![]() | Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus (Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi) SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCES Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus |
Ганароваму акадэмiку НАН Беларусi, народнаму пiсьменнiку Янку Брылю 4 жнiўня 2002 года споўнiлася 85 гадоў. Ён --з таго сузор'я знакавых iмёнаў, якiмi на небасхiле сусветнай культуры пазначана прысутнасць нашай нацыянальнай лiтаратуры. Актыўны грамадскi дзеяч, яркая чалавечая асоба, ён перщ за ўсё -- пiсьменнiк, бо гэта -- спосаб жыцця, якi вызначае лiнiю чалавечых i грамадскiх паводзiн.
Нарадзiўся І. А. Брыль 4 жнiўня 1917 г. у Адэсе, дзе бацька будучага пiсьменнiка працаваў на чыгунцы. У 1922 годзе сям'я вяртаецца на радзiму, на Навагрудчыну, у вёску 3агора. Першыя жыццёвыя ўражаннi хлопчыка -- пра мора, шумны паўднёвы горад i пераезд у вёску: з Савецкай Расii -- у Заходнюю Беларусь. Нягледзячы на досыць складаныя матэрыяльныя ўмовы, той псiхалагічны мiкраклiмат мнагадзетнай сям'i, у якой гадаваўся Янка Брыль, спрыяў ранняму далучэнню хлопчыка да асветы. Навучанне ў школе, а пасля кароткi час у Навагрудскай гiмназii ён з выключнай настойлiвасцю спалучаў з самаадукацыяй, праз якую далучыўся да скарбаў сусветнай лiтаратуры, папулярных грамадска-фiласофскiх канцэпцый i плыняў. Культурна-масавая i асветнiцкая праца, якую будучы пiсьменнiк разгарнуў у роднай вёсцы i якой адцаваў шмат часу i намаганняў, спрыяла росту яго аўгарытэту.
Асаблiвасцi фармiравання творчай i чалавечай асобы будучага пiсьменнiка ўжо на досыць раннiм этапе вызначылi аснову яго маральна-этычнага крэда, у якiм непарыўна знiтаваны асабiстае, нацыянальнае, агульначалавечае i якое пазней па-мастацку пераканаўча выявiлася ў гуманiстычным прынцыпе яго жыцця i творчасцi: "Вышэй i перш за ўсё -- чалавечнасць".
Сапраўды, праз мастацтва слова Янка Брыль сцвярджае перш за ўсё перавагу чалавечага ў чалавеку. Гэта выявiлася яшчэ ў яго пачатковых -- вершаваных -- лiтаратурных спробах (першы верш надрукаваў у 1938 г. у часопiсе "Шлях моладзi"). Адначасова асвойваў i празаiчныя жанры, аднак першы зборнiк "Апавяданнi" з'явiўся толькi ў 1946 г. Перашкодай на творчым шляху пiсьменнiка стала вайна, якая заспела юнака пад Гдыняй, дзе ён ужо з 1 верасня 1939 г. удзельнiчаў у абарончых баях супраць гітлераўскай агрэсii. Пазней -- у вынiку капiтуляцыi польскiх войск -- трапiў у палон, з якога ў жнiўнi 1941 г. яму ўдалося ўцячы i вярнуцца дадому. У 1942 г. Янка Брыль -- сувязны, у 1944 -- разведчык партызанскай брыгады "Камсамолец" i ў той жа час -- рэдактар газеты Мiрскага падпольнага райкома "Сцяг свабоды" i сатырычнага лiстка "Партызанскае жыгала". Пасля вызвалення беларускiх тэрыторый працаваў у рэдакцыях раённых газет, а з кастрычнiка 1944 г. загадваў аддзелам рэдакцыi часопiса "Вожык".
