І пра тое кожны пяе салавей
Росным кветкам у роднай траве:
"На Беларусі бог жыве", --
І няхай давеку жыве.
Уладзімір Караткевіч
У новую эпоху трэцяга тысячагодцзя ад нараджэння Хрыста беларусы ўваходзяць з вялікімі надзеямі. Надзеямі адбудаваць сваю дзяржаву па лепшых узорах сучаснай цывілізацыі і дэмакратыі; надзеямі пачуваць сябе роўнымі і годнымі сярод іншых краін і народаў свету; надзеямі развіваць і ўзбагачаць свае лепшыя нацыянальныя традыцыі і агульнагуманістычныя ідэалы і каштоўнасці.
Вядома, спраўдзіць гэту вялікую беларускую мару ва ўмовах жыцця "на скрыжаванні", як сведчыць увесь папярэдні гістарычны вопыт, -- задача вельмі і вельмі складаная. "Ёсць два шляхі, -- адзначае доктар філасофіі А.С. Майхровіч, -- ці беларусы сцвердзяць сваю дзяржаўную, палітычную, эканамічную і духоўна-культурную адметнасць, ці будуць зноў -- на нейкі час, а не назаўсёды, бо народ не абмежаваны, як чалавек, у гістарычным часе -- паглынуты хвалямі суседніх моцных уплываў і інтарэсаў. Гэта наша адвечная гістарычная праблема, і пакуль яна не будзе вырашана на карысць Беларусі, не будзе надзеі і на іншую будучыню" (Майхровіч А. С. Нацыянальныя духоўныя традыцыі і беларуская ідэя // Гуманітарныя і сацыяльныя навукі на зыходзе ХХ стагоддзя. Мн., 1998. С. 56.).
Сумненні і трывогі беларускага філосафа можна і трэба зразумець. Але нельга не бачыць, што многія працэсы 90-x гадоў даволі актыўна "папрацавалі" менавіта на карысць Беларусі -- на яе дзяржаўны суверэнітэт, нацыянальна-культурную адметнасць, а значыць, і на яе гістарычную перспектыву. Іншая справа, што гэтыя працэсы неабходна развіваць і надалей усімі магчымымі сродкамі, у тым ліку навуковай і мастацкай творчасцю.
Беларускі тэатр у гэтым сэнсе -- з'ява адметная, а ў асобных выпадках і унікальная. Таксама існуючы ва ўмовах "скрыжавання", беларускі тэатр здолеў увабраць усё лепшае з суседніх сцэнічных культур і адначасова захаваць сваю мастацкую адметнасць. На працягу некалькіх стагоддзяў ён актыўна і плённа выконваў надзвычай важную функцыю -- спрыяў развіццю нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, умацаванню іх гістарычнай памяці і патрыятычных пачуццяў.
Натуральна, што ў самой тэатральнай гісторыі, як гэта мы ўбачылі, былі пэўныя асаблівасці, свае "прылівы" і "адлівы" мастацкай актыўнасці, творчых здабыткаў у асваенні розных пластоў народнага жыцця, у тым ліку і мінулага. Тут варта звярнуць увагу на адну істотную акалічнасць. У ХХ ст. беларускі тэатр прайшоў паскораны курс свайго развіцця і дасягнуў узроўню развітых еўрапейскіх сцэнічных культур. Але пры гэтым ён да 90-x гадоў існаваў у пэўнай тэатральнай сістэме з вядомымі ідэйнымі і творчымі абмежаваннямі, што і абумовіла адсутнасць так званага мастацкага плюралізму.
На рубяжы 80--90-x гадоў беларускі тэатр пачаў шлях у еўрапейскую культурную прастору, што, безумоўна, узбагаціла творчую палітру майстроў сцэны, пашырыла далягляды ўсяго нацыянальнага драматычнага мастацтва.
