![]() | Proceedings of the National Academy of Sciences of Belarus (Vestsi Natsiyanalnai Akademii Navuk Belarusi) SERIES OF CHEMICAL SCIENCES Published by The Belaruskaya Navuka Publishing House, Minsk, Republic of Belarus |
3 лiстапада 2002 г. споўнiлася 70 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага вучонага, доктара тэхнiчных навук, прафесара, Заслужанага дзеяча навукi i тэхнiкi Беларусi, акадэмiка Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, замежнага члена Польскай акадэмii навук Івана Іванавiча Лiштвана.
Акадэмiк І.І. Лiштван -- вядомая фiгура ў навукова-грамадскiм асяроддзi не толькi Рэспублiкi Беларусь, але i замежжа. Яго iмя заўсёды звязваецца з шырынёй светапогляду, непакорнай энергiяй i кiпучай дзейнасцю, высокай ступенню адказнасцi i грунтоўнасцi. Усе мерапрыемствы ўнутрыдзяржаўнага i мiжнароднага маштабу, якiя тычылiся прыродных сiстэм у мiнулыя гады, а ў сучасны час больш шырокiх праблем экалогіi i аховы навакольнага асяроддзя, не абыходзяцца без яго лiдзiруючага ўдзелу, без яго кiраўнiцтва ў распрацоўцы ўсiх пытанняў тэматыкi, а таксама арганiзацыi i правядзення.
Шлях Iвана Iванавiча Лiштвана ў навуку дастаткова ты-повы для савецкага часу. Нарадзiўся на Валожыншчыне, ва ўзгоркава-нiзiнным лясным краi, у вёсцы Вялiкая Дайнава. Сялянская цяга да ведаў i спрадвечная любоў да родных мясцiн прывялi маладога хлопца на тарфяны факультэт Беларускага полiтэхнiчнага iнстытута. Затым вучоба ў мэтавай аспiрантуры Маскоўскага тарфянога iнстытута, дадатковыя курсы па хiмiчных навуках пры МДУ iмя М. В. Ламаносава заклалi важны навуковы фундамент даследчыка. Напружаная навуковая i педагагiчная работа ў Калiнiнскiм тарфяным (затым полiтэхнiчным) iнстытуце дазволiлi набыць важкi эксперыментальны i навукова-тэарэтычны багаж глыбока дасведчанага рапрацоўшчыка актуальных праблем навукi аб торфе, яго фiзiка-хiмiчнай прыродзе i гаспадарчым выкарыстаннi. Паспяхова абароненыя кандыдацкая (1961) i доктарская (1969) дысертацыi зацвердзiлi афiцыйна гэты статус І.І. Лiштвана.
Па запрашэнню Прэзiдыума АН БССР у 1973 г. І.І. Лiштван пераехаў у Мiнск i ўзначалiў Інстытуг торфу. Новы дырэктар у першую чаргу ўдзялiў увагу тэматыцы навуковых даследаванняў. Была пастаўлена задача ва ўсiх кiрунках навуковых распрацовак выйсцi на перадавыя пазiцыi не толькi ў Савецкiм Саюзе, але i ў замежжы.
Традыцыйныя для Інстытута торфу навуковыя напрамкi дзейнасцi, як генезiс тарфяных i сапрапелевых радовiшчаў, вывучэнне саставу i ўласцiвасцей торфу i сапрапелю, фiзiка- i хiмiка-тэхналагiчная перапрацоўка торфу, развiтыя ў мiнулыя гады да дастаткова высокага ўзроўню) па меркаванню дырэктара, павiнны быць паглыблены ў бок фiзiка-малекулярнай структуры матэрыялу з раскрыццём механiзмаў узаемадзеяння вугляводных i вуглевадародных кампанентаў. А для гэтага былi патрэбны новая матэрыяльна-тэхнiчная база, новыя метады i новыя даследчыкi. І гэта матэрыялiзавалася: былi закуплены новыя прыборы, у iнстытут прыйшлi новыя спецыялiсты. Па iнiцыятыве дырэктара ў тэматыцы iнстытута з'явiлiся новыя навуковыя напрамкi. Па-першае, пачалося развiццё i станаўленне фiзiка-хiмiчнай механiкi дысперсных сiстэм у новай, узначальваемай І.І. Лiштванам лабараторыi. Асноўнай задачай гэтай тэматыкi была распрацоўка тэарэтычных асноў кiравання структурай i ўласцiвасцямi тарфяных сiстэм з мэтай комплекснага выкарыстання гэтых прыродных рэсурсаў.
