![]() | Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus (Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi) SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCES Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus |
5 лютага 2001 г. спаўняецца 70 гадоў выдатнаму вучонаму, члену-карэспандэнту НАН Беларусі, доктару юрыдычных навук, прафесару, заслужанаму дзеячу навукі Рэспублікі Беларусь Віктару Iванавічу Шабайлаву.
В. І. Шабайлаў нарадзіўся ў в. Мікалаеўка Шклоўскага раёна, Магілёўскай вобласці. Бацька памёр рана. Дзяцінства супала з нямецка-фашысцкай акупацыяй Магілёўшчыны. Віктар Іванавіч пазнаў усе нягоды нялёгкай сялянскай працы.
У 1948 г. паступіў на вучобу ў Магілёўскае педагагічнае вучылішча, з трэццяга курса якога ў 1951 г. быў прызваны ў Савецкую Армію. Служыў у Паветраных сілах (па тэхнічнай частцы). Пасля дэмабілізацыі год працаваў настаўнікам у в. Александрыя Шклоўскага раёна.
У 1954 г. паступіў у Белдзяржуніверсітэт на юрыдычны факультэт, які скончыў у 1959 г. Пасля працаваў стажорам на пасаду суддзі ў Магілёўскім абласным судзе, стажорам на пасаду памочніка пракурора ў пракуратуры Магілёва, памочнікам пракурора Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.
У 1961 г. паступіў у аспірантуру Аддзела прававых навук Акадэміі навук БССР, навучанне ў якой праходзіў у Інстытуце дзяржавы і права АН СССР. З гэтага часу амаль усё жыццё В. Ш. Шабайлава звязана з Акадэміяй навук Беларусі. У 1964 г. ён у тэрмін абараніў кандыдацкую дысертацыю; працаваў малодшым, старшым навуковым супрацоўнікам, а з 1974 г. -- загадчыкам сектара дзяржаўнага кіравання і савецкага будаўніцтва, загадчыкам аддзела дзяржаўнага права і кіравання Інстытута філасофіі і права АН БССР. У 1978 г. абараніў доктарскую дысертацыю, у 1986 г. выбіраецца членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР, у 1992 г. прысвойваецца вучонае званне прафесара. Некаторы час, з лістапада 1995 г. па лістапад 1996 г. В. І. Шабайлаў працуе дырэктарам НДЦ кадравай палітыкі і ўдасканальвання дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З лістапада 1997 г. -- суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, мае вышэйшы кваліфікацыйны клас суддзі. Працу суддзі сумяшчаў з навукова-даследчай і навукова-арганізацыйнай работай у Інстытуце філасофіі і права, а зараз у Інстытуце дзяржавы і права НАН Беларусі.
В. І. Шабайлаў пастаянна займаецца падрыхтоўкай навуковых кадраў. Сярод яго вучняў каля 10 кандыдатаў і дактароў юрыдычных навук, якія ўдзячныя яму і працягваюць яго працу. Сярод яго вучняў вядомыя вучоныя ў галіне канстытуцыйнага права і мясцовага самакіравання. Вялікую ўвагу В. І. Шабайлаў удзяляе педагагічнай дзейнасці. Не адно пакаленне юрыстаў Рэспублікі Беларусь, якія маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю, слухалі лекцыі прафесара В. І. Шабайлава.
В. І. Шабайлаў высокакваліфікаваны даследчык у галіне канстытуцыйнага, адміністрацыйнага права і кіравання. Ён унёс значны ўклад у даследаванне арганізацыйна-прававых пытанняў сацыяльна-культурнага і дзяржаўнага будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, устанаўленне і развіццё сацыяльна-прававой дзяржавы, мясцовага самакіравання і кіравання. Ім апублікавана каля 200 навуковых прац, у тым ліку 9 манаграфій, з якіх 6 у сааўтарстве, адзін падручнік (у сааўтарстве), Значны ўклад В. І. Шабайлаў унёс у развіццё заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Ён прымае актыўны ўдзел у якасці кіраўніка і выканаўца распрацоўкі рада законаў, у тым ліку закона аб культуры. ахове здароўя, аб друку, аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Нямала сіл і часу аддаў юбіляр і грамадскай працы. На працягу многіх гадоў з'яўляўся старшынёй народнага кантролю і старшынёй прафсаюзнай арганізацыі Інстытуга філасофіі і права АН БССР. У цяперашні час з'яўляецца членам двух вучоных саветаў па абароне дысертацый.
В. І. Шабайлаў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалямі "За доўгатэрміновую і добрасумленную працу".
Academy |