THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS


Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus
(Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCES

Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus

Separate article from Number 1, 2000 (pp. 151--152)

Journal

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI. SCIENTISTS OF BELARUS

Васючэнка П.В.
Іван Якаўлевіч Навуменка (Да 75-годдзя з дня нараджэння)
Vasyuchenka P.V.
Ivan Yakawlevich Navumenka (To 75th anniversary).

Споўнілася 75 год І.Я.Навуменку -- знакамітаму пісьменніку, вучонаму, арганізатару беларускай навукі, грамадскаму дзеячу. У жыццёвым шляху Івана Якаўлевіча адлюстраваліся лёс цэлага пакалення літаратараў-франтавікоў, частка гісторыі нацыянальнай літаратуры і беларускай акадэмічнай навукі.

Нарадзіўся І.Я.Навуменка ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і чыгуначніка. Суровай жыццёвай школай будучага пісьменніка і навукоўца сталася вайна. Юнак удзельнічаў у падпольнай дзейнасці, уваходзіў у армейскую разведвальную дыверсійную групу, быў партызанам Васілевіцкай брыгады імя Панамарэнкі. 3 снежня 1943 года -- баец Савецкай Арміі, з якой прайшоў ваеннымі шляхамі ад Карэльскага перашыйку да Усходняй Прусіі і Сілезіі. Дэмабілізаваўся з войска ў снежні 1945 года.

Наступная сфера дзейнасці І.Я.Навуменкі -- журналістыка. Ён працаваў карэспандэнтам Мазырскай абласной газеты "Бальшавік Палесся", а ў 1951-1952 гг. -- у рэдакцыі рэспубліканскай газеты "Звязда". У гэты час праявіўся і філалагічны склад творчай асобы І.Я.Навуменкі -- ён піша першыя артыкулы і рэцэнзіі, прысвечаныя творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, І.Мележа, А.Куляшова, П.Пестрака і іншых пісьменнікаў.

Адначасова І.Я.Навуменка вучыцца на завочным адцзяленні філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнагауніверсітэта, па яго заканчэнні паступае ў аспірантуру пры БДУ і за-вяршае вучобу ў ёй у 1954 годзе. Неўзабаве ён абараняе кандыдацкую дысертацыю "Тэма працы ў творах Якуба Коласа".

3 1953 па 1958 г. І.Я.Навуменка працаваў загадчыкам рэдакцыі часопіса "Маладосць". 3 1958 г. пачынаецца яго педагагічная дзейнасць -- ён працуе старшым выкладчыкам, дацэнтам, а пасля абароны доктарскай дысертацыі (1969) -- прафесарам, загадчыкам кафедры беларускай літаратуры БДУ (1969-1972).

У 1972 годзе І.Я.Навуменку выбіраюць членам-карэспандэнтам АН БССР, і з гэтага моманту цэнтр яго дзейнасці пераносіцца ў беларускую Акадэмію. 3 1973 па 1982 г. І.Я.Навуменка ўзначальвае Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы. Двойчы, пачынаючы з 1982 года, выбіраецца віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук. І.Я.Навуменка быў ушанаваны званнем заслужанага дзеяча навукі Беларусі (1978), у 1980 годзе становіцца акадэмікам АН БССР, у 1995 годзе яму прысвойваецца званне народнага пісьменніка Рэспублікі Беларусь.

Вяршыня грамадскай чыннасці І.Я.Навуменкі -- выкананне абавязкаў Старшыні Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага склікання (1985-1990). Пад яго старшынствам былі прыняты многія законапраекты, якія спрыялі развіццю нацыянальнай культуры, мовы.

Першыя свае апавяданні пісьменнік апублікаваў у 1955 годзе. Кніга за кнігай выдаваліся зборнікі апавяданняў, навел і аповесцей -- "Семнаццатай вясной" (1957), "Хлопцы-равеснікі" (1958), "Верасы на выжарынах" (1960), "Бульба" (1964), "Таполі юнацтва" (1966), "Вераніка" (1968), "Тая самая зямля" (1971), "Падарожжа ў юнацтва" (1972), "Замяць жаўталісця" (1977), "Пераломны ўзрост" (1986), "Водгулле далёкіх вёснаў" (1989) і іншыя.

Многія з гэтых твораў з'яўляюцца, безумоўна, значным укладам у скарбніцу беларускай навелістыкі. У іх праглядаецца лёс пакалення аднагодкаў аўтара, вобраз-тып семнаццаці-гадовага юнака, які сустракаецца з жорсткімі жыццёвымі выпрабаваннямі і, нягледзячы на супярэчнасці лёсу, захоўвае рамантычны, часам летуценна-наіўны погляд на рэчаіснаць. Маладыя героі прозы Івана Якаўлевіча Навуменкі праходзяць ваеннымі дарогамі, сядаюць за студэнцкую лаву, перажываюць радасці і расчараванні кахання. Побыт, прыватнае, інтымна душэўнае жыццё -- тая сфера, у апісанні якой І.Я.Навуменка выказвае сябе добрым знаўцам псіхалогіі, тых вонкавых і ўнутраных канфліктаў, з якіх выспяваюць чалавечыя драмы.

