THE NATIONAL ACADEMY OF SCIENCES OF BELARUS


LITASFERA
(Lithosphere)

Published by The Institute of Geological Sciences of the National Academy of Sciences of Belarus & The Belarusian Geological Society, Minsk, Republic of Belarus

Separate article from Number 8, 1998 (pp. 5--11)

Journal

Геалогія ў Нацыянальнай акадэміі наук Беларусі
Geology at the National Academy of Sciences of Belarus

АД ІНБЕЛКУЛЬТА ДА НАШЫХ ДЗЁН

Геалогія -- адзін са старэйшых навуковых напрамкаў у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якая святкуе свой 70-гадовы юбілей. Першы ў рэспубліцы інстытут геалагічнага профілю (Геалагічны інстытут) быў створаны 1 кастрычніка 1927 г. на базе геалагічнай ячэйкі Інбелкульта. Яго дырэктарам стаў М.Ф.Бліядуха. Калі ў канцы 1928 г. было прынята рашэнне пераўтварыць Інбелкульт у Беларускую акадэмію навук, у яе склад увайшоў і Геалагічны інстытут. Геолагі акадэміі разам са спецыялістамі горна-геалагічнага аддзела ВСНГ БССР прыступілі да мэтанакіраванага вывучэння нетраў Беларусі і стварэння мінеральна-сыравіннай базы рэспублікі.

У 1931 г. інстытут стаў называцца Інстытутам геалогіі АН БССР, а ў 1933 г. у сувязі з пашырэннем навуковых задач ён быў перайменаваны ў Інстытуг геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР. Яго супрацоўнікі ажыццяўлялі геалагічную здымку і геалагічныя пошукі, выяўлялі радовішчы карысных выкапняў, праводзілі работы па праблеме Вялікага Дняпра. Былі дадзены рэкамендацыі па водазабеспячэнню буйных населеных пунктаў, а ў Мінску і Бабруйску знойдзены мінеральныя воды. У перадваенныя гады сфармуляваны прадстаўленні аб прысутнасці на паўднёвым усходзе Беларусі буйной адмоўнай структуры, перспектыўнай на выяўленне шэрагу карысных выкапняў. Для праверкі гэтага заключэння каля палескай вёскі Давыдаўка была прабурана свідравіна, якая на глыбіні 844 м упершыню ўскрыла каменную соль.

У гады Вялікай Айчыннай вайны многія спецыялісты інстытуга пайшлі на фронт і ў партызанскія атрады. Частка беларускіх вучоных праводзіла геалагічныя работы ў іншых раёнах Савецкага Саюза. У час фашысцкай акупацыі большасць матэрыялаў па геалогіі рэспублікі загінула. У 1942 г. у Казані Прэзідыум Акадэміі навук БССР, якая знаходзілася ў эвакуацыі, даручыў інстытуту распрацоўку тэмы "Выкарыстанне карысных выкапняў Беларусі пры аднаўленні разбуранай фашысцкімі войскамі народнай гаспадаркі БССР".

У 1945 г. інстытут, зноў атрымаўшы новую назву -- Інстытут геалагічных навук АН БССР, узнавіў сваю работу ў Мінску. З гэтага часу вывучэнне нетраў тэрыторыі рэспублікі набыло комплексны характар. Былі пачаты сістэматычныя даследаванні па стратыграфіі, літалогіі, тэктоніцы, палеагеаграфіі, геалогіі антрапагену, геафізіцы, геахіміі, гідрагеалогіі, мінерагеніі. Супрацоўнікі інстытута І.А.Балабушэвіч, Г.В.Багамолаў, В.К.Галубцоў, З.А.Гарэлік, Г.І.Кеда, П.А.Кісялёў, М.Ф.Казлоў, К.І.Лукашоў, С.С.Маныкін, А.С.Махнач, А.Я.Сцефаненка, А.В.Фурсенка, Ж.П.Хацько, М.М.Цапенка, В.М.Шчарбіна і іншыя выдалі шэраг абагульняючых прац, якія з'явіліся навуковай асновай для пошукаў і разведкі радовішчаў нафты, вугалю, гаручых сланцаў, жалезных руд, каменнай і калійнай солей, будаўнічых матэрыялаў, прэсных і мінеральных падземных вод.

