THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS


Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus
(Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCES

Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus

Separate article from Number 4, 2000 (pp. 134--135)

Journal

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI. SCIENTISTS OF BELARUS

Васілевіч Р.А.
Віктар Іванавіч Семянкоў (Да 75-годдзя з дня нараджэння)
Vasilevich R.A.
Victar Ivanavich Semyankow (To 75th anniversary).

26 снежня 2000 года спаўняецца 75 гадоў шырока вядомаму як у Беларусі, так і за яе межамі беларускаму вучонаму, члену-карэспандэнту Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктару юрыдычных навук, прафесару, Заслужанаму дзеячу навукі Рэспублікі Беларусь Віктару Іванавічу Семянкову.

Дзяцінства Віктара Іванавіча прайшло ў звычайнай сялянскай сям'і на Мсціслаўшчыне. Рана застаўся без бацькі. Жылося цяжка, паколькі ў маці акрамя яго бьші яшчэ тры непаўналетнія дачкі. Прыйшлося з ранняга дзяцінетва ўключацца ў цяжкую сялянскую працу.

У сакавіку 1944 г. васемнаццацігадовым юнаком Віктар Іванавіч стаў салдатам Савецкай Арміі. Ужо ў жніўні ён прыняў баявое хрышчэнне ў раёне Сандамірскага працдарма. Затым у якасці камандзіра процітанкавай гарматы прымаў удзел у Вісла-Одэрскай аперацыі, у штурме горада-крэпасці Брэснаў (Вроцлаў). Быў ранены. Яго баявыя заслугі адзначаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі "За адвагу", "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.". Воінская служба В.І. Семянкова працягвалася да сакавіка 1950 года.

Пасля дэмабілізацыі Віктар Іванавіч экстэрнам здаў экзамены за сярэднюю школу і паступіў у Мінскі юрыдычны інстытут, які закончыў з адзнакай у 1954 г. Пасля заканчэння інстытута чатыры гады працаваў народным суддзёй Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці.

З 1958 г. пачынаецца новы этап у жыцці В.І. Семянкова -- у кастрычніку гэтага года ён паступае ў аспірантуру пры Аддзеле прававых навук АН БССР па спецыяльнасці савецкае працоўнае права. У 1962 г. у Інстытуце дзяржавы і права АН СССР ім была абаронена кандыдацкая дысертацыя на тэму "Прававыя формы дзяржаўнага нагляду і грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства па ахове працы".

З Аддзелам прававых навук, затым Інстытутам філасофіі і права, Інстытутам дзяржавы і права НАН Беларусі неразрыўна звязана ўся далейшая навуковая і грамадская дзейнасць В.І. Семянкова. Пачаўшы працу малодшым, затым старшым навуковым супрацоўнікам, ён у 1972 годзе выбіраецца на пасаду загадчыка сектара гаспадарчага і працоўнага права. У 1974 г. Віктар Іванавіч абараняе доктарскую дысертацыю на тэму "Прававыя праблемы аховы працы ў СССР", а ў 1979 г. яму прысвойваецца вучонае званне прафесара. У 1980 годзе ён выбіраецца членам-карэспандэнтам АН БССР.

В.І. Семянкоў з'яўляецца таксама акадэмікам Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій і акадэмікам Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўніцкіх навук.

Навуковай дзейнасці ва ўстановах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі В.І. Семянкоў аддаў больш 40 гадоў свайго жыцця і вырас ад аспіранта да выдатнага вучонага і арганізатара навуковых даследаванняў, заслугі якога перад прававой навукай прызнаны не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. У 1983 г. ён становіцца намеснікам дырэктара Інстытута філасофіі і права па навуковай рабоце, працягваючы паспяхова кіраваць аддзелам гаспадарчага і працоўнага права. Кіраўніцтва гэтым аддзелам Віктар Іванавіч ажыццяўляе і пасля стварэння ў 1999 годзе Інстытута дзяржавы і права НАН Беларусі. Работнікамі аддзела працоўнага, грамадзянскага і гаспадарчага права пад яго кіраўніцгвам апублікавана 35 манаграфій, значная колькасць даведачнай літаратуры, навуковых артыкулаў. Найбольш значнымі дасягненнямі самога В.І. Семянкова з'яўляюцца яго працы ў галіне працоўнага права. Навуковыя асновы аховы працы ў СССР, якія ім распрацаваны, паспяхова развіваюцца прававедамі ў нашай краіне. І гэта заканамерна, паколькі навуковыя працы Віктара Іванавіча вызначаюцца глыбокім аналізам дзеючага заканадаўства, грунтоўным даследаваннем фактычнага матэрыялу, глыбінёй тэарэтычных абагульненняў юрыдычнай практыкі.

