THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS

The History of Book-Printing of Belarus. Introduction

Back
Бярозкіна Н. Ю.
Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (ХVІ -- пачатак ХХ ст.). -- Мн.: Беларуская навука, 1998. -- 199 с.

УСТУП

Кніга -- сапраўды геніяльнае адкрыццё чалавецтва. Яна належыць да тых вынаходстваў, якія (як, напрыклад, кола і пакарэнне агню) не маюць сабе роўных і ніколі не знікнуць з чалавечай цывілізацыі. Па-свойму сімвалічна, што Александрыйскі маяк -- адзін з сямі цудаў свету -- уяўляў сабой сховішча рукапісных скруткаў. Ен быў як бы двухадзінай крыніцай святла -- фізічнага, якое ўказвала дарогу караблям, і духоўнага, якое пракладвала чалавеку шлях да ведаў.

Яшчэ ў старажытнасці людзі зразумелі вялікую ролю інфармацыі і яе галоўнай крыніцы -- кнігі ў развіцці грамадства. Уся гісторыя чалавецтва адлюстроўвалася ў кнізе. Плямёны, дзяржавы знікалі, а кніга заставалася. Многія матэрыялы: камень, дрэва, метал, гліну, папірус, скуру, бавоўну выкарыстоўваў чалавек для вырабу кніг, пакуль не спыніўся на паперы. Прайшло шмат часу і замест гліняных плітак, пергаментных скруткаў, берасцяных грамат нарэшце з'явілася кніга ў сучасным выглядзе, так званы "кодэкс". Марудным і надзвычай працяглым быў працэс стварэння рукапіснай кнігі. У спецыяльных скрыпторыях, не разгінаючы спіны, перапісвалі кнігі манахі, "на чыстым аркушы, прад вузенькім акном, прыгожа літары выводзілі пяром і пакрашалі скрозь -- даволі ёсць знароўкі -- свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі", -- пісаў М. Багдановіч. Створаныя ў выніку цяжкай працы кнігі займалі свае пачэсныя месцы на бібліятэчных паліцах, дзе захоўваліся як самая каштоўная рэліквія.

На працягу многіх гадоў людзі шукалі спосабы друкавання кніг. Ужо ў VIII ст. у Кітаі пачалі друкавацца газеты, амулеты, малітвы на асобных аркушах, затым і кнігі. Самай старажытнай кнігай многія даследчыкі лічаць індыйскі твор "Алмазная Сутра" (868) у перакладзе на кітайскую мову. Прыблізна ў той жа час у Японіі ўзнік ксілаграфічны друк. Вопыты друкавання тэкстаў з наборнай формы рабіліся рознымі людзьмі ў Карэі, Нідэрландах, Бельгіі, Італіі, Францыі. Аднак толькі адзін з іх перамог. Імя гэтага чалавека -- Іаган Гутэнберг. Вынаходства друкарскага станка з'явілася найвышэйшым дасягненнем, адным з найвялікшых адкрыццяў эпохі Адраджэння, паваротным пунктам у гісторыі чалавецтва. У 1447 г. Гутэнберг распачаў рэгулярны выпуск кніг у нямецкім горадзе Майнцы. Спачатку гэта былі невялікія брашуры і асобныя аркушы. Былі надрукаваны календары, некалькі выданняў лацінскай граматыкі Даната. Першым буйным выданнем І. Гутэнберга стала лацінская Біблія.

Справу Гутэнберга хутка падхапілі друкары Германіі, Італіі, Нідэрландаў, Францыі, Чэхіі. Польшчы і іншых краін. У 1494 г. у Венецыі ўзнікла друкарня Альда Мануцыя, якая праіснавала каля 90 гадоў. Два выдатныя новаўвядзенні ў галіне кніжнай тэхнікі зрабілі яго імя бессмяротным: стварэнне новага тыпу шрыфтоў -- курсіву і ўвядзенне невялікага стандартнага фармату кніг (у восьмую долю аркуша). Выданні Альдаў -- так званыя "альдзіны" -- вызначаліся высокім навуковым узроўнем падрыхтоўкі тэкстаў і былі ў свой час вельмі папулярныя. 3накамітая друкарская марка Альдаў -- якар з дэльфінам -- сустракаецца на большасці іх кніг.

