстытут эканомікі), міжнародныя праекты па праграме міжнароднага камітэта славістаў «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас» і «Лінгвістычны атлас Еўропы» (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа).

У 1998 г. НАН Беларусі заключыла з Сібірскім адцзяленнем РАН пагадненне аб супрацоўніцтве. Цесныя навуковыя сувязі ў рамках гэтага пагаднення наладзілі Інстытут гісторыі і Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы з адпаведнымі ўстановамі Сібірскага аддзялення РАН. Так, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы даследаваў рэгіянальныя асаблівасці фальклорных традыцый беларусаў Сібіры і Далёкага Усходу, а Інстытуг гісторыі падрыхтаваў і апублікаваў сумесна з расійскімі вучонымі калекгыўную працу «Очерки истории белорусов в Сибири в XIX--XX вв.».

Трэба спадзявацца, што ў далейшым больш акгыўна будуць удзельнічаць у такім супрацоўніцтве і мовазнаўцы НАН Беларусі, бо і з тэарэтычнага, і з практычнага пункту погляду вельмі перспектыўным з'яўляецца даследаванне мовы беларусаў у іншамоўным асяроддзі.

У рамках сумеснага праекта па Беларускаму рэспубліканскаму фонду фундаментальных даследаванняў і Расійскаму гуманітарнаму навуковаму фонду з 2001 г. Інстытутам гісторыі выконваецца сумесна з расійскімі археолагамі тэма «Праблема славянскага засялення беларуска-расійскага рэгіёна басейна Заходняй Дзвіны ў эпоху ранняга сярэдневякоўя», якая з'яўляецца першай у беларускай і расійскай гістарычнай навуцы сумеснай абагульняючай працай па пытаннях славянізацыі тэрыторыі Верхняга і Сярэдняга Падзвіння.

Інстытутам філасофіі Аддзялення сумесна з Інстытутам філасофіі РАН сфармуляваны і абгрунтаваны такія тэарэтычна важныя элементы анталагічнай канцэпцыі адукацыі, як яе ўсеагульнасць, адпаведнасць характару цывілізацыі і культуры, дзяржаўнае рэгуляванне працэсаў у адукацыйнай сферы ў спалучэнні з індывідуалізацыяй навучальна-выхаваўчых інстытутаў і форм дзейнасці.

Сацыёлагамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна з Інстытутам сацыяльных і палітычных даследаванняў РАН вывучаны асаблівасці і супярэчнасці, якія ўласцівы сучаснаму працэсу станаўлення і развіцця інстытутаў сацыяльнай дзяржавы ў беларускім грамадстве.

Дзякуючы неацэннай дапамозе Прэзідыума НАН Беларусі і Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь значная група гісторыкаў, этнографаў, фалькларыстаў, мастацтвазнаўцаў, літаратуразнаўцаў і мовазнаўцаў змаглі прыняць удзел у чарговых XII (1998г. г. Кракаў) і XIII (2003г. г. Любляна) Міжнародных з'ездах славістаў. Удзел у такіх міжнародных форумах акадэмічных вучоных гуманітарнага профілю дае магчымасць не толькі пазнаёміць славістычную грамадскасць з дасягаеннямі беларускай навукі, але і ўзбагаціцца інфармацыйна, устанавіць новыя сувязі са славістамі ўсяго свету, павысіць узровень навуковых даследаванняў у галіне славістыкі.

Відавочна, што ў далейшым кіраўніцтва Аддзялення і НАН Беларусі павінны значна больш удзяляць увагі ўзмацненню кантактаў з нашымі бліжэйшымі суседзямі -- вучонымі Расіі, Украіны, Польшчы і іншых краін, прадугледжваць хоць бы мінімальныя сродкі на гэтыя мэты, каб гуманітарыі не засталіся ў навуковай ізаляцыі.