Дыяпазон творчых інтарэсаў В.І. Семянкова не абмяжоўваецца пытаннямі працоўнага права. Ім напісаны шэраг прац па праблемах дзяржаўнага будаўніцтва, гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Увогуле Віктарам Іванавічам апублікавана больш 200 навуковых прац аб'ёмам звыш 150 друкаваных аркушаў, у тым ліку 12 манаграфій (5 напісаны індывідуальна і 7 --у сааўтарстве). Пад рэдакцыяй Віктара Іванавіча выдадзены пяць юрыдычных даведнікаў, трохтомнік "Заканадаўства аб працы", два каментарыі да Кодэкса законаў аб працы, шэраг калектыўных навуковых прац. Ён з'яўляецца кіраўніком аўтарскага калектыву першага ў нашай краіне падручніка па працоўнаму праву (1997 г.), аўтарскага калектыву Каментарыя да новага Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (2000 г.).

Шмат робіць В.І. Семянкоў і для падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі навуковых кадраў. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтаваны і абаронены 23 кандыдацкія і 3 доктарскія дысертацыі. І ў сучасны момант ім ажыццяўляецца кіраўніцтва пяццю аспірантамі і пяццю саіскальнікамі вучоных ступеней. З'яўляючыся Старшынёй Савета па абароне доктарскіх дысертацый па спецыяльнасцях 12.00.05 (працоўнае права; права сацыяльнага забеспячэння) і 12.00.06 (сельскагаспадарчае права; прыродарэсурсавае права; экалагічнае права), членам Экспертнага Савета № 8 ВАК Беларусі па юрыдычных навуках, шмат сваёй энергіі аддае ўдзелу ў іх рабоце, забеспячэнню належнага ўзроўню дысертацый, якія праходзяць праз іх. Вучні і паслядоўнікі Віктара Іванавіча працуюць сёння ва ўсіх вышэйшых юрыдычных навучальных установах, а таксама ў многіх дзяржаўных органах нашай краіны. В.І. Семянкоў прымае актыўны ўдзел у законатворчай дзейнасці. Ён з'яўляўся членам рабочай групы па распрацоўцы праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года, прымаючы ўдзел у падрыхтоўцы праектаў многіх дзеючых законаў, працуе ў радзе навуковых і экспертных саветаў. У 1996-1997 гг. Віктар Іванавіч працаваў начальнікам галоўнага ўпраўлення па рабоце з органамі заканадаўчай і судовай улады Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым ён не перапыняў сваёй навуковай дзейнасці ў НАН Беларусі і затым зноў поўнасцю прысвяціў сябе ёй. В.І. Семянкоў карыстаецца заслужаным аўтарытэтам не толькі як выдатны вучоны, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё нацыянальнай прававой навукі і падрыхтоўку кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Сваю шматгранную навуковую дзейнасць ён паспяхова спалучае з вялікай грамадскай працай. На працягу 5 гадоў Віктар Іванавіч узначальваў агульнаакадэмічную прафсаюзную арганізацыю, з'яўляўся старшынёй аб'яднанага камітэта прафсаюзаў АН БССР. 3 1975 па 1983 год ён працаваў сакратаром парткома АН БССР, які дзейнічаў на правах РК КПБ, выбіраўся членам Мінскага абкома КПБ, Мінскага ГК КПБ, членам бюро Першамайскага РК КПБ, дэпутатам Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў, узначальваў пастаянную камісію сацыялістычнай законнасці і аховы грамадскага парадку гарсавета. На ўсіх грамадскіх пасадах Віктар Іванавіч праяўляў якасці таленавітага кіраўніка, для якога на першым плане заўсёды быў клопат аб людзях, аб задавальненні іх штодзённых патрэб, аб забеспячэнні іх прававой абароненасці.

Плённая навуковая і грамадская дзейнасць В.І. Семянкова атрымала заслужанае прызнанне і адзначана высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. За заслугі ў развіцці юрыдычнай навукі ён узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і "Знак Пашаны", Ленінскім юбілейным медалём, дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровымі граматамі многіх дзяржаўных і грамадскіх арганізацый.

За важны ўклад у развіццё беларускай навукі, падрыхтоўку навуковых кадраў указам Прэзідэнта краіны Семянкову Віктару Іванавічу ў 1996 г. прысвоенаганаровае званне Заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь.

Кембрыджскі міжнародны біяграфічны цэнтр (Вялікабрытанія) прысвоіў В.І. Семянкову ганаровае званне Чалавек года (2000/2001). Яно замацавана ў адпаведным пасведчанні і прысвойваецца вядомым асобам, чыі дасягненні і заслугі носяць выдатны характар. Штогод у адборачных камітэтах гэтага цэнтра разглядаюцца дзесяткі тысяч біяграфій, аднак толькі невялікая колькасць удастойваецца прысваення такога ганаровага звання.

Прынцыповы і ў той жа час вельмі ўважлівы да людзей, чулы чалавек -- Віктар Іванавіч Семянкоў карыстаецца аўтарытэтам і вялікай павагай тых, хто з ім працуе і супрацоўнічае, хто ў яго вучыцца і хто проста ведае яго. Навуковая і юрыдычная грамадскасць, калегі і вучні сардэчна віншуюць Віктара Іванавіча з юбілеем і жадаюць яму моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і здзяйснення творчых ідэй, планаў і задум, якімі і сёння прасякнуты наш дарагі юбіляр.

Journal Top


NASB
Academy
Return to The NASB Presidium Information Server Home Page


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: January 4, 2001
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2001 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2000 The Belaruskaya Navuka Publishing House