Першапачаткова слоўнік быў задуманы як менавіта тэрміналагічны. Аднак шматлікасць тэрміналогіі з галіны духоўнай, джазавай і авангарднай музыкі, мала вядомай шырокаму колу чытачоў, выклікала неабходнасць яе тлумачэння, больш поўнага раскрыцця зместу і асаблівасцей выкарыстання. Усё гэта пацягнула за сабой неабходнасць пашырэння рамак слоўніка. Так паступова ў працэсе працы творчага калектыву перакладны тэрміналагічны слоўнік ператварыўся ў тлумачальны слоўнік энцыклапедычнага тыпу. Ён аб'ядноўвае шырокі дыяпазон музычнай лексікі, якая ахоплівае разнастайныя галіны музычнага мастацтва: музычныя інструменты, пеўчыя галасы; вакальную, харавую, інструментальную, аркестравую, вакальна-сімфанічную музыку; жанры, стылі; музычныя формы, элементы музычнай мовы: мелодыку, рытм, гармонію; музычна-мастацкія напрамкі (старадаўнк)ю, класічную, сучасную музыку). Істотна новым бокам слоўніка з'явілася пашырэнне аб'ёму тэрміналогіі па такіх тэмах, як "Царкоўная музыка", "Джаз", "Музычны авангард", а таксама ўвядзенне аўтарскіх тэрмінаў і музычных выразаў па разнастайных галінах музычнага мастацтва, якія пакуль не ўвайшлі ў існуючыя музычныя слоўнікі, напрыклад Песнапенні, Екцення, Інтэрдыменсіянальнасць, Дыяганальная фактура, Дыяганальны тэматызм, Дадатковы канструктыўны элемент і г. д. Слоўнікавыя артыкулы змяшчаюць характарыстыку і неабходны комплекс звестак аб асноўным прадмеце, што надае слоўніку характар нарматыўна-тлумачальнага.
Асобную групу ў слоўніку складаюць іншамоўныя тэрміны на мове арыгіналу. Гэта найбольш распаўсюджаная ў музычнай практыцы традыцыйная тэрміналогія, а таксама пэўная колькасць тэрмінаў, якія атрымалі распаўсюджанне ў тэарэтычных працах і кампазітарскай творчасці параўнальна нядаўна -- у 20 ст.
Значная колькасць іншамоўнай тэрміналогіі адносіцца да назваў адценняў выканання (гучна, ціха і г. д.) або назваў асобных дэталяў інструментаў (пад сурдыну, каля калодачкі, без педалі і пад.).
У залежнасці ад характару і ступені распаўсюджання іншамоўныя тарміны прадстаўлены некалькімі мовамі (іт., ням., англ., фр. і інш.), найбольш шырока --італьянскія тэрміны, паколькі многія з іх маюць міжнародны характар і шырока выкарыстоўваюцца ў музыказнаўстве ўсіх краін.
Аўтары слоўніка абапіраліся на вопыт розных выданняў па музычнаму мастацтву, у тым ліку энцыклапедый: "Музыкальная энцыклопедия" ў шасці тамах (М., 1973-1982), "Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі" ў пяці тамах (Мн., 1984-1987); слоўнікаў музычных: Энгель Ю. Краткий музыкальный словарь (М., 1861); Дрэйзін Ю. Беларуская навуковая тэрміналёгія. Сер. V, кн. VІІ (Мн., 1926); "Энциклопедический музыкальный словарь" (М., 1959); "Краткий музыкальный словарь" (Л., 1964); Гозенпуд А. Оперный словарь (М.; Л., 1972); Балтер Г. Музыкальный словарь специальных терминов и выражений (М., 1976); Асафьев Б. Путеводитель по концертам (М., 1978); "Словарь музыкальных терминов" (Киев, 1988); "Вокальный словарь" (Л., 1988); "Советское духовое инструментальное искусство" (М., 1989); "Музыкальный энциклопедический словарь" (М., 1990); разнастайных моўных слоўнікаў: "Русско-белорусский словарь" у двух тамах (Мн., 1982); "Беларуска-рускі слоўнік" у двух тамах (Мн., 1988-1989); "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" ў пяці тамах (Мн., 1977-1984); "Толковый словарь русского языка" ў чатырох тамах (М., 1935-1940); "Словарь иностранных слов" (М., 1955); "Краткий словарь современных терминов" (М., 1993); Антаневіч В. Слоўнік музычных тэрмінаў (Мн., 1994); падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па музычнаму мастацтву, а таксама навуковых прац А. Агаляўца, Л. Антанюк, М. Араноўскага, Б. Асаф'ева, В. Баброўскага, 1. Барсавай, В. Беркава, Т. Бершацкай, А. Гозенпуда, Г. Грыгор'евай, М. Друскіна, Ю. Еўдакімавай, В. Задэрацкага, Ц. Кагоўтэка, Л. Касцюкавец, Г. Келдыша, Г. Куляшовай, Л. Мазеля, 3. Мажэйка, В. Медушэўскага, Я. Назайкінскага, 1. Назінай, У. Пратапопава, К. Руч'еўскай, М. Сабінінай, В. Сіманенка, С. Скрабкова, 1. Спасобіна, М. Тараканава, Ч. Тэйлара, Ю. Цюліна, М. Філатавай-Скрабковай, У. Фраёнава, Ю. Халопава, В. Халопавай, В. Цукермана, 3. Эвальд, В. Ялатава і інш.
