BelarusianRussian

ДЗЯРЖАЎНЫ КАМІТЭТ ПА НАВУЦЫ І ТЭХНАЛОГІЯХ
РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

ДАКЛАД
пра стан і перспектывы развіцця навукі
ў Рэспубліцы Беларусь па выніках 2003 года

Пад рэдакцыяй:
члена-карэспандэнта НАН Беларусі Ю.М.Плескачэўскага

Мінск 2004

Contents


Даклад уяўляе сабой каротки варыянт штогадовай справаздачы Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь пра стан галіны "Навука і навуковае абслугоўванне", абагульняе звесткі аб развіцці беларускай навукі, інавацыйнай дзейнасці і выкананні дзяржаўных праграм у 2003 годзе, даецца ацэнка эфектыўнасці навукова-даследчай і ўкараняльніцкай дзейнасці, а таксама перспектыў развіцця ў будучым. Па выніках аналізу сфармуляваны вывады і прапановы.


Навукова-тэхналагічнае развіццё Беларусі ў 2003 годзе ажыццяўлялася з улікам усё ўзрастаючай значнасці айчыннай навукі, якая разглядаецца, як падкрэсліў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка ў штогадовым Пасланні Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь і беларускаму народу (14 красавіка 2004 г.), "у якасці важнейшага інструмента паскарэння і якасці".

У 2003 годзе ў Рэспубліцы Беларусь працягваліся пераўтварэнні ў навукова-тэхнічнай сферы, сістэме арганізацыі і кіравання даследаванямі і распрацоўкамі. Ажыццяўляліся меры па далейшаму ўдасканаленню дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі.

За мінулы перыяд Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі сумесна з Міністэрствам прамысловасці і іншымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання быў распрацаваны і Урадам Рэспублікі Беларусь зацверджаны шэраг асноватворных нарматыўных прававых дакументаў, у ліку якіх:

Работа па ўдасканаленні нарматыўнай прававой базы навукі накіравана на стыкоўку фундаментальных і прыкладных даследаванняў з доследна-канструктарскімі і доследна-тэхналагічнымі работамі, асваенне атрыманай навукова-тэхнічнай прадукцыі ў серыйнай вытворчасці, павышэнне адказнасці дзяржзаказчыкаў, арганізацый-выканаўцаў і арганізацый-спажыўцоў за ўкараненне канчатковых вынікаў даследаванняў і распрацовак у вытворчасць, павышэнне канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі.

У 2003 годзе ўдасканальвалася кадравая палітыка ў навукова-тэхнічнай сферы, галоўным кірункам якой стала павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі навуковых і навукова-педагагічных кадраў. Навуковыя даследаванні і распрацоўкі (ДР) ў 2003 годзе ажыццяўляліся ў 295 навуковых арганізацыях, ВНУ, на КБ буйных прамысловых прадпрыемстваў. У іх выкананні было занята каля 30,0 тыс. чалавек, у тым ліку 17,7 тыс. даследчыкаў. У апошнія гады намецілася тэндэнцыя да стабілізацыі такіх паказчыкаў, як адносіны колькасці персаналу, занятага ДР, на 10 тыс. насельніцтва (у 2003 годзе - 30 чалавек) і, адпаведна, занятага ў эканоміцы (каля 70 чалавек). Памяншэнне колькасці навуковых кадраў (з 30,711 тыс. чалавек у 2002 годзе да 29,981 тыс. чалавек у 2003 годзе) звязана са зменай імі віду дзейнасці. Працягваецца замежная міграцыя: агульная колькасць эмігрантаў-вучоных, выкладчыкаў ВНУ і аспірантаў ў 2003 годзе склала звыш 60 чалавек.

