THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS


Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus
(Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi)
SERIES OF HUMANITARIAN SCIENCES

Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus

Separate article from Number 1, 2000 (pp. 149--150)

Journal

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI. SCIENTISTS OF BELARUS

Падлужны А.І.. Сташкевіч М.С., Токараў М.У.
Павел Восіпавіч Горын (Да 100-годдзя з дня нараджэння)
Padluzhny A.I., Stashkevich M.S., Tokarau M.U.
Pavel Vosipavich Goryn (To 100th anniversary).

Вядомы савецкі гісторык, дзяржаўны дзеяч БССР, акадэмік АН БССР Павел Восіпавіч Горын (Каляда) нарадзіўся 15 студзеня 1900 г. у мястэчку Картуз-Бяроза (цяпер г.Бяроза) Пружанскага павета Гродзенскай губерні ў сям'і селяніна. Пасля заканчэння ў 1910 г. сельскай школы ён паступае вучыцца ў гімназію Брэст-Літоўска. Аднак закончыць яе перашкодзіла першая сусветная вайна. Сям'я П.В.Горына эвакуіравалася ў Арзамас Ніжагародскай губерні. Навучанне юны Горын прадоўжыў у адной з гімназій Ніжняга Ноўгарада.

3 устанаўленнем Савецкай улады ў Арзамасе П.В.Горын прымае актыўны ўдзел у будаўніцтве і абароне новага ладу. Летам 1918 г. ён уступае ў Арзамаскую баявую дружыну, а ў кастрычніку гэтага ж года як адзін з першых камсамольцаў горада быў прыняты ў рады РКП(б).

У пачатку 1919 г. П.В.Горын вяртаецца на Беларусь. Тут яго выбіраюць членам Картуз-Бярозаўскага валаснога рэўкома, ён арганізуе і ўзначальвае валасную ітартыйную арганізацыю. Пасля таго як Картуз-Бяроза была занята белапалякамі, ён ідзе добраахвотнікам у Чырвоную Армію, становіцца палітработнікам. У студзені 1920 г. П.В.Горын быў камандзіраваны на вучобу ў Камуністычны універсітэт імя Я.М.Свярдлова.

У 1923--1925 гг. П.В.Горын працягвае навучанне ў Інстытуце чырвонай прафесуры. У гэтыя гады адбылася сустрэча П.В.Горына з прызнаным кіраўніком савецкай гістарычнай навукі ў 20-я гады М.М.Пакроўскім, які зрабіў на яго значны ўплыў.

Адной з найважнейшых праблем, якой займаліся гісторыкі 20-x гадоў, была гісторыя Саветаў у рэвалюцыі 1905--1907 гг. Сярод першых работ, апублікаваных на гэту тэму, была манаграфія П.В.Горына "Нарысы па гісторыі Саветаў рабочых дэпутатаў у 1905 г.", надрукаваная ў 1925 г. Кніга ўяўляла сабой сур'ёзнае даследаванне, напісанае пераважна на архіўным матэрыяле. У гэтай працы П.В.Горын зрабіў спробу высветліць асноўныя пытанні гісторыі Саветаў -- іх паходжанне, дзейнасць, характар і значэнне для развіцця рэвалюцыі. Раскрыццё ролі і значэння Саветаў П.В.Горын звязаў з рухаючымі сіламі рэвалюцыі. Вызначаючы характар рэвалюцыі 1905--1907 гг. як рэвалюцыі буржуазна-дэмакратычнай, ён падкрэсліваў пры гэтым ролю пралетарыяту як гегемона і правадыра першай рускай рэвалюцыі.

Вядома, у поглядах П.В.Горына на рэвалюцыю 1905--1907 гг., выказаных у першым выданні "Нарысаў па гісторыі Саветаў рабочых дэпутатаў", было яшчэ шмат недасканалага і супярэчлівага. У працах гісторыкаў першых гадоў Савецкай улады выразна выявіліся цяжкасці пачатковага этапу станаўлення савецкай гістарыяграфіі. У наступных выданнях сваёй працы "Нарысы па гісторыі Саветаў рабочых дэпутатаў" (М., 1930 і Мн., 1934) П.В.Горын імкнуўся больш поўна вызначыць характар рэвалюцыі і яе асноўныя рысы.

Да дзесяцігадовага юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі выйшла ў свет кніга П.В.Горына аб барацьбе рабочага класа за Савецкую ўладу ("Пралетарыят у 1917 г. у барацьбе за ўладу". М.; Л., 1927). Як адзін з вучняў акадэміка М.М.Пакроўскага П.В.Горын паслядоўна абараняў погляды яго школы. У 1933 г. ён апублікаваў у Мінску працу "М.М.Пакроўскі -- бальшавік-гісторык", у якой выказваў погляды М.М.Пакроўскага на першую рускую рэвалюцыю і Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю.

Даследчыцкую працу П.В.Горын сумяшчаў з актыўнай навукова-арганізатарскай, педагагічнай і грамадска-палітычнай дзейнасцю. Ён з'яўляўся адным з заснавальнікаў і актыўным удзельнікам створанага ў 1925 г. таварыства гісторыкаў-марксістаў. Старшынёй Таварыства гісторыкаў-марксістаў быў выбраны М.М.Пакроўскі, сакратаром таварыства стаў П.В.Горын.

