THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS


Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus
(Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCES

Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus

Separate article from Number 4, 2002 (pp. 123--125)

Journal

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI. SCIENTISTS OF BELARUS

Мікуліч М.У.
Яўген Іванавіч Скурко (Максiм Танк) (Да 90-годдзя з дня нараджэння).
Mikulich M.U.
Yawgeny Ivanavich Skurko (Maxim Tank) (To 90th anniversary).

Споўнiлася 90 год выдатнаму беларускаму пiсьменнiку i грамадскаму дзеячу, народнаму паэту Беларусi, класiку айчыннай лiтаратуры i нядаўняму нашаму сучаснiку, лаўрэату Ленiнскай прэмii, дзяржаўных i лiтаратурных прэмiй СССР i БССР, Герою Сацыялiстычнай Працы, акадэмiку НАН Беларусi Яўгену Iванавiчу Скурко (Максiму Танку). Яго насычанае жыццё, багатая i шматстайная творчая дзейнасць -- прыклад i ўзор падкрэслена сумленнага, ахвярнага служэння роднай зямлi i яе народу, Бацькаўшчыне-Беларусi, яркая старонка ў гiсторыi нацыянальнага лiтаратурнага мастацтва.

Нарадзiўся Максiм Танк 17 верасня 1912 года ў вёсцы Пiлькаўшчына былой Мядзельскай воласцi Вiлейскага павета Вiленскай губернi ў сялянскай сям'i. Фармiраванне будучага выдатнага паэта праходзiла ва ўмовах бурных, складаных i супярэчлiвых падзей першай сусветнай вайны i бежанства ў Расii, Кастрычнiцкай рэвалюцыi i грамадзянскай вайны, у варунках заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху 20--30-х гадоў, у якi ён уключыўся яшчэ будучы навучэнцам спачатку Вiлейскай рускай, пасля Радашковiцкай беларускай i, нарэшце, Вiленскiх беларускай i рускай гімназiй, дарэчы, так нiвод най з iх i не закончыўшы. Малады М.Танк працаваў iнструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусi, у легальных i падпольных вiленскiх перыёдыках, вёў актыўную грамадска-патрыятычную i культурна-асветную дзейнасць, за што падвяргаўся праследаванню польскай дэфензiвы, арыштам i турэмнаму зняволенню на Лукiшках.

Пiсаць вершы ён пачаў у другой палове 20-х гадоў, будучы гімназiстам, друкавацца -- з 1932 года. Першы верш -- "Заштрайкавалi гіганты-комiны" -- пад псеўданiмам Максiм Танк быў апублiкаваны ў газеце-аднадзёнцы "Беларускае жыццё" (г. Львоў) 7 красавiка 1932 года.

У 1936 годзе выходзiць першы зборнiк вершаў М. Танка "На этапах" (канфiскаваны палiцыяй), у 1937 -- другi зборнiк "Журавiнавы цвет" i асобным выданнем паэма "Нарач", у 1938 -- трэцi зборнiк "Пад мачтай". Неяк спакваля i ў той жа час iмклiва, для многіх, вiдаць, шмат у чым неспадзявана паэт апынуўся ў цэнтры лiтаратурна-мастацкага жыцця ў 3аходняй Беларусi. Пра яго загаварылi ў друку (ды як загаварылi!), яго творы i кнiгi сталi прадметам шырокага i зацiкаўленага абмеркавання, лiтаратурна-творчых дыскусiй. "Максiм Танк гэта вельмi маладая, але сiльная творчасьцяю iндывiдуальнасьць, -- пiсала газета "Наша воля", даючы iнфармацыю аб вечары беларускай паэзii i песнi, якi адбыўся ў Вiленскiм унiверсiтэце 15 сакавiка 1936 года. --Ягоная творчасьць вырасла ў вастрогах i, вырваўшыся з турмы, залiла 3ах. Беларусь. Творы Танка -- гэта лявiна, гэта бурная хваля, якая парывае ўсiх, трасе ўсiм i ламае ўсё. Танк можа стацца вялiкiм песьняром Беларусi, калi не забудзе аб найважнейшай умове -- згушчаць чым найбольш думку на палатне вобразу". Дадзеная ўмова -- "згушчаць чым найбольш думку на палатне вобразу" -- станецца адным з вядучых мастацка-выяўленчых прынцыпаў, стылеўтваральных сродкаў паэта.

