THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS


NATURAL RESOURCES
(Prirodnye Resursy)

Published by The National Academy of Sciences of Belarus & The Ministry of Natural Resources and Environment Protection of the Republic of Belarus, Minsk, Belarus

Separate article from Number 4, 1998 (pp. 134--136)

(Journal Contents)
А.С. Кручак
Аляксандр Сямёнавіч Махнач (Да 80-годдзя з дня нараджэння).
A.S. Kruchak
Alyaksandr Syamyonavich Makhnach (To the 80th Anniversary of his Birthday)

8 снежня 1998 г. спаўняецца 80 год з дня нараджэння і 60 гадоў навуковай, педагагічнай і грамадскай дзейнасці прафесара, доктара геолага-мінералагічных навук, акадэміка НАН Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, Заслужанага дзеяча навукі БССР, акадэміка Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук, Ганаровага прэзідэнта Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўнічых навук Аляксандра Сямёнавіча Махнача -- выдатнага беларускага вучонага-геолага, шырокавядомага спецыяліста ў галіне літалогіі, петраграфіі, стратыграфіі, палеагеаграфіі, геахіміі і пошукаў карысных выкапняў.

Аляксандр Сямёнавіч нарадзіўся ў вёсцы Хатляны, што на Уздзеншчыне Мінскай вобласці, у сялянскай сям'і. Яшчэ будучы студэнтам Мінскага педінстытута, у канцы 30-х гг. працаваў спачатку выкладчыкам у школе рабочай моладзі, затым настаўнікам у вясковай школе. Пасля заканчэння з адзнакай педінстытута ў 1940 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію, у шэрагах якой знаходзіўся на фронце ўсю Вялікую Айчынную вайну. Пасля дэмабілізацыі ў 1946--1947 гг. працаваў у Міністэрстве асветы БССР, у ЦК ЛКСМБ. Затым А.С. Махнач паступіў у аспірантуру Інстытута геалагічных навук АН БССР, якую з 1947 па 1950 г. праходзіў на кафедры петраграфіі асадачных парод Маскоўскага нафтавага інстытута імя І. М. Губкіна пад кіраўніцтвам вядомага вучонага-літолага члена-карэспандэнта АН СССР Л. В. Пуставалава. Пасля заканчэння вучобы і паспяховай абароны дысертацыі ў 1950 г. Аляксандр Сямёнавіч прыступіў да навуковай працы ў ІГН АН БССР. Яе пачатак супаў з бурным ростам тэмпаў геалагічных работ у Беларусі, актыўным вывучэннем яе нетраў. Атрыманыя на той час матэрыялы глыбокага свідравання тэрыторыі краіны патрабавалі сурёзнага навуковага асэнсавання для выпрацоўкі адзінай канцэпцыі асваення яе мінеральных багаццяў. А.С. Махнач быў адным з першых, хто змог па-новаму паглядзець на суму набытых фактаў, каб зрабіць правільныя геалагічныя высновы. Ён смела дапусціў, а затым строга даказаў шырокае распаўсюджванне ў складзе платформавага чахла Беларусі дадэвонскіх адкладаў -- утварэнняў дакембрыйскага ўзросту, якія раней памылкова лічыліся чырвонакаляровымі пародамі дэвонскай сістэмы. Гэты факт карэнным чынам памяняў існаваўшыя на той час уяўленні аб будове і геалагічнай гісторыі тэрыторыі Беларусі, з'явіўся буйнейшым у пасляваенныя гады дасягненнем у яе геалагічным вывучэнні. Вынікам гэтых даследаванняў Аляксандра Сямёнавіча сталі дзве яго манаграфіі (1958 і 1961 гг.) і выдатна абароненая ў 1959 г. у Геалагічным Інстытуце АН СССР доктарская дысертацыя "Старажытнапалеазойскія адклады Беларусі". З таго часу і па сённяшні дзень А.С. Махнач, нягледзячы на надзвычай шырокае кола навукова-арганізацыйных заняткаў, застаецца адда-ным свайму першаму аб'екту навуковых даследаванняў -- верхняму пратэразою (рыфею, венду). А.С. Махнач па-ранейшаму займаецца вывучэннем яго стратыграфіі, літалогіі, геахіміі, фацыяльна-палеагеаграфічных умоў асадканамнажэння. Вынікі гэтых даследаванняў выкладзены ў мностве навуковых артыкулаў і 6 манаграфіях, апублікаваных А.С. Махначом з супрацоўнікамі ў 60--90-х гг. З іх манаграфічныя работы "Рыфей і венд Беларусі "(1978) і "Верхні пратэразой Прыпяцкай упадзіны " (1980) сталі асабліва папулярнымі сярод геолагаў, а "Стратыграфічнай схемай верхняга пратэразою Беларусі" (1981) шырока карыстаюцца і геолагі-даследчыкі, і геолагі-практыкі як нашай краіны, так і сумежных дзяржаў.