Гэты пералік карысных выкапняў не можа ў поўнай меры адлюстраваць тыя грандыёзныя поспехі, якіх дабіліся беларускія геолагі ў пасляваенны час. Таму прывядзём словы вядомага расійскага геолага акадэміка Б.С.Сакалова, сказаныя на выязной сесіі Акадэміі навук СССР у Мінску ў 1976 г.: "Пасля спусташаючай вайны геолагі зноў звярнуліся да Беларусі амапь як да "белай плямы" на геалагічнай карце краіны. У геалагічнае вывучэнне тэрыторыі рэспублікі былі ўцягнуты велізарныя рэсурсы, новыя магутныя сродкі геафізікі і геахіміі. Асабліва важную ролю мела глыбокае свідраванне, якое нідзе ў Еўропе да гэтага часу не праводзілася ў такіх маштабах. І вынікі не прымусілі сябе чакаць. Беларусь стала выдатным геалагічным адкрыццём. Атрыманыя веды аказалі карэннае ўздзеянне на разуменне ўсёй структуры Усходне-Еўрапейскай платформы, а разведаныя багацці беларускіх нетраў (унікальны саляносны басейн, нафта і іншыя карысныя выкапні) садзейнічалі пераходу рэспублікі ў адзін з важнейшых эканамічных рэгіёнаў краіны".

У 1963 г. у сувязі з рэарганізацыяй геалагічнай службы ў БССР Інстытут геалагічных навук быў перададзены ў сістэму Міністэрства геалогіі СССР. Геалагічныя даследаванні ў Акадэміі навук працягвала Лабараторыя геахімічных праблем і Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя. Спецыялістамі гэтых падраздзяленняў было праведзена геахімічнае вывучэнне ландшафтаў і асноўных генетычных тыпаў парод, якія складаюць антрапагенавую тоўшчу Беларусі, былі выяўлены і ахаракгарызаваны геахімічныя правінцыі рэспублікі, устаноўлены асноўныя рысы гідрахімічнай занальнасці асадачнай тоўшчы, распрацаваны шэраг тэарэтычных палажэнняў геахіміі гіпергенезу. Праводзіўся комплекс геафізічных назіранняў. Іх задачамі было вывучэнне глыбокіх гарызонтаў зямной кары і верхняй мантыі і ўзаемасувязі глыбінных і прыпаверхневых геалагічных структур, высвятленне характару электрамагнітных працэсаў у калязямной прасторы. Развіваліся даследаванні ў галіне літалогіі і петраграфіі, геалогіі антрапагену, гідрагеалогіі, геатэрміі, металагеніі крышталічнага фундамента.

У 1971 г. на базе Лабараторыі геахімічных праблем і Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі ў сістэме Акадэміі навук БССР быў створаны Інстытут геахіміі і геафізікі, які ў хуткім часе пераўтварыўся ў буйную навуковую ўстанову. У 1992 г. інстытут перайменаваны ў Інстытут геалогіі, геахіміі і геафізікі, а ў 1993 г. -- у Інстытут геалагічных навук.

Сёння ў інстытуце працуе 211 чалавек, з іх 105 навуковых супрацоўнікаў, уключаючы 14 дактароў і 65 кандыдатаў навук. У структуры інстытута 12 навуковых лабараторый, аддзел кніжна-часопісных выданняў і аператыўнай паліграфіі, геалагічны музей, які ўкпючае экспазіцыю ледавіковых валуноў (парк камянёў). Пры інстытуце працуе Доследна-метадычная сейсмалагічная партыя. Інстытут аснашчаны лабараторным абсталяваннем для вывучэння рэчыўнага саставу горных парод, мінералаў, глебаў, прыродных вод. Прымяняюцца рэнтгенаўскі, электроннамікраскапічны, тэрмічны, рэнтгенфлуарэсцэнтны, эмісійны спектральны, атамна-абсарбцыйны, мас-спектраметрычны, радыеметрычныя, у тым ліку радыевугляродны, метады аналізу. Эксперыментальная база для геафізічных даследаванняў і назіранняў уключае дзве абсерваторыі ("Мінск-Плешчаніцы" і "Нарач"), тры сейсмічныя стацыянары ("Гомель", "Салігорск", "Брэст"), комплекс перасоўных сейсмічных станцый.

У інстытуце працуе вочная і завочная аспірантура, дзейнічаюць саветы па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый па шэрагу геалагічных спецыяльнасцей, рэгулярна праходзяць навуковыя канферэнцыі і сімпозіумы па геалогіі антрапагену, геатэктоніцы, геахіміі, геафізіцы і іншых навуковых напрамках. Выходзіць адзіны ў Беларусі геалагічны часопіс "Літасфера".