Некаторыя заходнебеларускiя крытыкi з М. Танкам i яго творчымi пошукамi звязвалi наступленне цэлай эпохi ў развiццi нацыянальнай лiтаратуры. Напрыклад, артыкул С. Калiны, змешчаны ў часопiсе "Калоссе", так i называўся -- "На парозе новае эпохi ў беларускай лiтаратуры". "Ягоная творчасьць, што паўстала на працягу ўсяго трох апошнiх гадоў, -- адзначаў аўтар, -- улiла ў нашую лiтаратуру зусiм новыя плынi, выявiла аграмадныя мастацкiя асягненьнi, напасьледак намецiла новы, адказуючы духу часу i варункам сучаснага жыцьця мастацкi i iдэёвы кiрунак. Беларуская лiтаратура дзякуючы Танку перажывае сяньня, пасьля "нашанiўскай" пары i ейнага прадаўжэньня, свой другi рэнэсанс, тым iншы за першы, што паколькi Купала i Колас, могучы мала карыстаць з лiтаратурнай спадчыны сваiх папярэднi-каў, мусiлi перадусiм тварыць i замацоўваць наш лiтаратурны быт, патолькi сяньня распачынае нашая лiтаратура эпоху поўнай дасканаласьцi, асягіваючы агульнаэўропэйскую ступень разьвiцьця". І далей: "Грамадзкiя матывы ў Танка выплываюць арганiчна iз абразоў i сытуацыяў, намаляваных у творы, рэалiзуюцца пры помачы канкрэтных i арыгiнальных сымболяў".

Творчасць М. Танка 30-х гадоў вызначалася маштабнасцю гiстарычнага мыслення, шырынёй духоўна-мастацкiх даляглядаў аўтара. Вялiкую папулярнасць у чытача набылi яго вершы "Спатканне", "Песня кулiкоў", "Чорныя скiбы", "Да дня", "Акт першы", "Тры песнi", "Паслухайце, вясна iдзе...", "Раманс", "На пероне" i iнш. Лiрычны герой паэта прываблiваў паўнакроўнасцю ўспрымання жыцця, натуральнасцю i нязмушанасцю сваiх паводзiн i ўчынкаў, непадробнай чалавечнасцю, цвёрдай верай у народныя першакаштоўнасцi, жыццесцвярджальныя сiлы грамадства. Ён засяродзiўся на пошуках адказаў на самыя балючыя пытаннi часу, на асэнсаваннi актуальных грамадска-патрыятычных i сацыяльных праблем рэчаiснасцi, глыбокiм выяўленнi душэўна-псiхалагічнага свету свайго сучаснiка. Фiласофская лiрыка суседнiчала ў паэта з сатырычнымi творамi, пейзажныя матывы i вобразы перапляталiся з выяўленнем асаблiвасцей iнтымнага свету героя, традыцыйныя, сiлаба-танiчныя вершы змянялiся дольнiкамi i верлiбрамi i iнш. І ўсе цi амаль усе яны хораша ўражвалi багаццем i разнастайнасцю моўна-выяўленчых, мастацка-стылiстычных сродкаў.

Выконваючы высокую мiсiю гераiчнага змагання за свабоду i незалежнасць роднай Бацькаўшчыны, М. Танк годна прайшоў дарогамi ахвярнага ваеннага лiхалецця, якое з'явiлася своеасаблiвым працягам заходнебеларускага перыяду жыцця i творчасцi паэта. У гады вайны ён працуе ў газеце "За Савецкую Беларусь", агiтплакаце "Раздавiм фашысцкую гадзiну", пiша i выдае паэму "Янук Сялiба" (1943), зборнiкi вершаў "Вастрыце зброю" i "Праз вогненны небасхiл" (1945).