Аляксандр Сямёнавіч Махнач з самага пачатку сваёй дзейнасці вылучаецца надзвычай шырокім спектрам навуковых інтарэсаў. Акрамя адкладаў верхняга пратэразою яго цікавяць тэрыгенныя і карбанатныя тоўшчы кембрыю, ардовіку, сілуру, нафтаперспектыўныя і саляносныя фармацыі дэвону,, праблемы вулканізму, будова крышталічнага фундамента, метады. літолага-фацыяльнага і палеагеаграфічнага аналізаў, геалагічная дзейнасць ледавікоў. Пры яго актыўным удзеле была падрыхтава і выдадзена першая найбольш поўная геалагічная зводка па тэрыторыі Беларусі "Кароткі нарыс геалогіі Беларусі" (1957). З асаблівай сілай талент Аляксандра Сямёнавіча як кіраўніка і настаўніка праявіўся пасля стварэння ім у 1955 г. у ІГН АН БССР першай у Беларусі літалагічнай лабараторыі. З таго часу ён узначальвае ўсе літалагічныя і петралагічныя даследаванні, правадзімыя ў краіне. На працягу многіх гадоў А.С. Махнач займаецца даследаваннем адкладаў дэвонскай сістэмы, якія з'яўляюцца не менш складанымі і цікавымі ў навуковым і практычным аспекце, чым утварэнні верхняга пратэразою. Аб гэтым сведчыць серыя яго навуковых прац з вучнямі і супрацоўнікамі па літалогіі, стратыграфіі, палеагеаграфіі, геахіміі, саляноснасці і нафтаноснасці дэвонскіх тоўшчаў Прыпяцкага прагіну. Вынікі гэтых даследаванняў выкладзены ў 8 манаграфіях, мностве артыкулаў і справаздач, якія паслужылі навуковай асновай для пошукава-разведачных работ на нафту, калійныя і каменную солі, гаручыя сланцы, пітныя і мінеральныя воды, прамысловыя расолы. Важнымі этапамі ў асваенні нафтавых пакладаў Беларусі з'явіліся манаграфіі "Літалогія і геахімія дэвонскіх адкладаў Прыпяцкага прагіну ў сувязі з іх нафтаноснасцю" (1966), "Літалогія і нафтаноснасць семілуцкіх адкладаў Прыпяцкага прагіну" (1971), "Дэвонская міжсолевая тоўшча Прыпяцкай упадзіны" (1981), "Арганагенныя пабудовы дэвону Беларусі" (1984), "Нясолевыя пароды верхнефаменскай саляноснай тоўшчы Прыпяцкага прагіну" (1987) і інш.

Акрамя адкладаў верхняга пратэразою і дэвону, Аляксандр Сямёнавіч займаўся вывучэннем утварэнняў іншых геалагічных сістэм, пашыраных на тэрыторыі нашай краіны. Ён адным з першых на Беларусі пачаў даследаваць адклады кембрыю, ардовіку, сілуру, вынікі якіх апублікаваны ім сумесна з вучнямі ў манаграфіі "Кембрый Беларусі" (1985) і шэрагу артыкулаў. Па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам А.С. Махнача таксама ўпершыню на Беларусі пачалося літалагічнае вывучэнне ўтварэнняў каменнавугольнай сістэмы, якое прывяло да адкрыцця значных пакладаў новага для Беларусі, і навогул даволі рэдкага ў прыродзе, мінералу -- даўсаніту -- сыравіны для вытворчасці алюміну і соды. Вынікі гэтай работы выкладзены ў падрыхтаванай А.С. Махначом з супрацоўнікамі вытворчых арганізацый манаграфіі "Даўсаніт Беларусі" (1995). А.С. Махнач з'яўляецца адным з заснавальнікаў літолага-фацыяльнага напрамку ў вывучэнні асадкавых тоўшч, а напісаная ім сумесна з В. К. Галубцовым манаграфія "Фацыі тэрыторыі Беларусі ў палеазоі і раннем мезазоі" (1961) і па сённяшні дзень з'яўляецца настольнай кнігай як для геолагаў навуковых і вытворчых арганізацый, так і студэнтаў геолага-геаграфічнага профілю.