Новы напрамак навуковых даследаванняў быў адкрыты ў створанай лабараторыi " Вывучэнне ўласцiвасцей i комплекснага выкарыстання вугалю i гаручых сланцаў". Расшырэнне аб'ектаў даследавання патрабавала новых шляхоў выкарыстання гэтых каустабiялiтаў у энергетыцы. У тэматыцы з'явiлiся таксама новыя адгалiноўваннi ў хiмiка-тэхналагічных даследаваннях торфу i яго прадуктаў: зроблены паспяховыя спробы выкарыстання прадуктаў перапрацоўкi торфу ў якасцi медьщынскiх прэпаратаў, роставых рэчываў, кармавых да6авак.
Вялiкую ўвагу ў рабоце новы дырэктар удзяляў справе падрыхтоўкi навуковых кадраў. Па iнiцыятыве І.І. Лiштвана i пад яго кiраўнiцтвам пры iнстытуце быў створаны спецыялiзаваны савет па абароне дысертацый, з'явiлiся спрыяльныя ўмовы па абароне кандыдацкiх, а потым i доктарскiх дысертацый у "родных сценах", што ў значнай ступенi стымулявала навуковых супрацоўнiкаў да павышэння свайго прафесiйнага ўзроўню. У гэты час абаранiлi доктарскiя дысертацыi загадчыкi лабараторый М. М. Бамбалаў, А. В. Цiшковiч, М. З. Лапотка, М. А. Гацiх, А. П. Гаўрыльчык, П. Л. Фалюшын, Г. П. Вiрасаў, Г. В. Навумава, А. А. Цярэнцьеў. Усе яны лiчаць сябе вучнямi акадэмiка І.І. Лiштвана.
Энцыклапедычныя веды i глыбокая дасведчанасць акадэмiка дазвалялi яму трымаць у полi зроку ўсю тэматыку iнстытута, даваць пры справаздачы глыбока прафесiйныя адзнакi вынiкам работ i прадбачлiва накiроўваць пастаноўку задач у перспектыўным напрамку. Пры гэтым асаблiвую ўвагу як старшыня Навуковага савета Іван Іванавiч удзяляў гадавому планаванню тэматыкi, дэталёваму i скрупулёзнаму абмеркаванню рабочых планаў.
Хочацца адзначыць вельмi паважлiвыя i адначасова патрабавальныя адносiны дырэктара да навуковых кадраў. Ён заўсёды праводзiў працяглыя размовы са спецыялiстамi, якiя паступалi на працу i звальнялiся, высвятляў усе абставiны i не шкадаваў на гэта свайго часу.
Інстытугам торфу за мiнулы час былi дасягнуты добрыя навуковыя поспехi. Атрыманы новыя даныя па генэзiсу тарфяных радовiшчаў i механiзму затарфоўвання азёр, прапанаваны новы прынцып выдзялення вiдаў тарфяных масiваў, распрацавана класiфiкацыя тарфяных лячэбных гразей. Распрацавана карэляцыйная матрыца, выдзелены дзве групы прыкмет, якiя дазваляюць дакладна атрымоўваць характарыстыкi гаспадарчага прызначэння торфу.
У хiмiка-тэхналагічным напрамку выкарыстання торфу атрыманы больш грунтоўныя даныя па вывучэнню ўздзеяння акiсляльна-дэструктыўных працэсаў на састаў i ўласцiвасцi атрыманых прадуктаў, што дазволiла распрацаваць тэхналагічны рэгламент на новыя матэрыялы (фарба для драўнiны, пераўтваральнiк iржы). Расшыфраваны на ўзроўнi адкрьщця механiзм самаразагравання i самаўзгарання торфу i iншых арганiчных матэрыялаў, сутнасць якога заключаецца ва ўгварэннi пiрафорных рэчываў пры аўтаакiсленнi. Пры непасрэдным удзеле супрацоўнiкаў iнстытута праведзена рэканструкцыя завода горнага воску, укаранёна тэхналогiя бесперапыннай экстракцыi воску з торфу, уведзены ў эксплуатацыю цэх мадэльных установак па вытворчасцi мадэльных саставаў, раздзяляльных змазак i экстрактаў.