Навукаёмістасць валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў 2003 годзе склала 0,73% (2002 год - 0,71%), што ніжэй прагнознага паказчыка 2003 года (1,4%), які прадугледжаны Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001 - 2005 гг. Фактычныя расходы рэспубліканскага бюджэту на навуку склалі ў 2003 годзе 132,5 млрд.руб., або 2% адносна расходаў рэспубліканскага бюджэту (у 2002 г. - 1,9%). Найбольшы аб'ём бюджэтных асігнаванняў быў накіраваны на фінансаванне фундаментальных і прыкладных даследаванняў, навукова-тэхнічных праграм і праектаў - 124,3 млрд.руб. (93,9% агульнага аб'ёму фінансавання). Пераважнымі расходамі ў навуцы былі затраты на навукова-тэхнічныя распрацоўкі (51%), у параўнанні з 2002 годам іх доля скарацілася на 4,2%. Адпаведна павялічылася ўдзельная вага затрат на фундаментальныя даследаванні (з 20,3% ў 2002 годзе да 21,3% ў 2003 годзе) і расходаў на прыкладныя даследаванні (з 24,5% ў 2002 годзе да 27,7% ў 2003 годзе). Фактычныя затраты на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы навукі ў 2003 годзе ўзраслі ў параўнанні з 2002 годам на 3,3% і склалі 8,0% ад сродкаў рэспубліканскага бюджэту, накіраваных на развіццё навукі, што з'яўляецца самым высокім паказчыкам за апошнія 4 гады. Доля бюджэтнага фінансавання навукова-тэхнічнай феры склала 48,6%, фінансаванне з іншых крыніц - 51,4%.

Узровень навукова-тэхнічнага патэнцыялу краіны ў значнай ступені вызначаецца выніковасцю фундаментальных навуковых даследаванняў - першага і асноватворнага звяна навукова-інавацыйнага канвеера. У апошнія гады асноўнай формай іх рэалізацыі з'яўляліся дзяржаўныя праграмы фундаментальных даследаванняў (ДПФД) ў галіне прыродазнаўчых, тэхнічных, гуманітарных і сацыяльных навук. На працягу 2003 г. ажыццёўлены комплекс мерапрыемстваў па далейшаму ўдасканаленню нарматыўнай прававой базы арганізацыі навуковых даследаванняў, аптымізацыі і актуалізацыі іх тэматыкі з мэтай пераважнай арыентацыі навуковых вынікаў на патрэбнасці канкрэтных галін эканомікі краіны. У прыватнасці, ажыццяўляліся кардынальныя змены ў арганізацыі навукова-даследчых работ (НДР), накіраваныя на актывізацыю не толькі вытворчасці новых навуковых ведаў, але і на паскарэнне працэсаў іх перадачы э эканамічную і сацыяльную сферы. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28.05.2003 г. №699 ў практыку кіравання навуковымі даследаваннямі ўведзены новыя формы выканання навуковых даследаванняў: дзяржаўныя праграмы арыентаваных фундаментальных даследаванняў (ДПАФД), дзяржаўныя праграмы прыкладных навуковых даследаванняў (ДППНД), комплексныя праграмы навуковых даследаванняў. Увядзенне ДПАФД і ДППНД заклікана ліквідаваць разрыў, што склаўся ў краіне паміж фундаментальнымі даследаваннямі і навукова-тэхнічнай дзейнасцю, якая рэалізуецца ў форме навуковага забеспячэння дзяржаўных народнагаспадарчых і сацыяльных праграм, дзяржаўных, рэгіянальных і гаоіновых навукова-тэхнічных праграм, інавацыйных праектаў.

У выніку перагляду і аптымізацыі тэматыкі навуковых даследаванняў, колькасць ДПФД, якія выконваліся ў 2002 годзе, была скарочана з 44 да 35 шляхам аб'яднання, карэкціроўкі асноўных мэтаў шэрагу праграм, трансфармацыі большасці з іх у ДПАФД.

У 2003 годзе выканаўцамі 1397 заданняў праграм (ДПФД, ДПАФД і ДППНД) з'яўляліся звыш 150 арганізацый НАН Беларусі, Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі, Міністэрства прамысловасці, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства культуры, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Міністэрства спорту і турызму, канцэрна "Белнафтахім", Белкаапсаюза і інш. Асноўныя работы па заданнях указаных праграм выконвалі арганізацыі НАН Беларусі (790 заданняў) і Міністэрства адукацыі (687). Найбольшая колькасць заданняў у рамках ДПФД была накіравана на вырашэнне праблем у галіне гуманітарных і сацыяльных навук (50,4% ад іх агульнай колькасці) і медыцынскіх навук (21,3%), а ў рамках ДПАФД - у галіне тэхнічных (41,9%) і фізіка-матэматычных навук (17,2%). Пры гэтым 19,5% агульнай колькасці заданняў выконвалася ў рамках ДПФД, 80,5% - у рамках ДПАФД.

