Манаграфiя "Спрадвечная Ахоўнiца Беларусi: Духоўныя пошукi старабеларускага этнаса ў гiстарычных даляглядах" працягвае цыкл работ Алены Яскевiч, прысвечаных разгляду асаблiвасцей менталiтэта i духоўнай культуры беларускага этнаса. Кнiга дазваляе ўбачыць нашу лiтаратуру, мову, культуру ў арганiчнай цэласнасцi старабеларускага i сучаснага перыядаў бытавання, спрыяе вырашэнню шматлiкiх праблем пiсьменства Новага часу праз зварот да здабыткаў пракаветнай даўнiны. Менавiта марыялогiя наблiжае нас да таго, што яднала нацыю. На працягу ўсёй гiсторыi iснавання беларускага народа для духоўнай падтрымкi былi яўлены цудадзейныя iконы Божай Мацi, Поспехi, плён у грамадска-палiтычнай, рэлiгiйна-культурнай дзейнасцi дасылаюцца звычайна людзям за пабожнасць i высакародства. Многiя нашыя знакамiтыя продкi, iх роды аберагалiся цудадзейнымi святынямi. Здавалася, беларуская нацыя страчвала сваю дзяржаўнасць, традыцыi лiтаратурнай мовы, але сярод вызначальных рысаў яе архетыпа, яе духоўным стрыжнем было векавечнае ўшанаванне Госпада i Яго Найсвяцейшай Мацi, а таксама мiласэрнасць, дабрыня, любоў. Кнiга можа быць выкарыстана ў якасцi дапаможнiка па беларусазнаўчых i тэалагiчных дысцыплiнах, адрасуецца шырокаму колу сяброў беларускай культуры.