Значныя навуковыя дасягненнi атрыманы ў напрамку выдзялення, вывучэння i мадыфiкацыi ўласцiвасцей гумiнавых прэпаратаў з торфу. Устаноўлены тэхналагічныя заканамернасцi атрымання бiялагiчна актыўных прэпаратаў накiраванага ўздзеяння, даследаваны механiзм узаемадзеяння арганiчнага рэчыва з неарганiчнымi дабаўкамi дзеля стварэння патрэбнай поравай структуры актыўных вугалёў.
Атрыманы станоўчыя вынiкi па распрацоўцы тэхналогii i спецыфiчнага дабываючага i перапрацоўваючага абсталявання для хiмiчнага напрамку выкарыстання торфу. Пад непасрэдным кiраўнiцтвам І.І. Лiштвана на вялiкiм фактычным матэрыяле прапанавана тэрмадынамiчная мадэль фазавай раўнавагі вады ў прыродных сiстэмах пры адмоўных тэмпературах i распрацавана тэорыя мiграцыi вадкасцi i пераўтварэння структуры пры прамярзаннi такiх матэрыялаў.
Створаныя тэарэтычныя асновы ўзаемазвязаных працэсаў пераўтварэння структуры i кiравання патокамi вiльгацi, цяпла i водарастваральных арганiчных злучэнняў у прыродных дысперсных сiстэмах забяспечылi атрыманне новых матэрыялаў i кампазiцый з зададзенымi ўласцiвасцямi, якiя прызначаны для выкарыстання ў ахове навакольнага асяроддзя, камунальнай i сельскай гаспадарцы, будаўнiцтве.
Вялiкi прарыў быў зроблены ў вывучэннi сапрапеляў, а таксама ў ацэнцы запасаў сапрапеляў у азёрах Беларусi. Распрацавана iх тэхналагiчная класiфiкацыя, некалькi тэхналагiчных схем здабычы разам з абсталяваннем. Шырока апрабаваны i навукова абгрунтаваны розныя напрамкi выкарыстання гэтай багатай у рэспублiцы сыравiны, арганiзавана здабыча сапрапеляў больш як на 10 аб'ектах, практычна заснавана сапрапелевая прамысловасць.
Значныя крокi былi зроблены ў напрамку сельскагаспадарчага выкарыстання тарфяных рэсурсаў. Былi знойдзены i абгрунтаваны новыя шляхi актывiзацыi арганiчнага рэчыва торфу i мабiлiзацыi яго патэнцыяльных уласцiвасцей. На гэтай аснове распрацаваны тэхналогіi вытворчасцi торфагумiнавых i комплексных грануляваных угнаенняў. У гэтых распрацоўках удалося вырашыць пытаннi балансу пажыўных рэчываў, стабiлiзацыi працэсаў нiтрыфiкацыi, iнгібiравання пустазелля, змяншэння вынасу пажыўных рэчываў. У вынiку гэтых напрацовак у Беларусi ўдалося пабудаваць 2 цэхi па вытворчасцi комплексных грануляваных угнаенняў.
Распрацаваны тэарэтычныя асновы i комплекс практычных мерапрыемстваў па кiраванню балансам арганiчнага рэчыва на мелiяраваных тарфяных глебах, разгледжаны i высветлены праблемы мелiярацыi i аховы прыроды на Палессi.
Былi здзейснены i многiя iншыя распрацоўкi, сярод якiх даследаванне мiграцыi радыенуклiдаў i спосабы кiравання гэтымi працэсамi, практычныя работы па кiраванню якасцю фармаванай з торфу прадукцыi, прапановы па барацьбе з ветравой эрозiяй глебаў.