Інстытут мае шырокія міжнародныя навуковыя сувязі. Ажыццяўляецца шматбаковае супрацоўніцтва па праектах ЮНЕСКА, звязаных з Міжнароднай праграмай геалагічных карэляцый, Міжнароднай праграмай "Чалавек і біясфера". Супрацоўнікі ўдзельнічаюць у міжнародных праектах "Еўрапроба", "Нарсдып", ІНТАС і інш. Інстытут з'яўляецца каардынатарам работ па праекце ЮНЕСКА "Неагеадынаміка Балтыкі", у выкананні якога прымаюць удзел вучоныя Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Германіі і Даніі. Праводзяцца сумесныя навуковыя даследаванні ў рамках дагавораў аб супрацоўніцтве з геалагічнымі і геаграфічнымі ўстановамі Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі, Нідэрландаў і іншых краін.

Геалагічныя даследаванні каардынуюцца Беларускім камітэтам Міжнароднай праграмы геалагічных карэляцый, навуковым саветам НАН Беларусі "Комплекснае вывучэнне зямной кары і верхняй мантыі тэрыторыі Беларусі і сумежных абласцей", Беларускім геалагічным таварыствам. У 1997 г. створаны Беларускі нацыянальны камітэт геолагаў, які здзяйсняе сувязь з Міжнародным саюзам геалагічных навук. Штаб-кватэра камітэта знаходзіцца ў Інстытуце геалагічных навук НАН Беларусі.

Праца геолагаў акадэміі адзначана высокімі ўрадавымі ўзнагародамі і прэміямі. Лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі СССР сталі Г.В.Багамолаў, Г.І.Гарэцкі, Р.Г.Гарэцкі; Дзяржаўнай прэміі БССР -- Р.Я.Айзберг, Г.В.Багамолаў, Л.М.Вазнячук, Г.І.Гарэцкі, Р.Г.Гарэцкі, Г.У.Зінавенка, М.Ф.Казлоў, В.С.Канішчаў, Э.А.Ляўкоў, К.І.Лукашоў, Н.А.Махнач, А.С.Махнач, А.В.Мацвееў; Дзяржаўнай прэміі Беларусі -- А.В.Кудзельскі і М.Г.Ясавееў; Прэміі Ленінскага камсамола БССР -- А.А.Махнач і У.М.Шымановіч.

У цяперашні час у інстытуце прадстаўлены наступныя асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў: геадынаміка і тэктоніка старажытных платформ; геалогія і геахімія крышталічнага фундамента; літалогія, стратыграфія і геахімія платформеннага чахла; геалогія антрапагену і вывучэнне сучасных геалагічных працэсаў; геахімія ландшафтаў і зоны гіпергенезу; геахімія радыеактыўных і стабільных ізатопаў; гідрагеалогія і гідрагеахімія; дынаміка геафізічных палёў; прагнозная ацэнка тэрыторыі Беларусі на карысныя выкапні; геаэкалогія. Інстытут -- галаўная арганізацыя па выкананню Дзяржаўнай праграмы фундаментальных даследаванняў на 1996--2000 гг. "Геалагічныя працэсы і іх роля ў фарміраванні карысных выкапняў і геаэкалагічных умоў на тэрыторыі Беларусі". Навукова-даследчыя работы праводзяцца ў цесным супрацоўніцтве з геолагамі ВА "Белгеалогія" і "Беларуснафта", вучонымі Беларускага навукова-даследчага геолагаразведачнага інстытута, шэрагу інстытутаў НАН Беларусі, Беларускага і Гомельскага дзяржаўных універсітэтаў і іншых арганізацый.

АСНОЎНЫЯ ВЫНІКІ

Важнейшым вынікам шматгадовых даследаванняў супрацоўнікаў Ікстытута геалагічных навук НАН Беларусі разам з калегамі з іншых устаноў з'яўляецца распрацоўка ўяўленняў аб геалагічнай будове і эвалюцыі зямной кары тэрыторыі Беларусі, што садзейнічала выяўленню радовішчаў карысных выкапняў і рацыянальнаму прыродакарыстанню. За апошні час існавання інстытута навукоўцамі апублікавана звыш за 150 манаграфій, дзесяткі зборнікаў артыкулаў, шэраг значных картаграфічных выданняў. Мноства дакладных запісак, у якіх утрымліваюцца практычныя прапановы і рэкамендацыі, перададзена ў вытворчыя арганізацыі і прынята да выкарыстання. Важкія вынікі атрыманы па ўсіх развіваемых у інстытуце навуковых напрамках.