Актыўны ўдзел прымаў П.В.Горын і ў стварэнні Інстытута гісторыі Камуністычнай акадэміі, які быў адкрыты ў лістападзе 1929 г. Ён уваходзіў у арганізацыйную камісію па стварэнню інстытута, увайшоў у склад першай Калегіі -- вышэйшага навуковага органа інстытута.

З пачатку 30-х гадоў пачынаецца новы этап у жыцці і дзейнасці Паўла Восіпавіча. 13 лютага 1931 г. ён быў выбраны акадэмікам і прэзідэнтам Беларускай Акадэміі навук. На гэтай пасадзе найбольш поўна раскрыўся яго талент буйнога арганізатара навукі. Задачы максімальнага выкарыстання дасягненняў навукі і тэхнікі для развіцця народнай гаспадаркі пастаянна патрабавалі паляпшэння арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці створанай у 1929 г. Акадэміі навук БССР. У 1931 г. па ініцыятыве П.В.Горына была ажыццёўлена яе карэнная рэарганізацыя. На акадэмію былі ўскладзены абавязкі па каардынацыі работы ўсіх навукова-даследчых устаноў, размешчаных на тэрыторыі БССР, вызначэнню тэматыкі навуковых даследаванняў і кантролю за іх выкананнем. Яна станавілася адзіным навуковым рэспубліканскім цэнтрам, у якім канцэнтравалася агульнае кіраўніцтва ўсёй навукова-даследчай працай у рэспубліцы.

Дзякуючы намаганням П.В.Горына з пачатку 30-х гадоў у акадэміі пачынаецца паскораная падрыхтоўка новай навуковай змены, паляпшаецца арганізацыя навучальнага працэсу і падрыхтоўкі аспірантаў. Толькі з 1931 па 1935 г. аспірантуру Акадэміі навук скончыла больш за 150 чалавек, што зрабіла істотны ўплыў на значны рост агульнай колькасці навуковых супрацоўнікаў. Удасканальвалася структура гэтай навуковай арганізацыі. Ужо к 1935 г. у яе сістэме налічвалася 17 навукова-даследчых інстытутаў і шэраг іншых навуковых устаноў.

У пачатку 30-х гадоў пачалося будаўніцтва галоўнага і лабараторнага карпусоў. Пастаянна павышалася ступень аснашчанасці інстытутаў навуковым абсталяваннем. Усё гэта стварала спрыяльныя ўмовы для плённай дзейнасці вучоных.

У 30-я гады асноўная ўвага была засяроджана на пошуках сыравінных рэсурсаў і карысных выкапняў у БССР, вывучэнні глеб і распрацоўцы мерапрыемстваў па павышэнню ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, вывучэнні хвароб бульбы, распрацоўцы пытанняў філасофіі, гісторыі, літаратуры, мовазнаўства.

Акадэмік АН БССР П.В.Горын з годнасцю прадстаўляў савецкую гістарычную навуку на міжнароднай арэне. Ён уваходзіў у склад савецкай дэлегацыі, якая ўдзельнічала ў рабоце VII міжнароднага гістарычнага кангрэса ў Варшаве (1933 г.), дзе выступіў з дакладам, прысвечаным нацыянальнай палітыцы царскай Расіі ў Польшчы.

У перыяд працы ў Акадэміі навук БССР П.В.Горын узначальваў таксама Інстытут гісторыі і быў адным з рэдактараў выдання на беларускай мове 12-томнага збору твораў У.І.Леніна.

У снежні 1935 г. Прэзідыум ЦВК СССР зацвердзіў П.В.Горына намеснікам старшыні Камітэта па загадванню навуковымі і навучальнымі ўстановамі ЦВК СССР. У сувязі з гэтым назначэннем ён быў у лютым 1936 г. вызвалены ад абавязкаў прэзідэнта Беларускай Акадэміі навук. Пасля вяртання ў Маскву П.В.Горын быў выбраны таксама загадчыкам кафедры гісторыі СССР Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта, стаў рэдактарам аддзела гісторыі Вялікай Савецкай Энцыклапедыі.

П.В.Горын праводзіў актыўную дзяржаўную і грамадскую работу. У 1931--1936 гг. ён з'яўляўся членам ЦК КП(б)Б і кандыдатам у члены Бюро ЦК КП(б)Б, членам ЦВК і Прэзідыума ЦВК Беларускай ССР, быў дэлегатам ХVІІ з'езда ВКП(б) (1934 г.); на ХІІ з'ездзе Саветаў СССР (1935 г.) быў выбраны членам ЦВК СССР. У 1926--1928 гг. П.В.Горын быў старшынёй Таварыства палітэмігрантаў Заходняй Беларусі.

Жыццёвы шлях П.В.Горына быў перапынены ў самым росквіце яго творчых сіл. У жніўні 1937 г. ён быў арыштаваны, і 25 красавіка 1938 г. яго жыццё трагічна абарвалася.

Павел Восіпавіч Горын быў буйным савецкім гісторыкам і грамадска-палітычным дзеячам --асобай яркай, шматграннай. Ен валодаў выдатньші арганізатарскімі здольнасцямі, заўсёды быў настойлівы пры выкананні пастаўленых задач, глыбока верыў у справу, якой служыў. У яго навуковых працах знайшлі нагляднае адлюстраванне працэс станаўлення савецкай гістарычнай навукі, поспехі і цяжкасці яго першага этапу.

Journal Top


NASB
Academy
Return to The NASB Presidium Information Server Home Page


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: April 25, 2000
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 2000 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 2000 The Belaruskaya Navuka Publishing House