На аснове дэталёвых даследаванняў саставу гаручых сланцаў Прыпяцкага сланцавага басейна прапанавана двухступенчатая тэхналагічная схема тэрмолiзу сланца, што забяспечвае выхад смалы да 25%. Бурыя беларускiя вугалi для прамога спальвання прызнаны неэфектыўнымi, аднак iх высокая доля ў саставе гумiнавых рэчываў робiць iх комплекснае выкарыстанне эканамiчна выгадным.
Усе пералiчаныя здабыткi, а таксама шмат iншых давалi добры плён у многiх галiнах народнай гаспадаркi. Работы iнстытута набывалi рэспублiканскую значнасць i былi запатрабаваны ў многiх месцах. У гэты час даволi плённа пачало развiвацца мiжнароднае супрацоўнiцтва. Удзел І.І. Лiштвана i iншых супрацоўнiкаў iнстытута ў разнастайных мiжнародных сiмпозiумах i кангрэсах ствараў для гэтага добрую падставу. Выконвалiся сумесныя работы з вучонымi ЧССР, ГДР, Кiтая, В'етнама, Польшчы, Японii.
Заслуга І.І. Лiштвана як дырэктара ва ўстойлiвым станаўленнi iнстытута на шляху значных навуковых i практычных здабыткаў заключаецца ў вызначэннi прыярытэтных навуковых задач i згуртаваннi ўсяго калектыву ў цесную супольнасць для iх вырашэння. Пры гэтым яго асабiстыя веды, яго меркаваннi i ацэнкi ў тэматыцы ўсiх лабараторый былi ў найвышэйшай ступенi абгрунтаванымi i аб'ектыўнымi, што не стварала мнагазначных падыходаў i выключала iснуючае часам у навуковых калектывах асабiстае процiстаянне. Рашэннi заўсёды прымалiся канструктыўна пры агульнай згодзе.
Навуковай грамадскасцю рэспублiкi, кiраўнiцтвам акадэмii была адэкватна ацэнена навуковая дзейнасць І.І. Лiштвана: у 1974 г. яго абралi членам-карэспандэнтам, а ў 1980 г. -- акадэмiкам АН БССР. У 1998 г. вучоны ўзнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.
Змянiлiся маштабы дзейнасцi акадэмiка пры прызначэннi яго на пасаду вiцэ-прэзiдэнта АН БССР (1987--1992 гг.). Упэўнена ўсведамляючы неабходнасць распрацоўкi новых навуковых падыходаў да прыродакарыстання, да адносiн чалавечага грамадства i прыроднага асяроддзя, І.І. Лiштван быў iнiцыятарам стварэння новых праграм фундаментальных даследаванняў экалагiчнага напрамку. І такiя праграмы з'явiлiся ў плане важнейшых навукова-даследчых работ у галiне прыродазнаўчых, тэхнiчных i грамадскiх навук па Рэспублiцы Беларусь. Гэта прыродакарыстанне (IПВПРЭ), флора i фауна, (IЭБ), i ў некаторым плане сарбент (IАНХ). Тэматыка экалагiчнага плана рашалася i ў iншых праграмах.
Ставячы задачы па распрацоўцы экалагiчнай тэматыкi, патрэбна было стварэнне матэрыяльна-тэхнiчнай базы для даследаванняў i манiторынгу стану прыроднага асяроддзя. Добра гэта разумеючы, І.І. Лiштван выступiў iнiцыятарам стварэння пры Акадэмii навук навукова-тэхнiчнага цэнтра дыстанцыйнай дыягностыкi прыроднага асяродцзя. І такi цэнтр "Экамiр" быў створаны ў 1990 г. са статусам рэспублiканскага.
Больш шырокiя задачы i напрамкi дзейнасцi ўскладалiся на Беларускi навукова-даследчы цэнтр "Экалогiя", створаны пры актыўным удзеле І.І. Лiштвана пры Дзяржаўным камiтэце па экалогii. Акрамя навукова-метадычнага забеспячэння рацыянальнага прыродакарыстання i стварэння адзiнай дзяржаўнай сеткi манiторынгу навакольнага асяродцзя гэты цэнтр павiнен быў забяспечыць развiццё i каардынацыю навуковых i прыкладных работ у рэспублщы ў галiне аховы навакольнага асяроддзя, а таксама распрацаваць эканамiчныя ацэнкi ўздзеяння на прыроднае асяроддзе i эканамiчны механiзм прыродакарыстання.
