![]() |
Proceedings of the Academy of Sciences of Belarus (Vestsi Akademii Navuk Belarusi) SERIES OF PHYSICAL-MATHEMATICAL SCIENCES Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus |
5 студзеня 1998 г. спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння выдатнага вучонага і арганізатара навукі, прэзідэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесара Аляксандра Паўлавіча Вайтовіча.
А.П. Вайтовіч нарадзіўся ў Капыльскім раёне Мінскай вобласці. У 1960 г. з адзнакай скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт і прыйшоў на працу ў лабараторыю фізікі інфрачырвоных промняў Інстытута фізікі АН БССР. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі ў 1968 г. узначаліў навуковую групу па даследаванню газавых лазераў. У 1978 г. паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю. У 1980 г. А.П. Вайтовіч арганізаваў лабараторыю лазернай спектраскапіі ў Інстытуце фізікі. З 1984 па 1988 г. працаваў намеснікам дырэктара гэтага інстытута. Прыняў актыўны ўдзел у арганізацыі і ўнёс вялікі ўклад у станаўленне Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі АНБ. З 1992 па 1993 г. быў намеснікам дырэктара створанага інстытута, а ў 1993 -- 1997 гг. узначальваў яго. У 1986 г. А.П. Вайтовіч выбіраецца членам-карэспандэнтам, у 1996 г. -- правадзейным членам АНБ, у 1997 г. -- прэзідэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Навуковыя інтарэсы Аляксандра Паўлавіча Вайтовіча ахопліваюць шырокае кола праблем сучаснай лазернай фізікі, спектраскапіі, оптыкі і нелінейнай дынамікі. Для Аляксандра Паўлавіча характэрны шырокая эрудыцыя, здольнасць дакладна ацаніць стан і ўбачыць тэндэнцыі развіцця навукі, пастаянны напружаны пошук новых перспектыўных напрамкаў і ўдасканальванне тэматыкі даследаванняў, уменне сканцэнтраваць сілы на вырашэнні прынцыповых задач; велізарная працаздольнасць і выніковасць работы.
А.П. Вайтовіч ўнёс вялікі ўклад у развіццё лазернай фізікі. Яшчэ на пачатковым этапе навуковай дзейнасці ім была выказана ідэя газавага лазера з селектыўным паглынальнікам у рэзанатары. Яе рэалізацыя дазволіла з высокай энергетычнай эфектыўнасцю атрымаць адначастотны рэжым генерацыі. У далейшым гэты напрамак атрымаў шырокае развіццё ў шэрагу навуковых цэнтраў СССР і за яго межамі.
А.П. Вайтовіч з'яўляецца прызнаным у свеце спецыялістам у галіне магнітаоптыкі газавых лазераў. Ім вырашана задача аб суадносінах укладаў у параметры генерацыі рэальнай і ўяўнай частак палярызаванасці змешчанага ў магнітным полі актыўнага асяроддзя. Усебакова даследаваны ўплыў магнітнага поля праз двухфатонныя працэсы тыпу вымушанага камбінацыйнага рассеяния святла на ўзаемадзеянне хваль у лазеры і палярызацыйныя характарыстыкі выпраменьвання. Пры гэтым знойдзены шэраг якасна новых генерацыйных эфектаў. Прааналізаваны ўплыў магнітнага поля на канкурэнцыю хваль, якія генерыруюцца, і выяўлены рэзанансы палярызацыі выпраменьвання. Распрацаваны новыя метады дыскрымінацыі і сінхранізацыі папярочных мод. Вынікі даследаванняў у гэтай галіне абагульнены ў манаграфіі А.П. Вайтовіча "Магнітаоптыка газавых лазераў", якая выйшла ў 1984 г. Гэтая кніга была адразу ж перавыдадзена ў ЗША.
На працягу многіх гадоў пільную ўвагу Аляксандра Паўлавіча прыцягваюць лазеры, якія змяшчаюць у рэзанатары анізатропныя элементы, Іх даследаванне мае фундаментальнае значэнне і дае важныя для практыкі вынікі. Уласцівасці такіх лазераў дэталёва апісаны і абагульнены ў манаграфіі А.П. Вайтовіча "Лазеры з анізатропнымі рэзанатарамі", якая напісана ў сааўтарстве з В.М. Северыкавым і выдадзена ў 1988 г.
У сярэдзіне 70-х гадоў А.П. Вайтовіч прапанаваў рэзанансныя фазава-палярызацыйныя метады кіравання спектральным саставам выпраменьвання лазераў. Патрэба ў такіх метадах на той час востра наспела і дыктавалася задачамі спектраскапіі, галаграфіі, раздзялення ізатопаў, медыцыны, фотахіміі і інш. Фазава-палярызацыйныя метады, спачатку распрацаваныя для газавых лазераў, у далейшым былі паспяхова скарыстаны ў лазерах на растворах складаных арганічных злучэнняў, паўправадніках, цвёрдацельных актыўных асяроддзях. Атрыманыя ў гэтай галіне вынікі дазволілі стварыць крыніцы святла з унікальнымі характарыстыкамі і далі вялікі практычны выхад.