Значнай праблемай Аддзялення ўсё яшчэ застаюцца ўнутраныя супярэчнасці паміж асобнымі вучонымі, якія грунтуюцца галоўным чынам на палітычных асновах, на эмоцыях, што непазбежна ў пераходны перыяд, калі рэзка мяняюцца навуковыя падыходы да болынасці сацыяльна-палітычных і сацыяльна-культурных праблем, калі значна пашырылася інфармацыйная база гуманітарных даследаванняў. У гэтых умовах адным аказалася непасільньш адмовіцца ад старых падыходаў, іншыя паддаліся спакусе рэвізіі ўсяго і ўся, часта без дастатковага абгрунтавання фактамі новых падыходаў. Безумоўна, пазбавіцца цалкам супярэчнасцей, звязаных з палітыкай, сацыяльным навукам ніколі не ўдасца па самой іх уласнай прыродзе, але можна дасягнуць таго, каб навуковасць, апора на рэальныя факты пераважалі. Сама практыка гэтых навук паказвае, што аб'ёктыўны ход іх развіцця дазваляе пазбавіцца міжасобасных канфліктаў, якія паступова, але няўхільна замяняюцца чыста навуковай палемікай. Фактычна гэта назіраецца і зараз, бо ў радзе галін гуманітарнай навукі канфлікты паступова затухаюць.

Будзем спадзявацца, што пераводу дыскусіі ў навуковыя рамкі дапаможа і распрацаваная Аддзяленнем гуманітарных навук і мастацтваў сумесна з Міністэрствам адукацыі Дзяржаўная праграма развіцця сацыяльна-гуманітарных навук, якая зараз знаходзіцца на разглядзе ў Савеце Міністраў РБ. Адной з прычын, якія выклікалі неабходнасць распрацоўкі такой праграмы, з'яўляецца якраз тое, што ў цяперашні чао сярод прадстаўнікоў сацыяльна-гуманітарных навук мае месца іх відавочны падзел па палітычных поглядах на розныя групы і напрамкі. Гэта негатыўна ўплывае на выніковасць навуковай работы і аказвае разбуральнае ўздзеянне на ўвесь працэс развіцця сацыяльна-гумамітарных навук. На наш погляд, прыняцце Дзяржаўнай праграмы развіцця сацыяльна-гуманітарных навук дазволіць у большай ступені кансалідаваць прадстаўнікоў гуманітарнай навукі і сфарміраваць дастаткова выразныя агульныя асновы для навуковага пошуку, якія будуць садзейнічаць як прадуктыўнай працы саміх вучоных, так і ў значнай ступені будуць накіраваны на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця краіны.

У савецкія часы, як вядома, развіццё сацыяльна-гуманітарных навук знаходзілася пад пільнай увагай з боку кіруючай партыі, якая, у асноўным, звяртала ўвагу на адпаведнасць навуковых даследаванняў яе палітыцы ў галіне ідэалогіі і сацыяльна-эканамічнага развіцця. Гэты пастаянны кантроль негатыўна адбіваўся на навуковым пошуку: сацыяльна-гуманітарныя навукі ў значнай ступені згубілі свой творчы характар, яны фактычна страцілі такую неабходную для навукі і грамадства функцыю, як здольнаець прагназаваць падзеі на аснове аналізу прычынна-выніковых сувязей з'яў, якія адбываюцца ў грамадстве. Акрамя гэтага, існавалі даволі жорсткія абмежаванні на навуковую распрацоўку такіх пытанняў, як даследаванне нацыянальных і міжканфесійных адносін, вывучэнне сацыялагічных і паліталагічных праблем.

Вялікі ўрон сацыяльна-гуманітарным навукам нанёс падзел навуковай працы паміж Акадэміяй навук СССР і акадэміямі навук саюзных рэспублік. У большасці выпадкаў важнейшая роля ў гэтай навуковай сферы адводзілася развіццю тэорыі цэнтральнымі акадэмічнымі ўстановамі, у якія адбіралі найбольш таленавітыя навуковыя кадры з усіх саюзных рэспублік.

Усё гэта паставіла Беларусь у нязручнае становішча ў сферы асобных сацыяльна-гуманітарных навук. У сувязі з гэтым толькі нядаўна ў структуры НАН Беларусі былі створаны Інстытут сацыялогіі і Інстытут дзяржавы і права, а буйных даследчых цэнтраў па паліталогіі, псіхалогіі, педагогіцы няма да гэтай пары, хоць яны неабходныя для кожнай суверэннай краіны.