ГЕАДЫНАМІКА І ТЭКТОНІКА СТАРАЖЫТНЫХ ПЛАТФОРМ

Створаны тэктанічныя карты Беларусі і захаду Усходне-Еўрапейскай платформы, выяўлены асноўныя заканамернасці будовы і развіцця галоўных структур у межах гэтай тэрыторыі, праведзены параўнальна-тэктанічны аналіз старажытнай Усходне-Еўрапейскай і маладой Заходне-Еўрапейскай платформ. Рэканструявана развщцё буйнейшых тэктанічных элементаў Беларусі і сумежных тэрыторый на ранне- і познабайкальскім, каледонскім, герцынскім, кімерыйскім, альпійскім і неатэктанічным этапах. Створана геадынамічная мадэль Гірыпяцкага палеарыфта, якая адлюстроўвае асаблівасці рыфтаўтварэння ва ўмовах паўночнага дрэйфу Усходне-Еўрапейскай літасфернай пліты. Выкананы даследаванні па параўнальнай тэктоніцы некампенсаваных прагінаў Усходне-Еўрапейскай платформы. Вывучаны геадынамічныя асаблівасці фарміравання абласцей галакінезу.

Распрацавана новая методыка неатэктанічных рэканструкцый у прымяненні да абласцей мацерыковых зледзяненняў у межах платформ, выяўлены суадносіны тэктанічнага і атэктанічнага фактараў у фарміраванні рэльефу і структуры верхняй часткі зямной кары. Вызначана роля навейшых арагенаў і ўнутрыплітных прагінаў у залажэнні і развіцці рэгіянапьных і лакальных структур тэрыторыі Беларусі. Састаўлена серыя неатэктанічных і іншых спецыяльных карт, якія раскрываюць асаблівасці эвалюцыі прыроднага асяроддзя рэгіёну.

ГЕАЛОГІЯ І ГЕАХІМІЯ КРЫШТАЛІЧНАГА ФУНДАМЕНТА

Распрацавана мадэль структуры Беларуска-Прыбалтыйскага гранулітавага пояса, устаноўлена яго лускавата-надвігавая будова. Створаны геалагічная карта крышталічнага фундамента Беларусі і прылягаючых тэрыторый (1:1000 000) і карта фундамента заходняга рэгіёну Еўрапейскай часткі былога СССР, якая ўвайшла ў зводную Міжнародную тэктанічную карту Еўропы (1:2500 000). Ахарактарызаваны комплексы парод фундамента, іх стратыграфія і ўмовы фарміравання. Вывучаны жалезістыя кварцыты аколаўскай серыі, праяўленні каляровых і рэдкіх металаў у пародах шчучынскай і аколаўскай серый і ў асацыіруючых гранітоідах, арудзяненне жалеза ў метагаброідах. Устаноўлена металагенічная спецыялізацыя і ацэнена патэнцыяльная рэдкаметальная руданоснасць гранітоідаў мастоўскага комплексу. Разлічаны рэгіянальныя кларкі петрагенных элементаў і элементаў-прымесяў у розных тыпах парод крышталічнага фундамента і ў мінералах з гэтых парод, вызначаны сярэдні хімічны састаў раннедакембрыйскай зямной кары Беларусі. Даследаваны асаблівасці будовы і фарміравання рознаўзроставых кор выветрывання на крышталічных пародах.

ЛІТАЛОГІЯ, СТРАТЫГРАФІЯ І ГЕАХІМІЯ ПЛАТФОРМЕННАГА ЧАХЛА

Зроблены рэгіянальныя абагульненні па літалогіі і палеагеаграфіі асадканазапашання рыфейскіх, вендскіх, кембрыйскіх, ардовікскіх, сілурыйскіх і дэвонскіх адкладаў, састаўлены літолага-палеагеаграфічныя карты і тыповыя разрззы адкладаў стратыграфічных падраздзяленняў дакаменнавугальнай часткі платформеннага чахла. Распрацаваны стратыграфічныя схемы рыфею, венду і шэрагу падраздзяленняў дэвону Беларусі. Выкананы аналіз размяшчэння і фарміравання рыфавых пабудоў, якія маюць важнае значэнне для рашэння нафтаразведачных задач у Прыпяцкім прагіне.