У апошнія гады А.П. Вайтовіч актыўна ўдзельнічае ў даследаваннях па нелінейнай дынаміцы. Гэты напрамак пяпер інтэнсіўна развіваецца ў многіх галінах навукі. Хаця непасрэднымі аб'ектамі вывучэння Аляксандра Паўлавіча з'яўляюцца лазеры і іншыя аптычныя сістэмы, атрыманыя ім вынікі часта маюць больш агульнае значэнне. Працуючы ў гэтай галіне, А.П. Вайтовіч ведьмі ўдала выкарыстоўвае шматгадовы вопыт даследавання лазераў з анізатропнымі рэзанатарамі, уводзячы ў разгляд палярызацыю святла. У выніку ім і яго вучнямі створаны новы перспектыўны напрамак -- нелінейная палярызацыйная дынаміка лазераў. Прадказаны і адкрыты шэраг новых цікавых эфектаў і рэжымаў генерацыі, такіх, напрыклад, як спантаннае парушэнне палярызацыйнай сімотрыі, параметрычны рэзананс у сістэме з анізатрапіяй, якая змяняецца па складанаму закону, і шмат іншых. Гэтыя вынікі атрымалі вялікі рэзананс і шырокае прызнанне ў навуковым свеце.
А.П. Вайтовічам з вучнямі выкананы значны цыкл даследаванняў цвёрдацельных актыўных асяроддзяў з цэнтрамі афарбоўкі. У гэтай галіне ім атрыманы вялікі аб'ём новай спектраскапічнай інфармацыі аб прымесных і радыяцыйных цэнтрах афарбоўкі ў крышталічных і аморфных асяроддзях і аб працэсах пераўтварэння святла ў іх. Гэта дазволіла стварыць новыя актыўныя элементы і атрымаць эфектыўную генерацыю выпраменьвання ў бачнай і блізкай інфрачырвонай абласцях спектра.
Шырока вядомыя працы Аляксандра Паўлавіча ў галіне лазернай спектраскапіі. Характэрнай рысай яго падыходу да вырашэння спектраскапічных задач з'яўляецца ўлік і выкарыстанне разнастайных палярызацыйных з'яў. А.П. Вайтовічам закладзены асновы і створаны метады палярызацыйнай лазернай спектраскапіі.
Яшчэ ў сярэдзіне 60-х гадоў А.П. Вайтовіч выканаў піянерскія працы па ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі. Тады ім быў рэалізаваны неселектыўны варыянт вымярэнняў з выкарыстаннем вузкапалоснага лазера. У далейшым з'явіліся і селектыўныя метады, а ўнутрырэзанатарная спектраскапія атрымала шырокае развіццё як асобны буйны напрамак у сучаснай спектраскапіі.
А.П. Вайтовічам прапанаваны фазава-палярызацыйныя метады нелінейнай лазернай спектраскапіі высокага распазнавання, якія выкарыстоўваюць уплыў нелінейнай па светлавому полю часткі паказальніка праламлення асяроддзя на палярызацыю выпраменьвання. Гэтыя метады дазваляюць даследаваць структуру спектральных ліній, якая схавана доплераўскім пашырэннем, нават тады, калі традыцыйныя метады спектраскапіі насычэння не даюць вынікаў. Распрацаваны метады вымярэнняў розных спектраскапічных канстант з выкарыстаннем канкурэнтных рэзанансаў у палярызацыйных характарыстыках лазернага выпраменьвання.
У працах А.П. Вайтовіча даведзены да дасканаласці магнітааптычныя метады вызначэння малых каэфіцыентаў паглынання і канцэнтрацый рэчываў. Ён распрацаваў падыходы, якія дазволілі рэгістраваць канцэнтрацыі ўсяго ў некалькі соцень атамаў у кубічным сантыметры, тым самым папоўніўшы арсенал найбольш адчувальных метадаў абсарбцыйнай спектраскапіі.
А.П. Вайтовічам з вучнямі прапанаваны і развіты фазава-палярызацыйныя метады селектыўнай унутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі. У розных варыянтах яны далі магчымасць на парадах павысіць адчувальнасць унутрырэзанатарных абсарбцыйных вымярэнняў, даследаваць шырокае кола адна- і двухфатонных магніта- і святлоіндуцыраваных рэзанансных палярызацыйных з'яў, знайсці шэраг новых такіх эфектаў, вывучаць параметры звыштонкай і ізатапічнай структуры спектральных ліній.
Працягваючы даследаванні ў абраных ім для сябе навуковых напрамках, Аляксандр Паўлавіч заўсёды шукае і знаходзіць новыя цікавыя і перспектыўныя задачы. Так, у апошні час ён актыўна ўключыўся ў даследаванні па фізіцы нанаразмерных структур.
Вынікам плённай навуковай дзейнасці А.П. Вайтовіча стала публікацыя звыш 200 прац, у тым ліку 2 манаграфій, стварэнне навуковай школы, падрыхтоўка 17 кандыдатаў навук. Сярод яго вучняў таксама два дактары навук.
А.П. Вайтовіч узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны" (1981), медалём "За доблесную працу" (1970). У 1996 г. яму прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне навукі за цыкл работ "3'явы анізатрапіі ў лазерах і прынцыпы палярызацыйнай лазернай спектраскапіі".
Калегі сардэчна віншуюць Аляксандра Паўлавіча з юбілеем і жадаюць яму вялікіх поспехаў у яго нялёгкай працы на пасадзе прэзідэнта Нацыянальнай акадэміі навук на карысць беларускай навукі, новых выдатных навуковых дасягненняў, моцнага здароўя, асабістага шчасця і дабрабыту.
М.М. АЛЯХНОВІЧ, П.А. АПАНАСЕВІЧ, В.І. АРХІПЕПКА, М.А. БАРЫСЕВІЧ, В.С. БУРАКОЎ, В.В. МАШКО, У.А. ПІЛІПОВІЧ
Academy |