У выніку асобныя сацыяльна-гуманітарныя навукі ў Рэспубліцы Беларусь аказаліся ў зусім розным становішчы: кожная з іх характарызуецца сваім узроўнем развіцця, кадравай забяспечанасцю, тэхнічнай узброенасцю. Іх гатоўнасць да навуковага асвятлення задач сацыяльна-культурнага і дзяржаўнага будаўніцтва таксама аказалася абсалютна рознай. Можна спадзявацца, што рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы развіцця сацыяльна-гуманітарных навук будзе садзейнічаць вырашэнню ўсіх праблем, якія зараз існуюць у развіцці сацыяльна-гуманітарных навук у нашай краіне.

За час, які прайшоў з мінулага юбілею Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, нямала зроблена ў мэтах удасканалення структуры Аддзялення, набліжэння навуковых даследаванняў да вырашэння надзённых практычных задач развіцця нашай краіны. Так, з мэтай павышэння эфектыўнасці рэалізацыі Дагавора аб навукова-практычным супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і Міністэрствам замежных спраў у Інстытуце эканомікі створаны Цэнтр сусветнай эканомікі і міжнародных эканамічных адносін. Для павышэння эфектыўнасці сацыялагічных даследаванняў пастановай Бюро Прэзідыума НАН Беларусі Інстытуту сацыялогіі вызначаны новыя напрамкі навуковай дзейнасці, створана рэгіянальная сацыялагічная сетка, якая дазволіць павысіць якасць і дакладнасць сацыялагічных прагаозаў.

Па выніках акрэдытацыі навуковых устаноў Адцзялення кіраўнікі навуковых арганізацый абавязаны ўзмацніць работу па заключэнню і выкананню міжнародных праектаў, павелічэнню аб'ёмаў заключэння бюджэтных і гаспадарчых дагавораў, па актыўным пошуку пазабюджэтных крыніц фінансавання, актывізаваць працу па папаўненню інстытутаў маладымі навуковымі кадрамі. Структура Адцзялення ў асноўным на цяперашні час з'яўляецца аптымальнай і патрабуе толькі частковых структурных змен у межах навуковых устаноў з мэтай іх пераарыентацыі перш за ўсё на актуальныя праблемы развіцця нашай краіны. Самымі значнымі задачамі зараз з'яўляюцца распрацоўка навуковых асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы і дапрацоўка Канцэпцыі рэфармавання і станаўлення мясцовага кіравання, самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь.

Канец XX і пачатак новага стагодцзя і тысячагоддзя паставілі перад гуманітарнымі навукамі праблемы, якія патрабуюць асэнсавання іх ролі і месца як у агульнай сістэме навуковых ведаў, так і ў інавацыйным (наасферным) устойлівым развіцці Рэспублікі Беларусь. I тут выключна важнае значэнне надаецца тым навукам, якія вывучаюць стан і перспектывы развіцця нашага грамадства. Жыццё заўсёды ўносіць істотныя карэктывы ў любыя планы, таму для сацыяльна-гуманітарных навук вельмі важна аб'ектыўна і непрадузята вывучаць сацыяльную рэчаіснасць.

Для таго каб сацыяльна-грамадскія навукі сталі інструментам для эфектыўнага вырашэння праблем пераходнага перыяду, неабходна распрацаваць новыя прынцыпы даследаванняў, якія б адпавядалі цывілізацыйнай дынаміцы свету, у якім мы жывём. Разам з тым відавочна, што Беларусі і іншым краінам трэба будзе вырашаць яшчэ іншую, не менш важную задачу -- удзельнічаць у распрацоўцы механізма ўзгаднення актыўнай дзейнасці чалавецтва з магчымасцямі біясферы планеты і пераходзе яе ў наасферу. Шмат што адкрыецца па-іншаму, калі ўсвядоміць прыярытэт сацыяльна-гуманітарных навук у вырашэнні гэтай глабальнай праблемы з улікам самых новых дасягненняў прыродазнаўчых дысцыплін.

Journal Top


NASB
Academy
Return to The NASB Presidium Information Server Home Page


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: January 19, 2004
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2003б 2004 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2003 The Belaruskaya Navuka Publishing House