Першыя кнігі на кірыліцы -- "Актоіх" і "Часаслоў" -- выдадзены ў 1490--1491 гг. у Кракаве Швайпольтам Фіолем, які па праву лічыцца пачынальнікам славянскага кнігадрукавання. Выданні Фіоля мелі значны поспех, але неўзабаве яго друкарская дзейнасць была забаронена езуітамі, а кнігі знішчаны. Ш. Фіоль змог надрукаваць яшчэ дзве кнігі пры дапамозе прадпрымальніка Яна Турзо. Амаль адначасова з дзейнасцю Фіоля кірылічнае кнігадрукаванне ўзнікла на тэрыторыі паўднёвых славян, дзе яго заснавальнікам стаў Макарый, які выдаў некалькі кніг: "Актоіх" (1494). "Псалтыр" (1495) і інш. Фіоль у Кракаве і Макарый на Балканах у асноўным выпускалі кнігі, прызначаныя для патрэб царквы. У 1508 г. кірылічнае кнігадрукаванне пачалося ў Румыніі.

Колькасць гарадоў, у якіх друкаваліся кнігі ў апошнія дзесяцігоддзі ХV ст., складала сотні. Першадрукі ХV ст. прынята называць інкунабуламі (ад лац. incunabula -- калыска, пачатак).

У пачатку ХVІ ст. узнікаюць буйныя выдавецкія і друкарскія прадпрыемствы, якія перадаваліся ў спадчыну ад бацькоў да сыноў, Такімі вядомымі выдавецтвамі былі Мануцыі ў Венецыі, Эцьены ў Парыжы, Плантэны ў Антвэрпене і інш. 3начны след пакінула ў гісторыі выдавецкай справы галандская фірма Эльзевіраў, якая заняла галоўнае месца на кніжным рынку ХVІІ ст. і, дарэчы, дзейнічае ў наш час. Эльзевіры выпускалі кнігі на лацінскай, грэчаскай, французскай, галандскай, нямецкай, італьянскай і многіх усходніх мовах, прызначаныя для штодзённага чытання або для навуковай работы. Эльзевіры праславіліся сваімі выданнямі малога фармату, сціпла, але з вялікім густам аформленымі, якія вызначаліся высокай якасцю рэдактарскай падрыхтоўкі.

Наш славуты зямляк Францыск Скарына адным з першых зразумеў вялікую гістарычную ролю друкаванай кнігі як крыніцы ведаў і асветы, сродку культурнага і навуковага прагрэсу і глыбока адчуў, што кніга народу патрэбна не менш чым хлеб. Многія выдатныя грамадскія і дзяржаўныя дзеячы Беларусі, лепшыя прадстаўнікі навукі і культуры звязвалі свой лёс з друкарскай дзейнасцю, а некаторыя з іх зрабілі кнігадрукаванне галоўнай мэтай свайго жыцця -- Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Спірыдон Собаль, Сімяон Полацкі і інш.

У помніках кніжнага пісьменства Беларусі адлюстраваны шматвяковая гісторыя беларускага народа і яго ўклад у сусветную культурную спадчыну. Пры вывучэнні духоўных патрэб беларускага грамадства ў розныя перыяды яго гісторыі, культуры, навукі даследчыкі абавязкова павінны сутыкнуцца з гісторыяй беларускага кнігадрукавання. Абапіраючыся на агульную гісторыю, гісторыю культуры, навукі, тэхнікі, гісторыя кнігі займаецца даследаваннем і высвятленнем заканамернасцяў развіцця кнігадрукавання, вызначэннем яго ролі ў эвалюцыі сусветнай цывілізацыі. З гісторыяй кнігі цесна звязаны любы напрамак навуковай, грамадскай і эстэтычнай дзейнасці, паколькі менавіта ў кнігах змешчана сума ведаў па той ці іншай навуковай або практычнай дысцыпліне. Без кнігі наогул немагчыма існаванне цывілізаванага грамадства.