Атрыманыя ў 2003 г. у рамках ДПФД і ДПАФД вынікі навуковых даследаванняў (новыя тэорыі, гіпотэзы, метады, гатункі раслін, прэпараты, тэхналогіі, доследныя ўзоры матэрыялаў, абсталявання і інш.) адлюстраваны прыблізна ў 8300 навуковых публікацыях (манаграфіі, артыкулы) і 255 ахоўных дакументах на аб'екты прамысловай уласнасці (патэнты, пасведчанні), якія неабходныя для перадачы новых ведаў і новаўвядзенняў для практычнага выкарыстання.

У аснову арганізацыі доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ па-ранейшаму закладваецца праграмна-мэтавы метад, а найбольш эфектыўнай формай іх выканання з'яўляюцца дзяржаўныя (ДНТП), галіновыя (ГНТП) і рэгіянальныя (РНТП) навукова-тэхнічныя праграмы. У 2003 годзе колькасць навукова-тэхнічных праграм была скарочана на адну трэць. Сфарміраваны 3 дзяржаўныя мэтавыя праграмы развіцця прыярытэтных галін эканомікі. Праводзіліся работы па заданнях 33 ДНТП, 8 ГНТП, 6 РНТП, 61 інавацыйнаму праекту па сацыяльных праблемах і стварэнні новых тэхналогій, машын і матэрыялаў. Ажыццяўлялася навуковае забеспячэнне 2 прэзідэнцкіх і 15 дзяржаўных народнагаспадарчых і сацыяльных праграм. Усяго ў складзе ДНТП ў 2003 годзе выконваліся работы па 1041 заданню, па ГНТП - 111 заданняў, РНТП - 67. У частцы навуковага забеспячэння выконваліся 34 заданні прэзідэнцкіх праграм і 240 заданняў дзяржаўных народнагаспадарчых і сацыяльных праграм. Фінансаванне работ па навукова-тэхнічных праграмах і заданнях навуковага забеспячэння прэзідэнцкіх, дзяржаўных народнагаспадарчых і сацыяльных праграм ажыццяўлялася за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, а таксама і з пазабюджэтных крыніц. У 2003 годзе фактычныя затраты з рэспубліканскага бюджэту на выкананне работ па ўказаных праграмах склалі 54,9 млрд.руб.

Работы па ДНТП былі накіраваны на дасягненне прыкладнога, у максімальнай ступені эфектыўнага выніку. З 1041 задання ДНТП выканана 98,7%. Вынік выканання заданняў па ДНТП за 2003 год з'яўляецца самым высокім за ўсе гады выканання ўказаных праграм. Гэта ўяўляецца важным момантам, асабліва ўлічваючы высокі паказчык завершаных заданняў для 2003 года (32%) - сярэдзіны чарговага цыклу выканання ДНТП.

У ходзе рэалізацыі праграмных заданняў атрыманы шэраг значных вынікаў, якія накіраваны на рэсурсазберажэнне, павышэнне прадукцыйнасці працы і якасці прадукцыі, імпартазамяшчэнне, расшырэнне экспартнага патэнцыялу за кошт стварэння новай канкурэнтаздольнай прадукцыі, вырашэнне важнейшых сацыяльных праблем. Па выніках распрацовак атрымана 144 патэнты на вынаходніцтвы і пададзена 115 заявак на патэнтаванне вынаходніцтваў. Сумарная вартасць выпушчанай у 2003 годзе прадукцыі па галіновых планах асваення новай прадукцыі ў 5,3 разы перавысіла сумарныя бюджэтныя асігнаванні, накіраваныя на выкананне ДНТП, а бюджэтныя сродкі, накіраваныя на іх выкананне, вяртаюцца ў бюджэт у выглядзе падаткаў з продажу прадукцыі, створанай на аснове ўкаранёных распрацовак у сярэднім на працягу 1,5 - 2 гадоў. У цэлым, па выконваемых ДНТП аб'ём выпуску новай прадукцыі ў 2001 - 2003 гадах склаў 1131,8 млн. USD і ў параўнанні з 1997 - 1999 гг. узрос больш чым у 5 разоў. Па лініі ДНТП "Аграпрамкомплекс" у ходзе асваення вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак аб'ём продажу сельскагаспадарчай прадукцыі дасягнуў у 2003 годзе 91,1 млн. USD. Па асобных ДНТП аб'ёмы выпуску прадукцыі ўзраслі ў дзесяткі разоў, што сведчыць аб эфектыўнасці ўкладання сродкаў у распрацоўкі айчынных вучоных. Створана і даведзена да стадыі практычнага прымянення 228 новых відаў машын, абсталявання і прыбораў, 122 віды матэрыялаў і рэчываў, 175 тэхналагічных працэсаў і 60 сістэм і комплексаў, перададзена ў сортавыпрабаванне 30 сартоў і гібрыдаў сельскагаспадарчых і пладовых культур, сфарміравана 14 селекцыйных статкаў свіней, буйной рагатай жывёлы, коней і кросаў птушкі, распрацаваны 231 від методык і праграмных прадуктаў. У выніку выканання завершаных у 2003 г. інавацыйных праектаў створана 4 устаноўкі, 1 комплекс, 1 апаратна-праграмны комплекс, 6 тэхналагічных працэсаў, 2 матэрыялы, 2 методыкі, 2 медыцынскія прэпараты, 3 метадычныя рэкамендацыі.