На аснове вывучэння вендскай трапавай фармацыі Беларусі ў межах захаду Усходне-Еўрапейскай платформы і верхнедэвонскай шчолачна-ультраасноўнай шчолачна-базальтоіднай фармацыі паўднёвага ўсходу Беларусі дадзены прагноз зон магчымага праяўлення кімберлітавага магматызму.

Даследаваны асаблівасці будовы і фарміравання рознаўзроставых кор выветрывання на асадкавых пародах. Дадзены аналіз постседыментацыйных пераўтварэнняў адкладаў рыфею, венду і дэвону Беларусі. Распрацавана канцэпцыя катагенетычнага пераўтварэння рознафацыяльных асадкавых адкладаў у гідрагеахімічным асяроддзі, звязаным з эвапарытамі. Вывучаны петраграфія, мінералогія, геахімія і генезіс жаўлаковых крэменяў у дэвонскіх і мелавых адкладах рэспублікі.

Даследавана праблема фарміравання цвёрдых гаручых выкапняў захаду Усходне-Еўрапейскай платформы. Устаноўлена сувязь працэсаў утварэння каўстабіялітаў Беларусі з глабальнымі геалагічнымі падзеямі.

Створаны атлас геахімічных і палеагеахімічных ландшафтных карт розных падраздзяленняў платформеннага чахла Беларусі. Выяўлены заканамернасці размеркавання рэдказямельных і іншых рэдкіх і рассеяных элементаў у вугляносных адкладах карбону, юры і палеаген-неагену Прыпяцкага прагіну, у дэвонскіх вулканагенных утварэннях Беларусі.

ГЕАЛОГІЯ АНТРАПАГЕНУ І ВЫВУЧЭННЕ СУЧАСНЫХ ГЕАЛАГІЧНЫХ ПРАЦЭСАЎ

Праведзена дэталёвае стратыграфічнае расчляненне эаплейстацэну і плейстацэну, выканана карэляцыя асноўных стратыграфічных гарызонтаў антрапагену Беларусі і суседніх тэрыторый. На падставе паліналагічных даследаванняў адноўлена гісторыя развіцця расліннасці на працягу міжледавікоўяў, удакладнена стратыграфія алігацэну і неагену, вывучана эвалюцыя флоры ў кайназоі. Па карпалагічных даных дэталёва ахарактарызаваны плейстацэнавыя флоры Усходне-Еўрапейскай платформы. Выдзелены новыя віды дыятамей, якія маюць стратыграфічнае значэнне; прасочаны напрамкі эвалюцыі найбольш характэрных родаў Centrophyceae. Палеаэнтамалагічныя даследаванні дазволілі аднавіць карціну змен фаун за апошні мільён гадоў, вылічыць параметры клімату для розных хроназрэзаў антрапагену. У выніку малакалагічных і тэрыялагічных даследаванняў распрацаваны прынцыпы колькаснага аналізу фаун плейстацэну і галацэну для мэтаў стратыграфіі, палеагеаграфіі і палеаэкалогіі.

Раскрыты асноўныя асаблівасці літагенезу на розных этапах плейстацэну. Прааналізаваны ўмовы залягання антрапагенавага покрыва, заканамернасцей праяўлення ў ім глыбіннай будовы тэрыторыі. Устаноўлены галоўныя тэндэнцыі развіцця прыроды Беларусі ў галацэне, пабудаваны палеагеаграфічныя карты (1:1500 000) паасноўных рубяжах галацэну. Ахарактарызаваны прасторавая дыферэнцыяцыя і інтэнсіўнасць праяўлення сучасных эндагенных, экзагенных і тэхнагенных працэсаў, пабудавана карта сучасных геалагічных працэсаў тэрыторыі Беларусі (1:500 000). Прааналізаваны асаблівасцігеалагічнай будовы кальцавых структур, іх выяўленасць у фундаменце, чахле і зямной паверхні. Пабудаваны карты топа- і космалінеяментаў Беларусі (1:500 000). Распрацавана генетычная класіфікацыя рэльефу, пабудавана геамарфалагічная карта Беларусі (1:1000 000). Выкананы палеагеамарфалагічныя рэканструкцыі па галоўных рубяжах антрапагену. Створана марфаметрычная мадэль рэльефу тэрыторыі Беларусі. Вывучаны заканамернасці дыферэнцыяцыі саставу ледавіковых адкладаў у працэсе схілавай дэнудацыі і характар размеркавання ультрацяжкіх мінералаў у верхняй 30-мятровай частцы антрапагенавага покрыва.