Адметнае месца займае ў творчасці Івана Якаўлевіча Навуменкі партызанская трылогія --раманы "Сасна пры дарозе" (1962), "Вецер у соснах" (1967), "Сорак трэці" (1974). Гэтыя творы, пазбаўленыя лакіроўкі і спрошчанасці, сведчаць пра адметны аўтарскі падыход да праблемы "чалавек і вайна". Ваенная трагедыя бачыцца вачыма тых самых "семнаццацігадовых". У апавядальным стылі прысутнічае даверлівая, шчырая інтанацыя, значная ступень "унутранага" біяграфізму, асабістай перажытасці матэрыялу. Рамантычнае светаадчуванне юных удзельнікаў вайны змяняецца душэўным болем, трагізмам. З'яўляюцца эпізоды, напоўненыя жорсткім рэалізмам, т.зв. "акопнай праўдай".Узроставы момант светаадчування прысутнічае і ў аповесці "Вайна каля Цітавай копагкі", дзе закранаецца балючая тэма "дзяцінства, апаленага вайной".

У раманах, створаных у 1970-1980 гг., -- "Смутак белых начэй" (1979), "Летуценнік" (1984), "Асеннія мелодыі" (1987) -- паўстае вобраз беларускага інтэлігента старэйшай генерацыі, асобы, надзвычай чуйнай да дысгармоніі і дыскамфортнасці быцця, схільнага да балючай рэфлексіі. У гэтых творах даволі выразнае прадчуванне таго пералому ў поглядах і этычнай арыентацыі, што адбудзецца ў інтэлігенцкім асяроддзі ў 90-я гады.

Сучаснае жыццё асэнсоўваецца празаікам у яго канфліктнасці, супярэчлівасці, калі настае час вяртання да агульначалавечых маральных асноў. Прырода, дзяцінства, юнацтва -- вось канстанты, да якіх звяртаецца пісьменнік у апошнія гады. Недарэмна адзін з апошніх значных твораў пісьменніка -- трылогія "Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва" (1997) -- шмат у чым аўтабіяграфічны, мае рысы рэфлексіі, апавядальнасці, роздуму ў часе.

Асабліва вылучаецца літаратурна-крытычная, навуковая творчасць І.Я.Навуменкі. Ён з'яўляецца аўтарам многіх літаратуразнаўчых манаграфій, зборнікаў крытычных артыкулаў, у тым ліку: "3 глыбінь жыцця" (1960), "Янка Купала. Духоўны воблік героя" (1967), "Якуб Колас. Духоўны воблік героя" (1968), "Кніга адкрывае свет" (1978), "Янка Купала" (1980), "Якуб Колас" (1982), "Элементы міфалогіі ў паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа" (1988) і іншыя. І.Я.Навуменка глыбока і грунтоўна спасціг мастацкі свет Я. Купалы, Я. Коласа, М.Багдановіча, 3.Бядулі, раскрыў прыроду купалаўскага і коласаўскага рамантызму, паказаў яго сувязь з жыццёвым, сацыяльным разладам, барацьбой дабра і зла ў свеце. Вучоны зрабіў надзвычай тонкія і дакладныя назіранні за вершамі і паэмамі Янкі Купалы, паэмамі "Сымон-музыка" і "Новая зямля", трылогіяй "На ростанях" Я.Коласа. Даследчыцкая дзейнасць І.Я.Навуменкі была адзначана прысуджэннем яму звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа ў 1972 г.

Пад кіраўніцтвам І.Я.Навуменкі былі падрыхтаваны акадэмічныя выданні "Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры" і "Гісторыя беларускай савецкай літаратуры" на рускай мове, якія і сёння маюць вялікае навуковае і асветніцкае значэнне.

Сёння Іван Якаўлевіч Навуменка працягвае актыўную навуковую і пісьменніцкую дзейнасць, у прыватнасці, ён выканаў раздзелы "Янка Купала", "Максім Багдановіч", "Змітрок Бядуля" для новай акадэмічнай "Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя" ў 4 тамах, працуе над іншымі артыкуламі для гэтага фундаментальнага выдання.

Як арганізатар навукі І.Я.Навуменка шмат зрабіў для ўсталявання ў Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь і ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы творчай, плённай для навуковага пошуку атмасферы, адносін добразычлівасці і прафесіяналізму. Пад яго навуковым кіраўніцтвам многія аспіранты, саіскальнікі і дактаранты паспяхова абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, а сёння распрацоўваюць самастойныя накірункі ў нацыянальным літаратуразнаўстве. І.Я.Навуменка забяспечыў плённую працу спецыялізаванага савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый у галіне беларускай літаратуры, старшынёй якога ён быў на працягу многіх гадоў.

Свой 75-гадовы юбілей акадэмік Іван Якаўлевіч Навуменка сустрэў з новымі творчымі задумамі, з энергіяй, якая дапаможа гэтыя задумы ажыццявіць.

Journal Top


NASB
Academy
Return to The NASB Presidium Information Server Home Page


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: April 25, 2000
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2000 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2000 The Belaruskaya Navuka Publishing House