У адпаведнасці з ДНТП "Белаўтатрактарабудаванне" на вытворчым аб'яднанні "МТЗ" створана базавае шасі для сям'і машын па ўтрыманні і рамонту дарог. На ААТ "Мотавела" асвойваецца вытворчасць сям'і рухавікоў для малалітражнай тэхнікі. Прадпрыемствам "Камертон" распрацавана інфармацыйна-дыягнастычная сістэма для вялікагрузных аўтамабіляў. Сістэма выконвае збор інфармацыі, кантроль стану і дыягностыку штатных бартавых сістэм і агрэгатаў аўтамабіля, адпавядае ўзроўню лепшых замежных аналагаў, забяспечвае эканомію валютных сродкаў.

Па ДНТП "Белэлектроніка" навукова-вытворчым аб'яднаннем "Інтэграл" асвоена вытворчасць 27 тыпаў інтэгральных мікрасхем. Створана элементная база і асвоена серыйная вытворчасць мікрасхем, прызначаных для запісу ў байтавым або старонкавым рэжыме і для счытвання і працяглага энерганезалежнага неразбуральнага захоўвання інфармацыі. Асвоена серыйная вытворчасць магутнага біпалярнага транзістара КТ8247А.

У адпаведнасці з ДНТП "Будаўнічыя матэрыялы і тэхналогіі" унітарным прадпрыемствам "Інстытут БелНДІС" распрацавана энергазберагальная тэхналогія ўзвядзення каркасных будынкаў і збудаванняў з высокатрывалага бетону, якая дазволіць павысіць паверхавасць каркасных будынкаў да 20 - 25 паверхаў, павялічыць інтэнсіўнасць узвядзення канструкцый у 2 - 3 разы, скараціць расход электраэнергіі ў зімні перыяд у 1,6 - 2 разы.

У рамках ДНТП "Амінакіслоты" Інстытутам фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі распрацаваны амінакіслотны прэпарат "Тавамін" - эфектыўны і бяспечны сродак тэрапіі таксічных, лекавых, алкагольных пашкоджанняў печані, цырозу печані, гепатытаў віруснай і нявіруснай этыялогіі. Прэпарат не саступае замежнаму аналагу "Falkamin Pellets" (ФРГ).

Па ДНТП "Інфармацыйныя тэхналогіі" завершана доследная эксплуатацыя шэрагу створаных аўтаматызаваных інфармацыйных сістэм кіравання. У іх ліку распрацаваная унітарным прадпрыемствам "Канструктарскае бюро спецтэхнікі" БДУ і ўкаранёная ў ДАІ УУС г.Магілёва камп'ютэрная сістэма кіравання гарадскім дарожным рухам. Створаная НАН Беларусі размеркаваная сістэма кіравання медыцынскімі дыягнастычнымі цэнтрамі для вырашэння задач тэлемедыцыны прайшла доследную эксплуатацыю ў 5-ай і 9-ай гарадскіх клінічных бальніцах г.Мінска.