ГЕАХІМІЯ ЛАНДШАФТАЎ І ЗОНЫ ГІПЕРГЕНЕЗУ

Дэталёва даследавана геахімія алювіяльнага, балотнага, азёрнага літагенезу ў галацэне Беларусі, ацэнена роля міграцыйных глебаўтвараючых патокаў рэчыва ў розных геамарфалагічных абставінах. Геахімічна ахарактарызаваны асноўныя кампаненты ландшафтаў Беларускага Палесся, раскрыты змены ў характары педагеахімічных працэсаў і ўласцівасцей алювіяльных глебаў, якія суправаджаюцца спрацоўкай тарфянага і гумусавага гарызонтаў, дэструкцыяй глебаў і зніжэннем іх урадлівасці. Ахарактарызаваны паводзіны злучэнняў азоту ў сістэме парода--глеба--расліннасць, разлічаны кларкі азоту для кампанентаў біясферы рэспублікі, ацэнены ўплыў антрапагеннага факгару на баланс азоту ў ландшафтах. Вывучаны заканамернасці распаўсюджвання і міграцыі медзі ў глебах Палесся.

Устаноўлены геахімічныя асаблівасці кайназойскага літагенезу, прапанаваны новыя метады пошукаў карысных выкапняў на аснове прымянення штучных сарбентаў і пастадыйных выцяжак. Устаноўлена ступень уплыву выкідаў цяжкіх металаў на стан навакольнага асяроддзя і захворванне насельніцтва.

ГЕАХІМІЯ РАДЫЁАКТЫЎНЫХ І СТАБІЛЬНЫХ ІЗАТОПАЎ

Выяўлены заканамернасці размеркавання стронцыю-90, рутэнію-106, цэзію-134 і -137, цэрыю-144, плутонію-238, 239, 240 і амерыцыю-241 у фацыяльным комплексе адкладаў рачных далін у сувязі з радыеактыўным забруджваннем. Ахарактарызаваны паводзіны тэхнагенных радыенуклідаў у верхняй частцы падземнай гідрасферы. Створаны асновы радыевугляроднага маніторынгу навакольнага асяроддзя тэрыторыі Беларусі. Тым самым закладзены асновы рэгіянальнай радыегеахіміі -- новага для Беларусі навуковага напрамку, які з'яўляецца базай для распрацоўкі мерапрыемстваў па мінімізацыі наступстваў радыеактыўнага забруджвання.

Даследавана размеркаванне стабільных ізатопаў вугляроду і кіслароду ў дэвонскіх карбанатных адкладах краіны, на падставе чаго ўдакладнены і пашыраны ўяўленні аб літагенезе дэвонскай тоўшчы. Рэканструяваны ізатопны састаў кіслароду ў дэвонскіх морах на тэрыторыі Беларусі. Устаноўлены істотныя адрозненні ў ізатопным саставе вугляроду ракавін малюскаў з азёр з рознай ступенню трофнасці воднага асяроддзя, рэк і вадасховішчаў. Пачаты сістэматычныя даследаванні, накіраваныя на рэканструкцыю палеагеаграфічных умоў галацэну Беларусі метадам стабільных ізатопаў. Выканана параўнальнае вывучэнне паводзін ізатопаў серы ў эвапарытавых басейнах хларыднага і сульфатнага геахімічных тыпаў. Аналіз ізатопнага саставу серы ў сульфідных канкрэцыях з вугляносных адкладаў Беларусі паказаў істотныя адрозненні ў гісторыі ўтварэння вугляў карбону і юры.