Важнае значэнне А.С. Махнач надае геахімічным даследаванням. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле пачалося вывучэнне геахіміі розных гарызонтаў асадкавага чахла Беларусі, што знайшло адлюстраванне ў сумесных з вучнямі манаграфіях "Геахімія мікраэлементаў групы жалеза ў жывецкіх і франскіх адкладах Беларусі" (1974) і "Геахімія вендскіх адкладаў Беларусі" (1982).

А.С. Махначу належыць вядучая роля ў вывучэнні вулканічных утварэнняў на тэрыторыі Беларусі. Сумесна з вучнямі і супрацоўнікамі ім вылучаны і даследаваны дзве асноўныя эпохі вулканізму і адпаведныя ім комплексы платформавых вулкана-магматычных утварэнняў -- познепратэразойскі (вендскі) і познедэвонскі. Гэтыя геалагічныя аб'екты, перспектыўныя на пошукі алмазаў, руд каляровых металаў і інш., ахарактарызаваны ў шэрагу артыкулаў і манаграфіях "Вулканагенная фармацыя верхняга пратэразою (венду) Беларусі (1970) і "Верхнедэвонская лугавая вулканагенная фармацыя Прыпяцкай упадзіны" (1977).

А.С. Махнач па праве лічыцца адным з першых даследчыкаў крышталічнага фундаменту тэрыторыі Беларусі. Яму належыць прыярытэт як у вывучэнні розных бакоў яго геалагічнай будовы, так і ў абгрунтаванні перспектываў пошукаў у фундаменце розных карысных выкапняў, у першую чаргу жалезных руд. Вынікам гэтых работ прысвечаны дзве калектыўныя манаграфіі "Жалезарудныя фармацыі дакембрыю Беларусі" (1974) і "Жалезаарудзененне ва ўмовах гранулітавай фацыі метамарфізму" (1979). Новым для Беларусі напрамкам даследаванняў з'явілася таксама ініцыіраванае А.С. Махначом вывучэнне кор выветрывання, прымеркаваных як да парод крышталічнага фундаменту, так і розных гарызонтаў платформавага чахла. Фактычны матэрыял, які пададзены ў шэрагу артыкулаў і калектыўнай манаграфіі "Літалогія и геахімія кор выветрывання, развітых на крышталічным фундаменце Беларусі" (1971), дазваляе прагназаваць іх патэнцыяльную руданоснасць.

На працягу ўсёй сваёй навуковай дзейнасці А.С. Махнач актыўна ўдзельнічае ў складанні рознага характару карт -- геалагічных, тэктанічных, палеагеаграфічных. Пад яго кіраўніцтвам і пры, асабістым удзеле выкананы некалькі рэспубліканскіх комплексных навуковых і навукова-тэхнічных праграм, створаны шэраг буйных прац па геалогіі і карысных выкапнях Беларусі, з якіх трэба асабліва адзначыць фундаментальнае выданне "Геология СССР. Том З. Белорусская ССР", прысвечаны геалагічнаму апісанню (кніга 1, 1971) і карыс-ным выкапням (кніга 2, 1977) Беларусі. І зараз Аляксандр Сямёнавіч разам з калектывам супрацоўнікаў актыўна рыхтуе да друку ведьмі важную для нашай краіны абагульняючую работу -- "Геалогія Беларусі".

Усе працы А.С. Махнача, цесна ўвязаныя з патрэбамі эканомікі, садзейнічалі абгрунтаванню перспектываў нетраў Беларусі па розных відах карысных выкапняў. Ён па праве лічыцца адным з першаадкрывальнікаў беларускіх калійных солей, нафты, аўтарам навуковых прагнозаў новых нетрадыцыйных відаў мінеральнай сыравіны: жалезных руд, каляровых металаў, бурштыну і інш. Гэты бок навукова-практычнай дзейнасці Аляксандра Сямёнавіча быў адзначаны прысуджэннем у 1972 г. Дзяржаўнай прэміі БССР за ўдзел у абгрунтаванні прамысловай нафтаноснасці Прыпяцкага прагіну і прысваеннем ганаровага звания "Заслужаны дзеяч навукі БССР". Ён двойчы ўзнагароджаны знакам Міністэрства геалогіі СССР "Выдатнік разведкі нетраў" (1966, 1968); вышэшай узнагародай ВДНГ СССР --Дыпломам Пашаны (1971, 1984). Належным прызнаннем навуковых дасягненняў А.С. Махнача было абранне яго ў 1959 г. членам-карэспандэнтам, а ў 1970 г. -- акадэмікам АН БССР.