У 2003 годзе створаны: суперкамп'ютэрная ўстаноўка кластэрнага ўзроўню "СКІФ К-500", якая ўключана ў спіс 500 самых прадукцыйных камп'ютэрных сістэм у свеце;гама ультрасучасных прыбораў, у тым ліку атамна-сілавыя мікраскопы НАНОТОП ; новыя лазерныя тэхналогіі і абсталяванне, унікальныя тэрапеўтычныя апараты ("Люзар МП", "Роднік", "Снаг", "Айбаліт"); экалагічна чыстыя тэхналогіі вытворчасці парашкоў алмаза; вырабы для радыёэлектроннай прамысловасці. У галіне гуманітарных, грамадскіх навук паказальным тэарэтычным пошукам стала распрацоўка асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы.

Вынікі навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў галінах народнай гаспадаркі характарызуюцца стварэннем перадавых вытворчых тэхналогій і асваеннем выпуску на гэтай аснове новых відаў вырабаў, што, у канечным рахунку, з'яўляецца важным фактарам росту вытворчасці працы, зніжэння сабекошту прадукцыі, павышэння яе якасці і канкурэнтаздольнасці за кошт новых спажывецкіх уласцівасцей.

У 2003 годзе у галінах эканомікі, па афіцыйных даных Мінстата, было створана 389 перадавых вытворчых тэхналогій, у тым ліку 344 тэхналогіі, якія з'яўляюцца новымі ў краіне, 38 тэхналогій, якія валодаюць сусветнай навізной, 7 прынцыпова новых тэхналогій. На створаныя тэхналогіі атрымана 117 патэнтаў на вынаходніцтвы, 30 патэнтаў на карысную мадэль, 7 патэнтаў на прамысловы ўзор. Перадавыя вытворчыя тэхналогіі ствараліся ў 143 арганізацыях і прадпрыемствах рознай ведамаснай падпарадкаванасці.

У 2003 годзе буйнейшым распрацоўшчыкам перадавых вытворчых тэхналогій з'яўлялася галіна "Навука і навуковае абслугоўванне". Тут створана 190 перадавых тэхналогій (49% агульнай колькасці створаных перадавых тэхналогій), у тым ліку створана 167 тэхналогій, якія з'яўляюцца новымі ў краіне (49% агульнай колькасці створаных у краіне новых тэхналогій), 21 тэхналогія, якая з'яўляецца новай за мяжой (55% агульнай колькасці тэхналогій, якія з'яўляюцца новымі за мяжой), 2 прынцыпова новыя тэхналогіі (29% агульнай колькасці прынцыпова новых тэхналогій). Пры гэтым у прамысловасці было створана 162 перадавыя тэхналогіі (42% агульнай колькасці створаных у краіне новых тэхналогій), 9 тэхналогій, якія з'яўляюцца новымі за мяжой (24% агульнай колькасці тэхналогій, якія з'яўляюцца новымі за мяжой), 5 прынцыпова новых тэхналогій (71% агульнай колькасці прынцыпова новых тэхналогій). У сферы адукацыі створана 37 перадавых тэхналогій (9% ад іх агульнай колькасці), у тым ліку створана 29 тэхналогій, якія з'яўляюцца новымі ў краіне (8% агульнай колькасці створаных у краіне новых тэхналогій), 8 тэхналогій, якія з'яўляюцца новымі за мяжой (21% агульнай колькасці тэхналогій, якія з'яўляюцца новымі за мяжой).

У прамысловасці ўдзельная вага новай асвоенай у 2003 годзе прадукцыі склала 2,6% супраць 3,4% ў 2002 годзе (памяншэнне на 0,8 працэнтных пункты). Удзельная вага новай прадукцыі, асвоенай на працягу апошніх 3 гадоў, у 2003 годзе склала 11,1 %, аналагічны паказчык у 2002 годзе - 10,3%; у сістэме Мінпрама - 25,1%, у 2002 г. - 22,8%; сертыфікаванай прадукцыі - 54,7 % супраць 51,6 % у 2002 годзе.