ГІДРАГЕАЛОГІЯ І ГІДРАГЕАХІМІЯ

Ахарактарызаваны ваданосныя гарызонты і комплексы Беларусі, дадзена схема гідрагеалагічнага раяніравання тэрыторыі. Распрацавана гідрагеалагічная мадэль Прыпяцкага прагіну, вызначаны састаў, уласцівасці і паходжанне ёда-бромных расолаў, паказаны перспектывы іх прамысловага выкарыстання. Створана тэорыя фарміравання ёдных вод і канцэпцыя высокатэмпературнага нафтагазаўтварэння. Арганізаваны банк даных хімічнага саставу падземных вод Беларусі, пабудаваны гідрагеахімічныя карты тэрыторыі Беларусі маштабу 1:500 000 з паказам экалагічных наступстваў прамысловага і сельскагаспадарчага забруджвання падземнай гідрасферы. Састаўлены карты раяніравання тэрыторыі рэспублікі па ўмовах падземнага пахавання таксічных адходаў, карты мінеральных вод -- падстава для развіцця сеткі санаторна-курортных комплексаў і рэабілітацыйна-аднаўленчай службы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. З прымяненнем аўтаматызаваных метадаў тэрмадынамічных разлікаў выканана фізіка-хімічнае мадэліраванне стану сістэмы вада--парода, устаноўлены рэгіянальныя асаблівасці водна-мінеральных раўнаваг у асадачным чахле Беларусі.

ДЫНАМІКА ГЕАФІЗІЧНЫХ ПАЛЁЎ

Створана генетычная класіфікацыя зямной кары па тыпах яе глыбіннай будовы і рэчыўных неаднароднасцях. Для Беларуска-Прыбалтыйскага рэгіёну пабудаваны карты: а) тыпаў глыбіннай будовы зямной кары, б) рэльефу паверхні Махаровічыча, в) магутнасці літасферы і базальтавага слою зямной кары, г) энергетычнага стану гранітнага і базальтавага слаёў зямной кары, д) гравітацыйнага і магнітнага палёў. Распрацавана карэляцыйна-генетычная тэорыя геалагічнага прагназіравання па геафізічных палях. Створана камп'ютэрная сістэма аналізу і інтэрпрэтацыі картаграфічных і таблічных геолага-геафізічных даных.

Сфарміраваны аўтаматызаваныя банкі геолага-геафізічнай інфармацыі па тэрыторыі заходняй часткі Усходне-Еўрапейскай платформы (1:1000 000), па Беларускім калідоры геатрансекта "Еўрапроба" (1:500 000) і па Усходне-Еўрапейскай платформе (1:2500 000).

Арганізавана сетка сейсмічных станцый, што дазваляе рэгістраваць аддаленыя і мясцовыя землетрасенні, пачынаючы з энергетычнага класа К=5. Створаны ўмовы для рэгістрацыі падзей энергетычнага класа К>8. Праведзены аналіз лакальных макрапраяўленняў карпацкіх землетрасенняў 1977 і 1986 гг., мясцовых землетрасенняў у Беларусі і Эстоніі. У рамках нелінейнай сейсмалогіі вывучана залежнасць высокачастотнай кампаненты мікрасейсмічнага поля ад прыліўных хваляў у цвёрдай кары.

Вывучаны цеплафізічныя ўласцівасці парод платформеннага чахла і крышталічнага фундамента, пабудаваны карты размеркавання тэмператур на глыбінях 100, 250 і 500 м для тэрыторыі Беларусі і на глыбінях 1000, 2000 і 3000 м для Прыпяцкага прагіну. Састаўлены каталог даных і пабудавана карта шчыльнасці цеплавога струменю Беларусі і Рэспублік Балтыі, серыя карт размеркавання тэмператур і шчыльнасці цеплавога струменю для Еўрапейскай часткі былога СССР. На аснове трохмернай матэматычнай мадэлі тэмпературнага поля Прыпяцкага прагіну вывучана размеркаванне тэмператур, геатэрмічных градыентаў, каэфіцыентаў цеплаправоднасці і цеплавых струменяў. Распрацавана методыка вызначэння магутнасці літасферы па геатэрмічных даных.

ПРАГНОЗНАЯ АЦЭНКА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ НА КАРЫСНЫЯ ВЫКАПНІ І ГЕАЭКАЛОГІЯ

У канцы 80-х -- пачатку 90-х гадоў перад інстытутам паўсталі новыя задачы. Па-першае, Беларусь стала самастойнай дзяржавай, і спатрэбілася пераацэнка значэння ўласных мінеральных рэсурсаў для пашырэння мінеральна-сыравіннай базы рэспублікі. Па-другое, аварыя на Чарнобыльскай АЭС рэльефна выявіла экалагічныя (і не толькі звязаныя з радыеактыўным забруджваннем) праблемы, якія стаяць перад Беларуссю. Інстытут актыўна ўключыўся ў рэалізацыю галіновай Праграмы паскарэння геолагаразведачных работ па развіццю мінеральна-сыравіннай базы Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай праграмы пераадолення наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і Дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы "Прыродакарыстанне і ахова навакольнага асяроддзя".