Навуковую работу А.С. Махнач на працягу многіх гадоў сумяшчаў з педагагічнай працай, будучы прафесарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Мінскага педагагічнага інстытута. Гэта давала яму магчымасць прыцягваць да навуковай дзейнасці найбольш таленавітых студэнтаў. 32 яго вучні сталі кандыдатамі навук, З абаранілі доктарскія дысертацыі. А.С. Махначом выхавана шырокавядомая школа беларускіх літолагаў, з якой затым вылучылася некалькі новых навуковых напрамкаў: петралогіі і металагеніі крышталічнага фундамента, мінералогіі, геахіміі, літагідрагеахіміі і інш.

А.С. Махнач -- аўтар больш як 50 навуковых публікацый, у тым ліку каля 30 манаграфій і кніг. Шырока вядомы яго навукова-папулярныя кнігі і артыкулы, прысвечаныя багаццям нетраў роднай зямлі. Ён часта выступае на радыё, тэлебачанні і ў прэсе. "Мой шлях у навуку" (1997) -- так называецца яго аўтабіяграфічная кніга для шырокага кола чытачоў. А.С. Махнач унёс вялікі ўклад у арганізацыю і развіццё навукі ў Беларусі, у пашырэнне сувязей акадэмічнай навукі з галіновай і внускай.

На працягу многіх год Аляксандр Сямёнавіч займаўся адказнай навукова-арганізацыйнай і дзяржаўнай дзейнасцю. У 1969--1973 гг. ён галоўны вучоны сакратар Прэзідыума АН БССР, у 1973--1986 гг. -- віцэ-прэзідэнт АН БССР, з 1986 г. -- дарадца Прэзідыума НАН Беларусі. З 1985 г., будучы народным дэпутатам і членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, ён узначальваў пастаянную Камісію па навуцы і тэхніцы Вярхоўнага Савета БССР некалькіх скліканняў. На гэтых пасадах Аляксандр Сямёнавіч многа зрабіў для набліжэння навуковых даследаванняў да патрэб эканомікі. Плённай з'яўляецца яго шматгадовая праца на пасадзе кіраўніка навуковага Савета Акадэміі навук Беларусі "Літалогія і геахімія", Беларускай стратыграфічнай камісіі, члена Бюро Аддзялення хімічных навук і навук аб Зямлі, члена рэдкалегій навуковых часопісаў "Даклады АН Беларусі", "Літасфера", "Прыродныя рэсурсы" і інш.

А.С. Махнач паспяхова спалучаў навуковую і навукова-арганізацыйную працу з грамадскай на выбарных пасадах у камсамольскіх, прафсаюзных, партыйных і дзяржаўных органах. За франтавыя заслугі і сумленную працу ён узнагароджаны многімі ордэнамі: Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцягу, Айчыннай вайны II ступені, "Знак Пашаны" -- і медалямі: "За адвагу", "За ўзяцце Берліна", "За вызваленне Прагі" і іншымі ўзнагародамі і ад-знакамі.

Усё жыццё А.С. Махнач з'яўляецца прыкладам адданага служэння народу і навуцы. Як вучонаму яму ўласцівы ініцыятыва, наватарства, імкненне да новых ідэй і іх укаранення ў геалагічную практыку. Аляксандр Сямёнавіч -- выдатны арганізатар, таленавіты педагог, цудоўны чалавек, які вылучаецца сціпласцю і добразычлівасцю, патрабавальнасцю і адначасова павагай да ўсіх, каму давялося вучыцца ў яго ці працаваць.

У свой 80-гадовы юбілей А.С. Махнач застаецца па-ранейшаму бадзёрым і жыццярадасным, поўным новых задумак і планаў. Усе мы, хто працуе з ім і ведае яго, шчыра зычым юбіляру добрага здароўя, многіх гадоў жыцця і новых творчых здзяйсненняў на карысць нашай Бацькаўшчыны.

(Journal Contents) Top


NASB
Academy
Return to The NASB Presidium Information Server Home Page


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: April 26, 1999
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 1998, 1999 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 1998 Natural Resources