На канец 2003 года ў галінах эканомікі выкарыстоўвалася 13720 перадавых вытворчых тэхналогій супраць 13156 перадавых тэхналогій на канец 2002 года (павелічэнне на 564 тэхналогіі, або на 4,3%). Найбольшая колькасць перадавых тэхналогій укаранёна да 1995 года - 5186 тэхналогій, або 37,8% ад агульнай колькасці выкарыстоўваемых перадавых тэхналогій; 4144 перадавых тэхналогій, або 30,2% ад агульнай колькасці ўкаранёна ў 2001 - 2003 гадах. У апошнія гады назіраецца значнае павелічэнне колькасці выкарыстоўваемых перадавых тэхналогій: удзельная вага тэхналогій, укаранёных у 1995 - 1997 гады, складае 11,6%, укаранёных у 1998 - 2000 гады - 20,3% ад агульнай колькасці перадавых тэхналогій. У выніку асваення створанай навукова-тэхнічнай прадукцыі выкарыстаныя на даследаванні і распрацоўкі бюджэтныя сродкі вяртаюцца дзяржаве за 1,5 - 2 гады.

Узрастае роля фінансавання навукова-тэхнічнага развіцця праз інавацыйныя фонды (ІФ), якія ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2003 год" былі ўтвораны ў 29 рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацыях, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь. У 2003 годзе аб'ём сродкаў, сканцэнтраваных у ІФ, у цэлым па краіне складаў звыш 651 млрд.руб. Найбольшыя па аб'ёму фонды былі створаны ў Міністэрстве энергетыкі (46,6% ад агульнай колькасці сродкаў), канцэрне "Белнафтахім" (14,9%), Міністэрстве сувязі (13,2%), Міністэрстве прамысловасці (12,7%), Мінбудархітэктуры (3,4%). Фактычна на фінансаванне НДВК(Т)Р і работ па падрыхтоўцы і асваенню вытворчасці новых відаў навукаёмістай прадукцыі было накіравана 8,5% ад агульнай велічыні выкарыстаных сродкаў ІФ (у 2002 годзе - 7,6%), што складае каля 42,0% ад агульнага аб'ёму фінансавання навукі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Побач з існуючымі формамі ажыццяўлення навукова-інавацыйнай дзейнасці з выкарыстаннем патэнцыялу акадэмічных інстытутаў, навукова-даследчых структур ВНУ, галіновых навукова-тэхнічных цэнтраў, лабараторый і тэхнічных падраздзяленняў прадпрыемстваў на сучасным этапе развіцця краіны ўсе большае значэнне набывае інавацыйнае прадпрымальніцтва. На працягу доўгага часу колькасць малых інавацыйных прадпрыемстваў і колькасць працуючых на іх мае тэндэнцыю да зніжэння: за 1997 - 2003 гады колькасць малых прадпрыемстваў па галіне "Навука і навуковае абслугоўванне" (у 2003 г. - 266) скарацілася ў 2,25 раза пры агульным росце колькасці малых прадпрыемстваў у народнай гаспадарцы краіны за ўказаны перыяд у 1,34 разы, колькасць працуючых у галіне малога інавацыйнага прадпрымальніцтва паменшылася ў 3,17 раза пры росце агульнай колькасці працуючых на малых прадпрыемствах у 1,5 раза.

У 2003 годзе ў параўнанні з 2002 годам развіццё малога інавацыйнага бізнесу ажыццяўлялася, тым не менш, актыўна. Паспяхова працуе звыш 30 малых інавацыйных, укараняльных і іншых прадпрымальніцкіх структур, заснавальнікамі якіх з'яўляюцца навуковыя арганізацыі НАН Беларусі. Гэтымі прадпрыемствамі выкананы ў мінулым годзе аб'ём работ больш чым на 10 млрд.рублёў. Значная колькасць навукова-укараняльных прадпрыемстваў эфектыўна працуе ў сістэме Міністэрства адукацыі пры вядучых ВНУ краіны. Актывізавалася дзейнасць у галіне новых і высокіх тэхналогій (лазерных, плазменных, вакуумных, біятэхналогій і іншых). Некаторыя з малых прадпрыемстваў па колькасці працуючых (ад 50 да 80 чалавек) ўжо наблізіліся да пераходу ў разрад сярэдніх прадпрыемстваў і працягваюць развівацца.