Добра ўсведамляючы, што ва ўкараненнi экалагічных поглядаў у свядомасцi грамадства i экалагічных прынцыпаў у эканомiцы першая роля павiнна належыць навуцы, І.І. Лiштван пачаў рыхтаваць глебу да стварэння ў сiстэме акадэмii такой навуковай установы. І за базу для гэтага быў выбраны Інстытут торфу, як установа, у значнай ступенi звязаная с прыроднымi рэсурсамi, з праблемамi зямлi. У iнстытут прыйшлi новыя спецыялiсты прыродазнаўчых i геаграфiчных напрамкаў. Дырэктар -- арганiзатар створанага ў 1990 г. Інстытута праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў i экалогii І.І. Лiштван шмат намаганняў, свайго багатага вопыту i iнтэлекту навукоўца прыклаў у вызначэнне напрамкаў навуковай дзейнасцi, у фармiраванне 5-гадовых планаў фундаментальных даследаванняў, у фармiраванне дзяржаўных навукова-тэхнiчных праграм экалагічнай накiраванасцi. Ён быў навуковым каардынатарам дзяржаўных праграм фундаментальных даследаванняў "Прыродакарыстанне" (1990--1995 гг.), "Бiясферна-сумяшчальныя тэхналогіi" (1996--2000 гг.), з'яўляецца бяззменным навуковым кiраўнiком дзяржаўных навукова-тэхнiчных праграм экалагічнага кiрунку, дзе дзяржаўным заказчыкам выступалi Камiтэт па экалогii, а зараз Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя. І ўсе пытаннi распрацоўкi мэт праграм, iх зместу i вырашаемых задач знаходзяцца ў полi зроку патрабавальнай i добразычлiвай увагі акадэмiка.
Праблемы Палескага рэгіёна здаўна былi ў цэнтры ўвагі i навуковых колаў, i кiруючых органаў. Гэта ўнiкальная ў сваiм родзе тэрыторыя вабiла да сябе i як сур'ёзны рэзерв гаспадарчага значэння, i як непрадказальнае асяроддзе хуткабежных пераўтварэнняў прыродных працэсаў i комплексаў. Працамi навукоўцаў апошняга часу ўжо бясспрэчна паказана важная роля Палесся ў агульным прыродным i клiматычным стане ўсёй Еўропы, Беларускае Палессе разгляцаецца як адзiны аб'ект Сусветнай i Еўрапейскай спадчыны прыроды. Па ініцыятыве І.І. Лiштвана пры безумоўнай падтрымцы кiраўнiцтва акадэміі навук, а таксама абласных улад у Брэсце створана новая акадэмiчная структура -- Аддзел праблем Палесся, задачамi якога з'яўляюцца як развiццё даследаванняў у галiне прыродакарыстання i аховы навакольнага асяроддзя, так i распрацоўка навукова абгрунтаваных мер па захаванню прыроднага патэнцыялу Беларускага Палесся.
Апошнiм часам намаганнямi І.І. Лiштвана ствараецца Мiжнародны экалагічны фонд "Еўрапейскае Палессе", галоўнай задачай якога з'яўляецца садзейнiчанне распрацоўцы i рэалiзацыi стратэгіi бiясфернасумяшчальнага прыродакарыстання i аховы навакольнага асяроддзя Палескага краю. Інiцыятар i кiраўнiк гэтага фонду -- у новых планах, актыўна шукае i знаходзiць заснавальнiкаў фонду, распрацоўвае стратэгію i тактыку яго актыўнай дзейнасцi.