Вопыт ваеннага i партызанскага жыцця, натуральна, зрабiў моцны ўплыў на яго творчасць. Гэта выявiлася ў апавяданнях ("Апоўначы", "Мой зямляк", "Казачок" i iнш.), а таксама ў аповесцях "Ты мой найлепшы сябра", "Сонца праз хмары" i iнш. Адным з першых у беларускай лiтаратуры пiсьменнiк асэнсаваў вайну як з'яву не толькi гістарычнага, а перш за ўсё маральна-этычнага парадку. І ў гэтым як сапраўды таленавiты мастак ён рэалiзаваў сродкамi прыгожага пiсьменства новае, адрознае ад папярэднiкаў, бачанне, якое даў яму менавiта той час, у якiм гартаваўся яго ўласны лёс.
Чуйны да грамадскiх зрухаў, змен у сацыяльнай псiхалогіi, у першыя пасляваенныя дзесяцiгоддзi Янка Брыль звяртаецца да актуальных тэм сучаснасцi: уваходжанне ў новы лад старой заходнебеларускай вёскi ("Праведнiкi i зладзеi", "Марыля"), жыццёвыя i iдэйныя пошукi сялянства i моладзi ("Партрэт старэйшага таварыша", "Гранiца"), умацаванне маральна-этычнага ладу сям'i ("Сiрочы хлеб", "У сям'i"), сацыялiстычнае будаўнiцтва ("Сэрца камунiста", "Памяцi Валянцiна Таўлая"). Аднак выразна лiрычная прырода яго таленту паставiла перад пiсьменнiкам вострую мастацка-эстэтычную дылему: падпарадкавацца стэрэатыпам сацыялiстычнага рэалiзму, дзе лiрычная канцэпцыя свету i чалавека, так званая "сентыментальшчына", лiчылася заганнай, альбо, насуперак тагачаснаму лiтаратурнаму афiцыёзу, заставацца самiм сабой. Пiсьменнiк убярогся ад страты мастацкай iндывiдуальнасцi. Аднак "лiрычнасць" нiякiм чынам не абмежавала зместавыя i выяўленчыя магчымасцi творчай манеры Янкi Брыля, наадварот, умацавала сцвярджэнне новага мастацкага прынцыпу: лiрычнаму таленту не ў меншай ступенi, чым эпiчнаму, падуладна вырашэнне глабальных творчых задач. У гэтым -- неацэнны ўклад пiсьменнiка ў гісторыю нацыянальнай лiтаратуры.
Творы Янкi Брыля вучаць чытача культуры эмоцый i адносiн з людзьмi, дасягненню суладдзя думкi i пачуцця -- i пры гэтым узнiмаюць цэлы пласт складаных праблем, на фоне якiх лёс i перспектывы нацыi робяцца цi не галоўным клопатам пiсьменнiка. Напачатку 60-х з'яўляецца ў друку знакамiты раман "Птушкi i гнёзды", якi адразу быў высока, але i неадназначна ацэнены крытыкай. Гэта не дзiўна, бо складаная вобразная, стылёвая i iдэйная шматкампанентнасць твора яшчэ i сёння дае падставы весцi гаворку пра тое, што раман недастаткова ацэнены, не да канца выяўлены сутнасныя акцэнты твора: паводле задумы, жанрававыяўленчага прынцыпу, сэнсавай змястоўнасцi. Саракагадовая часавая адлегласць, якая аддзяляе нас ад моманту першай публiкацыi твора, не зрабiла менш актуальным i галоўны сэнсава-кампазiцыйны код твора: "вывесцi беларуса ў шырокi свет, на перакрыжаванне лёсаў многiх народаў, каб чалавек паглядзеў на чужое i яшчэ лепш усвядомiў i зразумеў сваё".
