![]() | Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus (Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi) SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCES Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus |
Міхаіл Іосіфавіч Мушынскі -- адзін з самых выдатных і знакамітых сучасных беларускіх літаратуразнаўцаў і крытыкаў -- нарадзіўся 24 студзеня 1931 года ў вёсцы Мокрае Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.
Хоць бацька працаваў на чыгунцы, але сям'я, жывучы ў вёсцы, вяла тыповы лад сялянскага жыцця. У 1938 годзе Міхась пайшоў у першы клас Макранскай СШ. Вучобу перапыніла вайна. У час вайны сям'я жыла ў роднай вёсцы, а бацька працаваў на ваенным заводзе ў г. Ніжні Тагіл Свярдлоўскай вобласці. Пасля вайны Міхась зноў вучыўся ў Макранскай школе. У 1948 годзе здаў экстэрнам экзамены за 8 класаў і быў прыняты ў Быхаўскую СШ № 1. Школу скончыў з медалём і ў 1950 годзе паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Закончыў вучобу ва універсітэце ў 1955 годзе. Год працаваў рэдактарам выдавецтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Здавалася б, гэты год -- усяго толькі выпадковая з'ява ў біяграфіі літаратара. Аднак гэта не так. Рэдактарская праца шмат у чым нагадвае тэксталагічную працу. І калі сёння Міхаіл Іосіфавіч з'яўляецца ключавой фігурай у беларускай тэксталогіі, то, думаецца, той адзіны год не быў бескарысны ў яго працоўнай біяграфіі.
З 1956 года М. І. Мушынскі -- навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе ён і цяпер шчасліва супрацоўнічае, ахутаны ўвагай і павагай усяго калектыву. Тут пад кіраўніцтвам Міхаіла Іосіфавіча былі выдадзены зборы твораў беларускіх пісьменнікаў І. Мележа, М. Лынькова, М. Гарэцкага. П. Пестрака, З. Бядулі, П. Броўкі, М. Багдановіча, М. Зарэцкага, што, безумоўна, узбагаціла фактычныя ўяўленні зацікаўленага беларускага чытача аб багацці і значнасці духоўнага жыцця ў рэспубліцы Беларусь. Цяпер ён загадчык аддзела выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
М. І. Мушынскі -- доктар філалагічных навук (1978), член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1991), член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1973 года, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за ўдзел у напісанні "Гісторыі беларускай савецкай літаратуры" (на рускай мове). Узнагароджваўся бронзавым медалём ВДНГ СССР за манаграфію "Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20-30-я гады". У той час ніводная рэспубліка не мела такіх даследаванняў па прычыне ідэйна-палітычных складанасцяў гэтай праблемы. Міхаіл Іосіфавіч не спалохаўся гэтай вельмі сур'ёзнай перашкоды, яго кніга аб'ектыўна-аналітычная. І ў гэтым заслуга яе аўтара.
Усе кнігі М. І. Мушынскага, а іх набіраецца шмат: "Ад задумы да здзяйснення. Творчая гісторыя "Новай зямлі" і "Сымона-музыкі" (1965), "Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Агульны рух і галоўныя тэндэнцыі" (у сааўтарстве з В. Каваленкам і А. Яскевічам) (1972), "Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20-30-я гады" (1975), "Якуб Колас. Летапіс жьщця і творчасці" (1982), "Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 40-я -- першая палавіна 60-х гадоў" (1985), "Каардынаты пошуку. Беларуская крытыка: набыткі і перспектывы" (1988). "І нічога, апроч праўды: якой быць "Гісторыі беларускай літаратуры" (1990), "Нескароны талент. Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага" (1991) -- праблемна акадэмічныя. Усе яны рэцэнзаваліся ў розных выданнях многімі аўтарамі, што сведчыць пра ідэйна-эстэтычную актуальнасць іх зместу. Нават першую яго кнігу "Ад задумы да здзяйснення" рэцэнзавалі такія до6расумленныя і баявітыя крытыкі, як Д. Бугаёў і В. Рагойша. Але ён не цураецца і жывога літаратурнага жыцця. Ім напісана больш двухсот артыкулаў пра бягучы літаратурны працэс. І ўсе яны вызначаюцца жывасцю выкладання думкі і вобразнасцю слова.
Міхаіла Іосіфавіча ахвотна запрашаюць выступіць настаўніцкія арганізацыі, бо ведаюць, што яго думка навукова дакладная і яе можна выкарыстаць непасрэдна ў сваёй практычнай дзейнасці.
Шмат гадоў узначальваў і сёння ўзначальвае М. І. Мушынскі секцыю крытыкі і літаратуразнаўства ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Па актыўнасці дзейнасці і значнасці зробленага секцыя лічыцца адной з самых лепшых. На пасяджэннях ставяцца і абмяркоўваюцца важныя і актуальныя праблемы сучаснага літаратурнага жыцця, удзяляецца належная ўвага выхаванню літаратурнай моладзі.
Праблема выхавання маладой змены крытыкаў і літаратуразнаўцаў звязана і з іншымі творчымі лініямі жыццёвага лёсу М. І. Мушынскага. Ён член Спецыяльнага савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі і Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе часта выступае ў якасці арбітра ў вызначэнні навуковай якасці даследаванняў маладых вучоных. Ён цесна супрацоўнічае з Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй, якая заклікана правяраць навуковую каштоўнасць прац, якія абараняюцца ў якасці дысертацый.
Любімымі творчымі асобамі для даследавання іх літаратурнай спадчыны з'яўляюцца ў Міхаіла Іосіфавіча Якуб Колас, Міхась Зарэцкі і асабліва Максім Гарэцкі, што цалкам апраўдана ва ўсіх сэнсах.
Не было, бадай што, ніводнай навуковай канферэнцыі ў рэспубліцы, на якой М. І. Мушынскі не выступіў бы з грунтоўным дакладам, прысвечаным аналізу творчасці таго ці іншага з вышэй названых класікаў нацыянальнай літаратуры. Ён актыўны і пастаянны ўдзельнік літаратурных чытанняў "Каласавіны", якія штогод праводзяцца Літаратурным музеем Якуба Коласа. Ахвотна ездзіць ён таксама з дакладамі на літаратурна-навуковыя мерапрыемствы, якія адбываюцца на радзіме Максіма Гарэцкага.
На літаратурную грамадскасць вострае ўражанне зрабіла тэксталагічнае даследаванне Міхаіла Іосіфавіча, у якім ён параўнаў першапачатковы, аўтарскі тэкст аповесці Якуба Коласа "Адшчапенец" (1929) з тым варыянтам, які выпусціла ў свет выдавецтва. Цэнзурныя пралікі, як гэта даказаў і на канкрэтных прыкладах паказаў М. І. Мушынскі, былі такімі істотнымі, што можна думаць, што гэта зусім іншы твор. Аказваецца, у канцы 20-х гадоў цэнзура асмельвалася ўмешвацца ў творчую пазіцыю нават народнага паэта рэспублікі. Гэта было яшчэ адным непрыемным адкрыццём у параўнанні з тым, што ўжо было вядома. Але навука ёсць навука.
Міхаіл Іосіфавіч Мушынскі знаходзіцца ў росквіце сваіх творчых сіл. І застаецца толькі пажадаць яму моцнага здароўя і новых навуковых дасягненняў.
Academy |