Паколькі слоўнік змяшчае музыказнаўчыя тлумачэнні і аналітычныя абагульненні, у аўтарскага калектыву ўзнікла неабходнасць уключэння ў тэкст нотных прыкладаў, якія тлумачаць і пашыраюць змест і сутнасць асобных тэрмінаў. Частка гэтых прыкладаў уключана непасрэдна ў тэкст, а другая вынесена ў дадатак.
Слоўнік прызначаны для выкарыстання школьнікамі, навучэнцамі, студэнтамі, аспірантамі, педагогамі на ўроках музыкі агульнаадукацыйных школ, у вучэбным працэсе вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў па наступных дысцыплінах: Акустыка музычная, Аналіз музычных твораў, Беларуская музыка, Беларуская музычная культура, Беларускі фальклор, Гармонія, Гісторыя рускай музыкі, Гісторыя замежнай музыкі, Інструментазнаўства, Музычная форма, Музычная пісьменнасць, Оперная драматургія, Аркестроўка, Поліфанія, Сучасная гармонія, Сучасная музыка, Сальфеджыо, Тэорыя музыкі, Харавая аранжыроўка, Харазнаўства, Харавая літаратура, Чытанне партытур і г. д., у творчай і выканаўчай дзейнасці, а таксама для перакладчыкаў і аматараў музыкі без узроставага абмежавання.
Падрыхтоўка беларускай часткі слоўніка вызначалася асаблівай складанасцю. Акрамя фіксацыі музыказнаўчых тэрмінаў тут патрабавалася ўнармаванне, сістэматызацыя, папаўненне паняційна-тэрміналагічнага фонду беларускай музычнай тэрміналогіі, паколькі да цяперашняга часу яна знаходзіцца на стадыі станаўлення. Гэты слоўнік фіксуе беларускія музычныя тэрміны ў такім моўным афармленні, якое ўсталявалася ў практыцы выкладання, на беларускім радыё, тэлебачанні, у беларускім перыядычным друку, у навукова-папулярных і навуковых музыказнаўчых публікацыях на беларускай мове. Ён уключае ўсе асноўныя тэрміны-словы і тэрміны-словазлучэнні, якія выкарыстоўваюцца ў сучасным музыказнаўстве, адлюстроўвае сучасны ўзровень музычнай навукі і культуры.
Асобнай праблемай у беларускай частцы слоўніка з'явілася моўнае афармленне незафіксаваных сучаснымі слоўнікамі новых тэрмінаў, асабліва пры неабходнасці выбару аптымальнага варыянту з ліку некалькіх. Складанасць (а з другога боку -- асаблівая актуальнасць) фіксацыі такіх тэрмінаў абумоўлена не толькі недастатковай распрацаванасцю беларускай музычнай тэрміналогіі, але і шматаспектнасцю паняцця моўнай нормы, новымі тэндэнцыямі ў развіцці лексічнай, словаўтваральнай, граматычнай сістэм мовы, якія наглядаюцца на працягу апошняга дзесяцігоддзя 20 ст.
У моўным афармленні беларускіх тэрмінаў аўтары імкнуліся да адпаведнасці тэрміна суадноснаму паняццю і лексічным, словаўтваральным заканамернасцям сучаснай беларускай мовы, а таксама да захавання традыцыі выкарыстання беларускай музычнай тэрміналогіі ў школьных падручніках і асобных дапа-можніках для сярэдніх спецыяльных і вышэйшых устаноў, навуковых публікацыях, сродках масавай інфармацыі і г. д. Пачатак гэтай традыцыі быў пакладзены слоўнікамі Навукова-тэрміналагічнай камісіі (1922-1930), якая працавала спачатку пры Інстытуце беларускай культуры, затым -- у складзе Беларускай акадэміі навук:, і ў прыватнасці слоўнікам Ю. Дрэйзіна. З адпаведнымі зменамі гэта традыцыя працягвалася ў нацыянальных моўных слоўніках, якія змяшчаюць значную частку тэрміналагічнай лексікі, у "Беларускай савецкай энцыклапедыі", "Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі", невялічкім "Слоўніку музычных тэрмінаў" В. Антаневіч.
Аўтарскі калектыў шчыра дзякуе за ўдзел у працы над слоўнікам прафесару Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І.Чайкоўскага Ю.М.Халопаву і прафесару Беларускай акадэміі музыкі Л.П.Касцюкавец, а таксама Ю.Будзько і У.Касперчыку -- за магчымасць выкарыстаць іх матэрыялы аб папулярнай музыцы.