Жыццё i смерць, iмгненне i вечнасць, радзiма i сусвет, прымус i свабода, вайна i мiр, народ i нацыя, дзяржава i асоба, каханне i сяброўства, здрада i вернасць, абавязак i выбар, горад i вёска, бацькi i дзецi, сваё i чужое -- гэта зусiм не поўны пералiк тэм i праблем, над якiмi задумваюцца героi твораў Янкi Брыля. Аповесцi "У Забалаццi днее", "Апошняя сустрэча", "На Быстранцы", "Золак, убачаны здалёк", "Нiжнiя Байдуны", цыклы лiрычных мiнiяцюр i iншыя творы, якiя добра вядомыя чытачу -- гэта няспынная размова пра чалавека, пра яго жыццё на "планеце людзей", пра разуменне гэтага жыцця i пошук свайго месца ў iм. Сцвярджэнне высокiх маральных каштоўнасцей i этычнага iдэала пастаянна прысутнiчае ў творах пiсьменнiка i выяўляецца праз нязменную нацыянальную дамiнанту, праз повязь часоў i лёсаў -- у канкрэтыцы гістарычных падзей i супярэчлiвасцi праяў чалавечай душы. А шматфарбнасць выяўленчай палiтры, высокi ўзровень жывога iнтэлекту i вiртуозна-разняволенай улады над народным словам пераканаўча сведчаць пра блiскучую мастацкую рэалiзацыю творчых задум. Творы Янкi Брыля шырока вядомыя i перакладзены на многiя мовы народаў свету.
Пранiкнёны i засяроджаны роздум пiсьменнiка пра жыццё i чалавечыя лёсы нiколi не абмяжоўваўся сценамi яго рабочага кабiнета. Высокая грамадская актыўнасць вылучала яго тады, калi ён працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР, намеснiкам рэдактара часопiсаў "Маладосць" i "Полымя", быў сакратаром праўлення СП БССР. Разумеючы неабходнасць упiсаць беларускую лiтаратуру ў агульнаславянскi кантэкст i надаць ёй статус развiтой еўрапейскай лiтаратуры, ён вядзе актыўную работу па ўмацаваннi сувязей беларускай лiтаратуры з лiтаратурамi народаў СССР i краiн сацыялiстычнай садружнасцi. Клопат пра выхаванне таленавiтай творчай моладзi i пра якасць друкаванага слова, якое iдзе да чытача са старонак перыядычных выданняў, выклiкаў дзейны удзел пiсьменнiка ў працы рэдкалегiй альманаха "Далягляды", часопiса "Польмя", рэдакцыйнага савета выдавецтваў "Мастацкая лiтаратура", "Юнацтва". Шмат сiл i энергii аддаваў пiсьменнiк працы ў якасцi старшынi Беларускага аддзялення таварыства "СССР--Канада", дэпутата Вярхоўнага Савета БССР.
І. А. Брыль узнагароджаны двума ордэнамi Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамi Айчыннай вайны 2-й ступенi, "Дружбы народаў", "Знак Пашаны", Ганровымi граматамi Вярхоўных Саветаў Украiнскай i Латвiйскай ССР, медалямi. Ён -- лаўрэат Дзяржаўнай прэмii СССР (1952), Дзяржаўнай прэмii БССР (1982), Лiтаратурнай прэмii БССР iмя Я. Коласа (1963).
Выдатны творчы вопыт Янкi Брыля нязменна будзiць думку пра цану пiсьменнiцкага слова, пра важнасць выяўлення ў iм, гэтым слове, дакладнай меры супадзення высокага служэння мастацкаму iдэалу i бескампрамiснай грамадзянскай пазiцыi, бескарыслiвай шчырасцi i прынцыповай праўдзiвасцi, непасрэдна-iмклiвай эмоцыi i цвяроза-ўзважанай думкi. Творчасць Янкi Брыля -- сапраўды класiчны прыклад такой гармонii.
Шмат напiсана пра амаль фiзiчнае незаменнае адчуванне брылёўскай прысутнасцi ў нашай нацыянальнай лiтаратуры, пра унiкальнае i разам з тым тыпова беларускае размеркаванне акцэнтаў у спасцiжэннi пiсьменнiкам свету i чалавечнасцi. Ён адметны i сапраўды незаменны. Пра гэта, разам са словамi чытацкай удзячнасцi, хочацца яшчэ раз сказаць у юбiлейныя днi.
Academy |