Адзначаныя i многiя iншыя якасцi i асаблiвасцi творчай iндывiдуальнасцi М. Танка напоўнiцу раскрылiся ў пасляваенны перыяд духоўна-эстэтычных пошукаў i здабыткаў паэта.

Адным з лепшых у беларускай паэзii пасляваеннага дзесяцiгоддзя з'явiўся зборнiк М. Танка "Каб ведалi" (1948), справядлiва адзначаны Дзяржаўнай прэмiяй СССР. Сваiм зместам i пафасам ён цалкам звернуты ў нядаўняе мiнулае, лiрычны герой кнiгі засяродзiўся на асэнсаваннi драматычных i трагічных старонак другой сусветнай вайны. Шмат цiкавых i арыгiнальных твораў увайшло ў наступныя зборнiкi паэта -- "На камнi, жалезе i золаце" (1951) i "У дарозе" (1954). Праўда, вершы гэтага перыяду яго творчасцi, канца 40 -- першай паловы 50-х гадоў, як, зрэшты, i ўсё тагачаснае савецкае мастацтва, сур'ёзна закранула сумнавядомая "тэорыя бесканфлiктнасцi i iлюстрацыйнасцi". Але надзейнай парукай далейшага паступальнага руху наперад i набору вышынi была тая акалiчнасць, што М. Танк бачыў свае недахопы, падкрэслена крытычна ставiўся да зробленага ў гэты час. "Асабiста я не задаволен вынiкамi сваёй працы за апошнiя гады, -- гаварыў ён на з'ездзе пiсьменнiкаў. -- Я напiсаў два зборнiкi вершаў... Ёсць там вершы лепшыя, вершы, якiя дорагі мне, i такiя, якiя толькi гавораць аб пройдзенай дарозе. Але ўсе яны, сабраныя ў зборнiк, не даюць цэльнага вобраза, не даюць адказу на многiя пытаннi, якiя хвалююць мяне i маiх герояў..."

З 1948 па 1966 год М. Танк працуе галоўным рэдактарм часопiса "Полымя", з 1966 па 1990 год -- першым сакратаром, старшынёй Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. Абiраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947--1971) i СССР (1969--1989), старшынёй Вярхоўнага Савета БССР VI -- VII склiканняў (1963--1971), з'яўляецца членам шматлiкiх грамадскiх арганiзацый.

У 60--90-я гады выходзяць лепшыя кнiгi паэта, якiя атрымалi высокую ацэнку крытыкi i лiтаратуразнаўства, усёй грамадска-культурнай супольнасцi: "Мой хлеб надзённы" (1962), "Глыток вады" (1964), "Перапiска з зямлёй" (1967), "Хай будзе святло" (1972), "Дарога, закалыханая жытам" (1976), "Прайсцi праз вернасць" (1979), "За маiм сталом" (1984) i iнш. Яго мастацкая iндывiдуальнасць дасягае сапраўднага росквiту. М. Танк "моцным творчым парываннем разрывае абалонку звыклай штодзённасцi, адкрывае глыбiнныя ўнутраныя сувязi", якiя iснуюць памiж асобнымi прадметамi i грамадскiмi працэсамi. "Факты i з'явы, уключаныя ў перажыванне, узбуйняюцца, -- акцэнтаваў В. Бечык, -- рэальныя абставiны пераасэнсоўваюцца, панарамная карцiна жыцця канцэнтруецца ў вобразнае адзiнства. Так раскрываецца сучасная насычанасць чалавечай свядомасцi разнастайным духоўным, палiтычным, побытавым матэрыялам жыцця..."