Нацыянальна-культурнае развіццё беларускага народа, у тым ліку і гісторыю кнігадрукавання Беларусі, неабходна разглядаць у непасрэднай залежнасці ад дзейнасці на беларускіх землях праваслаўя, каталіцтва і уніяцтва, іх барацьбы паміж сабой на працягу стагоддзяў. Своеасаблівы і непаўторны характар беларускай культуры ў тым, што яна сфарміравалася, з аднаго боку, пад уплывам руска-праваслаўнай культуры (усходняя цывілізацыя), а з другога, пад уздзеяннем уніяцка-каталіцкай культуры (заходняя цывілізацыя).

Багатыя традыцыі кнігадрукавання Беларусі, яго шматгранная і складаная гісторыя асвятляюцца ў шматлікіх навуковых публікацыях. Аднак назіраецца некаторая дыспрапорцыя ў галіне кнігазнаўчых даследаванняў: асобныя перыяды гісторыі друку Беларусі распрацаваны, затое іншыя праблемы яшчэ чакаюць свайго даследчыка. Неабходна таксама адзначыць неаднолькавасць падыходаў аўтараў да ацэнкі друкарскай дзейнасці на Беларусі або яе асобных прадстаўнікоў у розныя гістарычныя перыяды.

Грунтоўныя даследаванні друкарскай справы на Беларусі ў ХVІ -- ХVІІІ стст. праводзіліся А.С. Зёрнавай, Я.Л. Неміроўскім, Г.Я. Галенчанкам, Ю.А. Лабынцавым, А.І. Мальдзісам, В.Ф. Шматавым, У.І. Мархелем і іншымі вучонымі. Асабліва многа прац прысвечана беларускаму першадрукару і асветніку Францыску Скарыне; сабраны і выдадзены ўсе даступныя матэрыялы пра яго жыццё і дзейнасць, яго творы, факсімільна перадрукавана Біблія. Свой уклад у вывучэнне творчасці Скарыны, яго светапогляду ўнеслі беларускія даследчыкі М.М. Шчакаціхін, М.А. Алексютовіч, С.А. Падокшын, А.І. Жураўскі, А.Ф. Коршунаў, В.А. Чамярыцкі і інш. Намаганнямі скарыназнаўцаў за апошнія дзесяцігоддзі падрыхтаваны шэраг фундаментальных і энцыклапедычных прац, сярод якіх варта назваць такія выданні, як "Францыск Скарына: Зборнік дакументаў і матэрыялаў" (Мн., 1988), у якім упершыню сабраны і апублікаваны ўсе дакументы, што датычыцца Скарыны, энцыклапедычны даведнік "Францыск Скарына і яго час" (Мн., 1988, 1990), "Зерцало жития: З літаратурнай спадчыны Францыска Скарыны" Ю. Лабынцава (Мн., 1991) і інш. 3начная колькасць прац выдадзена ў 1990 годзе, які быў аб'яўлены ЮНЕСКА Годам Скарыны. Гэта перш за ўсё зборнік "Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія", фундаментальная праца "Франциск Скорина: Жизнь и деятельность белорусского просветителя" расійскага вучонага Я.Л. Неміроўскага, грунтоўная праца "Мова выданняў Скарыны", калектыўная манаграфія "Скарына і яго эпоха", "Скарынаўскі каляндар" Ю. Лабынцава і інш. Літаратура, прысвечаная Ф. Скарыне, змешчана ў бібліяграфічных паказальніках "Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць" (Мн., 1990), "Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць. Паказальнік літаратуры: дадаткі за 1530--1988, 1989--1993 гг. (Мн., 1995), "Франциску Скорине посвященные" (Мн., 1982).