Да нядаўняга часу, з'яўляючыся акадэмiкам-сакратаром аддзялення хiмiчных навук i навук аб Зямлi, І.І. Лiштван шмат энергіi аддаваў наладжванню сувязей акадэмiчных iнстытутаў з адпаведнымi мінiстэрствамi i ведамствамi. ён ладзiць сустрэчы бакоў, часта выступае на калегіях мiнiстэрстваў сельскай гаспадаркi i харчавання, прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя з канкрэтнымi прапановамi i праектамi. Пры яго ўдзеле ствараецца сумесная з расiйскiмi даследчыкамi праграма па выкарыстаннi сапрапеляў, наладжваецца экспарт сарбцыйных матэрыялаў у краіны Блiзкага Усходу, робяцца спробы аднавiць вытворчасць тарфянога воску. Яго крапатлiвая дзейнасць, яго кiпучая энергія i напорыстасць знаходзяць увасабленне ў многіх карысных справах.
Добра вядома ў Беларусi i за яе межамi навукова-арганiзацыйная дзейнасць І.І. Лiштвана. Ён з'яўляецца вiцэ-прэзiдэнтам Федэрацыi хiмiчных суполак дзяржаў СНД iмя Д. І. Мендзялеева, многія гады быў вiцэ-старшынёй Мiжнароднага тарфянога таварыства, узначальваў адну з яго камiсiй, выбраны Прэзiдэнтам Мiжнароднай акадэмii экалогіi, замежным членам Польскай акадэмii навук. І.І. Лiштван -- старшыня экалагічнай камiсii пры Прэзiдыуме НАН Беларусi, актыўна працуе як старшыня i член шматлiкiх навуковых i каардынацыйных саветаў айчыннай i Расiйскай акадэмiй навук. Іван Іванавiч унёс вялiкi ўклад у справу навуковага iнфармавання. Ён з'яўляецца членам рэдкалегій часопiсаў Расiйскай АН "Калоiдны часопiс", "Хiмiя цвёрдага палiва", "Хiмiя ў iнтарэсах устойлiвага развiцця", галоўным рэдактарам айчынных выданняў "Весцi НАН Беларусi", серыя хiмiчных навук i "Прыродныя рэсурсы".
Вынiкi навуковых даследаванняў І.І. Лiштвана i вучняў яго школы дастаткова шырока прадстаўлены ў друку: ім апублiкавана звыш 900 навуковых прац, 33 кнiгі, брашуры i вучэбныя дапаможнiкi. Па навуковых распрацоўках атрымана 70 аўтарскiх пасведчанняў i патэнтаў. Сярод значымых трэба назваць наступныя манаграфii юбiляра: "Асноўныя ўласцiвасцi торфу i метады iх вызначэння" (Мiнск, 1975), "Фiзiка-хiмiчная механiка гумiнавых рэчываў" (Мiнск, 1976), "Фiзiка-хiмiчныя асновы тэхналогii тарфяной вытворчасцi" (Мiнск, 1983), "Фiзiчныя ўласцiвасцi торфу i тарфяных залежаў" (Мiнск, 1985), "Фiзiчныя працэсы ў тарфяных залежах" (Мiнск, 1989), "Фiзiка-хiмiя торфу" (Масква, 1989), "Масаперанос у прыродных дысперсных сiстэмах" (Мiнск, 1992). Дзве з гэтых манаграфiй перакладзены на кiтайскую мову. Ім напiсаны раздзелы ў кнiгах "Торф у народнай гаспадарцы" (Масква, 1988), "Сусветныя рэсурсы торфу" (Фiнляндыя, 1996).
І зараз, сустракаючы свой юбiлей, Іван Іванавiч поўны новых планаў i iдэй, энергічна працуе над iх рэалiзацыяй на карысць роднай зямлi i яе працоўнага народа.
Пажадаем нашаму паважанаму акадэмiку моцнага здароўя, натхнення i ўдачы ў рэалiзацыі ўсiх спраў i планаў, радасцi i шчасця ў жыццi.
А. І. Леснiковiч, Ф. А. Лахвiч, М. М. Бамбалаў, Р. Г. Гарэцкi, Ф. М. Капуцкi, У. С. Камароў, У. С. Салдатаў, М. А. Майер, У. Ф. Логiнаў, А. В. Мацвееў, А. С. Махнач, У. Я. Агабекаў, М. П. Круцько, А. А. Махнач, А. А. Цярэнцъеў, Л. С. Лiс
Academy |