Па ацэнках спецыялістаў, для паспяховага прасоўвання інавацыйных праектаў у Беларусі павінна быць задзейнічана каля 7 тыс. спецыялістаў у галіне кіравання інавацыямі. Важнай задачай з'яўляецца фарміраванне нацыянальнай інавацыйнай інфраструктуры. У сучасны перыяд створана 5 тэхнапаркаў, каля 50 цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва, 9 інкубатараў малога прадпрымальніцтва, сфарміравана інфармацыйна-маркетынгавая сетка ВНУ, здольная праводзіць маркетынгавыя даследаванні і вызначаць рыначную перспектыву распрацовак не толькі для вузаўскай навукі, але і для акадэмічных інстытутаў, галін эканомікі, асобных прадпрыемстваў. У бягучай дзейнасці малыя інавацыйныя прадпрыемствы зведваюць цяжкасці, выкліканыя недастатковасцю ўласных матэрыяльных і іншых рэсурсаў, высокімі мытнымі пошлінамі на ўвозімыя камплектуючыя, высокім узроўнем арэнднай платы на вытворчыя памяшканні. Пакуль яшчэ адсутнічае рэальная падтрымка інавацыйнага бізнесу з боку банкаўскай сістэмы, не створаны прававыя і эканамічныя ўмовы для фарміравання інавацыйнай фінансавай інфраструктуры.

Як і ў папярэднія гады, у 2003 годзе захавалася тэндэнцыя росту ўдзелу нацыянальных заяўнікаў на патэнтаванне аб'ектаў прамысловай уласнасці. Колькасць заявак узрасла больш чым на 20% ў параўнанні з 2002 годам. Большую актыўнасць у абароне сваіх распрацовак праяўляюць юрыдычныя асобы (79,3%). Павысіўся ўзровень удзелу ў патэнтаванні вынаходніцтваў навучальных устаноў (23,5%), што сведчыць як пра павышэнне ўзроўню даследаванняў, так і ўзрастанне інтарэсу фізічных і юрыдычных асоб да такога віду маёмасці. Найбольшы інтарэс да набыцця выключных правоў назіраўся ў галіне медыцыны, лекавых прэпаратаў, жывёлагадоўлі, рыбаводства (25%), хіміі і металургіі (24%), розных тэхналагічных працэсаў (19%). Захавалася тэндэнцыя штогадовага павелічэння (больш чым на 30%) падачы заявак на так званыя "малыя вынаходніцтвы" - карысныя мадэлі. Усяго зарэгістравана патэнтаў: на вынаходніцтвы - 1030 (2002 г. - 691); карысныя мадэлі - 484 (339); прамысловыя ўзоры - 43 (86). У 2003 годзе Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці атрымана ў выглядзе патэнтных пошлін і збораў 285,8 млн.руб. і 3892 тыс. дол. ЗША; пералічана ў бюджэт 289,5 млн.руб. і 3847 тыс. дол. ЗША.

У 2003 годзе працягвала развівацца міжнароднае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва (МНТС). Намаганні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ) былі накіраваны на практычную рэалізацыю VІ-ай Рамачнай праграмы навуковых даследаванняў ЕС шляхам удзелу беларускіх вучоных у фарміраванні Еўрапейскай даследчай прасторы. Актыўна працягвалася развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне навукі і тэхналогій з Аўстрыяй, Венгрыяй, Германіяй, Індыяй, Кітаем, Польшчай, Расіяй, Сербіяй і Чарнагорыяй, Украінай, іншымі краінамі. Дагаворную базу МНТС папоўнілі міжурадавыя пагадненні з Малдовай і Сірыяй.

Асноўныя вывады і прапановы

1. Створаная ў краіне сістэма кіравання навукова-тэхнічнай сферай ахоплівае ўсе аспекты навукова-інавацыйнай дзейнасці, у цэлым забяспечвае прымяненне прагрэсіўных метадаў кіравання, праграмна-мэтавае планаванне вырашэння актуальных навукова-тэхнічных праблем, ахову інтэлектуальнай уласнасці, экспертызу і адбор даследчых і інавацыйных праектаў, канцэнтрацыю і накіраванае выкарыстанне фінансавых рэсурсаў праз сістэму спецыяльных дзяржаўных і ведамасных фондаў, развіццё ўзаемавыгаднага міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва.