Пры агульнай пазітыўнай ацэнцы творчасці Ф. Скарыны з боку большасці даследчыкаў назіраецца неаднолькавы падыход да вызначэння даты нараджэння друкара, яго паходжання, імя, светапогляду, веравызнання. Многія гэтыя пытанні маглі б пераканаўча вырашыць метрыка або іншыя дакументы, якія, аднак, пакуль што не знойдзены. Таму пра светапогляд Скарыны, яго канфесіянальную прыналежнасць мы можам меркаваць толькі па яго справах, па тых кнігах, якія ён друкаваў для свайго народа. Нягледзячы на тое што ўся выдавецкая дзейнасць Скарыны звязана з выпускам кніг для праваслаўнага набажэнства, некаторымі аўтарамі рабіліся спробы даказаць, што беларускі першадрукар мог у свой час прыняць каталіцтва і каталіцкае імя Францыск (Г. Лаўмянскі, Э. Гячаўскас, Л. Уладзіміравас).

Кірылічнае кнігадрукаванне было галоўным відам кнігавыдавецкай дзейнасці Беларусі ў ХVІ--ХVІІ стст. 3начную частку кніжнай прадукцыі кірылічных друкарняў, якія выкарыстоўвалі кірылаўскі алфавіт, уласцівы старажытнарускай, а пазней беларускай, рускай і ўкраінскай пісьменнасці, складалі выданні, прызначаныя для патрэбаў праваслаўнай царквы. Праблемы выдання і распаўсюджання кірылічных кніг разглядаюцца ў працах У.І. Пічэты, Я.Л. Неміроўскага, Ю.А. Лабынцава, А.А. Сідарава і іншых вучоных. Выдатны знаўца старадрукаў А.С. Зёрнава большасць сваіх даследаванняў прысвяціла вывучэнню старажытнага беларускага кнігадрукавання, дзейнасці Ф. Скарыны, П. Мсціслаўца, С. Собаля, братоў Мамонічаў, творчых сувязей беларускіх і рускіх кнігавыдаўцоў.

Першае шырокамасштабнае даследаванне па гісторыі кніжнай культуры Беларусі -- "Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі" (Коўна, 1926) -- належыць беларускаму гісторыку В.Ю. Ластоўскаму. У сваёй працы ён сістэматызаваў, апісаў і праілюстраваў больш за 800 рукапісных і друкаваных помнікаў пісьменнасці Беларусі ХІ--ХVІІІ стст. Аднак аўтару не ўдалося пазбегнуць некаторых спрэчных і бяздоказных сцвярджэнняў, звязаных з недаацэнкай старажытнарускага перыяду, беларуска-рускіх сувязей і агульнай гісторыі беларускай культуры і г.д.

Асобна трэба вылучыць працы вядомага даследчыка гісторыі беларускай культуры і кнігадрукавання Г.Я. Галенчанкі: манаграфіі "Идейные и культурные связи восточнославянских народов в ХVI -- середине ХVІІІ в. " (1989), "Францыск Скарына -- беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар" (1993), іншыя шматлікія даследаванні, у якіх разглядаецца дзейнасць Ф. Скарыны, яго паслядоўнікаў С. Буднага, В. Цяпінскага, брацкае кнігадрукаванне.

Даследаваннямі ў галіне вывучэння мастацкага афармлення беларускіх старадрукаў плённа займаецца доктар мастацтвазнаўства В. Шматаў, аўтар манаграфій "Беларуская кніжная гравюра ХVІ--ХVІІІ стагоддзяў" (Мн., 1984), "Искусство книги Франциска Скорины" (Мн., 1990), іншых мастацтвазнаўчых прац.