М. Танк факусуе сваю ўвагу, здаецца, на ўсiм багаццi i шматстайнасцi з'яў i працэсаў навакольнай рэчаiснасцi, жыцця на зямлi, яго спаконвечных i хуткабежных праблемах i супярэчнасцях. Касмiчнасць мыслення паэта, планетарны кантэкст бачання i асэнсавання той цi iншай праблемы дзiвосным чынам сумяшчаюцца ў яго творах з пластыкай прадметнага аналiзу, апеляцыяй да шматлiкiх i характарыстычных акалiчнасных дэталей. Падкрэсленая грамадзянска-патрыятычная заангажаванасць многiх вершаў, iх прамоўншцка-публшцыстычны пафас не толькi не адмаўляюць, а, наадварот, прадугледжваюць наяўнасць так званай прыватнай канкрэтыкi рэчаў, глыбокае выяўленне складанага i супярэчлiвага свету асобы чалавека, раскрыццё яе найтанчэйшых душэўных перажыванняў. Пры гэтым працэс засяроджанага роздуму М. Танка, спасцiжэння важных метадалагiчных iсцiн, фiласофска-аналiтычная развага арыгiнальна сiнтэзуюцца з традыцыйнай для яго канстатацыяй пералiчэння, сцвярджэннем даўно вывераных iдэй i прынцыпаў, унутрана адмабiлiзаванай фармулёўкай пэўных вывадаў. Сiлагічнае мысленне, аўталогiя ацэнак i заключэнняў паэта хораша дапаўняюцца i адцяняюцца яркiмi метафарычнымi карцiнамi i накiдамi, узорамi падкрэсленага ўмоўна-асацыятыўнага пiсьма. Унутрана сабраны, традыцыйны верш арганiчна ўзаемадзейнiчае ў яго з адкрыццямi мадэрнiсцкага характару як у змесце, так i ў форме, пошукамi цiкавых i арыгiнальных спосабаў i прыёмаў версiфiкацыi, смелым абнаўленнем паэтыкi. Індывiдуальны стыль М. Танка, --абгрунтавана падкрэслiвае У. Гнiламёдаў, -- адзiн з самых магутных i яркiх у сучаснай паэзii. Яго рэалiзм адухоўлены ўзвышаным рамантызмам, фiласофская думка аплоднена выразнай пластыкай, верлiбр -- насычаны сацыяльна i псiхалагічна. Пра яго кнiгi можна гаварыць, як пра значныя лiрычныя паэмы, у якiх вершы -- своеасаблiвыя раздзелы -- моцна звязаны памiж сабой адзiным светаадчуваннем, эмоцыяй, рытмам, стылем..."

Вялiкая i плённая грамадска-сацыяльная дзейнасць i багатая i шматстайная лiтаратурна-творчая праца М. Танка былi адзначаны прысваеннем яму высокiх званняў народнага паэта Беларусi (1968), Героя Сацыялiстычнай Працы (1974), узнагароджаннем шматлiкiмi ордэнамi i медалямi. Ён з'яўляўся акадэмiкам НАН Беларусi (1972), ганаровым грамадзянiнам г. Мiнска (1987). У 1966 годзе за зборнiк вершаў "Мой хлеб надзённы" паэту была прысуджана Дзяржаўная прэмiя Беларусi iмя Я. Купалы, у 1978 за зборнiк "Нарочанские сосны" (Масква, 1977) --Ленiнская прэмiя.

Памёр М. Танк 7 жнiўня 1995 года.

Творчасць Максiма Танка -- выдатная з'ява ў свеце сучаснай еўрапейскай лiтаратуры. Па меркаваннi У. Конана, паводле свайго мастацкага таленту народны паэт Беларусi -- "на ўзроўнi сучасных лаўрэатаў Нобелеўскай прэмii, калi не вышэй некаторых з iх". Напоўненыя глыбокiм фiласофска-аналiтычным асэнсаваннем жыцця i чалавека, высокiм гуманiстычным зместам i грамадзянска-патрыятычным пафасам, яго творы шырока раскрылi асаблiвасцi нацыянальнага характару, гістарычнага шляху i лёсу беларускага народа, выявiлi багацце i шматстайнасць яго гiсторыi i культуры, вялiкiя патэнцыяльныя магчымасцi мовы, пераканаўча абгрунтавалi паўнапраўнае месца беларусаў у еўрапейскай супольнасцi.

Journal Top


NASB
Academy
Return to The NASB Presidium Information Server Home Page


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: February 20, 2003
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2003 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2002 The Belaruskaya Navuka Publishing House