2. Ажыццёўлены меры, накіраваныя на стварэнне ўмоў павышэння эфектыўнасці навукова-інавацыйнай дзейнасці:

3. У Беларусі ў асноўным сфарміравана і дзейнічае нарматыўная прававая база, якая прадугледжвае распрацоўку і камплектаванне навуковых і навукова-тэхнічных праграм па схеме: прыярытэтныя кірункі - конкурсны адбор - рэалізацыя праграм - асваенне атрыманых вынікаў у вытворчасці. Праграмна-мэтавы метад правядзення даследаванняў і распрацовак у краіне дазваляе сёння эфектыўна функцыянаваць створанаму ў Беларусі навукова-інавацыйнаму канвееру, які рэалізуе ланцужок: навуковая ідэя - навуковая распрацоўка - асваенне ў доследнай вытворчасці - серыйная вытворчасць - рынак. Аднак тэмпы стварэння новай прадукцыі, абнаўлення тэхналогій у рэальным сектары эканомікі пакуль яшчэ не адпавядаюць канцэпцыі інавацыйнага шляху развіцця Беларусі.

4. Найбольш паспяховыя новаўвядзенні ствараюцца там, дзе злучаны фундаментальныя і прыкладныя даследаванні, доследная вытворчасць і асваенне новай прадукцыі. У гэтым кірунку неабходна працягваць працу, у першую чаргу, ДКНТ, НАН Беларусі, дзяржаўным заказчыкам праграм. Створаныя прававыя, арганізацыйныя і інстытуцыянальныя задзелы ўжо не выклікаюць неабходнасці кардынальна пераглядаць працэс арганізацыі і кіравання даследаваннямі і распрацоўкамі, іх асваеннем у вытворчасці. Неабходна сістэмна і непарыўна ўзмацняць асобныя звёны навукова-інавацыйнага канвеера. Да канца 2004 года плануецца перагледзець размеркаванне сродкаў рэспубліканскага бюджэту на фундаментальныя, арыентаваныя фундаментальныя і прыкладныя даследаванні, пры гэтым прадугледжваецца павелічэнне долі расходаў на прыкладныя даследаванні.

Існуючая нарматыўная прававая база ў сферы навукі не прадугледжвае выдзяленне бюджэтных асігнаванняў на другую палову навукова-інавацыйнага канвеера: асваенне ў вопытнай вытворчасці - серыйная вытворчасць - рэалізацыя прадукцыі. Гэтыя этапы стварэння новай прадукцыі фінансуюцца за кошт пазабюджэтных сродкаў (уласных сродкаў прадпрыемстваў, галіновых інавацыйных фондаў, прыцягнутых сродкаў зацікаўленых арганізацый, фізічных асоб, замежных крыніц). Дзяржаўная падтрымка ўсяго інтэграванага ланцугу ад ідэі да серыйнай вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі на сусветных рынках можа быць забяспечана з дапамогай фондаў спецыяльнага прызначэння, напрыклад, ствараемага пры ДКНТ Фонда тэхналагічнага развіцця.

5. Фарміраванне ДНТП новага цыклу (2006 - 2010 гг.) на аснове новай нарматыўнай базы будзе ажыццяўляцца па прынцыпу, калі ахопліваецца ўвесь інавацыйны цыкл - ад выкарыстання вынікаў фундаментальных і прыкладных даследаванняў, правядзення на гэтай аснове доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ да заданняў па асваенню распрацовак у серыйнай вытворчасці (увядзення ў ДНТП раздзелаў асваення ў вытворчасці навукова-тэхнічнай прадукцыі па завершаных заданнях, замест існуючых планаў асваення). Такім чынам, мэтазгодна і ў далейшым выкарыстоўваць праграмна-мэтавыя метады для развіцця інавацыйнай дзейнасці шляхам увядзення праграм новага цыкла, якія з'яўляюцца праграмамі наступнага пакалення і распрацоўваюцца ў мэтах забеспячэння поўнай завершанасці навукова-інавацыйнага канвеера: навуковая ідэя - тэхналогія - асваенне ў вытворчасці - серыйная вытворчасць - рэалізацыя прадукцыі на рынку ва ўмовах адкрытай канкурэнцыі.

6. З мэтай удасканалення арганізацыі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці прадугледжваецца вырашыць наступныя асноўныя задачы:

Пры гэтым неабходна:


© Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, 2004

Contents

| MP3 foundry| albums MP3 download| download mp3| download best mp3 tracks| mp3 albums collection