Што датычыцца кнігадрукавання на польскай і лацінскай мовах у ХVІІ--ХVІІІ стст., то гэты напрамак друкарскай справы Беларусі вывучаны ў меншай ступені. Многія матэрыялы аб дзейнасці друкарняў у Любчы, Слуцку, Супраслі, Полацку, Нясвіжы змешчаны ў працах польскіх вучоных, напрыклад у выданні "Drukarze dawnej Polski od XV do ХVIII wieku. Z. 5. Wielkie Ksiestwo Litewskie" (Wroclaw; Krakow, 1959). Гісторыю літаратуры і кнігадрукавання Беларусі ў ХVІІІ--ХІХ стст. даследуе вядомы беларускі вучоны А. Мальдзіс.

3начна менш публікацый, якія датычацца развіцця кнігадрукавання ў ХІХ--ХХ стст. І калі друкарская справа першай паловы ХІХ ст. даволі падрабязна разглядаецца ў працах Я.С. Умецкай, то гісторыя друку другой паловы ХІХ -- пачатку ХХ ст. вывучана яшчэ недастаткова. Апублікаваны шэраг артыкулаў і манаграфічных даследаванняў, якія ўводзяць у навуковы абарот значны фактычны матэрыял, звязваюць гісторыю беларускай культуры, літаратуры, навукі, асветы з гісторыяй беларускай кнігі, але зусім няма прац комплекснага характару, дзе быў бы зроблены шматбаковы аналіз кнігадрукавання Беларусі ў перыяд капіталізму.

Гісторыі беларускага кнігадрукавання цалкам прысвечаны працы "Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525--1925" (Мн., 1926), "450 год беларускага кнігадрукавання" (Мн., 1968). Больш за 20 гадоў Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выдае зборнікі навуковых прац па кнігазнаўству і гісторыі кнігі Беларусі.

Вялікую дапамогу пры вывучэнні кнігадрукавання на беларускай і рускай мовах, а таксама для выяўлення літаратуры па розных галінах ведаў можа аказаць зводны каталог "Кніга Беларусі, 1517--1917" (Мн., 1986).

Дадзены вучэбны дапаможнік з'яўляецца першай спробай абагульнення даследаванняў па гісторыі беларускага кнігадрукавання за ўвесь дарэвалюцыйны перыяд з мэтай аднаўлення ў паслядоўнасці гісторыі выдання і распаўсюджання літаратуры. Змест дапаможніка не закранае гісторыю журналістыкі як самастойную галіну, але ў ім прыведзены звесткі пра часопісы, газеты, выданні, якія працягваюцца, таму што без вывучэння гэтых тыпаў друкаванай прадукцыі не можа быць поўнасцю прадстаўлены той ці іншы перыяд эвалюцыі кнігі.

Аб'ектам даследавання з'яўляецца друкарская дзейнасць не толькі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, але і ў Вільні, Супраслі, Еўі, Заблудаве і інш. Гэта абумоўлена той акалічнасцю, што ў ХVІ--ХVІІІ стст. Беларусь не мела сваёй дзяржаўнай граніцы і беларусы рассяляліся па значнай частцы ўсёй тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Творы друку на беларускай мове ўлічваюцца незалежна ад месца выдання. У сувязі з тым што ў Рэспубліцы Беларусь прынята двухмоўе, галоўнае месца ў дапаможніку адводзіцца вывучэнню друкаванай прадукцыі на беларускай і рускай мовах, менш увагі звяртаецца на выданне кніг на польскай, лацінскай і іншых мовах.

Вучэбны дапаможнік прызначаецца для студэнтаў бібліятэчных, гістарычных і філалагічных факультэтаў, факультэтаў журналістыкі універсітэтаў, інстытутаў культуры, педагагічных інстытутаў. Можа выкарыстоўвацца ў іншых навучальных установах пры чытанні агульных курсаў па гісторыі культуры Беларусі, а таксама будзе карысны ўсім, хто цікавіцца гісторыяй духоўнай культуры Беларусі.

Back


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: January 5, 2002
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 1998-2002 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 1998 Natallya Yu. Byarozkina
| MP3 foundry| albums MP3 download| download mp3| download best mp3 tracks| mp3 albums collection