У частцы работ па ўмацаванню мінеральна-сыравіннай базы толькі за апошнія тры гады было перададзена ў вытворчыя геалагічныя арганізацыі звыш 60 прапаноў і рэкамендацый, якія выкарыстоўваюцца пры пошуках, разведцы і распрацоўцы радовішчаў карысных выкапняў. Вось толькі некаторыя прыклады. Па рэкамендацыі Інстытута геалагічных навук Беларуская гідрагеалагічная экспедыцыя ВА "Белгеалогія" начала спецыяльныя пошукавыя работы на рэдкія металы ў пародах крышталічнага фундамента на паўночным захадзе Беларусі. Матэрыялы, атрыманыя ў інстытуце, былі выкарыстаны пры пераацэнцы эксплуатацыйных запасаў падземных вод на водазаборах гг. Паставы, Глыбокае, Новалукомль, Слонім і Стоўбцы. Супрацоўнікамі інстытута абгрунтавана магчымасць атрымання мінеральных валокнаў на базе крышталічных парод асноўнага саставу ў раёне Мікашэвіч, а таксама (разам з калегамі з Белдзяржуніверсітэта) распрацавана высокаэфектыўная тэхналогія атрымання ёду і брому з прамысловых расолаў Прыпяцкага прагіну. Нафтаразведачныя арганізацыі рэспублікі прынялі да выкарыстання атрыманыя ў інстытуце матэрыялы па актуальных праблемах нафтаноснасці паўночнага пляча і надсалявой тоўшчы Прыпяцкага прагіну.

У галіне геаэкалагічнай праблематыкі спецыялістамі Інстытута геалагічных навук распрацаваны комплекс прапаноў, накіраваных на мінімізацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Выкананы таксама шэраг геаэкалагічных распрацовак, не звязаных з радыенукліднай тэматыкай. Вызначаны формы знаходжання цяжкіх металаў у глебах і распрацаваны метадычныя прыёмы эколага-геахімічнага картаграфавання гарадскіх тэрыторый. Прапанаваны геатэрмічны метад кантролю за станам свідравін пры эксплуатацыі пластоў-калектараў як сховішчаў газу і прамысловых сцёкаў. На падставе геадынамічнага аналізу дадзены рэкамендацыі па размяшчэнню асабліва адказных інжынерных збудаванняў, праведзена інвентарызацыя аб'ектаў водагаспадарчай рэкультывацыі. Створаны методыкі эколагабяспечнага пахавання прамысловых адходаў і ацэнкі ўстойлівасці зямной паверхні да тэхнагенных уздзеянняў.

Геалагічныя даследаванні, як і ўся навука, перажываюць сёння нялепшыя часы. Асноўныя праблемы -- нізкі ўзровень фінансавання, слабы прыток моладзі, старэючае аналітычнае абсталяванне. Не ўсе праблемы могуць вырашыць самі вучоныя. Але адна з іх -- падрыхтоўка маладой змены -- не толькі важнейшая, але і пасільная для нас задача. Супрацоўнікі Інстытута геалагічных навук прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы студэнтаў-геолагаў. Нашы вучоныя праводзяць выкладанне ў Беларускім і Гомельскім дзяржаўных універсітэтах. Студэнты праходзяць практыку, пераддыпломную падрыхтоўку ў інстытуце, некаторыя з іх паралельна з вучобай выконваюць тут свае першыя навуковыя даследаванні. Вясною 1999 г. мы чакаем маладое папаўненне з Беларускага дзяржуніверсітэта, дзе пасля працяглага перапынку зноў пачнецца выпуск маладых геолагаў. А будуць людзі -- будуць і песні!

Рэдкалегія

Journal Top


NASB
Academy
Return to The NASB Presidium Information Server Home Page


Designed and maintained by Dr. Nikolai N. Kostyukovich. Last updated: May 20, 1999
Created with assistance of Dr. Ignatii I. Korsak
Copyright © 1998, 1999 The National Academy of Sciences of Belarus
Copyright © 1998 The Institute of Geological Sciences of the NAS of Belarus
| MP3 foundry| albums MP3 download| download mp3| download best mp3 tracks| mp3 albums collection