Але тут неабходна падкрэсліць адну прынцыпова важную акалічнасць. Падтрымліваючы "тэатральны плюралізм" ва ўсёй яго шматстайнасці, усведамляючы плён асваення розных пластоў сусветнай тэатральнай культуры, нельга забываць, што магчымасці творчага напрамку, які ўмоўна называюць псіхалагічным рэалізмам, невычарпальныя. Болыш таго, менавіта тэатр псіхалагічнага рэалізму найбольш блізка і натуральна суадносіцца з нацыянальнай ментальнасцю беларусаў, эстэтычным вопытам і традыцыямі народнага жыцця. У гэтым яскрава пераконваюць шматгадовая творчая практыка, бясспрэчныя мастацкія здабыткі нашых вядучых нацыянальных тэатраў. Яшчэ адна важная дэталь: душою псіхалагічнага тэатра заўсёды быў акцёр. Менавіта яго мастацтва надае беларускаму псіхалагічнаму тэатру нейкую чароўную магію саборнасці, храма, у якім спавядаюць і спавядаюцца... Думаецца, не будзе вялікага граху, калі прыярытэтным і надалей стане клопат пра развіццё і ўзбагачэнне менавіта гэтых эстэтычных, творчых і этычных традыцый і асаблівасцей беларускага тэатра.
Вядома, падтрымкі заслугоўваюць і шматлікія іншыя творчыя накірункі, эксперыментальныя пошукі, якія будуць упрыгожваць новымі фарбамі і адценнямі палітру айчыннага сцэнічнага мастацтва. Такія прыклады ўжо ёсць. Асабліва яскрава гэта праяўляецца ў студыйным руху. Хаця нельга не заўважыць, што ў студыйным руху творчыя пошукі больш актыўна ідуць у сферы вынаходніцтва знешняй формы спектакля і пакуль мала кранаюць сутнасць акцёрскага існавання на сцэне.
Але для ўсіх беларускіх майстроў незалежна ад іх мастацкага, эстэтычнага "веравызнання" галоўны клопат -- пошук новай тэатральнай праўды, новых падыходаў да асэнсавання і адлюстравання быцця чалавека на розных этапах гістарычнага развіцця.
Беларускія творцы апошнім часам пачалі больш востра і дакладна ўсведамляць асобую ролю гістарычнага жанру -- і ў тэатральньм жыцці, і ў жыцці ўсяго грамадства, у стваральных працэсах нацыянальна-культурнага адраджэння і дзяржаўнага будаўніцтва. Натуральна, асабліва вялікая роля гэтага жанру належыць надзённай справе ўмацавання нацыянальнай свядомасці і гістарычнай памяці народа.
Сваё мінулае трэба ведаць і шанаваць. У гэтым -- аснова больш глыбокага разумення сучаснай рэчаіснасці, аснова далейшага руху па цывілізаванаму шляху. Так мінулае дазваляе наблізіцца да самага запаветнага і таямнічага -- спасціжэння гармоніі і быцця.
Тэатр за многія стагоддзі сваёй гісторыі шмат чаму навучыўся сам і навучыў людзей. Гэту сваю унікальную місію ён працягвае і сёння -- навучае людзей быць людзьмі, быць годнымі і руплівымі стваральнікамі ўласнага лёсу. І яшчэ тэатр, звяртаючыся да сівой мінуўшчыны, вучыць і паказвае, што лягчэй будаваць уласны лёс разам, усёй грамадой, будаваць свой лёс ілёс сваёй Бацькаўшчыны.
Тэатр вучыць, тэатр пераконвае, тэатр робіцца сапраўдным храмам духоўнага аздараўлення чалавека і ўсяго грамадства. Можна зрабіць яшчэ адну абгрунтаваную выснову -- беларусам пашанцавала з тэатрам. За стагоддзі свайго гістарычнага шляху яго лепшыя майстры і сапраўдныя волаты заўсёды шчыра і зацікаўлена рупіліся аб сваіх гледачах-суайчынніках, прарочылі ім лепшую долю. Здаецца, гэта прароцтва ў новым стагоддзі стане нашай агульнай спраўджанай рэчаіснасцю, нашай агульнай нацыянальнай каштоўнасцю. Тэатр тым і магутны, што заўсёды нараджае ў сваіх верных прыхільнікаў самыя лепшыя і светлыя надзеі. Менавіта тыя надзеі, якія сілкуюць чалавека, якія дапамагаюць яму годна, дастойна, па-людску пражыць адпушчаны яму зямны тэрмін...